Муза гармоніі, якая хацела стаць парашутысткай

№ 13 (1504) 27.03.2021 - 02.04.2021 г

У нядзелю 21 сакавіка адзначыла сваё 95-годдзе адна са старэйшых музыказнаўцаў нашай краіны — кандыдат мастацтвазнаўства, прафесар, заслужаны работнік вышэйшай школы Беларусі Калерыя СЦЕПАНЦЭВІЧ. За больш як 60 гадоў, аддадзеных працы ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі (з іх больш за 20 — прарэктарам па вучэбнай і навуковай рабоце), выпусціла безліч дыпломнікаў, магістрантаў, аспірантаў — прасцей назваць тых, хто ў яе не вучыўся. І гэта будуць хіба даваенныя выпускі. Бо нават сённяшнія студэнты, што не заспелі яе лекцыі, вучацца на яе шматлікіх кнігах, даследаваннях, навуковых і крытычных артыкулах, вучэбных дапаможніках і іншых матэрыялах, прысвечаных беларускай музыцы. Яна і цяпер, ужо некалькі гадоў як на пенсіі, працягвае працаваць. Апошнім часам выдала ўспаміны “Маё жыццё ў гармоніі з музыкай” і два зборніка навуковых артыкулаў — сваіх і свайго мужа і калегі, доктара мастацтвазнаўства, прафесара Георгія Глушчанкі, які пайшоў з жыцця ў 1994-м. Заканчвае яшчэ адну кнігу — па прынцыпе: “ні дня без радка”. А наконт свайго юбілею жартуе: дайце яго ў ракаходзе, паводле поліфаніі (у кіно такі прыём “ззаду наперад” называецца зваротным рапідам) — атрымаецца ўсяго 59.

/i/content/pi/cult/843/17930/13.jpg— Калерыя Іосіфаўна! Вы, пэўна, наўмысна такі дзень народзінаў абіралі? 21 сакавіка нарадзіліся Бах, Мусаргскі, а яшчэ святкуецца Міжнародны дзень тэатра лялек. Сапраўдны музычна-тэатральны букет — чым не дадатковы падарунак імянінніцы? Які, дарэчы, даволі дакладна вызначае кірунак вашай дзейнасці — музыка, музычны тэатр.

— Калі хтосьці да гэтага і спрычыніўся, дык гэта мая маці Марыя Іванаўна. А таксама ўся наша сям’я, мае шматлікія выкладчыкі. Вядома, асновы будучай прафесіі насамрэч спакваля закладаліся з дзяцінства. Маці вельмі любіла спяваць, у юнацтве нават збіралася прафесійна вучыцца вакалу, ды ў 16 гадоў узяла шлюб з маім бацькам, і ўжо было не да таго. Ён называў яе Мусечкай. Дый сам быў музыкантам-аматарам. Распавядаў, як у дзяцінстве граў на дудачках, што выразаў з дрэва (ягоны бацька быў палясоўшчыкам і яго навучыў). А пры мне ўжо граў на гітары, балалайцы. Акампаніраваў маці, калі тая спявала. Была ў мяне і няня — амаль як Арына Радзівонаўна ў Пушкіна. Вясковая жанчына сталага веку, яна выхоўвала мяне праз казкі ды песні: і тыя, што сама калісьці чула, і новыя, што сама сачыняла. Галоўнай рэччу ў доме быў грамафон, ён стаяў на самым пачэсным месцы. І не проста стаяў — увесь час гучала музыка. А я не толькі ўсё гэта слухала, але і сама ўдзельнічала ў такіх вечарынах. Маці часта ладзіла хатнія тэатралізаваныя пастаноўкі, нават суцэльныя спектаклі. А калі я пайшла вучыцца (і ў агульнаадукацыйнай, і паралельна ў музычнай школах), пачала прыцягваць да гэтага і маіх аднакласнікаў. Некаторыя пастаноўкі перанесліся на школьную сцэну. Маці ўсё рабіла сама — і рэжысуру, і харэаграфію (ставіла і сольныя, і групавыя танцы), і касцюмы прыдумляла з фарбаванай марлі, і музыку адпаведную падбірала.

— Усё для маленькай прынцэсы ў галоўнай ролі!

— Гэта цяпер так дзяўчынак называюць, а тады не было прынята. Я і ў матылька пераўвасаблялася (бацька зрабіў мне выкшталцоныя крылцы, якія рухаліся), і ў птушку, у “ката вучонага” з Лукамор’я (у яго вушкі былі рухавымі, што ўразіла ўсю школу), у зайца-краўца, нават у мужыка. Была я і ў ролі Ночы, у якой “звезда во лбу горит” (бацька прыстасаваў фанарык у мой капялюш). А тая ж “Спячая прыгажуня”, адна з улюбёных дзявочых казак, ператварылася ў нас у гісторыю пра… старую пані. Так, я была той бабуляй, што прачнулася праз сто гадоў, усяму здзіўляецца і нічога не разумее. А піянер тлумачыць ёй тэхнічныя вынаходніцтвы — як працуе, да прыкладу, радыё. Маўляў, ніякай нячыстай сілы!

