Паміж Беніцай і Смалянамі, або Чаму б не пракласці маршрут для турыстаў?

№ 14 (1505) 03.04.2021 - 09.04.2021 г

Гэтай публікацыяй мы завяршаем серыял, прысвечаны мясцінам такой знакавай для Беларусі асобы, як Тамаш Зан. У ім не абышлося без невялічкіх адгалінаванняў, бо хацелася паказаць гісторыю тых мясцін больш аб’ёмна, а таксама засяродзіцца на “праблемных зонах”, якіх нямала сустрэлася на гэтым доўгім, зімовым шляху. Сёння мы прапануем увазе чытачоў “тапанімічны канцэнтрат”. Кожны турыст або экскурсавод зможа лёгка ўзбагаціць яго дадатковымі звесткамі. Ну і, вядома, хацелася б, каб наш план не застаўся без увагі чытачоў. Бо гэты год адметны ў “занаўскім календары” — 225-я гадавіна з дня нараджэння. Падаецца, выдатная нагода, каб узгадаць яго імя на дзяржаўным узроўні.

/i/content/pi/cult/844/17956/31.jpgУзяць ды падзяліць

Не такое ўжо доўгае жыццё выпала на долю самых вядомых філаматаў-сяброў — Тамаша Зана, Яна Чачота і Адама Міцкевіча. Ніхто з іх не дажыў да шасцідзясяці. Не так і шмат яны паспелі зрабіць для роднай старонкі, бо з прычыны ціску тагачаснай расійскай імперскай машыны, кожны з іх лепшыя гады творчага ўздыму вымушаны быў правесці на чужыне. А колькі было такіх патэнцыйных Шэкспіраў, Байранаў, Дзюма, Сянкевічаў… якія “не дараслі”, не “распрасталі крылы”. Але ж, тым не менш, след іх у нашай гісторыі ёсць і ўжо не загіне.

Калі ўзяць нарыс жыцця Тамаша Зана, то падзяліць яго можна на тры часткі — да выгнання, “арэнбургскі”, пасля вяртання ў Беларусь. Кожны з іх ахоплівае каля дваццаці гадоў. Перыяд знаходжання Зана ў Арэнбургу ў высылцы па працэсу “філаматаў” мы прамінем. На іншых засяродзімся.

Калі ласка, звярніце ўвагу на самаробленую карту “Вялікага занаўскага шляху”. Як бачна, існуе пара “кангламератаў”, якія ўтвораны з вёсак, мястэчак, гарадоў. Самы буйны з іх — “Маладзечанскі” (Беніца — Радашковічы). І, калі вы вырашыце распачаць шматдзённую вандроўку “мясцінамі Тамаша Зана”, я б параіў пачаць адтуль. Другі з іх — на супрацьлеглым баку краіны — Смалянскі (Лепель — Орша). Існуюць таксама невялічкія “лакацыі” ў ваколіцах Баранавічаў (Сталовічы, Паланечка), Мінск, Узда. Можна ўсе іх падзяліць на тэматычныя часткі (радаводныя таямніцы, дзяцінства — вучоба, вяртанне — сям’я і дзеці). І па кожнай з іх, між іншым, можна зрабіць свой маршрут. Бо, у адрозненне ад Адама Міцкевіча, продкі якога і ён сам шчыльна звязаны з Наваградкам і ваколіцамі, продкаў і сваякоў Тамаша Зана і яго самога лёс кідаў ледзь не па ўсёй Беларусі. Але мы такім шляхам не пойдзем і не паедзем. Мы распавядзем пра тапонімы лінейна, без храналагічнай прывязкі, каб вам не давялося перамяшчацца, як тым аб’ектам у адпаведным руху, адкрытым у 1827 годзе Робертам Броўнам. Пайшлі — паехалі!

Уявім сабе, што нейкая невядомая сіла закінула нас у мястэчка Беніца, на захад ад Маладзечна. Пасля вяртання з “гвалтоўнай эміграцыі” Тамаш Зан нейкі час правёў тут, уладкоўваўся зноўку на радзіме, наладжваў абарваныя сувязі, заводзіў новыя.

