Белы птах Беларусі

№ 14 (1505) 03.04.2021 - 09.04.2021 г

Заслужаны артыст Беларусі, чыё імя непарыўна звязана з ансамблямі “Харошкі” і “Свята”, нястомны збіральнік нашага танцавальнага і музычнага фальклору, чалавек з сонечнай усмешкай на вуснах — такім запомнілі Анатоля Кашталапава ўсе, хто з ім супрацоўнічаў. Словы падзякі майстру, які аддаў сцэне амаль паўстагоддзя, неаднаразова гучалі і будуць гучаць — найперш ад ягоных паплечнікаў, ад тых калектываў, дзе ён працаваў. Мы ж пагутарылі з дачкой і малодшай калегай Анатоля Міхайлавіча — Алесяй Кашталапавай. Тым больш, што яна выступіла аўтарам творчага праекта, прысвечанага памяці знанага артыста і мастацкага дзеяча: у пачатку наступнага сезону ў сталічнай філармоніі адбудзецца канцэрт-прысвячэнне “Белы птах”.

/i/content/pi/cult/844/17946/15.jpg— Я прайшла з бацькам усе этапы свайго жыцця: ад нараджэння да прафесійнай дзейнасці. Ён і маці былі і дагэтуль застаюцца для мяне прыкладамі адданасці сваёй справе.

— Здараецца, бацькі наадварот не асабліва хочуць, каб дзеці паўтаралі іх шлях, бо добра ведаюць усе складанасці творчай прафесіі — тым больш, звязанай з харэаграфічным мастацтвам.

— У мяне, можна сказаць, не было выбару. І мама і тата танцавалі ў “Харошках”, былі адной з вядучых сольных пар. Таму нядзіва, што мяне паўсюль бралі з сабой. Я бачыла іх рэпетыцыі, выступленні, была з імі на гастролях: Піцер, Ялта, Брэст — ды паўсюль, дзе была такая магчымасць. Так што на сцэне я бачыла іх ледзь не часцей, чым дома. Спачатку ў “Харошках” было літаральна чатыры пары, адныя і тыя ж артысты былі занятыя ва ўсіх нумарах: хуценька пераапраналіся ў музычных інтэрмедыях — і зноў на выхад. А тата і танчыў, і на інструментах граў. Скача-скача — і ўжо на дудачцы пасажы выдае. Як толькі дыханне не збівалася? Цягам усёй дзеі ён практычна не сыходзіў са сцэны, яго касцюмы ляжалі літаральна на выхадзе ў закуліссе, каб паспець. Так што з выбарам прафесіі ў мяне быў проста безальтэрнатыўны варыянт! А галоўнае, мне самой падабалася, я хацела, як і маці, танцаваць менавіта ў “Харошках”. Мая мара здзейснілася: я танчыла ў калектыве сем гадоў. Але што цікава — бацька заўжды бачыў ува мне куды больш за іншых. Падказваў, скіроўваў. Ставіў, здавалася б, невыканальныя задачы — і верыў, што ў мяне ўсё атрымаецца.

Слухаю Алесю і згадваю: ён жа многаму сам навучыўся! Мульціінструменталістам стаў, самастойна засвойваючы інструмент за інструментам. Цэнтральным, мабыць, быў гармонік, на якім ён вучыўся прафесійна. Неяк Анатоль Міхайлавіч распавядаў, што ў адным з філарманічных ансамбляў хацеў менавіта баяністам працаваць. Але Генадзь Цітовіч бачыў у ім найперш выдатнага танцоўшчыка для свайго Народнага хору. Гэта зусім не перашкодзіла далейшаму музіцыраванню, асабліва калі Анатоль Міхайлавіч перайшоў у “Харошкі”, а яшчэ пазней — у “Свята”. Акарына, дудачка, флейта, каласок — практычна ўсе народныя духавыя. Са струнных — кантрабас. З ударных — барабан. Дарэчы, граючы ўжо ў даволі сталым узросце, ён гэтак жа, як у маладосці, адначасова вырабляў выкшталцоныя па нагамі. Што ж да каласкоў, дык менавіта ён першы знайшоў дзесьці пад Слуцкам такога майстра па дзіўных музычных інструментах. І пераканаў тагачаснага дырэктара філармоніі, што гэта перспектыўна. Дый Валянціна Гаявая яго адразу падтрымала — і той фурор, што мела такое ноу-хау ў замежжы, быў ні з чым не параўнальным.