— Вы ж у дзяцінстве артысткай марылі стаць?

— Не, парашутысткай. Пра кінаартыстку задумалася пазней: пасля першага курса музычнай вучэльні паступіла ў Маскоўскі кінематаграфічны інстытут. Але забрала дакументы, вярнулася дадому, паступіла ў Горкаўскі інстытут замежных моў, паспрабавала сумяшчаць з музычнай вучэльняй. А як давялося абіраць: мовы ці мастацтва, музыка перамагла.

— Але ж акцёрскую жылку адолець немагчыма! Тая ж лектарская дзейнасць, педагагічная — таксама грунтуюцца на артыстызме.

— Я заўжды любіла сумяшчаць асветніцтва з разнастайнымі канцэртна-тэатральнымі формамі. Выкладаючы ў кансерваторыі, асабліва ў групах музыкантаў-выканаўцаў, імкнулася наблізіць тэарэтычныя дысцыпліны да іх спецыяльнасці. Да прыкладу, неяк народнікі здавалі мне сальфеджыа, спяваючы вывучаныя песні, рамансы, арыі, ансамблі — з акампанементам на сваіх інструментах. Падрыхтавалі самаробныя касцюмы, прадумалі агульную драматургію: фіналам была сцэна балю з “Яўгена Анегіна” ў суправаджэнні двух баянаў.

— Дарэчы, у мяне асабіста вы асацыюецеся з музычным тэатрам. Калі я ў вас вучылася, аднойчы вас тэрмінова выклікалі як прарэктара вырашаць нейкае пытанне. І вы імгненна прыдумалі нашай групе самастойнае заданне: прынеслі ў клас ноты і запіс сучаснай французскай оперы-аднаактоўкі (яна не ўваходзіла ў спіс абавязковых для вывучэння твораў), каб мы паслухалі і прааналізавалі. Калі вучыліся вы самі, такія творы “не праходзілі” — хіба рэзка крытыкаваліся.

— Так, у пасляваенны час дзейнічала Пастанова пра так званы “фармалізм” у савецкай музыцы, якога трэба было пазбаўляцца. Як студэнтка музычнай вучэльні пры Маскоўскай кансерваторыі, я прысутнічала на грамадскай нарадзе, дзе творчасць Пракоф’ева, Мяскоўскага, Хачатурана, іншых выбітных кампазітараў павінна была ганьбіцца. Але многія, наадварот, выступалі супраць. Памятаю, адзін з прафесараў-музыказнаўцаў так і сказаў з трыбуны: маўляў, музыку Шастаковіча любіў, люблю і буду любіць! А што тычыцца замежнага мастацтва ХХ стагоддзя, дык з-за яго я ажно з хлопцам пабілася. Яго бацькі былі французскімі эмігрантамі, а пасля вайны вярнуліся на радзіму, і ён вучыўся з намі. Неяк мы ўсёй групай самастойна слухалі “Лебядзінае возера”, а ён пачаў ухваляць кампазітараў французскай Шасцёркі  — творчасць таго ж Дарыюса Міё. Дык мы з кулакамі Чайкоўскага адстойвалі! Бо як гэта так — кімсьці іншым захапляцца?

— Ваш патрыятызм вас больш не падводзіў? Ведаю, што менавіта вы прапанавалі ў свой час папоўніць праграмы дзяржаўных іспытаў у вакалістаў пастаноўкамі сучасных беларускіх опер — у нашай опернай студыі, дзе раней ішла толькі руская і заходнееўрапейская класіка. Так у 1967 годзе сіламі студэнтаў была ўвасоблена прэм’ера оперы “Павел Карчагін” Пятра Падкавырава. Увогуле, вы заўжды імкнуліся папулярызаваць усё беларускае. А ці даводзілася рабіць гэта за мяжой?

— У складзе дэлегацыі мы з Георгіем Сямёнавічам Глушчанкам, іншымі дзеячамі культуры Беларусі спявалі беларускія народныя песні — у Італіі. І не толькі ў аўтобусах у час падарожжа, але і ў Венецыі, калі нас вырашылі пракаціць на гандолах. Перакладчык потым сказаў, што мы выклікалі фурор. А ў камандзіроўцы ў ГДР — наадварот: я, што называецца, “пахвалілася і ў яму правалілася”. Наведаўшы інтэрнат Берлінскай кансерваторыі, убачыла, што ў пакоях няма піяніна. І з гонарам заўважыла: “А ў нас ёсць!” Але немцы замест зайздрасці занепакоіліся: як жа вашы студэнты адпачываюць, калі над вухам хтосьці грае? І паказалі асобны шматпавярховік побач — рэпетыторый для самастойных заняткаў. Такім вось няўдалым атрымаўся мой “наступ”.

