З пажаданнем перамогі! Ад Барысава — Віцебску

№ 13 (1504) 27.03.2021 - 02.04.2021 г

Трэці год запар прадстаўнікі Беларусі на міжнародных песенных конкурсах фестывалю “Славянскі базар у Віцебску” вызначаліся вялікімі шоу-канцэртамі ў горадзе са статусам “Культурнай сталіцы года” — сёлета гэта Барысаў, і ў прамым эфіры тэлеканала “Беларусь 3”. У суботу 20 сакавіка канкурсантаў, што ўжо заваявалі права стаць фіналістамі адборачнага тура, прымала сцэна барысаўскага Палаца культуры імя М. Горкага. Перамогу святкавалі два юнакі — 13-гадовы Канстанцін МАЗУРКЕВІЧ і 20-гадовы Данііл МЫШКАВЕЦ, абодва з Мінска: іх мы і ўбачым на юбілейным ХХХ Міжнародным фестывалі мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску — 2021”, што пройдзе ў ліпені. Як адбываўся фінал адбору — у нашым расповедзе.

/i/content/pi/cult/843/17929/11.jpgЗванне “Культурнай сталіцы года” сярод іншага мае на мэце прэзентаваць абраны горад больш шырока, прыцягнуць да яго ўвагу, даць магчымасць паказаць творчыя здабыткі і іншыя вартыя ўвагі адметнасці. Для канкурсантаў наведванне Барысава не абмежавалася толькі сцэнай і ўласна конкурсам, у праграме былі і экскурсіі — напрыклад, на завод “Белджы” і на “Барысаў-Арэну”. Праўда, у саміх канцэртах, што трансліраваліся па тэлебачанні, тэма Барысава ніяк не прагучала, не стала асновай для сцэнарыя, не была выкарыстана для расказа пра горад. Тэлегледачы маглі нават і не здагадацца, што дзеянне адбываецца менавіта ў Барысаве і адбываецца там не выпадкова.

Новая схема правядзення фінальнага мерапрыемства нацыянальнага адборачнага тура добра зарэкамендавала сябе ў папярэднія гады з пункту гледжання публічнасці і празрыстасці. Дзве даволі сціслыя і нерасцягнутыя канцэртныя праграмы (адна для канкурсантаў-дзяцей, другая — для ўдзельнікаў дарослага адбору), абвяшчэнне балаў ад журы па кожнай конкурснай песні, магчымасць для ўсіх даведацца, якую адзнаку паставіў той ці іншы член журы. Далей простае суміраванне балаў і абвяшчэнне пераможцы. Пад час конкурснага канцэрта выступленне і артыстаў — членаў журы. Такім чынам, наколькі ўдалым атрымліваецца канцэрт, залежыць не толькі ад канкурсантаў і іх спеваў, але і ад таго, хто ж гэтыя члены журы і якія песні яны прапануюць публіцы. І, канешне, ад тэлебачання — ці можа яно забяспечыць якасць гуку і так званай “карцінкі”, цікавы сцэнарый і канферанс.

/i/content/pi/cult/843/17929/12.jpgУ Барысаве схема конкурснай часткі не падвяла, дарэчы, як і гук — а гэта адна з найістотнейшых умоў якаснага канцэрта. Да празмерна ззяючай ліхтарамі і пражэктарамі сцэны без асаблівых дэкарацый можна паставіцца з разуменнем — маўляў, абмежаваныя фінансы. Пра ўзровень усяго іншага могуць меркаваць самі гледачы: калі яны паклоннікі такіх вядомых артыстаў беларускай эстрады, як Аляксандр Саладуха, Алёна Ланская, сёстры Груздзевы, Ірына Дарафеева, Жанэт, арт-група “Беларусы”, Вікторыя Алешка, Дзмітрый Качароўскі, — ім павінна было спадабацца. Журы адборачнага праслухоўвання да ХІХ Дзіцячага міжнароднага конкурсу “Віцебск” узначальвала салістка Вялікага тэатра Беларусі, народная артыстка Беларусі Анастасія Масквіна, журы фінальнага адбору да ХХХ Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні “Віцебск” — рэктар Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, старшыня савета спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі Кацярына Дулава. Акрамя таго, у складзе журы былі і прадстаўнікі Міністэрства культуры, і іншыя музычныя дзеячы, і, канешне, дырэктар Дырэкцыі Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” Глеб Лапіцкі.

