Для чалавека ад навукі далёкага, а я менавіта такі, ёсць нешта містычнае ў тым, што формулы, якія складаюцца з абстрактных знакаў і сэнс якіх зразумелы толькі спецыяльна навучаным людзям, ляжаць у аснове будаўніцтва гмахаў-хмарачосаў, навігацыі акіянскіх лайнераў і касмічных караблёў, канструявання робатаў, здольных замяніць чалавека ва ўсіх сферах, хіба што акрамя мастацтва — ды і тое пакуль…
І міжволі думаешь, мо ў мастацтве абстрактным, не зразумелым нікому, акрамя ягоных стваральнікаў — ды і гэта сумнеўна, закладзены патэнцыял, які яшчэ выбухне мутацыямі на ўзроўні падсвядомасці і здзейсніць ментальную рэвалюцыю з непрадказальнымі наступствамі.
Мабыць, калі гэта і будзе, дык не заўтра і нават не ў блізкай перспектыве. Пакуль жа мне падаецца, што хоць абстрактная/беспрадметная творчасць і мае сваю дзялянку ў сусветнай гісторыі культуры і сегмент у мастацкім рынку, а яшчэ ўласную кагорту рэвалюцыянераў-рэфарматараў-класікаў, дзейнасць адэптаў гэтай веры ўсё адно суадносіцца з высокім мастацтвам як алхімія з хіміяй. Гэта нейкае падабенства пошуку аналага “філасофскага каменя” — эстэтычнай панацэі, здольнай на ментальным узроўні ператварыць адмоўнае на станоўчае, змяніць на добры лад хранічна недасканалую чалавечую натуру.
Аднак выставы мастакоў згаданага напрамку імкнуся не абмінаць. Усё чакаю, што мне там нешта адкрыецца, і будзе мне, як гавораць праваслаўныя вернікі, “откровение”. Вось і на выставу Ірыны і Анатоля Кузняцовых я прыйшоў менавіта з такой мэтай.
Адбываецца выстава ў арт-гасцёўні “Высокае места”, дзе дбаюць пра ўласны імідж, і каго заўгодна ў свае сцены не пускаюць. Калі запрасілі выставіцца, значыць мастак таго варты. Назва выставы адсылае гледача да вынаходніка гістарычных сэнсацый і непрадказальнай мінуўшчыны, стваральніка канцэпцыі ўспамінаў пра будучыню Эрыха Дэнікэна. “Настальгія або ўспамін пра будучыню” — так назва гучыць. Шмат хто хацеў бы перанесці лепшае з дня мінулага ў дзень заўтрашні…
На выставе больш 50-ці работ розных гадоў. Гэта мастацкае шкло, камп'ютарная графіка, акварэльны і алейны жывапіс, арт-аб’екты. Рэч у тым, што як толькі з’яўляліся ў нас новыя тэхнічныя напрацоўкі, якія можна было прыстасаваць да канкрэтнай творчай справы, гэтыя творцы бралі іх на ўзбраенне. Як слушна заўважыла на вернісажы Наталля Шаранговіч: “Не важна, у якія гады зроблены ўсе гэтыя работы, бо гэта ўсё адно сучаснае мастацтва”.
І вось тут паўстае пытанне, а што такое сучаснасць у дачыненні да мастацтва? Сучасным, гэта значыць актуальным для нас сёння, запатрабаваным у рамках культурніцкага працэсу, можа лічыцца нават артэфакт, знойдзены археолагамі на глыбіні пяцісотгадовай даўніны, а безнадзейнай архаікай будзе карціна, на якой яшчэ нават фарба не засохла.
У дадзеным выпадку на гэтай выставе сучаснасць, як мне падаецца, выяўлена ў здольнасці аўтараў знаходзіць новыя словы, каб доўжыць з аўдыторыяй гутарку пра нібыта ёй добра вядомае і, здавалася б, ужо нецікавае. Нязвыклыя глядацкаму воку тэхнікі і прыёмы — калі насамрэч новыя, калі наўмысна стылізаваныя пад навізну, пры захаванні нязменнага сюжэтна-сэнсавага шэрагу дазваляюць высветліць новымі гранямі тое, што паводле логікі мусіць сыйсці ў цень, страціўшы актуальнасць. Так, гаворка тут ідзе не пра нейкія эпахальныя адкрыцці, не пра новыя гарызонты, а менавіта пра ўменне “падтрымліваць размову”, інакш кажучы — не губляць кантакт са сваёй аўдыторыяй. Гэта значыць увесь час змяняцца, каб заставацца для сваіх тым жа. А гэта, паверце, нялёгка.
Шэраг твораў Ірыны і Анатоля трывала замацаваныя ў гісторыі нашага мастацтва і досыць выразна апавядаюць пра час, у якім быў і сістэмны крызіс “сацыялістычнага рэалізму”, і пошук нацыянальнага вектара, і спроба далучыцца да сусветных трэндаў. Такія творы ёсць і на гэтай выставе. Але ў цэлым экспазіцыя не роўная. Не ўсе работы аднаго класу. Ёсць такія, што нагадваюць студэнцкую клаўзуру — то-бок эскіз, накід ідэі, выкананы за вельмі сціслы тэрмін ва ўмовах, блізкіх да экстрыму. Гэта цікава ў навучальным працэсе, але не надта пасуе сталай творчасці. Праўда, беспрадметнае мастацтва, да якога няпростым шляхам прышлі Ірына і Анатоль Кузняцовы, сутнасна непрадказальная як і згаданая вышэй клаўзура. Тут стыхійнасць, калі і не вызначальны, дык вельмі важны чыннік.
Час, праведзены на выставе, не змарнаваны. Ірына і Анатоль — таленавітыя прафесіяналы, якія ўвесь “справазданы перыяд”, што ахоплівае чатыры дзесяцігоддзі, працавалі сумленна і шчыра верылі ў тое, што робяць. Але ў гэтай экспазіцыі я не адкрыў для сябе чагосьці такога, чаго раней бы не ведаў. Так что выправа па “откровение” для мяне не была плённай. Ну а калі не ставіць планку так высока, дык і праблем няма. Выстава як выстава. Вартая “Высокага места”.
Хіба што “настальгія”, дэклараваная як эмацыйны стрыжань экспазіцыі, на справе адсутнічае і на канцэптуальным узроўні, і ў візуальным шэрагу. Няма яе. Дарэчы, мо і не трэба. Чаго ў 70-х гадах, калі абодва мастакі распачалі творчую кар’еру, было такога, каб па іх сумаваць? Па аналогіі: вы верыце, што Шагал у Парыжы насамрэч настальгіраваў па Віцебску сваёй маладосці?
“Я не знаю, как остальные, но я чувствую жесточайшую не по прошлому ностальгию — ностальгию по настоящему”. Гэта Андрэй Вазнясенскі. 1975 год. Там яшчэ такое: “Что прошло, то прошло. К лучшему. Но прикусываю, как тайну, ностальгию по настающему, что настанет. Да не застану”. Абмінуць будучыню — вось што было б сапраўды крыўдна.