Ізноў пра Галошава, або Як вярнуць сядзібе ХІХ стагоддзя славутую назву “Беларускі Манчэстар”

№ 13 (1504) 27.03.2021 - 02.04.2021 г

З вясны 2019 года рэдакцыя “К” пільна сочыць за лёсам сядзібы роду Цюндзявіцкіх у Галошава, што ў Талачынскім раёне Віцебскай вобласці. За гэты час мы тройчы пабывалі ў Галошава. І некалькі разоў пісалі пра гэты дзіўны аб’ект, які ў пачатку ХХ стагоддзя атрымаў неафіцыйную назву “Беларускі Манчэстар”. А ўсё праз тагачасных дбайных гаспадароў, якія некалі пераўтварылі сваю сядзібу ў буйны прамысловы цэнтр. Зараз у Галошава пакуль “няма таго, што раньш было”. Большая частка драўляных гаспадарчых пабудоў знікла, і смуткаваць над іх лёсам няма часу. Бо пад пагрозу поўнага знішчэння патрапілі ўжо апошнія будынкі — сядзіба (1897), гаспадарчы корпус (1914) і стайня (1908) (усе з якаснай мясцовай цэглы). На жаль, калісьці сядзіба патрапіла ў “ПЕРЕЧЕНЬ объектов, подлежащих списанию с последующим сносом и рекультивацией земельных участков в 2021 году” Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта. Справа ў тым, што да гэтага часу сядзіба не мела ахоўнага статусу. Але эксперты і адмыслоўцы ўпэўнены, што сядзіба Цюндзявіцкіх у Галошава валодае прыкметамі гісторыка-культурнай каштоўнасці. Таму лічаць мэтазгодным, каб Віцебскі аблвыканкам прапрацаваў пытанне аб наданні такого статусу.

/i/content/pi/cult/843/17939/1.jpgПершы раз я патрапіў у Галошава ў той знамянальны дзень, калі ў Парыжы гарэў славуты сабор Нотр-Дам — Сабор Парыжскай Божай Маці ХІІ стагоддзя. Галошава было адным з галоўных пунктаў праграмы вандроўкі, у якую я выбраўся ў кампаніі гісторыкаў. Аб тым цікавым маршруце можна пачытаць у публікацыі “Беларускі Манчэстар” або спісаная торба?” (“Культура” № 16, 2019 год). Моцным стымулам наведацца ў Галошава было тое, што паводле чутак, невядомыя знеслі чатыры цагляныя калоны параднага ганка сядзібы. Так яно і аказалася. Зафіксавалі мы і іншыя прыкметы вандалізму — быў часткова знішчаны дах левага крыла сядзібы, а ўнутры — вырваныя вокны, дзверы, дошкі падлогі, выкапаныя ямы, разбітыя ў пошуках скарбаў дымаходы. Было бачна, што сядзібай “займаюцца” даўно і “плённа”, і безпакарана. Бо, нібыта, за што караць, калі на будынках няма ахоўнай шыльды, ды і ў пашпартах аб’ектаў яны пазначаны як пабудаваныя пасля 1945 года? Хоць на франтонах усіх трох добра чытаюцца сапраўдныя даты завяршэння будоўлі. Дарэчы, той “Перечень”, у якім аказалася галошаўская сядзіба, мо трэба было б яшчэ раз уважліва прагледзець. Бо можа атрымацца так, што ў ім могуць быць і значна ранейшыя будынкі ХІХ стагоддзя.