— Мабыць, бацька прапаноўваў вам нейкія свае ідэі? Чаму вы ў яго навучыліся?

— Усяму. У дзяцінстве танцавала ў “Зорачцы”, паступіла ў харэаграфічную вучэльню. Але ён заўсёды настойваў, што акрамя ўласна вучобы, патрэбна яшчэ практыка. Прычым сцэнічная, канцэртная. Гаварыў: “Ты павінна быць яшчэ ў нейкім ансамблі”. Вучылася я ў яго і нейкім прафесійным сакрэтам — можна сказаць, брала ў яго ўрокі.

— Штосьці я не чула, каб ён выкладаў.

— Сапраўды, трывала весці выкладчыцкую дзейнасць — ніколі не збіраўся. Некаторы час займаўся з ансамблем “Крыжачок”, што існуе пры БДУ. Да яго звярталіся салісты, калі трэба было рыхтавацца да конкурсаў народнай творчасці. Я таксама ўдасканальвала ў яго сваю тэхніку.

— Няўжо ў харэаграфічным каледжы па тых часах дрэнна вучылі?

— Не, добра! Пасля харэаграфічнага мяне ў “Харошкі” ўзялі. Але ў яго была ўласная методыка — свая сістэма адукацыі, заснаваная на традыцыях беларускай народнай танцавальнай культуры. Ён не стамляўся падкрэсліваць, што беларуская танцавальнасць — гэта высока ўзнятыя калені, лёгкія, палётныя скокі.

— А між тым, Гаявую як кіраўніцу “Харошак” спачатку крытыкавалі акурат за гэта: маўляў, у народзе ногі не задзіраюць вышэй за галаву. Я таксама лічыла, што ўсялякія прытопы, прысядкі, скокі з прытопваннем — гэта ўласна народнае. А лёгкасць, палётнасць — найперш мастацкая паэтызацыя народнай культуры.

— Бацька спачатку і сам так лічыў. Ён многа вандраваў па Беларусі, збіраў фальклорныя ўзоры. Гэта не былі афіцыйныя камандзіроўкі — ніхто яму нічога не аплочваў. Усё за свой кошт, як памкненне сэрца. Праходзіў па многа кіламетраў ад вёскі да вёскі — усё пешшу. Па тых часах калі і маглі часам крыху падвезці, дык хіба на калгаснай падводзе з упрэжаным конем. Ды яшчэ і маршрут павінен быў цудоўным чынам супасці! Звычайна бацька рабіў наадварот: ўночы йшоў, а спаў — днём, у стозе сена. І ўвечары паспяваў яшчэ штосьці занатаваць. Гэта потым было прасцей, калі ў яго машына з’явілася. Як стаў вядомым, людзі і самі пачалі да яго прыходзіць, песні прыносіць. А спачатку — усё пешшу. Ды з касетным магнітафонам (дыктафон ён набыў куды пазней, у замежжы). Дык вось, расказваў, як аднойчы патрапіў да старэнечкай бабулі. Яна патупала крыху, паказала яму танец. Бацька, вядома, усе тыя рухі давай адразу пераймаць. Імкнуўся паўтарыць усё як мага больш дакладна — ну літаральна “кропля ў кроплю”. А бабулька абурылася. Ды яшчэ як! Ускочыла, схапіла яго за грудкі, пачала трэсці: “Ты чаго мяне дражніш? Навошта капіруеш? Я ж тады зусім маладая была — во як скакала!” І пачала ногі закідаць, ды з такімі выбрыкамі, што бацька сумеўся: маўляў, як? У такім узросце — і такія скокі? А потым зразумеў: гэта ж іншая манера! Ногі павінны самі ад падлогі адлятаць. Гэтаму ён і мяне вучыў, я пасля яго ўрокаў пачала сола танцаваць.

— Баюць, ён і сам, калі трэба, мог выступіць харэографам? Зноў-такі, паводле тых жа народных традыцый, дзе ніводны рух не выконваецца ўсімі аднолькава, кожны ўносіць у яго штосьці сваё.

— Пра гэта раней не згадвалі, але калі ў пачатку 1990-х беларуская зборная Клуба вясёлых і знаходлівых ехала спаборнічаць у Маскву, дык мой бацька быў харэографам таго выступлення.

— Чаму ж тады ён вас запрасіў зрабіць харэаграфію для “Свята”? На той час ён ужо сам працаваў у гэтым ансамблі. А даручыў вам.