Ад сядзібы, дзе ён жыў, нічога не засталося, акрамя каменнага будынка свірана (або стайні) 1836 года пабудовы. Ёсць там і іншыя цікавосткі ( “К” № 5, 7 за 2021 год). Адсюль, дарэчы, не так далёка да славутага Залесся Агінскіх, дзе апошнімі гадамі быў адноўлены палац і працуе музей.

/i/content/pi/cult/844/17956/32.jpgДалей мы “спыняемся” ў Маліноўшчыне, маёнтку Святарэцкіх. З гэтага вельмі старога беларускага роду паходзіць жонка Тамаша Зана Брыгіда. У Маліноўшчыне багата ёсць што паглядзець, бо тут і гаспадарчыя пабудовы ХІХ стагоддзя, і пірамідальная родавая капліца-пахавальня 1840 года пабудовы, так бы мовіць, “сястра” той, што на могілках ва Уздзе.

Ад Маліноўшчыны можна падняцца на поўнач, да станцыі Пруды, у ста метрах ад якой ёсць вёсачка Запалякі: з 1830-х яна часткова належала бацьку Тамаша Зана.

На поўдзень ад Маліноўшчыны нас чакае старажытнае мястэчка Лебедзева. Тут, на могілках, былі пахаваны Караль, бацька Тамаша Зана і Станіслаў, бацька Брыгіды Святарэцкай. Магілы іх, на вялікі жаль, не знойдзены.

Горад Маладзечна на нашым шляху не проста кропка перасячэння двух маршрутных накірункаў. Тут, у мясцовай гімназіі, некаторы час вучыўся Тамаш Зан, пасля таго, як быў з-за кепскага стану здароўя пераведзены з гімназіі з Мінска бліжэй да дома.

Калі ад Маладзечна падняцца на поўнач, то варта зазірнуць у Селішча і Вязынь. У першым, пасля 1796 года, нейкі час жылі бацькі Тамаша, бо Караль Зан быў адміністратарам маёнтка ў Вязыні. Пасля Селішча Заны на некалькі гадоў атабарыліся ў маёнтачку Вывёры (некалькі кіламетраў на ўсход ад Маладзечна, станцыя чыгункі “Крыніца”). Да гэтага часу там застаўся стаў, старыя дрэвы і той “занаўскі” сядзібны дом (!). Праўда, падзелены пілой на дзве часткі, якія абшыты сучаснымі матэрыяламі. Знаходзіцца ён (яны) насупраць паўночна-заходняга кута стаўка. Гаспадары выдатна ведаюць гісторыю гэтага дома і шмат што могуць распавесці аб ім.

На поўдзень ад Маладзечна ёсць вёска Аборак. Калісьці тут быў касцёл, у якім ахрысцілі сваіх першых сыноў Тамаш і Брыгіда Заны. Зусім побач ад касцёла, некалькі гадоў пасля шлюбу Тамаш арэндаваў сядзібу, ад якой, на жаль, ужо нічога не засталося. Некалькі гадоў таму пляцоўка касцёла была ўдабрапарадкавана, а надмагіллі Ходзькаў, раскіданыя ліхімі людзьмі, сабраны разам.

Месца і час нараджэння

Далейшы шлях вядзе нас у Мясату. Прынята лічыць, што Тамаш Зан нарадзіўся 21 снежня 1796 года ў Мясаце. Дзе тое адбылося, у карчме, у сядзібе Тамашэвічаў, у лесе ці ў полі — невядома. Мной знойдзены дзве метрыкі дапаўнення хросту Тамаша Зана, якія абвяргаюць агульнапрынятую дату. У першай з іх, якая датычыцца Мясаты, сцвярджаецца, што 20 снежня 1796 года Тамаша ахрысцілі адной вадой. Дапоўнілі хрост 26 студзеня 1798 года. У другой сцвярджаецца, што дапаўненне хросту 26 студзеня 1798 года адбылося ў Халецкаўшчыне, але што першы хрост вадой адбыўся 12 снежня 1796 года. Вось і гадай цяпер паміж трох варыянтаў. Дарэчы, Халецкаўшчына знаходзіцца не так ўжо блізка ад Мясаты, пад Аляхновічамі. Ёсць звесткі (спрэчная інфармацыя, пакуль не пацверджаная), што бацька Тамаша набыў Халецкаўшчыну перад паўстаннем 1794 года.

