Не спяшайцеся выкідваць!

№ 11 (1502) 13.03.2021 - 20.03.2021 г

Гомельскі палацава-паркавы ансамбль — адзін з найпрыгажэйшых музеяў Беларусі. Пры гэтым і адзін з самых старых — гісторыя палаца пачалася ў 1777 годзе, разнастайныя калекцыі, годныя звання музейных, збіраліся яшчэ ў першыя гады XIX стагоддзя тагачасным уладаром палаца графам Мікалаем Румянцавым. А сапраўдны музей — Гісторыка-мастацкі — упершыню быў адкрыты ў 1919 годзе. За сто гадоў і сам музей, і яго калекцыі перажылі рознае, нават і амаль поўнае знікненне — з сямі з паловай тысяч экспанатаў з эвакуацыі часоў Другой сусветнай вайны вярнуліся толькі 200. Але былая веліч адрадзілася, і фонды папаўняюцца з кожным днём. Менавіта новым здабыткам музейных фондаў за 2020 год і прысвечана выстава, што зараз праходзіць у Гомельскім палацава-паркавым ансамблі, — “У музей на заслужаны адпачынак”.

/i/content/pi/cult/841/17898/14.jpg“Адной з галоўных крыніц камплектавання нашых фондаў з’яўляецца перадача ў дар, — гаворыць галоўны захавальнік фондаў музея Таццяна Шода. — І штогадовая выстава новых паступленняў — у першую чаргу, зразумела, справаздача, але і запрашэнне, намёк нашым наведнікам і усім жыхарам Гомельшчыны: а ці няма і ў вас чаго-небудзь цікавага, што можа стаць экспанатам? Падумайце, перш чым выкідваць”. Музей, дарэчы, нярэдка звяртаецца да землякоў і праз прэсу, падтрымлівае традыцыю супрацы з жыхарамі — а яна прыносіць свае плады. Бо Гомельскі палацава-паркавы ансамбль акрамя ўсяго выконвае і функцыю гісторыка-краязнаўчага музея (так ён і называўся ў свой час), і менавіта каштоўнасці роднага краю, прадметы побыту, фотаздымкі, цацкі, гадзіннікі, посуд і рознае іншае, што жыло ў сем’ях, цяпер можа папоўніць музейныя калекцыі. Паводле канцэпцыі выставы, многае ва ўжытку ўжо не будзе выкарыстоўвацца — вугальны прас ці патэфон, насценны гадзіннік (унікальны, але патрабуючы рэстаўрацыі) ці старадаўні кубачак — і цяпер ім самае месца ў музеі, “на заслужаным адпачынку”. Прадмет пачатку, ды нават і сярэдзіны ХХ стагоддзя (гэта ж ужо 70 гадоў таму!) у больш-менш добрым стане — вялікая ўдача для музейнага фонда, бо з кожным годам гэтыя рэчы будуць станавіцца ўсё больш унікальнымі і рэдкімі. А па-за сценамі музея яны нярэдка дажываюць свой век у неспрыяльных умовах — у гаражах ці падвалах.

І ў мінулым годзе нямала цікавага музею менавіта падарылі мясцовыя жыхары. Хаця ў параўнанні з ранейшымі часамі такіх паступленняў было і трохі меней — з-за каранавіруса проста зменшыўся паток наведнікаў музея.

Таццяна Шода згадвае леташні падарунак гомельскай сям’і Есафавых, які цяпер упрыгожвае музейную калекцыю фарфоравага посуду — прадметы для сервіроўкі стала пачатку XX стагоддзя вытворчасці нямецкай фірмы Мax Dannhorn: падобных музей дагэтуль не меў. У бліжэйшым часе Есафавы абяцаюцца перадаць яшчэ і два старадаўнія блюды пад рыбу. З’явілася ў калекцыі і фарфоравая мыльніца канца XIX стагоддзя фабрыкі Кузняцова з Цверы — няхай і не шэдэўр з пункту гледжання мастацтва фарфоравых вырабаў, але такіх — менавіта фарфоравых, а не металічных — мыльніц таго часу ў музеі раней не было.

