А трэці жораў адляцеў…

№ 14 (1505) 03.04.2021 - 09.04.2021 г

Пластычная сімфонія барацьбы і перамог
Недарэмна ў кожным кутку Беларусі ты бачыш процьму жалобных адзнак у памяць ахвяраў той страшэннай вайны, якая так жорстка ўварвалася на нашу зямлю восем дзесяцігоддзяў таму. Бачыш і велічныя мемарыялы ў гонар салдат і партызанаў, што здабылі Перамогу. Цяпер усе помнікі нашай жывой нацыянальнай гісторыі — частка Душы і Духоўнасці Беларусі. І расповед пра іх мы вялі і будзем весці на старонках нашай газеты надалей. ...Пятнаццаць гадоў таму скульптар, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Уладзімір Слабодчыкаў і архітэктар Ігар Марозаў прыступілі да стварэння цыкла манументальных работ, прысвечаных Памяці Герояў Вялікай Айчыннай вайны і памяці ахвяр Другой сусветнай вайны. Пазней гэты цыкл атрымаў сімвалічную назву “І памятае свет уратаваны...” і стаў, па сутнасці, вобразна-пластычнай “сімфоніяй” барацьбы і перамог. Зразумела, тады, у пачатку 2000-х гадоў, планы на нейкія праекты канкрэтных помнікаў ці мемарыяльных знакаў пакуль адсутнічалі.

/i/content/pi/cult/844/17941/7.jpgАле так здарылася, што першымі рэалізаванымі манументальнымі творамі сталі мемарыяльныя знакі ў памяць вязняў — ахвяраў фашызму. Яны былі ўсталяваны ў былых фашысцкіх канцлагерах “Равенсбрук” і “Заксенхаўзен” (Германія). Амаль паралельна, ужо на тэрыторыі нашай Беларусі, былі пабудаваны мемарыял “Набат вечнай славы” ў Светлагорску на месцы брацкага пахавання савецкіх воінаў, што загінулі пры вызваленні горада, і пазней — мемарыял “Дзецям вайны” ў Магілёве. Вось так, магчыма, нечакана і для саміх аўтараў, амаль на працягу пяці гадоў склаўся гэты цыкл — манументальны паліпціх.

Што ж аб’ядноўвае гэтыя, на першы погляд, такія розныя і па месцы іх устаноўкі, і паводле вобразна-выяўленчай, архітэктурна-пластычнай і сюжэтнай канцэпцыі манументальныя творы? Зразумела, тэма Святой Памяці. А яшчэ — адзіны мастацкі метад, адзіны стылістычны прыём, заснаваны на сінтэзе візуальнай вобразнасці і сімволікі, апавядальнасці і шырокай метафары, канкрэтнага расповеду і алегорыі, дакументальнага і мастацкага абагульнення.

Мемарыяльныя знакі ў памяць вязняў гітлераўскіх канцлагераў “Равенсбрук” і “Заксенхаўзен” — гэта першыя творы, ініцыяваныя Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь для ўсталявання іх на тэрыторыі іншай краіны. У той жа час, яны прысвечаны тэме, святой для кожнага беларуса.

Так, жаночы канцлагер на паўночным усходзе Германіі, каля вёскі Равенсбрук, быў створаны гітлераўцамі ў 1939 годзе. Апранутыя ў лагерную робу і цяжкі драўляны абутак — саба, яны, знясіленыя, працавалі па 12 — 14 гадзін у суткі на вытворчасці. Паміралі з голаду, ад катаванняў, ад смяротных медыцынскіх эксперыментаў эсэсаўскіх дактароў, гінулі ў газавых камерах. За час існавання гэтага лагера да 1945 года загінула звыш 100 тысяч жанчын сарака нацыянальнасцей, сярод іх — дзве тысячы беларусак. Тут была пакарана смерцю і легендарная манахіня Маці Марыя — Лізавета Скабцова, па першаму мужу — Кузьміна-Караваева, таленавітая паэтка, удзельніца французскага Супраціўлення. Галоўны акцэнт мемарыяла — бронзавы цярновы вянок на расстрэльнай сцяне, якая ўвекавечвае трагедыю: прыгожыя жаночыя целы палаюць агнём. У цэнтры помніка — надпіс на беларускай і нямецкай мовах: “У памяць аб ахвярах з Беларусі, сотні якіх былі закатаваны ў канцэнтрацыйным лагеры “Равенсбрук”. 1941 — 1945. Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь. 2006 год”.

Другі фашысцкі канцлагер “Заксенхаўзен” створаны ў горадзе Араніенбургу трошкі раней, у 1936 годзе. Гэта прыкладна ў 30 кіламетрах ад Берліна. Калісьці я там бываў, але — задоўга да стварэння мемарыяла. Аднак тады я ўжо ведаў, што за перыяд існавання лагера загінулі дзясяткі тысяч вязняў, а ўсяго праз гэтае пекла прайшло 250 тысяч чалавек з 27 краін. Пазней даведаўся, што толькі ўвосень 1941-га тут расстралялі 18 тысяч палонных савецкіх салдат і афіцэраў, сярод якіх было шмат нашых зямлякоў-беларусаў. Прычым, усе былі забіты па адзіночцы выстралам у патыліцу. Многія імёны тых пакутнікаў так і засталіся невядомымі...

