Дзівоснае дрэва тэатра

№ 13 (1504) 27.03.2021 - 02.04.2021 г

Майму роднаму гораду Маладзечна пашчасціла. 30 гадоў таму было прынята рашэнне аб стварэнні прафесійнага тэатра на базе дзеючага народнага аматарскага. Новай установе культуры быў прысвоены статус “абласны”, хаця геаграфічна ён дыслакуецца ў раённым цэнтры. Так што можна з пэўнасцю сказаць, што Мінскі абласны драматычны тэатр будзе адзначаць падвойнае свята — 27 сакавіка — Сусветны дзень тэатра, і непасрэдна сваё — у красавіку.

/i/content/pi/cult/843/17933/20.jpg

За тры дзясяткі гадоў змены ў тэатры адбываліся ў змесце, рэпертуары, трупе, кіраўніцтве. Найбольшы ўнёсак у станаўленне МАДТ зрабілі яго першы мастацкі кіраўнік Мікалай Мацкевіч і дырэктар Сяргей Вальковіч.

Сярод сённяшніх артыстаў-ветэранаў Барыс Донін, Эмілія Ларыонава, Сяргей Карзей, Алена Рахмангулава, Алег Чэчэнеў, Андрыян Барткевіч, Ірына Кляпацкая. Перабіраючы старыя чорна-белыя фотаздымкі, пазнаю на іх многіх з гэтых артыстаў, прычым не толькі на сцэне, а ў якасці рознарабочых на будаўнічай пляцоўцы, у якую ператварыўся будынак падчас капітальнага рамонту і рэстаўрацыі. Дарэчы, пабудова гэта з’явілася напрыканцы 20-х гадоў мінулага стагоддзя…

Для многіх пачынаючых акцёраў Мінскі абласны стаў прыступкай у вялікі свет тэатральнага мастацтва. Шмат хто, нават знайшоўшы сабе месца ў іншых тэатрах краіны, працягвае час ад часу вяртацца на маладзечанскую сцэну і іграць у пастаноўках, што падабаюцца гледачам, гадамі застаючыся ў рэпертуары тэатра. Так, напрыклад, Аляксандр Пашкевіч — пастаянны ўдзельнік адкрыцця кожнага новага сезона. Таму што кожны новы сезон распачынаецца “Камедыяй” Уладзіміра Рудава па творах Каятана Марашэўскага і Францішка Аляхновіча ў пастаноўцы Андрэя Андросіка. Спектакль вытрымаў звыш 300 паказаў і стаў візітоўкай МАДТ.

У першыя гады на сцэне ішло не больш за пяць спектакляў. На этапе станаўлення ў новы тэатр запрашалі вопытных рэжысёраў-пастаноўшчыкаў, а часам і слынных заслужаных артыстаў. У спектаклях былі задзейнічаны народная артыстка Беларусі Марыя Захарэвіч (дарэчы, узнагароджаная некалькі дзён таму Ордэнам Францыска Скарыны), заслужаныя артысты Вера Кавалерава і Эдуард Гарачы. Плённым стала супрацоўніцтва са слынным беларускім драматургам Аляксеем Дударавым. Пэўны час маладзечанцам нават належала так званае права першай пастаноўкі, калі аўтар сваю новую п’есу спачатку аддаваў для пастаноўкі ў Мінскі абласны тэатр. Адсюль пачынаўся шлях да гледача такіх п’ес, як “Радавыя”, “Адцуранне”, “КІМ”, “Прынц Мамабук”, “Вавілон” і іншыя. Па сёння застаўся ў рэпертуары спектакль “Вечар”, які карыстаецца попытам у дасведчанай публікі.

У бягучым тэатральным рэпертуары, які будуецца пераважна на творах беларускай, рускай і замежнай драматургіі, — 41 спектакль, з якіх 14 для падлеткаў і дзяцей. Неверагодныя гісторыі жыцця ў сцэнічнай інтэрпрэтацыі прадстаўлены ў рознажанравых пастаноўках ад сямейна-бытавой камедыі да фантасмагорыі і драматычнай клаўнады.

