Пад вечную музыку Beatles

№ 16 (1507) 17.04.2021 - 23.04.2021 г

З чаго пачынаецца прафесіяналізм? У мяне свой адказ на гэтае пытанне. Пастаянна згадваю словы маці-настаўніцы: “Не чакай удзячнасці ад вучняў і ад родных дзяцей”. Гаворка — пра самаахвярнасць. Вы заўважылі, як рэдка мы ўжываем гэта слова? Між тым, абіраючы свой будучы статус, я ўпэўнены, мы павінны ўсведамляць, што ахвяруем часам, нервамі, урэшце — жыццём дзеля таго, каб годна прайсці наканаваны шлях. А любая ўдзячнасць збоку — рэч прыемная, але пазбаўленая аб’ектыўнасці. Свае шчыраванні мы павінны ў першую чаргу ацэньваць самі. І ў гэтым — таксама прафесіяналізм. Прыемна, што “Культуру” выпісваюць таксама прафесіяналы. І не толькі выпісваюць, але і лісты нам шлюць. Пра іх змест — і гаворка.

/i/content/pi/cult/846/17980/8.jpgНе прыйшлося доўга думаць, чым адкрываць агляд. Ірына Хілюціч з цэнтральнай гарадской бібліятэкі Жодзіна, прама скажам, прыемна здзівіла. “Сёлета на абанеменце нашай установы чытач іншым разам чуе… музыку. Праект даўжынёй у год называецца “Літаратурна-музычны плэйліст-2021”. Мэта — папулярызацыя кнігі праз музычныя творы, выкарыстаныя аўтарам у сюжэце рамана, аповесці ці апавядання. Магчымасць пачуць і адчуць ужо знаёмую кнігу з іншага ракурсу, зразумець узаемаадносіны герояў з дапамогай музыкі ўзнімае інтарэс да чытання на новы ўзровень, прымушае чытача больш дасканала прааналізаваць чужыя словы, думкі ды ўчынкі”. Прыдумка бліскучая! А штуршком да дзеяння, як сцвярджае Ірына Хілюціч, сталі дзве кнігі: “Крэйцарава саната” Льва Талстога і “Гранатавы бранзалет” Аляксандра Купрына, у якіх гучыць Бетховен. Потым аўтарка згадвае “Абломава” Івана Ганчарова і оперу Беліні, “Партрэт Дарыяна Грэя” Оскара Уайлда і музыку Шапэна і Вагнера, “Нарвежскі лес” Харукі Муракамі і песні The Beatles. Словам, цудоўны праект, але… А беларускія пісьменнікі чаму засталіся ўбаку? Натуральна, пытанне патрабуе вельмі грунтоўнага разгляду. І вось так, наўскідку я асабіста магу згадаць толькі Дзмітрыя Падбярэзскага, у якога літаральна ва ўсіх літаратурных творах дарэчным фонам да сюжэтных падзей гучыць джаз. А сярод класікаў варта зазначыць Багушэвіча, Багдановіча, Коласа ды Купалу, якія ўшаноўвалі фальклор. Не сумняваюся, пасля засяроджанага аналізу прыклады айчыннай літаратурнай меламаніі можна доўжыць і доўжыць.

Мяне яшчэ і іншая праблема турбуе. Да прыкладу, колькі часу ў аўтараў адмысловых творчых праектаў застаецца на сям’ю: мужа і дзяцей, а яшчэ — на хатнюю гаспадарку? Па маіх падліках самаахвярная жанчына-работнік культуры для таго, каб заставацца ўзорнай у прафесіі і сям’і, не павінна, вобразна кажучы, спаць увогуле. Каюся, гэты бок справы “К” асвятляе вельмі рэдка. Трэба выпраўляцца.

У бібліятэках Зэльвеншчыны бібліядэгустацыя стала нормай. Прынамсі, пра гэта даводзіць намеснік дырэктара Зэльвенскай раённай бібліятэкі Вольга Камякевіч. “У Каралінскай інтэграванай бібліятэцы, — піша яна, — ладзілася бібліядэгустацыя “Падарожжа па лячэбнай паляне”, падчас якой можна было пазнаёміцца з самымі рознымі выданнямі, скіраванымі на захаванне нашага здароўя. У тым ліку і духоўнага. У Елкаўскай сельскай бібліятэцы рэалізоўваецца праект “Святло пад кніжнай вокладкай”. Чытачы аналізуюць змест праваслаўных кніг, у тым ліку Бібліі”.

Не забывае дасылаць свае допісы Валянціна Расошанка — галоўны бібліятэкар аддзела бібліятэчнага маркетынгу Светлагорскай цэнтральнай раённай бібліятэкі. Гэтым разам яна распавядае пра міжнародны літаратурна-краязнаўчы праект “Паэтычны мост сяброўства”. Аўтар праекта — дырэктар Светлагорскай раённай сеткі бібліятэк Вікторыя Бусел. Менавіта літаратура злучыла бібліятэкараў гарадской бібліятэкі “Садружнасць” Феадосіі, сябраў тамтэйшай творчай суполкі, куды ўваходзяць і беларусы, са светлагорскімі калегамі.

Яшчэ адзін інтэрнэт-мост наведзены паміж кобрынскімі і бранскім паэтамі. Бібліятэкар бібліятэчнага маркетынгу Кобрынскай цэнтральнай раённай бібліятэкі Наталля Ефціфеева распавядае пра выніковае стасункаванне з Бранскай абласной навуковай універсальнай бібліятэкай імя Фёдара Цютчава: “Паэты гэтым разам дзяліліся творчымі напрацоўкамі, прэзентавалі новыя кнігі, чыталі вершы”.