/i/content/pi/cult/844/17941/6.jpgЗаксенхаўзенскі помнік — гэта прачэрчаная вертыкальнымі белымі палосамі прамавугольная гранітная пліта, якая сімвалізуе прастрэленую лагерную робу вязня. Бакавыя краі гэтых гранітных роб — ірваныя: гэта сімвал тысяч закатаваных, замардаваных людзей, што навечна прыхіліліся адно да аднаго. І адзін стрэл на ўсіх — як агульны шматпакутны і трагічны лёс. І — такі ж тэкст: “У памяць аб ахвярах з Беларусі, сотні якіх былі закатаваны ў канцэнтрацыйным лагеры “Заксенхаўзен”. 1941 — 1945. Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь. 2007 год”. Прайшло ўжо колькі гадоў з дня адкрыцця гэтых помнікаў журбы і смутку, і сёння яны сталі абавязковымі аб’ектамі для наведвання дэлегацый розных краін свету.

Светлагорскі мемарыял, які створаны ў кананічных праваслаўных традыцыях, уяўляе з сябе бронзавы пяціметровы расколаты Звон-Набат са скульптурнымі гарэльефамі, якія ідуць уздоўж самога звона і раскрываюць найважнейшыя эпізоды вайны: ад адыходу салдат 41-га на фронт — да апошняй кропкі вялікай барацьбы за Перамогу і ўзяцця рэйхстага.

Гэты Звон-Набат уладарна падпарадкоўвае сабе і гарадскую плошчу, і скрыжаванне дзвюх вуліц, і нават забетаніраваны бераг ракі. Але, нібы цяжка паранены выбухам, Звон маўчыць. Аднак у гэтым журботным маўчанні жыццё працягваецца ў капліцы-званіцы — у малым звоне, які ажывае ў гучанні “за братия свои”. А калі прыгледзецца, дык можна ў расколіне параненага Звона пабачыць і адлюстраванне жорава, які імкнецца ўзляцець да неба. І на паверхні самога Звона ёсць “вобразы” трох такіх птушак. Чацвёрты жораў, які чытаецца ледзь прыкметным сілуэтам, сімвалізуе кожнага чацвёртага жыхара Беларусі, загінуўшага ў вогненным пекле Вялікай Айчыннай. Хаця сёння мы ўжо дакладна ведаем, што на самой справе загінуў кожны трэці грамадзянін нашай шматпакутнай краіны. А на ўнутранай паверхні Звона — імёны 264 воінаў, якія загінулі пры вызваленні Светлагорска і пахаваны тут, пад яго скляпеннямі. П’едэстал — маналітныя чырвоныя гранітныя пліты. Яны ўвасабляюць супольнасць гераічных лёсаў тых савецкіх салдат ды афіцэраў, што перамаглі самага страшнага ворага ў гісторыі чалавецтва.

Мемарыял вылучаецца не толькі дакладнай фармальнай мастацкай цэласнасцю, выразнасцю і адзінствам сілуэта, зладжанасцю і стройнасцю рытма. Яго прасторавая пабудова свядома разлічана на мноства аспектаў успрымання, якое раскрывае трагічны вобраз Вайны ў працягласці Часоў. Вось такім атрымаўся помнік-Звон. Звон — сімвал, Звон — вечнасць, Звон — прысвячэнне, Звон — заклік помніць… А калі побач разбілі ўтульны сквер, мемарыял стаў сапраўдным месцам людскога прыцягнення...

Чацвёрты помнік — “Дзецям вайны” — размешчаны ў горадзе Магілёве: асірацелыя дзеткі адчайна замерлі ў праёме ўласнага дома, ахопленага полымем. На яго яшчэ ацалелым дзвярным вушаку — сімвалічная зарубка Дзяцінства: “1941”. З праёма вырываецца і навісае над дзецьмі полымя. У яго ззянні — гарэльеф з адлюстраваннем памятных для дзяцей вайны падзей: “Провады бацькі на фронт”, “Бежанцы”, “У партызанах”, “На працоўным фронце”, “У фашысцкіх катавальнях”, “Вяртанне бацькоў” і, у рэшце рэшт, “Свята Перамогі”...

Так, гэта ёсць вобразы ўсіх тых “перажыванняў”, якія дзеці-сіроты, дзеці-вязні, дзеці партызан і падпольшчыкаў, дзеці бацькоў, што пайшлі на фронт, выпакутавалі ў час вайны. І — амаль няўлоўнае аблічча Маці, якая дае ім усім сілу выжыць, выстаяць, захаваць сілу духа ў гэтых страшэнных абставінах. Як злавесны цень ад гэтага полымя, яго абпалена — куточак квітнеючай паляны, выбрукаванай чырвонай і чорнай брусчаткай. Пяць гранітных прыступак ганку — алегорыя колькасці ваенных гадоў — ад яе пачатку ў 41-м і па 45-ты. Вакол ганку на рознай адлегласці раскіданы сімвалічныя каменныя мячыкі-шары з надпісамі і датамі: нібы назаўсёды разбураны вайной сусвет шчаслівага Дзяцінства. І ў самым вялікім з камянёў-глобусаў замуравана капсула з пасланнем да нашчадкаў — “Дзеці міра — дзецям вайны”.

На завяршэнне хочацца сказаць вось што. Аўтары дадзеных твораў цудоўна адчуваюць тую вечную “тайну” сінтэзу выяўленчага мастацтва і архітэктуры, пра які ўжо шмат дзесяцігоддзяў ідуць дыскусіі і спрэчкі. Аглядаючы гэтыя творы, бачыш, як гарманічна зліліся ў іх рознамаштабная скульптурная пластыка, манументальная і ландшафтная архітэктура ў кантэксце горадабудаўніцтва, экспрэсіўны строй, абагульненыя і гістарычныя дэталі. У выніку гэтыя помнікі сталі ў адзін шэраг з лепшымі творамі манументальнага мастацтва, якія былі створаны ў Беларусі за ўвесь пасляваенны перыяд.

Барыс Крэпак

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"