За гады існавання тэатр набыў мастацкую рэпутацыю, дзякуючы артыстам, што імкнуцца павышаць свой прафесійны ўзровень, і пастаноўшчыкам, якія рашаюцца на творчыя эксперыменты. Нельга не згадаць паспяховы ўдзел у шматлікіх тэатральных конкурсах-фестывалях, перамогі і лаўрэацкія званні, дыпломы і Ганаровыя граматы. Сваю творчасць МАДТ прадстаўляў на сцэнічных пляцоўках Расійскай Федэрацыі, Літвы, Латвіі, Украіны, Польшчы. У 2017 годзе спектакль “Карона з кахання” ў пастаноўцы Анатоля Дзялендзіка меў поспех на Міжнародным фестывалі нацыянальнай драматургіі імя Дуніна-Марцінкевіча. А ў 2019 годзе спектакль “Дзядзечкаў сон” паспяхова ўдзельнічаў у Міжнародным тэатральным фестывалі Ф. М. Дастаеўскага ў Вялікім Ноўгарадзе (РФ).

Высокае прафесійнае майстэрства пацвярджаў неаднойчы на замежных фестывальных пляцоўках вядучы майстар сцэны Алег Чэчэнеў. Зарэкамендаваў ён сябе і як таленавіты рэжысёр-пастаноўшчык. Сярод спектакляў для дзіцячай аўдыторыі — большасць у пастаноўцы Алега Віктаравіча. А прафесіяналы дакладна ведаюць, што менавіта да дзіцячых сэрцаў шлях для творцы досыць складаны, бо гэта самы запатрабаваны глядач, які не трывае хлусні і суму.

Неаднойчы спрабавалі сябе ў новай іпастасі і яшчэ два вядучыя майстры сцэны: Алена Рахмангулава і Андрыян Барткевіч. Гэтыя пастаноўкі пацвердзілі іх рэжысёрскі талент, здольнасці і вялікі творчы патэнцыял.

З 2017 года мастацкім кіраўніком Мінскага абласнога драматычнага тэатра з’яўляецца заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, лаўрэат Дзяржаўных прэмій Рэспублікі Беларусь Валерый Анісенка. Спектаклі ў яго пастаноўцы па п'есах Лявона Агулянскага “Дырыжор” і “Любовь Собак@. Точка RU” былі паспяхова прадстаўлены на міжнародных тэатральных фестывалях у Расіі і Украіне. Летась спектакль у яго пастаноўцы “Каралева прыгажосці з Лінэна” была ўганаравана Дыпломам лаўрэата IV Міжнароднага фестывалю М. Макдонаха.

Па-ранейшаму застаецца сярод запатрабаваных аўтараў МАДТ драматург Аляксей Дудараў. Спектакль па яго п’есе “Не пакідай мяне” ў пастаноўцы В. Анісенкі быў прадстаўлены на рэспубліканскім конкурсе тэатральнага мастацтва “Нацыянальная тэатральная прэмія”.

Складанасць сітуацыі для правінцыйнага тэатра ў тым, што зона абслугоўвання досыць абмежаваная. А яшчэ апошнім часам “дапамагла” пандэмія… Тым не менш, у рабоце над новымі пастаноўкамі прадугледжваецца мабільны варыянт сцэнаграфіі для выязной і гастрольнай дзейнасці.

Тэатр мае свой адметны твар, дзякуючы ўсім разам і кожнаму паасобку, тым, хто працуе як на сцэне, так і ў пастановачнай групе, службах абслугоўвання. А яшчэ тэатр павінен быць сучасным, нават нягледзячы на адсутнасць сучаснага абсталявання для лазарных шоу. Таму застаецца здзіўляць свайго прыхільніка іншым, у тым ліку магутнасцю чалавечага духа. Пашыраючы кола аўтараў і распачынаючы кожны раз шчырую гутарку з гледачом пра надзённае, пра тое, што хвалюе і што цешыць, Мінскі абласны драматычны тэатр пачынае квітнець новымі кветкамі талентаў, здольнасцяў, надзей.

Ала СТРАШЫНСКАЯ

Фота з архіва МАДТ