Таямніцы Юзафа Аляшкевіча

№ 15 (1506) 10.04.2021 - 16.04.2021 г

(Заканчэнне. Пачатак у №№ 10, 12) У мінулых частках нашай сагі аб Аляшкевічах мы распавялі пра радавод славутага мастака, і пра тое, з якой прычыны нарадзіўся міф аб ягоным жамойцка-літоўскім паходжанні. Сёння мы распавядзем аб тым, як паўплывала на лёс Юзафа Аляшкевіча знаёмства яго бацькі з ксяндзамі Антонам і Тадэвушам Букатымі. А таксама аб тым, якую важную ролю ў жыцці мастака адыгралі магнаты Прозары, Пшаздзецкія, Радзівілы і Хадкевічы.

Хросная маці

Калі б хроснай маці (кумой) Юзафа Аляшкевіча не стала Сафія Буката, маці ксяндзоў Антона і Тадэвуша, то яшчэ невядома, якую дарогу ў жыцці абраў бы таленавіты юнак. Бо ў тую эпоху шмат што вырашала “кумаўство”, і не заўсёды ў самым прамым сэнсе гэтага слова. Даследчыкі жыцця і творчасці мастака згадваюць, што ў дзяцінстве ён знайшоў падтрымку ў доме Прозараў. Але як ён туды патрапіў? Адказ, падаецца, ляжыць на паверхні. У сям’і Бенедыкта і Сафіі Букатых было нямала дзяцей. Большая частка з сыноў сталі духоўнымі асобамі, але некалькі засталіся і свецкімі. Адным з такіх быў Францішак Букаты, вядомы ў будучыні дыпламат, пасол Рэчы Паспалітай у Англіі, “таргавічанін”. Ажаніўся нашчадак прыбышча з Інфлянтаў з дачкой віцебскага ваяводы Юзафа Прозара Барбарай. Гэту сям’ю выдатна ведаў “бацька” віленскай мастацкай школы Францішак Смуглевіч. Ён, дарэчы, намаляваў сямейны партрэт нашчадкаў ваяводы Прозара, якія трымаюць у руках партрэт свайго бацькі. Што ні крок, то “знакі”, бо ў далейшым Аляшкевіч патрапіць у поле зроку Смуглевіча. Але ж гэта не выпадак. Завершым мы аповед пра Прозараў згадкай, што іх маёнтак у Дудзічах, пасля шлюбу другой дачкі ваяводы Ружы са Станіславам Ельскім, маршалкам Ігуменскага павета, на сто гадоў стаў адным з галоўных культурных цэнтраў Міншчыны. Тут нарадзіліся ўнукі Станіслава — Міхал, вядомы скрыпач, кампазітар і Аляксандр, этнограф, гісторык і пісьменнік. Што да Францішка Прозара, то ён быў пахаваны ў Дудзічах, а жонка яго пайшла за Ксаверыя Ліпскага. І гэта ўжо не наша гісторыя. Але ці бываў у Дудзічах Аляшкевіч, невядома. Лічыцца, што ён “звязаны” з іншым маёнткам Прозараў, у Сягневічах (на Берасцейшчыне), які стаў уласнасцю Караля, сына Юзафа Прозара, пасля шлюбу з Людвікай Шуйскай.

Да Радзівілаў

Ад Прозараў, праўда, невядома якім чынам, Юзаф Аляшкевіч трапляе на двор да Ганны Радзівіл, дачкі літоўскага падкаморыя Станіслава Радзівіла і Караліны Пацей. Яшчэ зусім юнай Ганну выдалі замуж за Аўгуста-Дамініка Пшаздзецкага, уласніка Заслаў’я. Таго самага, пры якім камісарам маёнткаў служыў дзед філамата Ігната Дамейкі Казімір (гл. “К” № 36, 2018). Але неўзабаве пасля нараджэння адзінага сына Міхала Аўгуст Пшаздзецкі памёр. Ганна адмовілася ад апекі над сынам і пабралася паўторным шлюбам з Тадэвушам Мастоўскім, высокім ураднікам і будучым “касцюшкаўцам”. Ганна была не толькі мецэнаткай для творчых асоб, але і пісьменніцай, аўтаркай аповесцяў. Аднойчы ўласныя амбіцыі штурхнулі яе на аванцюру. Яна падумала аб тым, каб ачоліць кафедру пры Віленскім універсітэце. Магчыма, гэта гісторыя звязана з вакантнай пасля смерці Францішка Смуглевіча кафедрай жывапісу. Але намаганні былі дарэмныя.

