Хіт-парад сямейных рэліквій

№ 11 (1502) 13.03.2021 - 20.03.2021 г

Што трэба зрабіць, каб беларуская кніга стала сапраўды роднай? Пытанне яшчэ тое. У пошуках адказу трэба, напэўна, не адзін тыдзень думаць, не адзін год працаваць. І школьную праграму (гэта я як колішні настаўнік сцвярджаю) варта якасна перагледзець, каб выкладалася наша літаратура ў кантэксце сусветнай. Тады, прынамсі, стане зразумелым, што змянілася на зямлі пасля асветніцтва Скарыны, сэнсашукання Быкава і філасофскіх разваг Танка. У адваротным выпадку ўчарашні школьнік так і пранясе праз усё жыццё перакананне, што Купала — гарадскі і шляхецкі, а Колас — вясковы ды прыземлены. Дык вось, каб больш дэталёва разглядаўся ў школе “Сымон-музыка”, дык і думкі такой у вучняў не ўзнікла б. Натуральна, адказнасць на беларускіх выкладчыках — неймаверная. А на бібліятэкарах — не меншая.

/i/content/pi/cult/841/17899/16.jpgУ мяне былі добрыя настаўнікі (на вялікі жаль, толькі сярод калег-журналістаў). Мудры фотакарэспандэнт нашай веткаўскай газеты Валодзя Ялько казаў мне на першых гадах працы: “Бярэш у бібліятэцы дзве кнігі на рускай мове, а трэцюю — абавязкова на беларускай!” Ці ўсе нашы бібліятэкары на сёння працуюць пад гэткім жа дэвізам? У асобных установах (не раз даводзілася пераконвацца) беларускія кніжкі гадамі сумуюць на паліцах без справы. Давайце неадкладна мяняць сітуацыю. Як? Вось на гэтае пытанне і паспрабуем сёння адказаць.

Мне калісьці ў Пружанскім раёне адна бібліятэкарка сталага веку казала строга, што яе задача — камплектаванне, каталагізацыя, кнігавыдача. Клопатаў, маўляў, так шмат, што на нейкія фантазіі часу не стае. Вельмі радуюся, што цягам часу стаўленне да “фантазій” якасна змянілася. Свежыя прыклады. Дырэктар Карэліцкай раённай бібліятэкі Лілія Арцюх распавядае пра тое, як яны здзівілі сваіх чытачоў паэтычным аўтобусам. Службовы транспарт прыстасавалі пад літаратурны салон і адправіліся ў працоўны калектыў ААТ “Карэлічы — Лён”. Гучалі вершы пра маму, жанчыну, вясну. Выступіла і Лілія Канстанцінаўна: чытала творы Максіма Багдановіча, Ніла Гілевіча. У першыя веснавыя дні ў Райцаўскай, Турэцкай, Цырынскай бібліятэках раёна з чытаннем вершаў выступалі не толькі бібліятэкары, але і чытачы. А да вас прыязджаў паэтычны аўтобус?

Тут да месца зноў згадаць “Сымона-музыку” Якуба Коласа. Аўтар разважае, якім павінен быць творца. У кожнага — пяснярская каляіна, і кожны нясе людзям “песень дар — агонь душы і сэрца жар”. І гаворка, безумоўна, не толькі пра музыкантаў. Без агню і жару цяжка ўявіць і работніка культуры. Ёсць яны — творчасць навідавоку, няма іх — пануе руціна.

Загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу і работы з фондам Бераставіцкай раённай бібліятэкі Алена Огер піша: “5 сакавіка краіна адзначыла 125-годдзе з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі, паэта-сатырыка, драматурга, перакладчыка, навукоўца Кандрата Крапівы. Гэтую падзею нашы бібліятэкі адзначылі шэрагам мерапрыемстваў. А яшчэ была арганізавана анлайн-акцыя “Чытаем разам творы Кандрата Крапівы”, скіраваная на прыцягненне ўвагі да беларускай кнігі, чытання і роднай мовы. Удзел бралі ўсе ахвотныя. Для гэтага трэба было прачытаць на відэа любую байку пісьменніка. Тое, што атрымалася, можна паглядзець на сайце Бераставіцкай раённай бібліятэкі”. Няпростым па характары быў Кандрат Крапіва. Але неаспрэчна адно: шмат ён пражыў і зрабіць паспеў шмат: і ў літаратуры, і ў навуцы. Да прыкладу, і па сёння з задавальненнем карыстаюся руска-беларускім слоўнікам 1953 года пад рэдакцыяй Крапівы. З не меншым задавальненнем чытаю і гляджу непераўзыдзеную камедыю “Хто смяецца апошнім”. А байкі Кандрата Кандратавіча даўно расцягнутыя на цытаты, актуальныя і па сёння. Чаго толькі вартая вось гэта: “Другі баран ні “бэ”, ні “мя”, а любіць гучнае імя…” Цікава, а як адзначылі юбілей Крапівы на яго радзіме, ва Уздзенскім раёне? І пра што спявае сёння тамтэйшы рок-гурт “Кандраты”.

Яшчэ адзін бібліятэчны праект называецца “Выстава Ok: вельмі крэатыўна”. Рэалізуюць яго ў цэнтральнай бібліятэцы Браслаўскага раёна. Гэтым разам тут дзейнічае выстава малюнкаў у тэхніцы didjital-art “Жаночы сілуэт на фоне вясны”. Вось што піша дырэктар цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Браслаўскага раёна Вольга Ляснеўская: “Аўтар малюнкаў — мастак-афарміцель аддзела бібліятэчнага маркетынгу, малады спецыяліст Ганна Фадзеева. Экспануецца больш за 15 партрэтаў у стылі камп’ютарнага мастацтва, аб’яднаныя жаночай тэмай. На адкрыцці выставы аўтар правяла з ахвотнымі майстар-клас па стварэнні лічбавых малюнкаў”. Праект Ганны Фадзеевай можа мець працяг: чытачы робяць камп’ютарныя ілюстрацыі да беларускай літаратуры.

Як вядома, любімым заняткам Карла Маркса было корпанне ў кнігах. Не забыліся на гэта ў цэнтральнай гарадской бібліятэцы імя Карла Маркса, калі запрасілі чытачоў прыняць удзел у Дні адкрытых дзвярэй “Карл Маркс прапаноўвае…” Па словах загадчыка аддзела абслугоўвання і інфармацыі Алы Чапкасавай, “падчас мерапрыемства прайшлі маладзёжны тус, прэзентацыя гульнявога клуба, адкрыццё літаратурнай студыі”. А яшчэ бібліятэкары правялі экскурсію па ўстанове, пазнаёмілі чытачоў, сённяшніх і будучых, з праектнай і клубнай дзейнасцю бібліятэкі. Цікава, якім сэнсам напоўнены тут праект па прапагандзе роднага слова?

Культуру рухаюць асобы. Казімір Сваяк — з іх ліку. Вось пра што распавядае бібліятэкар па сувязях з грамадскасцю аддзела бібліятэчнага маркетынгу Астравецкай раённай бібліятэкі Вольга Заянчкоўская: “Сваяк заўсёды прыцягвае ўвагу даследчыкаў-навукоўцаў. За нядоўгае жыццё святар, выдатны прамоўца, драматург і паэт паспеў зрабіць многае. У аддзеле культуры і вольнага часу аграгарадка Варняны прайшла імпрэза, прысвечаная Казіміру Сваяку. Ён вёў актыўную грамадскую дзейнасць: стварыў хор, гурток для адукацыі мясцовых юнакоў і дзяўчат, развіваў народны тэатр, спрыяў адкрыццю новых навучальных устаноў, быў прыкладам для моладзі. Нашчадкам пакінуў зборнік цудоўных вершаў “Мая ліра”.