— Ведаеце, мы ўпотай часам называлі вас Кавалерыяй — вядома, жартам. І не з-за нейкай ваяўнічасці (на прарэктарскай пасадзе вы былі, наадварот, маці ўсім студэнтам) — проста імя так добра рыфмавалася. А прачытала вашы ўспаміны — аказваецца, у гэтым была рацыя: ваш бацька служыў ардынарцам у самога Будзёнага, атрымаў ад яго імянны наручны гадзіннік і імянную шаблю.

— Шкада, шабля не захавалася. А вось той зэдлік, на які вы адразу позірк кінулі, як увайшлі, — памяць пра бацькоўскі дом: там яна ля печы стаяла, а я ў сваёй кватэры яе прыстасавала. Ну, а такое незвычайнае імя — Калерыя — дала мне маці ў гонар гераіні свайго ўлюбёнага рамана.

— Вы родам з Ніжняга Ноўгарада, а прозвішча ў вас — беларускае, бо бацька — ураджэнец нашых земляў.

— Баюць, “цэвіч” у прозвішчах перакладаецца як “светлы”, так што мы з вамі пазначаны святлом. А бацька і сапраўды з Заходняй Беларусі, з мястэчка Шніпкі на Гродзеншчыне. У 1937-м яго арыштавалі з-за “не таго” паходжання — як “польскага шпіёна”. У 47-м рэабілітавалі, ён вярнуўся з лагера дадому, але пражыў нядоўга. Гады без яго былі самымі страшнымі. Мяне як “дачку ворага народа” выгналі са школы, маці звольнілі з працы. Мы шукалі іншыя месцы, але ўсё заканчвалася аднолькава: як толькі там даведваліся пра арышт, загадвалі сысці. Суседзі ставіліся па-рознаму: хтосьці спачуваў, падкормліваў, а хтосьці — камянямі на вуліцы шпурляў, вокны біў. Здавалася б, вайна з агульным ворагам павінна была ўсіх з’яднаць, ажно не — падазронасць да ўсіх і кожнага толькі ўзмацнілася.

— Горад Горкі, як ён тады называўся, знаходзіўся ў тыле, туды быў эвакуяваны, дарэчы, Вялікі тэатр Беларусі.

— Але бамбілі рэгулярна. Я ледзь не загінула. Пайшла набраць вады, нясу два вядры і бачу нямецкі самалёт. Ляціць павольна, нізенька, лётчык малады, разглядае мяне з нахабнай усмешачкай: мабыць, у сябе такога прыстасавання, як карамысла, не бачыў. Але не стрэліў: відаць, патроны скончыліся.

— Ваш муж быў франтавіком. І таксама аказаўся звязаны з Беларуссю яшчэ да вашага канчатковага сюды пераезду: удзельнічаў у аперацыі “Багратыён”. Вы разам скончылі ў Маскве Акадэмію імя Гнесіных (тады гэта быў музычна-педагагічны інстытут), аспірантуру, былі накіраваны на працу ў Мінск, дзе і засталіся. А што пажадалі б маладым беларускім музыказнаўцам?

— Як мага больш пісаць пра беларускую музыку, музычны тэатр. Звяртаць увагу на моладзь і не забывацца пры гэтым на старэйшыя пакаленні творцаў, артыстаў, даследчыкаў, каб не складалася ўражанне, што ў нашай краіне сапраўднага мастацтва няма. У нас безліч цудоўных твораў у розных жанрах, уключаючы оперы і балеты. Яны павінны як мага часцей гучаць, у тым ліку на тэлебачанні і радыё, ставіцца на тэатральнай сцэне, выконвацца ў канцэртных версіях. Іншымі словамі, кветкі павінны расцвітаць і прыносіць асалоду, ператварацца ў плады.

— Як паэтычна! Ведаю, у вас шмат вершаў, ёсць нават “у форме ронда”. А кветкі — якія даспадобы?

— Пралескі. І дзьмухаўцы. Калі мы пазнаёміліся з Георгіем Сямёнавічам, ён здаў зімовую сесію і паехаў дадому ў Растоў, дзе ўжо наступіла вясна. А я атрымала бандэроль: скрыначка з-пад цыгарэт, у ёй — тры маленечкія жывыя пралескі. Лепшае прызнанне ў каханні! Пазней даведалася, што іх вёз на самалёце ягоны сваяк. А букет дзьмухаўцоў мне падарылі на развітанне падлеткі з інтэрната для цяжкавыхоўных, з якімі я займалася музычна-эстэтычным выхаваннем. Лепшае прызнанне маёй дзейнасці!

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"