Няўлоўны герой на фоне пустаты

№ 12 (1503) 20.03.2021 - 27.03.2021 г

У адрозненне ад спартыўных спаборніцтваў, мастацкія конкурсы і прэміі наўрад ці здатныя вызначыць лепшых — у гэтай сферы аб’ектыўных крытэрыяў быць не можа. Затое яны сведчаць пра настроі і трэнды сярод саміх “суддзяў” з экспертнай супольнасці — пра тое, што сёння лічыцца вартым і важным, якія крытэрыі ставяцца ў галаву кута… І той факт, што ў спіс лаўрэатаў І Трыенале жывапісу, графікі і скульптуры, якую не так даўно ладзіў Беларускі саюз мастакоў, патрапіла Таццяна РАДЗІВІЛКА, прыемна ўражвае. У яе палотнах зусім няма ўсяго таго, у чым сёй-той вінаваціць цяперашняе мастацтва — хайпа, павярхоўнасці ды камерцыі. Гэтыя творы глыбокія, таямнічыя, незразумелыя — і зусім някідкія, папраўдзе інтэлігентныя. За імі яўна нешта стаіць, і ты гэта адчуваеш, нават калі не можаш зразумець, што менавіта.

/i/content/pi/cult/842/17916/014.jpg— Лаўрэацтва стала сапраўдным сюрпрызам, — прызнаецца мастачка. — Як правіла ўзнагароды абыходзілі мяне бокам. Таму, канешне, вельмі прыемна, што заўважылі, адзначылі…

— Падаецца, нібы вашы работы жывуць у сваім вымярэнні і наогул не патрабуюць кантакту з гледачом. У кожным разе, спадабацца яны зусім не імкнуцца — у адрозненне ад многіх іншых…

— Ды не, кантакт акурат прадугледжваецца. Іначай навошта было б мне наогул выносіць гэтыя працы ў публічную прастору? Фідбэк, тыя думкі, якія з’яўляюцца ў гледача, для мяне, вядома, важныя. Праўда, яшчэ важнейшае тое, як я сама стаўлюся да сваіх твораў. Маё меркаванне тут куды больш для мяне істотнае, ніж чыё іншае.

— Ці маюць вашы работы пэўную аўтарскую інтэрпрэтацыю, або іх успрыняцце аддаецца на водкуп гледачу?

— Хутчэй другое. Я зусім не імкнуся трансляваць нейкія канкрэтныя пасылы. Рэакцыя іншых мяне нават часам здзіўляе: людзі вышукваюць у маіх творах тыя ідэі, якія я і блізка туды не ўкладала. І я сабе думаю: што ж, можа быць і так, чаму не? Дыялог з гледачом напаўняе карціны шматслойнымі сэнсамі, таму вельмі радуюся, калі ён узнікае.

— А ці здараліся непаразуменні? Чалавек, выхаваны на традыцыйным мастацтве, дзе аўтарская задума счытваецца даволі лёгка, можа атрымаць “разрыў мозга”, убачыўшы вашыя творы. Ці, прынамсі, недаўменне.

— “Разрыў мозга” я не імкнуся выклікаць. А недаўменне… Ад гэтага яшчэ ніхто не паміраў. Дый нічога страшнага: такі глядач проста пацісне плячыма і пойдзе сабе далей. Нешта яму тлумачыць мне асаблівай ахвоты няма.

— Што спараджае вашы творы: інтуітыўны пошук або нейкія рацыянальныя схемы?

— Розуму там вялікага няма, хутчэй інтуіцыя. А яшчэ маё ўласнае пачуццё гармоніі. І адчуванне пустэчы…

— Пустата займае большую частку вашых твораў. А месцам дзеяння часцяком становяцца знаёмыя ўсім публічныя прасторы — скажам, стадыён. Адкуль наогул такая ўвага да спорту?

— Па-першае, спартыўныя аб’екты падаюцца мне… проста прыгожымі. Вызіраеш ты ў акно, бачыш стадыён ці поле для картынга — і яны чамусьці цябе ўражваюць. Я маю звычку фіксаваць такія ўражанні: раблю здымкі, і так спакваля назапашваеццца нейкі рабочы матэрыял. Ужо потым прыходзіць разуменне, як яго можна выкарыстаць.

А па-другое, мой муж любіць глядзець спартыўныя спаборніцтвы — прычым любыя, ад футбола да бабслея. І даволі часта такая тэлекарцінка мільгае ў нас дома. Думаю, ён пазірае на ўсё гэта вокам не заўзятара, а мастака: маўляў, якое маляўнічае зялёнае поле…

/i/content/pi/cult/842/17916/015.jpg— Персанажы ў вас выглядаюць непераканаўча: малюткія дэперсаніфікаваныя фігуркі на ўскрайку карціны. З чым звязанае такое стаўленне да героя?

— Пачынала я, дарэчы, акурат з выяўлення персанажаў. Гэта ўжо пазней асяроддзе, тая самая пустата стала займаць большую частку работ, нібы замяняючы ці выціскаючы чалавека. У людзей на маіх карцінах няма твараў. Мне хочацца, каб мой герой быў гэткім няўлоўным, каб глядач не разумеў, хто ён, што з ім робіцца, куды бяжыць. Пра гэта можна хіба здагадвацца. Мае працы наогул прадугледжваюць пэўныя высілкі для іх успрыняцця.

І вельмі важна, што на халсціне заўсёды ёсць нейкі рух, хай сабе і чыста механічны, нявызначаны, умоўны. Тут не проста абстрактная пустэча — чалавек мае да яе пэўныя адносіны. Умоўныя фігуры, умоўны рух, адчуванне ўмоўнага жыцця...

