Пінскі эксперымент

№ 13 (1504) 27.03.2021 - 02.04.2021 г

У Пінску Брэсцкай вобласці працягваецца стварэнне мясцовага кластару па вырабе музычных інструментаў. Пачынальнікі гэтай справы — пінскія майстры Руслан Макарэвіч, Мікалай Ярмальчук, Юрый Дубнавіцкі і некаторыя іншыя. А цяпер да іх далучаюцца і маладыя вучні, якія, з дапамогай больш вопытных настаўнікаў, вучацца размаўляць з музычнымі інструментамі “на ты”.

/i/content/pi/cult/843/17928/10.jpgНагадаю, што, як пісала два гады таму “К”, пінскія ўлады на ўмовах бязвыплатнага карыстання нерухомай маёмасцю выдзелілі мясцовым майстрам памяшканне былой майстэрні ва ўстанове адукацыі. Вытворцам музычных інструментаў прыходзіцца аплачваць толькі камунальныя паслугі. Цяпер яны закупілі для сваіх патрэб шэраг неабходных станкоў, у тым ліку і кітайскай вытворчасці, і гатовы брацца за працу над заказамі.

— Працы, шчыра кажучы, хапае, — кажа адзін з мясцовых майстроў па вырабе музычных інструментаў Руслан Макарэвіч. — Балазе, заяўкі на выраб музычных інструментаў паступаюць з многіх рэгіёнаў краіны. Сёння, у сувязі з каранавірусам, заказаў не так многа, як, скажам, два гады таму. Разам з тым, зусім нядаўна званілі з адной ДШМ Брэстчыны, маюць жаданне набыць у мяне дзве домры ў другім квартале гэтага года. Так што праца паступова працягваецца.

Каранавірус унёс свае карэктывы і ў план правядзення публічных мерапрыемстваў: пінскія майстры летась не ладзілі ні выставы, ні прэзентацыі новых музычных інструментаў, вырабленых пад заказ.

Дарэчы, як адзначыў Руслан Макарэвіч, пакуль што ў майстэрні рамантуюць і вырабляюць балалайкі і домры, аднак плануецца, што асартымент інструментаў будзе пашырацца, і ў будучыні тут стане магчымым вырабляць гітары, мандаліны, скрыпкі і нават лютні.

Яшчэ адна навінка ад няўрымслівых пінчукоў — стварэнне гуртка “Свет музычных інструментаў” пры Брэсцкім абласным цэнтры інавацыйнай і тэхнічнай творчасці, які дзейнічае ў Пінску.

— На сёння ў гэты гурток ходзяць 12 чалавек, — кажа Руслан Макарэвіч. — Нехта прыходзіць паслухаць лекцыю ці паглядзець відэа пра музычныя інструменты ды музыку, хтосьці завітвае, каб адрамантаваць свой музычны інструмент (зазвычай, гэта гітары), а камусьці цікава зрабіць новы інструмент сваімі рукамі. Набор у групу адбываецца ўвосень, але, шчыра кажучы, можна прыходзіць і ў любы іншы час. Было б, як кажуць, жаданне.

У некаторых жаданне вырабляць новыя музычныя інструменты ёсць, і жаданне вялікае. Так, па словах Руслана Макарэвіча, днямі ў Пінску адкрылася выстава, на якой быў прадстаўлены інструмент, выраблены адным з вучняў майстра.

— На абласной выставе ў Брэсцкім абласным цэнтры інавацыйнай і тэхнічнай творчасці мой вучань Яўген Карпенка прадставіў электрабалалайку — музычны інструмент, выраблены ім з маёй дапамогай. Падобная электрабалалайка можа прымяняцца ў двух режымах: як акустычны музычны інструмент і як электрамузычны выраб, дзякуючы наяўнасці гуказдымальніка. У канцы сакавіка гэтая балалайка, разам з некаторымі іншымі экспанатамі, будзе прэзентаваная ў Мінску.

Да слова, вучань Руслана Макарэвіча не толькі цікавіцца вырабамі музычных інструментаў. На мінулагодняй выставе ў Пінску ён прадэманстраваў гледачам і журы конкурсу макет рэканструкцыі старажытнага горада над Пінай. Справа ў тым, што тэматыка архітэктурнага мадэлявання сугучная спецыяльнасці, якую атрымлівае Яўген — тэхніка-механіка дрэваапрацоўчай прамысловасці. У тую эпоху, да якой ён звярнуўся ў гістарычнай рэканструкцыі старажытнага Пінска, дамы, тратуары, абарончыя сцены, вежы былі драўлянымі. Пінчук ўзнавіў іх з гафракардону і прысвяціў свой праект Году малой радзімы.

Трэба адзначыць, што Яўген рознабаковы творчы малады чалавек. Цікавіцца фатаграфіяй, разьбой па дрэве, музыкай, спрабаваў сябе ў якасці дызайнера, валодае навыкамі 3D мадэлявання. Цяпер, як бачна, заняўся вырабам музычных інструментаў. Карацей, Яўген, фактычна, майстар на ўсе рукі. Цікава, які экспанат будзе прадстаўлены таленавітым пінчанінам на выставе ў 2021 годзе?

Але ўжо цяпер зразумела, што паступова праца па стварэнні пінскага “кластару” па вырабе музычных інструментаў набірае ход. Балазе, у гэтай справе лепей не спяшацца, а рабіць усё грунтоўна і з прыцэлам на будучае. Бо, як вядома, важна не толькі сабраць майстроў пад адным дахам, але і стварыць школу, у якой маладыя вучні пераймалі б сакрэты майстэрства ад рамеснікаў старэйшага пакалення.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"