Гэта калі пра скульптуру манументальную. Але ж трэба браць да ўвагі тую акалічнасць, што манументальная пластыка грунтуецца на пошуках і эксперыментах у пэўным сэнсе самадастатковай станковай скульптуры. Хаця б таму, што кожны скульптар, нават робячы статуэтку, закладае ў яе патэнцыял манумента і марыць пра тое, каб гэты патэнцыял быў калі-небудзь рэалізаваны.
Зараз у Мінску адбываецца фестываль скульптуры нацыянальнага маштабу. Ён ахоплівае самыя важныя экспазіцыйныя пляцоўкі сталіцы — Палац мастацтва, Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў, выставачная зала “Акадэмія”, Нацыянальны гістарычны музей, Арт-гасцёўня “Высокае места”, галерэя “Акадэмія”, мемарыяльная зала Андрэя Бембеля ў офісе Беларускага саюза мастакоў, Музей-майстэрня Заіра Азгура, Галерэя Леаніда Шчамялёва, галерэя “Мастацтва”. Прадстаўлены ўсе вядомыя майстры беларускай пластыкі, магчымасць зладзіць дыялог з публікай атрымалі і маладыя творцы. Такі панарамны агляд у нас упершыню. І ўжо з гэтай прычыны падзея надзвычайная.
Калі коратка падсумаваць уражанні ад згаданых выстаў: за беларускую скульптуру не сорамна. У гэтым вы можаце пераканацца, зладзіўшы шпацыр па экспазіцыях фэсту. Штосьці з пабачанага вамі на выставах, з часам, безумоўна, стане манументальнымі аб’ектамі і паспрыяе эстэтызацыі нашай грамадскай прасторы.
Р.S. У дадатак да зменных экспазіцый фэсту можна наведаць і вядомую ў сталіцы пастаянную выставу скульптуры. Я кажу пра майстэрню народнага мастака Беларусі Івана Міско. Гэта дзеючая творчая майстэрня і адначасова адзін з філіялаў Музея гісторыі Мінска. Значнае месца ў творчасці скульптара займае тэма асваення космасу. Так што напярэдадні Міжнароднага дня касманаўтыкі патрапіць у майстэрню-музей Івана Міско — гэта як у космасе пабываць.