Кажучы простымі словамі, вярнуліся мы ў Мінск тым разам крыху шакаваныя. Так нарадзілася думка пачаць ратаваць тое, што засталося ад “Манчэстара”. Праз месяц мы наведаліся ў Галошава ізноў. Гэтым разам, каб зрабіць невялічкі відэарэпартаж пра маёнтак Цюндзявіцкіх і яго сённяшні стан. Ужо пасля здымак мы ледзь не размінуліся з гаспадарчай групай Талачынскага райвыканкама, якая ў поўным складзе, з ламамі, рыдлёўкамі і насілкамі заехала на падворак сядзібы. З высакароднай мэтай — прыбраць парэшткі чатырох нізрынутых “Атлантаў”. Падчас размовы высветлілася, што гэтыя калоны з дапамогай цяжкай тэхнікі, на жаль, знеслі яны. Бо драўляная страха над імі, пашкоджаная вандаламі, выглядала непрыгожа. Логіка простая — “роўнае поле лепей”. Думаецца, так да справы падыходзіць нельга. Бо калі такім чынам вырашаць пытанні, дык і ад Навагрудскага замка не засталося б і бітай цагліны…

То-бок тое, што можна было адрамантаваць за пару гадзін з малатком, цвікамі і парай дошак, проста знеслі, пэўна, змарнаваўшы на гэта больш дзяржаўных грошаў, чым каштаваў бы той дробны рамонт. Дарэчы, пра пашкоджаную страху сядзібы. Калі б своечасова быў спынены махавік вандалізму, не прыйшлося б сёння ламаць галаву над тым, як правесці рамонт не малых памераў. А спыніць можна было б. Бо цягнулі з сядзібы (якая хоць пакуль і не мае ахоўнага статусу, усё ж з’яўляецца дзяржаўнай маёмасцю) шыфер, брусы, вядома ж, днём. І знайсці гэтых людзей у сельскай мясцовасці па гарачых слядах прасцей простага (”Культура” № 20, 2019 г.).

У непрыглядны стан будынкі прыйшлі літаральна за дзесяць гадоў. Пасля рэвалюцыйнай нацыяналізацыі ў сядзібе атабарыўся калгас імя Кірава, потым была спецшкола для дзетак з абмежаваннямі, затым звычайная беларускамоўная васьмігодка. У 2008 годзе стан сядзібы быў такі, што хоць зараз засяляйся. У пачатку 2019 — даруйце, “жывы труп”.

/i/content/pi/cult/843/17939/2.jpgЛіст “Аб статусе...”

Неўзабаве да справы ратавання Галошава далучылася ГА “Беларускае дабраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры”. 22 сакавіка 2019 года за № 60 у Віцебскі аблвыканкам быў накіраваны ліст “Аб статусе нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці”, у якім прыводзіліся сур’ёзныя аргументы на карысць пазітыўнага разгляду пытання. Бо, відавочна, ансамбль сядзібы (сядзібны дом, флігель, руіны гаспадарчых пабудоў, фрагменты парка, каменны крыж і курганны могільнік) мае не толькі значную гістарычную каштоўнасць, але і археалагічную.

І сапраўды, адны толькі прозвішчы колішніх уласнікаў Галошава наводзяць на роздум — Друцкія, Сапегі, Агінскія, Лускіны і, урэшце, Цюндзявіцкія, з якіх і паходзіў знакаміты паплечнік Канстаціна Каліноўскага Міхал Цюндзявіцкі. І з якімі была звязана сваяцтвам Ганна з Прушынскіх — Цюндзявіцкая, аўтарка бэстселера ХІХ стагоддзя “Гаспадыні літоўскай”.

Напачатку 2021 года я зноў выбраўся ў тыя мясціны, каб паназіраць, што змянілася за гэты час.