Як бачым, Юзаф Аляшкевіч набіраўся жыццёвага досведу не ў радашковіцкіх пакоях. Праўда, з-за гэтага ўся яго “класічная адукацыя” звялася да двух гадоў звычайнай школы, ды яшчэ некалькіх гадоў наведвання лекцый пры ўніверсітэце. У 1797 — 1798 гадах ён праслухаў курс анатоміі і фізіялогіі, а ў 1798 — 1799 гадах вучыўся жывапісу і малюнку ў Францішка Смуглевіча. Такая няпоўная адукацыя пазней сыграе адмоўную ролю ў жыцці мастака, які вырашыць балатавацца на пасаду прафесара кафедры. Дакладней, гэта на маю думку, будзе адным з важных чыннікаў пры разглядзе яго кандыдатуры.

/i/content/pi/cult/845/17974/Kultura-15-page-14S.jpg

Нашчадак пераможцы шведаў і туркаў

Але такая адукацыя, пярэстая як старая коўдра, не была перашкодай у творчасці. Прычым, па ўзроўні майстэрства юны Аляшкевіч быў вышэй за свайго “выкладчыка” Смуглевіча. Пасля “школы” Юзаф Аляшкевіч пачаў працаваць настаўнікам і маляваў патрэты ахвочым. А ахвочых было нямала. І тут на яго трапіла вока графа Аляксандра Хадкевіча. Лічыцца, што адыграла тут ролю пратэкцыя ксяндза Юзафа Міцкевіча, які быў пры Віленскім універсітэце прафесарам фізікі. Таго самага, які пазней возьме пад апеку паэта Адама Міцкевіча, якога памылкова лічаць яго сваяком. Малады граф даручае мастаку вучыць азам мастацтва хлопчыка Антона Андрэеўскага, які знойдзе сваё сапраўднае пакліканне і ў будучыні стане вядомым батанікам. У гэты самы час Хадкевіч набыў за 600 дукатаў твор Аляшкевіча “Алімп” і ўвогуле надзейна ўзяў мастака пад сваё крыло. З восені 1802 года Аляшкевіч жыве ў Хадкевіча ў Пекаліне (Украіна), дзе займаецца тым, што малюе партрэты мясцовых магнатаў. У тым ліку і сваякоў сваёй будучай жонкі Валеўскіх з Тучына. Аляксандр Хадкевіч, дарэчы, і сам не без мастацкіх здольнасцяў, назіраючы за прагрэсам падапечнага, прымае рашэнне адправіць яго вучыцца ў Парыж. Аляшкевіч выязжае туды ў 1803 годзе праз Дрэздэн у асістэнцыі малодшага брата Мікалая (у будучым таксама мастака). 4 кастрычніка таго ж года Юзаф паступае ў парыжскую Вышэйшую школу прыгожых мастацтваў. Тут яго лёс перасякаецца з двумя вядомымі французскімі мастакамі. Першы з іх — Жан-Сімон Бартэлемі, вядомы і прызнаны мастак гістарычнага жанру, педагог, удзельнік Італьянскага паходу Напалеона, падчас якога кіраваў адборам канфіскаваных у Італіі твораў мастацтва. Бартэлемі з 1805 года ачольваў кафедру жывапісу пры вышэйшай школе (Акадэміі мастатваў) і такім чынам аказваў пэўны ўплыў на творчасць Аляшкевіча. Але значна большы ўплыў ішоў ад іншага мастака — Жака-Луі Давіда, які быў, калі можна так сказаць, “прафесійным мастаком-рэвалюцыянерам”, бо сваё служэнне Музам ён спрытна спалучаў са службай Багам рэвалюцыі, падпісвая загады аб арыштах “ворагаў рэвалюцыі”. Пазней Давід стаў “першым прыдворным мастаком” Напалеона. Дык вось тэхніка жывапісу, абраная Аляшкевічам, як пішуць даследчыкі, дазваляе далучыць яго да “школы Давіда”. “Адсюль ён вынес прынцыпы кампазіцыі і вытанчанасць малюнка, а таксама засвоіў класічную манеру партрэтавання асоб, якія замерлі ў дастойных позах, надаючы мадэлям шляхетныя і паважныя рысы. Тут ён адкінуў рэшткі барочнага падыходу да кампазіцыі, які ён пераняў ад Смуглевіча. Тут, нарэшце, ён сфармуляваў свой артыстычны ідэал: схільнасць да сцэн на міфалагічныя тэмы з алюзіямі на сучаснасць. Гэта ўсё ён узяў ад Жака-Луі Давіда, ідэй і практык школы французскага класіка. Як пазней сведчыў Станіслаў Мараўскі: «Аляшкевіч да смерці быў поўны пашаны да свайго майстра Давіда. Лічыў яго… чыстым рэспубліканцам часоў Брута”.