Першы, дзіцячы канцэрт, традыцыйна вёў тэлевядучы Дзмітрый Карась, на гэты раз у пары з уладальніцай Гран-пры дзіцячага конкурсу “Славянскага базару ў Віцебску — 2020” Ангелінай Ламака. (Летась, нагадаю, абодва Гран-пры фестывалю былі ў беларусаў: у дарослай катэгорыі перамог Раман Волазнеў.) Уся дзея, па задумцы сцэнарыстаў і рэжысёраў, адбывалася быццам у Ізумрудным горадзе, з адпаведнымі героямі і тэкстамі, звернутымі як да маленькіх дзетак гадоў пяці. Але на сцэну пры гэтым выходзілі выключна канкурсанты-падлеткі, многія з якіх выглядалі абсалютна дарослымі людзьмі і спявалі гэткія ж песні: такі дысананс надаваў гумарыстычнае адценне ўсёй праграме.

За вядзенне дарослага канцэрта адказвалі вядучыя праграмы “Добрай раніцы, Беларусь” на тэлеканале “Беларусь 1” Ніна Мажэйка і Вольга Венская, і яны, відавочна, не ставілі перад сабой задачы ствараць шоу і некага забаўляць — усё цырымонна і строга.

Але гэтыя моманты па вялікім рахунку былі проста дадатковымі і не вельмі істотнымі — зразумела, галоўнымі героямі дня ў суботу 20 сакавіка былі канкурсанты, у Барысаў усе прыехалі дзеля іх. Юныя і проста маладыя артысты прайшлі доўгі шлях, прабіліся праз сіта адборачных тураў на мясцовых узроўнях — ім заставалася зрабіць толькі крок да перамогі. Пашанцавала двум — кожнаму ў сваёй катэгорыі, і выбар журы, дарэчы, на гэты раз не быў спрэчным і здаваўся цалкам відавочным. Адзін момант нават варта вызначыць асобна — у дзіцячым спаборніцтве за выкананне песні “Падзяка сэрца” з рэпертуару Uzari журы паставіла Канстанціну Мазуркевічу з Мінска ўсе найвышэйшыя адзнакі — дзясяткі. Выступленне было настолькі пераканаўчым, што, думаю, не толькі ў мяне, але і ва ўсіх ужо не было сумненняў, хто тут фаварыт. Праўда, з другой конкурснай кампазіцыяй Канстанцін справіўся не так удала, але сумы балаў яму хапіла для ўпэўненай перамогі.

Юныя артысты выконвалі па дзве кампазіцыі — спачатку твор беларускіх аўтараў на беларускай мове, у другім блоку канцэрта — песню на выбар. Дык вось, у другім блоку найбольшую колькасць балаў — па 84 ад дзевяці членаў журы — атрымалі Анастасія Дзмітрачкова з Магілёва і 10-гадовы Елісей Касіч з Віцебска (цяпер ён прадстаўляе Мінск). Па суме балаў другое месца ў спаборніцтве ў Сафіі Рустамавай з Брэста, трэцяе — якраз у Анастасіі Дзмітрачковай, а Елісей Касіч апынуўся на чацвёртым. І ўсе гэтыя артысты, шчыра скажам, былі вартыя перамогі.

Дзеці ўвогуле радуюць. Юныя беларускія спевакі вызначаюцца што ў конкурсах “Славянскага базару”, што ў конкурсах “Дзіцячага Еўрабачання”, што ў расійскім і ўкраінскім тэлешоу “Голас. Дзеці”. Усе — літаральна ўсе дзесяць канкурсантаў — паказалі моцныя прыгожыя галасы і ўпэўненую тэхніку, я б нават сказала — далі ўрок вакальнага майстэрства дарослым артыстам і канкурсантам таго дня. Абмяркоўваць можна было хіба толькі, хто які вобраз здолеў стварыць, наколькі эмацыйна пражыў песню і да таго падобнае. І тут відавочна, тэхніка пакуль пераважала над артыстызмам. Маё сэрца было аддадзена самаму юнаму канкурсанту, які на фоне больш дарослых падлеткаў вылучаўся не толькі ўзростам, але і сваім
разуменнем твора, сваім эмацыйным перажываннем, сваім драматызмам, — Елісею Касічу. У першым блоку ён спяваў песню, напісаную Анастасіяй Марчук, — лёгкую, гарэзлівую, і спяваў вельмі міла, але яна, мусіць, не дала магчымасці ўразіць вакальна, і таму журы не паставіла найвышэйшыя балы. А вось з другой кампазіцыяй — найскладанейшай вакальна і драматычна песняй “I surrender” з рэпертуару Селін Дыён — маленькі танклявы Елісей паказаў сябе як сапраўдны артыст, прымусіў суперажываць усіх слухачоў. Як кажуць у такіх выпадках — запомніце гэтае імя!