Яшчэ адна палымяная асоба — Міхал Клеафас Агінскі. Пра міжнародны электронны інфармацыйна-гістарычны цэнтр “Міхал Клеафас Агінскі. Жыццё. Лёс. Час” пры лабараторыі Інстытута праблем інфарматыкі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі піша Таццяна Кляшчонак са Смаргоні, якая выконвае ролю гістарычнага кансультанта і перакладчыка матэрыялаў пра Агінскага. Рэалізаваны першы раздзел унікальнага праекта. Ён прысвечаны гісторыі роду князёў Агінскіх.

Натуральна, што не толькі бібліятэчнымі акцыямі адметны навакольны культурны свет. Вось пра што, да прыкладу, піша Андрэй Струнчанка: “У Мазалаўскім сельскім Доме працуе выстава “Сямейная рэліквія”. Мерапрыемства праходзіць у межах праекта “Наша хата талентамі багата”, што ажыццяўляецца на базе ўстаноў культуры аграгарадка для папулярызацыі традыцыйных сямейных каштоўнасцяў з верасня мінулага года. У экспазіцыі — больш за 20 рэчаў: вышыванкі, ручнікі, ёлачныя цацкі, хатні посуд… Ніна Храмцова з вёскі Хайсы прадставіла на выставу сумачку, якая дасталася ад маці. Гэтую рэліквію Ніна Паўлаўна вельмі шануе. Ёй было два гады, калі маці пайшла з жыцця. Ніна Паўлаўна выходзіла замуж, і бацька перадаў ёй сумачку. З таго часу мінула сорак гадоў. А Тамара Бычкова прынесла на выставу абраз Божай Маці. Гэтай іконай бацькі блаславілі дачку. Тамара Паўлаўна захавала і даматканы матчын ручнік”. Вельмі адмысловая выстава, якая прыцягвае найперш шчырасцю, агнём душы і сэрца жарам.

Сталыя абрады, як і сямейныя рэліквіі не даюць забыцца на наш радавод. Для мяне Масленіца адметная веткаўскім успамінам з дзяцінства. Свежаабгабляваны слуп на плошчы райцэнтра, і адчайны дзядзька ў адной сарочцы, які ўпарта шкрабецца да неба да новенькіх хромавых ботаў, прывязаных да вяршыні слупа. Іншым разам замест ботаў быў напалоханы ўшчэнт певень… Галіна Смалянка піша пра Масленіцу ў гарпасёлку Карэлічы. Тут сімвалам свята сталі бліны — з мёдам, тварагом, варэннем, грыбамі, смятанай. Прапаноўвалі смакату супрацоўнікі раённай бібліятэкі. Так што можна яшчэ і блінатэку адкрыць.

Лялька — справа сур’ёзная. У Магілёве, да прыкладу, прайшоў абласны семінар-практыкум па вырабе традыцыйнай народнай лялькі. Арганізатарам мерапрыемства стаў абласны метадычны Цэнтр народнай творчасці і культурна-асветнай работы. Дырэктары і метадысты раённых дамоў (цэнтраў) рамёстваў, метадысты цэнтралізаваных клубных сістэм, выкладчыкі дзіцячых школ мастацкіх рамёстваў цягам двух дзён абменьваліся вопытам, удасканальвалі веды і выраблялі лялькі.

Яшчэ адзін семінар-практыкум “Рэгіянальны нацыянальны сцэнічны касцюм Бабруйскага рэгіёна” прайшоў у Бабруйску. Сабраў ён спецыялістаў устаноў культуры і адукацыі. Пра гэта паведаміла загадчык арганізацыйна-метадычнага аддзела Палаца мастацтваў Бабруйска Наталля Чорная.

Пра пераканаўчы міжнародны прарыў напісала мастацкі кіраўнік Бабруйскага Палаца мастацтваў Наталля Шулікова. Днямі на анлайн-сцэне Капенгагена прайшоў першы міжнародны конкурс музыкі, вакалу, танцаў і фальклору. Палац Бабруйска прадставіў на фестывалі заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь — народны ансамбль танца “Юнацтва” (кіраўнік Сяргей Лукашэвіч). За Польку Мазурковую калектыў атрымаў дыплом першай ступені.

Пішыце пра цікавае! Сустрэнемся праз тыдзень.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"