Аўтабібліятэка: учора, сёння, заўтра

№ 14 (1505) 03.04.2021 - 09.04.2021 г

Пра развіццё мабільнага забеспячэння разважае дырэктар Барысаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Івана Каладзеева Алена КАПЫТОК
Не памылюся, напэўна, калі назаву мабільныя ўстановы культуры апошнім мастком, што звязвае рэгіянальную культуру з дробнымі дальнімі вёсачкамі, дзе і пяці жыхароў-пенсіянераў не набярэцца. Зарасце сюды травой аўтамабільная каляіна — і можна крыж на патрыярхальнай вёсцы ставіць. Нездарма ўзнікла словазлучэнне “сена на асфальце”. Не гараджане яго прыдумалі, а тыя, хто змушана змяніў прапіску і назаўжды развітаўся з роднымі весніцамі. Як спыніць ці хаця б запаволіць працэс сельскага скасавання? Як зрабіць дзейнасць нестацыянарнага абслугоўвання чытачоў максімальна эфектыўнай?

/i/content/pi/cult/844/17948/18.jpgАлена Капыток у якасці суразмоўцы абрана невыпадкова: прайшла ці не па ўсіх прыступках абранай прафесіі, здольная не толькі на генерацыю адмысловых ідэй, але і на іх рэалізацыю. Адзін з апошніх яе праектаў, да прыкладу, — наладжванне бібліятэчных тэлестасункаў паміж зняволенымі і іх дзецьмі ды сем’ямі.

— Алена Сяргееўна, калі ў вас з’явіўся бібліёбус, і як яго актыўнасць паўплывала на дзейнасць бібліятэк, што знаходзяцца ў сферы вашага абслугоўвання?

— Вобласць нам выдаткавала аўтобус тады, калі на Барысаўшчыне гарадская бібліятэчная сістэма злілася з раённай. Было гэта ў 2007 годзе. Дагэтуль мелі толькі легкавік. Натуральна, займелі больш магчымасцяў для трыццаці нашых бібліятэк, у тым ліку 23-х — сельскіх. Характэрная асаблівасць была ў тым, што мы стварылі сектар нестацыянарнага абслугоўвання чытачоў. Працавалі па замовах: везлі адрасна тыя выданні, якія жадалі атрымаць вяскоўцы.

/i/content/pi/cult/844/17948/17.jpg— Менавіта такая дзейнасць была выклікана ў першую чаргу тым, што …

— …аўтобус не быў абсталяваны пад аўтабібліятэку.

— Што канкрэтна маеце на ўвазе?

— Тут і выдумляць нічога не трэба. Узор — гэта медыя-аўтобус Devtsch-Express Інстытута імя Гётэ, з якім даўно супрацоўнічаем па абслугоўванні гарадскіх школьнікаў і жыхароў Барысава.

— “К” больш за дзесяць гадоў піша пра тое, што нашы аўтабібліятэкі павінны быць абсталяваны як след.

— Калі працягваць марыць, дык варта згадаць пра выкарыстанне аўтсортынгу і ў абсталяванні, і ў тэхнічным абслугоўванні мабільных устаноў культуры.

— Вельмі слушна… Цяпер пра самае праблемнае. Амаль за 15 гадоў ваш бібліёбус знасіўся ўшчэнт. Як выходзіце з сітуацыі?

— Выкарыстоўваем легкавік. Праўда, і ён пастаянна ламаецца. Тады асабісты транспарт ідзе ў ход. Дастаўляем кнігі да сельскіх бібліятэк, у якіх свае зоны абслугоўвання і свае рэзервы для прыцягнення транспарту. Натуральна, выйсце не надта добрае. Але на набыццё новага аўтамабіля элементарна няма грошай. Яно і трэба дзесьці не больш паўсотні тысяч рублёў. Мы хоць і зарабляем, але на такую суму выйсці не здольныя.

— Падчас сваіх камандзіровак я бачыў аўтабібліятэкі з праржавелымі бакамі, якія трымаюцца на маршруце толькі дзякуючы подзвігам гераічных вадзіцеляў-аўтамеханікаў… Але сустракаў і шыкоўныя навюткія “мерседэсы”. Кожны ў раёнах круціцца, як можа?

— Атрымліваецца, што так. Між тым метадычныя рэкамендацыі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі патрабуюць выкарыстоўваць для бібліёбуса транспарт ва ўзроставым прамежку да 10 гадоў.

— Больш за тое, журналісцкія камандзіроўкі не раз засведчвалі, што ў канкрэтнай маланаселенай вёсцы аўтаклуб і аўтабібліятэку састарэлыя жыхары не бачылі год, што ўласціва, напэўна, для многіх раёнаў многіх абласцей… Якую пераядычнасць наведванняў імкнецеся падтрымліваць вы?

— Каб захаваць звычайны бібліятэчны стандарт наведвання. Для дзяцей гэта два разы на месяц, для дарослых — адзін. Маецца на ўвазе, натуральна, канкрэтна ўзятае паселішча.

— Шмат разоў канфліктаваў з кіраўнікамі тых бібліятэчных сістэм, дзе ўзімку ўвогуле няма выездаў у аддаленыя і маланаселеныя вёскі. Падаецца, да ўзаемапаразумення мы так і не прыйшлі.

— Лішні доказ таму, што ў любой справе ёсць месца працоўнаму подзвігу. Бібліятэчная справа — не выключэнне.

— Бібліятэкары іншых абласцей, калі гаворка заходзіць пра захаванне высокага бібліятэчнага статусу і пра захаванне нашай вёскі, выказваюць жаданне мець не адну, а дзве бібліятэкі…

— Усё залежыць ад канкрэтных умоў. Нам, да прыкладу, хопіць і адной адзінкі.

— Калісьці, дзякуючы абмену досведам, вы мелі магчымасць даведацца аб лепшых амерыканскіх практыках і новых трэндах у дзейнасці амерыканскіх бібліятэк. Што ўзразіла?

— Што ў раённай бібліятэчнай сістэме працуюць два — тры аўтамабілі (ад маленькага і сярэдняга — да вялікага), ёсць свая служба аўтарамонту. А бібліятэкар у рэйсе выконвае яшчэ і функцыю вадзіцеля.

— Будзем спадзявацца, што і па нашай вуліцы праедзе шыкоўная аўтабібліятэка, якой будзе што нам прапанаваць.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"