Зразумела, што і французкія вольнадумныя ідэі не абыходзілі пытлівы розум маладога чалавека. Цэлы воз іх ён прывёз у Літву — Беларусь. Праўда, не вылучаўся ён кансерватызмам і да ад’езду. Вольнадумны гурток, у які ўваходзілі Юзаф Аляшкевіч, Ян Дамель і іншыя асобы, прыхільнікаў старых нормаў і поглядаў, мякка кажучы, раздражняў. І гэта, верагодна, другая прычына, чаму ў кандыдаты на прафесарскае крэсла кафедры жывапісу Аляшкевіч не патрапіў.

Шчасця не будзе

Адразу па вяртанні ў Пекалаў, у 1807 годзе, Юзаф Аляшкевіч прыгледзеў сабе нявесту. Выбар яго паў на Караліну, малодшую сястру Андрэя Андрэеўскага, былога вучня. Пра Андрэеўскіх трэба сказаць вось што. Сваёй радзімай яны лічылі Літву (Слонімшчыну), адкуль іх продак перабраўся ва Украіну, дзе і пусціў новыя карані. Падрабязна радавод гэтай галіны апісаны ў кнізе ўспамінаў самога Андрэя “Ramoty Starego Detiuka o Wolyniu”, там жа можна знайсці шмат згадак пра Юзафа Аляшкевіча віленскага перыяду і пра няўдалы шлюб мастака. Дарэчы, да ад’езду ва Украіну, Аляшкевіч, падаецца, меў жытло і студыю ў колішнім палацы Радзівілаў, гэтак званай “Кардыналіі”. Там каля таго часу жыў са сваёй сям’ёй дзед жонкі кампазітара Станіслава Манюшкі тэатрал-ваяр Станіслаў Закрэўскі (гл. “К” № 26, 2020).

Караліне Андрэеўскай і, што важней, яе маці, мастак не спадабаўся, таму каб давесці справу да шлюбнага каберца за яго “паручыліся” апекуны Хадкевічы. Рашучым аргументам стала тое, што яго падавалі ў якасці “без пяці хвілін прафесара кафедры жывапісу Віленскага ўніверсітэта”. Бо, сапраўды, ні паходжання ў яго “годнага” не было (сын “кіраўніка касцёльнай капэлы” ў нейкіх богам забытых Радашковічах), ні маёмасці (пэндзаль і палітра не ва ўлік), ні канкрэтнага заробку (валочобніцтва па маёнтках у пошуках “хлеба”). Ды яшчэ і такая “вішня на торце”, як вальнадумства і, можна сказаць, атэізм. Сам Андрэеўскі пісаў ва ўспамінах, што ўплывы Аляшкевіча ледзь не адвярнулі яго ад “пути истинного”, і толькі сям’я будучага рэктара Віленскага ўніверсітэта прафесара Яна Снядзецкага, якая аказвала яму пратэкцыю падчас вучобы, не дала “прапасці”. Так што “было з-за чаго” ставіцца непрыхільна да такога патэнцыйнага сваяка. Але перамог разлік, які, дарэчы, не спраўдзіўся...

Вось такімі пярэстымі і пакручастымі аказаліся сцяжыны лёсу мастака Юзафа Аляшкевіча, пэўныя штрыхі да партрэта якога мы паспрабавалі дадаць.

Аўтар: Зміцер ЮРКЕВІЧ
калумніст газеты "Культура", арт-куратар