— Паставіць харэаграфічную кампазіцыю “Зімовыя святкі” я сама яму прапанавала. Ён пагадзіўся, але потым пачаў узнімаць мне планку. Ён заўсёды ставіў задачы, што называецца, “вышэй за галаву”, ніякага спуску не даваў. Наадварот, яшчэ і больш ад мяне патрабаваў, бо я ягоная дачка. Зраблю штосьці, а ён: “Вось калі яшчэ гэта і гэта дадаць…” І так увесь час: маўляў, няблага, ды можаш лепей. Таму даводзілася прыдумляць, вырашаць — іншымі словамі, расці ў прафесійным плане. У яго былі тонкі густ, празорлівасць, сваё бачанне, і мае прапановы атрымлівалі, можна сказаць, правільную агранку. Працаваць з ім як з кіраўніком калетыву было вельмі цікава.

— А якім ён быў бацькам? Ці хапала ў яго ўвогуле часу на вас? Асабліва калі вы былі яшчэ маленькай.

— Ён прывучаў да самастойнасці. Памятаю, мне было сем гадоў, калі мы пераехалі на новую кватэру. Бацька паказаў: “Глядзі, вось тут прыпынак. Садзішся ў аўтобус, там выходзіш — і ідзеш у школу. Усё зразумела?” У дзяцінстве мне не падабалася, што дома бывае многа людзей, што ўсе так і наровяць пацерабіць мяне за шчочку. Выйдзем на прагулку — нас таксама спыняюць, выказваюць захапленне, хочуць сфатаграфавацца. Мама распавядала, што і ў замежжы да іх гэтак жа падыходзілі — і ў Даніі, і ў Японіі. А па савецкіх часах гэта было яшчэ і небяспечна: у кожную такую гастрольную паездку да калектываў прымацоўвалі суправаджатых — сачыць за “маральным абліччам” артыстаў, каб тыя нідзе і ні з кім не перамовіліся. Мама беражэ здымак, дзе тата — з Херлуфам Бідструпам. Гэты мастак-карыкатурыст быў антыфашыстам, камуністам і таму набыў папулярнасць не толькі на Захадзе, але і ў нас. Ён не любіў фатаграфавацца, але, патрапіўшы на канцэрт “Харошак”, сам шукаў сустрэчы з улюбёнымі артыстамі. Многія рэчы я змагла ацаніць, толькі калі сама прыйшла ў прафесію. Напрыклад, тое, якая ў яго была харызма! Выходзіў на сцэну — ад яго такое ўнутранае ззянне сыходзіла! Усе позіркі — адразу на яго. Ён не ўмеў не запальвацца, што ні рабіў — усё з аддачай. Яго і ў ансамбль Майсеева запрашалі, і ў “Паўночны хор”, у іншыя знакамітыя калектывы. Але ён вельмі любіў Беларусь. І дзяцей любіў — не толькі мяне ці потым унукаў, чужых любіў таксама. Не ўсе ведаюць, але пасля Чарнобыля ён займаўся дабрачыннай дзейнасцю: адпраўляў і хворых, і проста дзяцей з пацярпелых раёнаў на аздараўленне ў Вену, Італію, Альпы. Гэта была яго асабістая ініцыятыва: шукаў фонды, займаўся арганізацыйнымі справамі, уладжваў іншыя шматлікія пытанні.

— Творчыя людзі звычайна не любяць гэтым займацца. А ў яго нават прозвішча надзвычай асацыятыўна-мастацкае — Кашталапаў. Так і хочацца “перакласці” як “каштоўныя лапы” — у сэнсе, таленавітыя рукі-ногі як сімвал танца і музыкі. Дый назва ўсёй вечарыны “Белы птах” — як намёк на бландыністую знешнасць ды птушыную палётнасць?

— Насамрэч, я мела на ўвазе тое, як ён, бы тая птушка, лётаў па ўсёй Беларусі, збіраючы неацэнныя фальклорныя ўзоры, якія без клапатлівага да іх стаўлення могуць знікнуць разам са сваімі носьбітамі. І я рада, што ў канцэрце прагучаць не толькі вядомыя нумары — прычым часта ў новых аранжыроўках, у выкананні іншых калектываў, але і прэм’еры песень, якія ён напісаў, ды не паспеў прэзентаваць публіцы.

— Ягонае жыццё працягваецца і пасля смерці — у нашай памяці і яго творчасці.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"