Сорак імгненняў Максіма Багдановіча

№ 15 (1506) 10.04.2021 - 16.04.2021 г

1 красавіка ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча прайшла прэзентацыя мастацка-дакументальнай выставы “40/40”. Мерапрыемства было прымеркаванае да саракагоддзя з дня стварэння музея.

/i/content/pi/cult/845/17958/2.jpgУ экспазіцыі прадстаўленыя найбольш адметныя і знакавыя прадметы з фондаў за кожны год існавання музея — сорак артэфактаў з 1981 па 2021 год. Агулам жа фонды Літаратурнага музея Максіма Багдановіча складаюць сёння дваццаць адну тысячу адзінак. Хаця пачынаўся музей не як ужо існуючая калекцыя — спачатку з’явілася ідэя аб неабходнасці ўвекавечвання памяці выдатнага паэта, мемарыялізацыі яго спадчыны ў межах асобнай музейнай установы.

Ініцыятарам яе стварэння выступіў пісьменнік і даследчык творчасці Максіма Багдановіча Алесь Бачыла, які звярнуўся ў Цэнтральны камітэт Камуніcтычнай партыі Беларусі з прапановай аб арганізацыі музея паэта яшчэ ў 1971 годзе. Як бачым, абмеркаванне гэтай ідэі і шлях да яе рэалізацыі занялі доўгія дзесяць гадоў.

Аб станаўленні маладой музейнай установы распавёў яе першы дырэктар — вядомы літаратар Міхась Пазнякоў. Ён прыгадвае, як усведамляў, што арганізацыя музея — справа цяжкая, але нават не ўяўляў — наколькі. Спачатку ўстанова не мела ні сродкаў, ні штату, ні будынка. Перш супрацоўнікаў прытуліў у сваіх памяшканнях Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы. Пачаткі фондаў былі закладзеныя, калі ўдалося атрымаць ад сваякоў Максіма Багдановіча з Ніжняга Ноўгарада пэўныя асабістыя рэчы паэта — адзенне, кнігі. Цягніком прывезлі нават старую мэблю, абмяняўшы яе на адпаведную новую.

/i/content/pi/cult/845/17958/3.jpgСярод унікальных артэфактаў, прадстаўленых на выставе, можна пабачыць фрагмент слуцкага пояса, ручнік, які належаў сваякам Багдановічаў, хрэстаматыйны фотапартрэт Максіма Багдановіча, выкананы ў Яраслаўлі ў 1915 годзе, нумар часопіса “Сатирикон” за 1912 год, у якім быў змешчаны адзін з рускамоўных вершаў паэта, асобнік зборніка “Вянок” з дароўным надпісам аўтара для ягонай цёткі, нататнік, які належаў літаратарцы Зосьцы Верас, з запісамі за 1908 — 1917 гады.

Заўважную частку экспанатаў складаюць прадметы, звязаныя з асобай бацькі паэта, вядомага этнографа і фалькларыста Адама Багдановіча — на выставе змешчаныя складзены ім рукапіс “Даты жыцця Максіма (да біяграфіі сына)” і першы том выдання твораў Максіма Багдановіча 1927 года з дароўным надпісам.

Звяртае на сябе ўвагу і кніга літаратуразнаўцы Міколы Грынчыка “Максім Багдановіч і народная паэзія”, на форзацы якой можна пабачыць графічны партрэт паэта, пакінуты рукой Уладзіміра Караткевіча ў 1963 годзе — спадчына Багдановіча ніколі не пакідала абыякавымі наступныя пакаленні беларускіх творцаў.

Сярод жывапісных прысвячэнняў паэту на выставе — і карціны Эдуарда Агуновіча “Яраслаўль. Дом Максіма Багдановіча”, Сямёна Дамарада “Ціхая ноч”, Уладзіміра Сулкоўскага “Пакой у доме па вуліцы Малагеоргіеўскай” (цяпер у гэтым будынку, дзе ў 1916 — 1917 гадах жыў Максім Багдановіч, размешчаны філіял музея — “Беларуская хатка”).

Выстава працягне сваю працу да 28 красавіка.