Ураджэнец Віцебшчыны Аляксей Сапуноў (1851 —1924) — адзін з самых апантаных і руплівых даследчыкаў роднага краю. Ён упершыню выявіў, апісаў, пераклаў, выдаў вялікі пласт першакрыніц айчыннай гісторыі. Аўтар амаль 60 кніг і брашур, шматлікіх артыкулаў, энцыклапедычных даведак. Яго грунтоўная праца “Віцебская даўнінана” дагэтуль застаецца запатрабаванай фундаментальнай крыніцай па гісторыі Паўночнай Беларусі.
Аляксей Сапуноў — адзін з ініцыятараў і заснавальнікаў Віцебскага царкоўна-археалагічнага музея, Віцебскай вучонай архіўнай камісіі і іншых навуковых інстытуцый. Даследчык сабраў унікальную бібліятэку. Асобнікі з яго кнігазбору ў 1923 годзе паступілі ў фонд Беларускай дзяржаўнай і ўніверсітэцкай бібліятэкі (цяпер Нацыянальная бібліятэка Беларусі).
Выстава “Руплівец беларускай даўніны” створана на ўнікальных матэрыялах з асабістага архіва і бібліятэкі Аляксея Сапунова. Сярод іх біяграфічныя дакументы, гімназічныя і студэнцкія сшыткі, перапіска з даследчыкамі. Прадстаўлены рукапісы, літаграфіі, планы, факсіміле дакументаў да легендарнай “Віцебскай даўніны” і іншых работ. Сапраўдны рарытэт у экспазіцыі — рукапісная праца “Гісторыя горада Віцебска”, якая, на жаль, пакуль чакае свайго выдаўца.
На выставе ўпершыню шырока прадстаўлена і калекцыя кніг з бібліятэкі віцебскага рупліўца. Выданні пазначаны адметным уладальніцкім подпісам і адмысловай ціснёнай пячаткай. Адзін з раздзелаў выставы раскрые гісторыю паступлення выданняў з кнігазбору Аляксея Сапунова ў фонд Нацыянальнай бібліятэкі. Найбольш каштоўны з атрыманых тады кніжных помнікаў з’яўляецца галоўнай інтрыгай выставы.
Выстава будзе працаваць у Музеі кнігі да 2 мая бягучага года.