Вёску Халецкаўшчыну на сучасных картах шукаць — толькі час губляць. Яна інтэгравана ў склад Аляхновічаў, вуліца Гарадоцкая. А фальварачак цяпер знаходзіцца ў складзе вёскі Старынкі. Але з пункту гледжання “заназнаўства”, месца гэта даволі перспектыўнае, бо да котлішча Занаў, Радашковічаў будзе каля дванаццаці кіламетраў. І вельмі маляўнічае, дзякуючы шматлікім пагоркам. Пленэрнае месца.

Радашковічы. Сляды Занаў тут прасочваюцца да першай траціны XVIII стагоддзя (“К” № 51, 2020 год). Верагодна, былі яны мяшчанамі па паходжанні, якія пазней, пад царскай Расійскай імперыяй, вымушана “сталі” шляхцічамі. Мелі яны тую-сюю нерухомую маёмасць у розных частках мястэчка. Тут яны нараджаліся, тут і паміралі. Шукаць іх сляды трэба на старых каталіцкіх могілках. Але сказаць, што жылі Заны на шырокую нагу, дык не скажаш. Гэта бачна па іх атачэнні і па тым, як склаліся іх далейшыя лёсы. Дзядзька Тамаша ксёндз, які ў ХІХ стагоддзі “адвандраваў” на Баранавіччыну, быў пробашчам у Паланечцы, Сталовічах. Там і памёр. Нейкі час, у 1820-х, жыў у тых мясцінах і Караль Зан з сям’ёй. Але пазней вярнуўся на “малую радзіму” і засеў у Запаляках. Бачна, што бацька Тамаша амаль усё жыццё туляўся па арандаваных сядзібках, зарабляючы на жыццё працоўным мазалём.

На Усход

У Радашковічах можна сесці на транспарт, каб дабрацца да Мінска. Будынак мінскай мужской гімназіі, у якой вучыўся Тамаш Зан, Міхал і Юзаф Верашчакі (сябры Зана) і Станіслаў Манюшка, што на плошчы Свабоды, захаваўся. У адрозненне ад новага будынка гімназіі, які адмыслова пабудавалі ў 1844 годзе, і які праз сто гадоў пераўтварыўся ў друз.

Лічыцца, што “азы” адукацыі Тамаш Зан атрымаў ва Уздзе, адкуль нібыта паходзіла яго маці і дзе жылі дзяды па кудзелі. Дакументамі гэта не пацверджана, але чаму б не наведацца ў тыя мясціны? Усё ж, як мне ўдалося ўстанавіць, з Уздой звязана імя і іншага філамата — знакамітага Ігната Дамейкі. Перш чым Дамейкі перабраліся ў Медвядку пад Мір, яны жылі ў фальварку Целякаў. І ва ўздзенскім касцёле (захаваўся) былі ахрышчаны старэйшыя сястра і брат Ігната.

Засталося дадаць толькі апошні штрых у гэтай гісторыі — Аршанскі. Пасля таго, як скончыўся трохгадовы тэрмін арэнды сядзібы ў Абарку, Заны, дзякуючы дапамозе Дабравольскага (”К” № 3, 2021 год), перабіраюцца на Аршаншчыну. Гэты перыяд стаў для Тамаша апошнім. Ужо ў маёнтачку Кахачын (сёння Какоўчына) нарадзіўся і памёр апошні яго сын. Там памёр і сам Тамаш Зан. Да гэтага часу ў Смалянах, на старых каталіцкіх могілках захавалася сямейнае пахаванне — Тамаш з жонкай, малодшы іх сын, які пражыў толькі год, і старэйшы, які быў знойдзены на магіле бацькі забітым...

Дадам, што пасля вяртання ў Беларусь, Тамаш Зан нейкі час працаваў у Лепелі.

Пра лёс нашчадкаў Тамаша Зана мы яшчэ будзем мець нагоду распавесці чытачам. Бліжэй да юбілею. А пакуль што падсумуем. Маршрут, як мне падаецца, атрымоўваецца вельмі цікавым і насычаным. Фактычна, карыстаючыся гэтымі нататкамі, жыхары Баранавічаў, Маладзечна, Радашковічаў, Мінска, Оршы могуць стварыць сваі лакальныя маршруты. Прынамсі, мне б хацелася, каб так стала.

Аўтар: Зміцер ЮРКЕВІЧ
калумніст газеты "Культура", арт-куратар