/i/content/pi/cult/843/17939/Kultura 13 page 5.jpgЗмены былі заўважаны адразу. Па-першае, была праведзена кансервацыя флігеля 1914 года пабудовы (сядзібу закансервавалі да 2019 года). Вокны і дзверы былі забіты дошкамі, але, чамусьці, толькі з боку фасада. Відаць, для прыгожай карцінкі ў справаздачы. Як і два гады таму ў флігель можна было абсалютна без перашкодаў патрапіць з адваротнага боку. А вось на сядзібным будынку змены былі іншага характару. З даху над левым крылом сядзібы знялі рэшту лістоў шыфера (і немалую ж колькасць!). А яшчэ рукі “адмыслоўцаў” дабраліся да крытай тэрасы з тыльнага боку сядзібы. Шыфер пачалі здымаць ужо і там. Што, у сваю чаргу, агаляе для непагадзі калоны тэрасы. Ізноў жа, працы на даху навідавоку ўсёй вёскі, скрыгат вырываемых цвікоў мусіў разносіцца на кіламетры…

Трэба дадаць, што згодна с п. 4 арт. 93 Кодэкса аб культуры Рэспублікі Беларусь, з моманту падачы заяўкі аб уключэнні аб’екта ў спіс каштоўнасцяў, уласнікам “павінны прымацца меры па прыпыненні работ або іншай дзейнасці, якія могуць аказаць уздзеянне на матэрыяльную культурную каштоўнасць”.

Вяртаўся я ў Мінск з думкай у чарговы раз напісаць пра скрушны лёс маёнтка. Але некалькі дзён таму мой калега Ілья Свірын даслаў мне той самы “ПЕРЕЧЕНЬ” і сказаў, што Галошава збіраюцца ў гэтым годзе зносіць. Тым часам старшыня ГА “Беларускае дабраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры” Антон Астаповіч накіраваў ліст “Аб парушэнні заканадаўства ў сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны” (№ 36, ад 17 сакавіка 2021 года) у Віцебскі аблвыканкам і Пракуратуру Віцебскай вобласці. Сярод іншага таварыствам падымалася пытанне, што “да гэтага часу не прынята рашэнне аб наданні або ненаданні статусу каштоўнасці ансамблю сядзібы ў Галошава”. Напрыканцы звароту змяшчалася “просьба выключыць ансамбль сядзібы са спісу нерухомых дзяржаўных аб’ектаў, якія падлягаюць спісанню з наступным зносам у 2021 годзе…”

25 сакавіка, каб удакладніць сітуацыю, “К” звярнулася да намесніка міністра культуры Валерыя Грамады. Як ён паведаміў, ліст “Аб накіраванні звароту для разгляду па сутнасці” за яго подпісам быў адпраўлены ў Віцебскі аблвыканкам, Камітэт дзяржаўнай маёмасці Віцебскага аблвыканкама. У ім адзначалася, што “аб’ект можа валодаць прыкметамі, неабходнымі для надання яму статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці згодна з артыкулам 92 Кодэкса”. Выказвалася парада “прапрацаваць пытанне аб наданні статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці сядзібнаму дому Цюндзявіцкіх у в. Галошава”, а таксама змяшчалася просьба “аб выключэнні аб’екта са спіса нерухомай маёмасці, якая падлягае спісанню з наступным зносам і рэкультывацыяй зямельных участкаў”.

На завяршэнні хочацца дадаць, што гэтай сітуацыі магло б і не быць зусім, калі б два гады таму з першым лістом таварыства не здарылася неспадзяванка. Ён быў адпраўлены, зарэгістраваны ў Віцебскім аблвыканкаме сярод уваходнай карэспандэнцыі, але да Упраўлення культуры выканкама не дайшоў.

Спадзяемся, што гэтым разам наданне стутусу адбудзецца.

Р.S. За апошнія два гады ў Віцебскай вобласці распачаты дзве крымінальныя справы аб знішчэнні аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны. Адзін з іх быў знішчаны інвестарам у Віцебску. Другі ж, будынак цаглянай гатычнай стайні ў вёсцы Камянполь Міёрскага раёна, спярша сваёй бяздзейнасцю давялі да жалобнага стану, а потым знішчылі на месцах. Назваўшы гэты працэс “добраўпарадкаваннем тэрыторыі”.

Аўтар: Зміцер ЮРКЕВІЧ
калумніст газеты "Культура", арт-куратар