/i/content/pi/cult/841/17898/15.jpgГэтак жа іншая сям’я — калекцыянераў Міхеянковых — падарыла камінны гарнітур XIX стагоддзя вядомай французскай фірмы Marti & Cie — гадзіннік і два кандэлябры: гэты каштоўны падарунак паспеў ужо стаць часткай стацыянарнай экспазіцыі. Сто гадоў таму такія гарнітуры былі папулярнымі ў заможных гомельскіх дамах.

А перад самым Новым годам у музеі з’явіўся і цацачны Дзед Мароз, якому ўжо пад 60 гадоў: ён памерам прыкладна сантыметраў 30, быў зроблены ва ўкраінскім Роўне на фабрыцы дзіцячых цацак.

Летась музей стаў і ўладальнікам карціны “Марскі пейзаж” — з мастацкага пункту погляду, можа, і не шэдэўральнай, ды й імя аўтара невядомае, але музейшчыкаў карціна зацікавіла тым, што яе правы ніжні вугал прабіты асколкам. Не сакрэт, што калі дадому вярталіся салдаты пасля заканчэння Другой сусветнай вайны, то з еўрапейскіх мясцін яны тое-сёе прывозілі. Так адбылося і з гэтай карцінай. Рэстаўратары вырышылі пакінуць прабоіну, каб гледачы змаглі дакрануцца да гісторыі.

Цікавяць музейшчыкаў і дакументы, і фотаздымкі, і сямейныя альбомы, і звычайныя для ранейшых часоў паштоўкі, якія цяпер ужо маюць асаблівую гістарычную каштоўнасць. Асабліва адметнай атрымліваецца калекцыя старых фотакартак з выявамі людзей на фоне палацавага парку: па іх можна ўбачыць і што было раней, і як парк змяняўся. Гэткім жа чынам папаўняюцца калекцыі фалерыстыкі, і нават нумізматыкі. Адзін з самых рэдкіх набыткаў такога кшталту, пазамінулага ўжо года, — слайды для чароўных ліхтароў, гэта значыць праектараў канца XIX стагоддзя. Слайды — малюнкі на шкле на тэму руска-турэцкай вайны.

Летась жа ўзбагацілася і музейная калекцыя франтавых лістоў, іх перадавалі ўладальнікі сямейных архіваў. Таццяна Шода, галоўны хавальнік фондаў, вылучае дакументы, прысвечаныя двум братам-гамяльчанам, што загінулі на вайне, — Сцяпану і Віктару Гігіным. Гісторыя сям’і склалася трагічна. На выставе і ў іншых экспазіцыях прадстаўлены ўнікальныя і вельмі эмацыйна кранаючыя лісты з фронту ад малодшага брата Віктара, што загінуў у 45-м. Старэйшы не паспеў напісаць многа лістоў, бо ён — лётчык — загінуў на пачатку кастрычніка 41-га пад Ржэвам.

Традыцыйна на штогадовай выніковай выставе фондавых набыткаў адбываецца і публічная прэм’ера тых прадметаў, якія, перш чым паказацца на вочы публікі, праходзяць праз рэстаўрацыю. Таццяна Шода не стамляецца падкрэсліваць важнасць працы менавіта музейных рэстаўратараў, не стамляецца дзякаваць ім, расказваць, наколькі па-іншаму адчувае сябе музей, у якім ёсць такія майстры і колькі ўсяго каштоўнага яны могуць аднавіць. Дарэчы, у палацы перыядычна ладзяцца і спецыяльныя рэстаўрацыйныя майстар-класы, дзе наведнікаў у папулярнай форме знаёмяць з асаблівасцямі прафесіі.

На гэты раз можна ўбачыць іконы другой паловы XIX стагоддзя, якія трапілі ў музей з розных мясцін Гомельшчыны ў не вельмі добрым стане. Неўзабаве і ў пастаяннай экспазіцыі пасля рэстаўрацыі з’явіцца столік, інкруставаны перламутрам, са збору колішніх уладальнікаў гомельскага палаца — вельмі каштоўная рэч.