Днямі Альхоўская сельская бібліятэка, што ў Астравецкім раёне, “пераехала” ў лес. Не назаўсёды, на час. Бібліятэкар па сувязях з грамадскасцю аддзела бібліятэчнага маркетынгу райбібліятэкі Вольга Заянчкоўская тлумачыць: “Бібліятэкар Юлія Заруба з юнымі чытачамі сустракала вясну ў лесе. Размаўлялі з птушкамі, любаваліся краявідамі, рабілі сэлфі, згадвалі вясновыя вершы. Завяршылася мерапрыемства ў бібліятэцы. Тут прайшла экалагічная віктарына.”

“Ведай нашых!” — усклікнуў журналіст з Клімавічаў Іван Лапо і напісаў пра тое, як у Нацыянальнай акадэміі навук віншавалі ўдзельнікаў першага рэспубліканскага творчага конкурсу пісьмовых работ “За што я люблю родную зямлю”. Да слова, у конкурсе бралі ўдзел 840 чалавек ад 6 да 90 гадоў. Аўтар допісу ганарыцца, што сярод 200 пераможцаў узнагароджаны і прадстаўнікі Магілёўскай вобласці: з Горак, Хоцімска, Бабруйска. Быхава. У намінацыі “Магутная міла паэзіі” перамогу атрымаў і сам Іван Лапо. Віншуем!

На парадку дня — клубны клопат. У Лідзе прайшоў рэспубліканскі семінар-практыкум “Рэгіянальная народная культура: выяўленне, захаванне і трансляцыя ў сучаснае асяроддзе”. Метадыст Лідскага раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці Ірына Струмскіс распавядае: “Другі дзень семінара адбыўся на базе аддзела рамёстваў і народнай творчасці. Гаворка ішла пра кірункі дзейнасці ўстановы, пра даследаваны традыцыйны касцюм Гродзеншчыны, а таксама — пра традыцыйнае белаарнаментнае ткацтва Панямоння. Перад удзельнікамі выступіў фальклорны гурт “Талер”. Потым была экскурсія ў Лідскі замак.”

Нізка навін з Полацкага раёна. Аўтар усіх — рэдактар тамтэйшага РЦК Кацярына Паўловіч. Яна паведаміла пра этнаграфічны праект “Шляхам продкаў”, які рэалізуецца вось ужо пяць гадоў. Па выніках экспедыцый, пошукава-збіральніцкай, краязнаўчай і этнаграфічнай дзейнасці ладзяцца народныя святы і мерапрыемствы “З народнай скарбонкі Полаччыны”. А яшчэ складзены зборнік кулінарных рэцэптаў “Смачнае падарожжа Надзейкі”, распрацаваны турыстычны даведнік унікальных абрадаў Полацкага раёна. А сёлета ў рамках згаданага праекта праходзіць раённы агляд-конкурс фальклорных калектываў клубных устаноў “Калаўрот часу” і рэалізуецца цыклічны праект “Крок да гульні” (рэжысёр народнага тэатра “Грыбны сезон” Вольга Фёдарава збірае рэгіянальныя гульні і сістэматызуе адзіны метадычны дапаможнік, прэзентацыя якога намечана на канец года).

Народны ансамбль народнай песні “Заманіха” (дзейнічае пры Полацкім раённым Цэнтры культуры) стаў днямі Заслужаным аматарскім калектывам Рэспублікі Беларусь. Калектыву — 20 гадоў. У рэпертуары — больш за 300 вакальных твораў.

Сёлета Полацкі РЦК праводзіць цыкл творчых сустрэч з паэтамі і празаікамі Полаччыны “Родная мова — культуры аснова” ў рамках Спецыяльнай праграмы падтрымкі беларускай мовы. Першая акцыя адбылася ў Руднянскім сельскім Доме культуры. Эстафету прыняў Зялёнкаўскі СДК. Потым за справу ўзяўся Багатырскі сельскі клуб. Цыкл сустрэч працягваецца.

У Полацку ўвогуле любяць праектную дзейнасць! Днямі ў раённым Цэнтры культуры стартаваў чарговы праект “Здаровае пакаленне”, які спалучае культуру і спорт.

Культарганізатар культурна-масавага сектара Бабруйскага Палаца мастацтваў Ірына Аўсяннікава піша пра ўрок памяці аб вязнях фашысцкіх канцэнтрацыйных лагераў.

У Бярозе прайшоў адкрыты раённы фестываль-конкурс фартэпіяннай музыкі “Сузор’е”. Юныя піяністы раёна, а таксама з Кобрына, Івацэвічаў, Драгічына (усяго 32 удзельнікі) дэманстравалі сваё майстэрства. А трэба было прадэманстраваць паліфанію, лірычную п’есу і віртуозны твор. Лепшыя паказчыкі прадэманстравалі вучань Белаазёрскай дзіцячай школы мастацтваў Андрэй Уласюк, Ефрасіння Шкадзюк і Віялета Навумчык з Драгічынскай ДШМ.

Народны тэатр-студыя гульні “Карагод” Грынкаўскага сектара культуры (Свіслацкі раён) запрасіў ахвотных на тэатралізаванае свята “Вясна: мары і настрой”. Гэтай тэме былі прысвечаны фотавыстава і дэкламаванне вершаў.

І пад завесу сённяшнага агляду спецыяліст Савецкага раённага аддзела надзвычайных сітуацый Мінска Таццяна Бычанок нагадвае, што ў сталіцы з 12 па 28 красавіка ладзіцца пажарна-прафілактычная акцыя “За бяспеку разам!” У ходзе яе прадстаўнікі МНС правяраюць супрацьпажарны стан дамоў і кватэр, выступаюць у працоўных калектывах па пытаннях захавання правілаў пажарнай бяспекі.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"