— Наколькі атрыманыя падчас навучання навыкі вам спатрэбіліся ў вашай індывідуальнай практыцы?

— Я вучылася на графіцы, і даведацца, што такое, скажам, афорт або літаграфія, было для далейшай працы карысна. З прыемнасцю згадваю і майстэрню Дзмітрыя Малаткова — для студэнтаў гэта была свайго кшталту эксперыментальная лабараторыя, дзе мы навучыліся не саромецца ды рабіць тое, што хочацца. Гэтая асоба дапамагла развіцца цэлай плойме таленавітых графікаў. Думаю, наогул усё ўпіраецца менавіта ў педагога.

У Акадэміі ў “мае” гады гiсторыi сучаснага мастацтва ніхто не вучыў, і многае даводзілася потым напрацоўваць сваім асабістым досведам. Але дыплом я атрымала без малога тры дзясяцігоддзі таму. Час дастатковы, каб сёе-тое засвоіць ды пашырыць свой кругагляд праз самаадукацыю. Інфармацыі сёння не бракуе, і калі на цябе коціцца гэты снежны вал, вельмі цяжка ніяк на гэта не рэагаваць, застаючыся ў рамках мінулага.

— Вас можна назваць заўсёднікам музеяў ды галерэй, вы часта выпраўляецеся ў “культпаходы” і за мяжу. Ці не надае гэта мастаку пачуццё разгубленасці: бацюхна, столькі ўсяго ў свеце робіцца, ці знайду я ў гэтым калейдаскопе сваё месца? Або наадварот — можна трапіць пад нечы моцны ўплыў…

— Не думаю, што нехта надта на мяне паўплываў, а вось асабістыя адкрыцці здараюцца рэгулярна. Пабачыць у арыгінале творы, скажам, Люка Цюйманса або Герхарда Рыхтара было для мяне вельмі важна. Наведванне выстаў іншых аўтараў  — гэта вялікі штуршок для развіцця: аналізуючы ўбачанае, ты атрымліваеш імпульс паразважаць, асэнсаваць... Што становіцца ўрадлівай глебай для ўласнай творчасці. А наконт разгубленасці і ўласных комплексаў… Ведаеце, і ў прэстыжных замежных музеях трапляюцца даволі сумнеўныя, на мой погляд, працы: далёка не ўсё там выклікае здзіўленне ці захапленне.

— Яшчэ ў 90-я вы пачалі даволі рэгулярна выстаўляцца і працаваць на Захадзе. Ці адчуваецца розніцца паміж арт-працэсам там і ў нас?

— Раней яна была каласальнай, цяпер — куды меншая. Але ці варта з гэтай нагоды надта перажываць? Любы мастак, дзе б ён ні жыў, сёння робіць тое, што ён хоча рабіць, у залежнасці ад уласнага бачання. Паўсюль утвараюцца свае “вузкія колы” блізкіх адзін аднаму творцаў. Кожны варыцца ў сваім казане, і няма вялікай розніцы, дзе гэты казан геаграфічна знаходзіцца. Куды болей залежыць ад асобы мастака.

А вось у чым адрозненне і дасюль выразна адчуваецца, ды гэта не ў творчым, а ў матэрыяльным вымярэнні. Тут, як кажуць, без каментарыяў. І шкада яшчэ, што мастацкая адукацыя застаецца ў нас той самай — акадэмічнай і традыцыйнай. Тыя веды, якія заходні мастак засвойвае ў праграме навучання, наш мусіць атрымліваць самастойна. Адсюль і пэўная часавая затрымка. Педагогі павінны быць самі ў курсе таго, што адбываецца ў свеце, і прапаноўваць студэнтам матэрыял для аналізу, адкрываць ім новыя імёны і далягляды — а не проста вучыць маляваць тую ці іншую частку цела.

— А хіба апошняе неістотна?

— Без сумневу, акадэмічная школа важная, але не трэба ставіць яе ў галаву кута. Уменне маляваць не павінна быць адзінай заслугай мастака. Бо іначай, выходзячы з Акадэміі, ты не будзеш разумець, што табе рабіць далей.

— Аднак гэтае разуменне бадай у выключнай меры залежыць ад цябе самога...

— Вядома! Але і ад асяроддзя таксама. Не ведаю, як цяпер, але ў наш час не надта віталася, калі твая студэнцкая праца адрознівалася ад таго, што чакаў пабачыць педагагічны склад. Таму нехта сыходзіў з Акадэміі, не могучы рэалізаваць уласныя ідэі, нехта губляў свой энтузіязм… А кагосьці, вядома, і “побыт засмоктваў”.

— У тых краінах, дзе ёсць арт-рынак, поспех можна манетызаваць. У нас — пакуль не асабліва. Ваш муж, сапраўдны мэтр айчыннага сучаснага мастацтва Канстанцін Селіханаў, неяк прызнаўся, што каб годна зладзіць сваю выставу, яму давялося ахвяраваць рамонтам на лецішчы…

— Так, нашы выставы — гэта і сапраўды адчувальныя для сямейнага бюджэту затраты. Хіба зрэдку нехта трохі дапамагае фінансава, зазвычай усё за свой кошт. І далёка не заўсёды такія грошы можна лёгка ўзяць ды выцягнуць з кішэні. На жаль, фондаў, здатных хаця б пакрыць выдаткі мастака на ўласны праект, у нас няма. І, на шчасце, я маю нядрэнную працу, таму мне ёсць чым плаціць за майстэрню нават калі карціны не прадаюцца.

— Што ж матывуе працягваць тыя праекты рабіць?

— Упартасць, сіла характару. Памкненне супярэчыць абставінам. Хаця калі гэта трывае доўга, усё адно трохі стамляешся.

Фота з архіва
Таццяны РАДЗІВІЛКА