Трэба зазначыць, што ў дзіцячых конкурсах падобнага маштабу даўно ўдзельнічаюць дзеці, якіх можна называць “прафесіяналамі”, — яны прысвячаюць спевам усё жыццё, гадамі прафесійна вучацца вакалу, пастаянна ўдзельнічаюць у конкурсах і тэлешоу, многа выступаюць на сцэне. Так і ў гэтым адборы: ўсе канкурсанты — пераможцы і лаўрэаты розных фестываляў і конкурсаў. І 13-гадовы Канстанцін Мазуркевіч, што будзе прадстаўляць Беларусь на “Славянскім базары ў Віцебску”, таксама. Канстанцін — вучань 7-га класа сталічнай гімназіі № 192, яго педагог па вакале — Марыя Абасава. Яна дзякуе Uzari, які прадаставіў для конкурсу фанаграму сваёй песні “Падзяка сэрца”, — а тая
вельмі падышла юнаму артысту. Марыя Абасава ўпэўнена, што гэтая ж кампазіцыя прагучыць і на фестывалі ў Віцебску, а вось наконт другой песні яны яшчэ будуць думаць.

У дарослым спаборніцтве таксама было 10 канкурсантаў, некаторыя з іх ужо не першы год спрабавалі трапіць на віцебскі фестываль. Напрыклад, летась
Вольга Булай з Мінска, уладальніца Гран-пры фестывалю беларускай песні і паэзіі ў Маладзечне ў 2017 годзе, толькі два балы саступіла пераможцу адбору Раману Волазневу. Вось і сёлета яна была ізноў другой — саступіла Даніілу Мышкаўцу. Даніілу 20 гадоў, ён нядаўні выпускнік Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў, зараз працуе як педагог па вакале ў адной з мінскіх студый. Можа пахваліцца званнем лаўрэата розных конкурсаў, удзелам у тэлепраграмах, спевамі ў фальклорным ансамблі “Неруш” і выступленнямі ў Вышэйшай лізе КВЗ. Але вядомым артыстам Данііла Мышкаўца пакуль не назавеш (цяпер шанс праславіцца ёсць!). У якасці першай конкурснай песні ён абраў даволі даўні твор Леаніда Захлеўнага на словы Леаніда Пранчака “Я магу купіць каханне”, які ў вуснах юнага 20-гадовага хлопца, у немалой ступені дзякуючы і зместу, гучаў дзіўна. І сам артыст, відавочна, проста ішоў следам за мелодыяй, не ўнікаючы ў тэкст. Да перамогі яго прывяло выкананне другой конкурснай кампазіцыі — песні з рэпертуару групы Scorpions “Maybe I, maybe You”, дзе лірычны вакал Данііла набыў належную эмацыйную моц.

Дарэчы, пра конкурсны рэпертуар. Першай песняй канкурсантам — а гэта ўсё маладыя людзі — было прапанавана абраць “Славянскі хіт”. Здавалася б — такая прастора для выбару, у нашы дні столькі папулярных песень! Але артысты і артысткі выконвалі ніяк не хіты, а ці зусім невядомыя, ці не самыя новыя і не самыя яскравыя песні беларускіх і расійскіх аўтараў з моцным подыхам так званай “савецкай эстрады”. Канешне, песня Ігара Лучанка “Зачарованная” ў выкананні Андрэя Панісава з Ліды вылучалася на гэтым фоне, але агульнага ўражання ад першага конкурснага блока не паправіла: канкурсанты быццам свядома забыліся на тое, што яны ўжо ў XXI стагоддзі і папулярная музыка за 30 апошніх гадоў моцна змянілася. Замежны хіт у якасці другой конкурснай кампазіцыі многім удаўся лепей. І ўсё ж не сказаць, што журы мела багаты выбар сярод прэтэндэнтаў на ўдзел у “Славянскім базары ў Віцебску”. Другое месца ў спаборніцтве, прычым з даволі значным адрывам ад першага, заняла Вольга Булай з Мінска, трэцяе — Ангеліна Васілеўская таксама з Мінска.

Цяпер Канстанцін Мазуркевіч і Данііл Мышкавец будуць рыхтавацца да, магчыма, галоўнай падзеі ў сваім яшчэ нядоўгім артыстычным жыцці — да фестывалю “Славянскі базар у Віцебску”. А ў нас з вамі яшчэ будзе магчымасць больш блізка пазнаёміцца з артыстамі, што прадставяць Беларусь на гэтым міжнародным конкурсе.