Адзін з адметных шляхоў папаўнення музейных фондаў Гомельскага палацава-паркавага ансамбля — праца Гомельскай мытні. Летась сапраўды значная ў музейным сэнсе рэч з’явілася падобным чынам, яе таксама можна ўбачыць на выставе — “Новы медыцынскі каляндар на 1892 год”, выдадзены ў Санкт-Пецярбургу. Такі каляндар цалкам імаверна мог быць у сямейнай пары Ірыны Іванаўны і Фёдара Іванавіча Паскевічаў, апошніх гаспадароў палаца. Увогуле, рэчы з раздзела “Выратаваныя каштоўнасці” Музея гісторыі Гомельскай мытні (сёлета, дарэчы, музей будзе адзначаць сваё 20-годдзе) знаходзяцца ў Гомельскім палацава-паркавым ансамблі і ўсе ўключаны ў Музейны фонд Рэспублікі Беларусь. З леташніх набыткаў мытні ў музейную калекцыю трапілі і чатыры сярэбраныя лыжачкі. Але ўвогуле мінулы год быў не такі багаты на “выратаваныя каштоўнасці”, бо значна скарацілася колькасць тых, хто перасякаў мяжу.

Асобная і значная частка новых паступленняў у фонды Дзяржаўнай гісторыка-культурнай установы “Гомельскі палацава-паркавы ансамбль” — набытыя ў калекцыю творы сучаснага выяўленчага мастацтва майстроў Гомельшчыны. Штогод музей пры дапамозе Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта становіцца ўладальнікам шэрагу работ членаў Беларускага саюза мастакоў — жыхароў Гомельшчыны. І ўжо ў якасці новых набыткаў экспануюцца карціны Роберта Ландарскага, Івана Андрасюка, Сяргея Ігнаценкі, Андрэя Крылова, Уладзіміра Андрыянава, Святланы Курашовай, Ларысы Зуевай — яна майстар габеленаў. Акрамя таго, з’вілася і некалькі адметных твораў з галіны дэкаратаўна-прыкладнога мастацтва.

— Эксклюзіўным я магу назваць керамічны набор “Лешыя” Міхаіла Кляцкова, — гаворыць Таццяна Шода. — Ён быў створаны яшчэ ў 1976 годзе, і на выставе проста прыцягвае ўвагу гледачоў сваёй незвычайнасцю.

А ў дар музею знакаміты гомельскі рэзчык па дрэве Уладзімір Куклін перадаў сваё панно “Птушка Фенікс”.

На выставе “У музей на заслужаны адпачынак” прадстаўлены прадметы з самых розных калекцый. Ёсць нават і камплект амуніцыі пажарнага даўніх часоў, ёсць рэчы этнаграфічнай скіраванасці. Значна летась папоўнілася і археалагічная калекцыя.

— Сярод незвычайных новых экспанатаў я вызначыла б паштоўку-віншаванне, якую нашым навукоўцам у 1970 годзе даслала вядомы савецкі археолаг Галіна Салаўёва, — гаворыць Таццяна Шода. — Мы вырашылі, што гэта ўжо гісторыя, бо прайшло паўстагоддзя, а ў свой час Галіна Фёдараўна зрабіла нямала для раскрыцця археалагічных таямніц менавіта Гомельшчыны.

А ўвогуле, любімым заняткам супрацоўнікаў музея Таццяна Шода называе “гарадскую археалогію” — гэта з’ездзіць туды, дзе зносяць старыя дамы, і абавязкова знайсці што-небудзь каштоўнае для музея.

І ўжо гэты, 21-ы год, пачаўся вельмі адметным падарункам музею.

— Мы атрымалі насценны гадзіннік пачатку мінулага стагоддзя ў незвычайным шкафчыку стылю мадэрн, — расказвае Таццяна Шода. — Шкафчык складанай, незвычайнай формы. Ён патрабуе рэстаўрацыі, але сам гадзіннікавы механізм у добрым стане. І гэта дзіва, што прадмет так добра захаваўся, падобных гадзіннікаў у нас яшчэ не было.

Так што, лічаць у Гомель-
скім палацава-паркавым ансамблі, добры задзел на новую выстаўку, якая падвядзе вынікі гэтага года, ужо зроблены, і традыцыя не перарвецца.