Нармалёвае веснавое жаданне

№ 11 (1502) 13.03.2021 - 20.03.2021 г

Вялікі японскі архітэктар Кэндза Танге, разважаючы пра ментальнасць гараджаніна — а праз планетарныя маштабы ўрбанізацыі, вёскі ў чыстым выглядзе нідзе ў свеце, бадай што, ужо і няма, — адзначаў, што прыродай шчыра захапляцца здольны не селянін, якому ад зямлі няма калі галаву падняць. Але менавіта чалавек з урбанізаваным мысленнем, якому ў горадзе не стае нетраў сапраўдных як увасаблення жывых эмоцый на тле размеранага, унармаванага жыцця. Слушна! Мабыць, таму ці не ў кожнай гарадской кватэры ды і ў грамадскіх памяшканнях і офісах абавязкова на сцяне будзе нейкі адпавядаючы інтэлектуальнаму патэнцыялу і эстэтычным запытам гаспадароў краявід.

/i/content/pi/cult/841/17891/1.jpgМастак, што працуе ў жанры краявіду, у адрозненне ад свайго калегі, засяроджанага на сацыяльнай тэматыцы ці занадта заглыбленага ва ўласную падсвядомасць, сваю капейчыну заўжды заробіць. Прычым, знойдзецца аматар і на карціну, дзе аўтарскі почырк выклікае згадкі адначасова пра дзіцячую мастацкую школку і пра шанаваную ў гісторыі мастацтва “Парыжскую школу” стогадовай даўніны, і на шэдэўр класа Рушчыца, Бялыніцкага-Бірулі, Віталя Цвіркі. У мяне ў доме на сценах вісяць творы, што былі б абсалютна несумяшчальнымі ў музейнай прасторы, але мне ад іх цёпла.

/i/content/pi/cult/841/17891/2.jpgСказанае датычыць і нацюрморта. Днямі я меў магчымасць пабачыць выставы, дзе прадстаўлены гэты, бадай, самы дэмакратычны жанр жывапісу. Прэзідэнцкая бібліятэка. Выстава Віктара Барабанцава “Родная Беларусь і краявіды свету”. Палац Алькасара ў Гранадзе, Сцяна плачу ў Ерусаліме, Храм Неба ў Пекіне, Ніагарскі вадаспад, і тут жа — Гродна, Заслаўе. Міжземнаморскае ўзбярэжжа і звыклая прыгажосць беларускіх мястэчак і вёсак. Шырокая геаграфія мастакоўскіх вандровак.

Віктар Барабанцаў — рэаліст. Ён з тых творцаў, якія падсвядома імкнуцца дасягнуць на палатне максімальнага падабенства з тым, што бачыць вока. Гэта калі гаворка ідзе і пра прыродныя краявіды, і пра штучныя аб’екты, што сталі неад’емнай часткай гістарычнага ландшафту. ”Другая прырода”, якая гарманічна дапаўняе першую. Калі над чымсьці добра папрацаваў час, прастора прымае гэта як роднае. Такое стаўленне мастак мае не таму, што фантазіі не стае, але ад разумення, якое прыйшло праз жыццёвы і творчы досвед: лепей за прыроду ўсё адно не зробіш.

/i/content/pi/cult/841/17891/3.jpgЛічыцца, што творчасць  — стварэнне чагосьці новага, але фіксацыя таго, што знікае пад націскам новых рэалій — тая ж прырода, таксама патрабуе таленту і імпэту. Віктар Барабанцаў гэта адчувае.

У галерэі “Універсітэт культуры” ў часе паміж мужчынскім і жаночым святам працавалі дзве выставы жывапісу — “Краявіды маёй душы” Ганны Гадзіравай і “Святочны букет для жанчын” Людмілы Курыловіч.

Спадарыня Ганна мае мастацкую адукацыю і прафесія яе звязаная з мастацтвам. Яна выкладала чарчэнне і маляванне, вяла студыю для дзяцей і падлеткаў. Пры гэтым знаходзіла час і для ўласнай творчасці. З 1990-х бярэ ўдзел у выставах. Паколькі Ганна Гадзірава чалавек з абмежаванымі магчымасцямі, віртуальны свет мастацтва мае для яе значэнне большае, чым для тых мастакоў, каго бяда ненапаткала, хто са здароўем праблем не мае. Яе мастацтва не разлічана на камерцыйны поспех, мастачка працуе для душы. Шчырасць, захапленне прыродай, што прыгожая ў любым стане, простымі праявамі звычайнага жыцця робіць яе мастацтва прыцягальным. Стылёва спадарыня Ганна рэаліст. Але рэалізм у яе не сучасны, а ў нейкім сэнсе рэтраспектыўны. На маю думку, гэта эстэтыка, запазычаная ў ХІХ стагоддзі. Сёння такое мастацтва можна трактаваць і як архаіку, і як настальгію па часах, калі горад быў падобны на вёску, а вёска фактычна не вылучалася з прыроды. Адпаведна, і людзі былі іншымі. Магчыма, лепшымі… “Прошлое успокаивает тем, что оно прошло. Тем, что оно смиренно… За частоколом вех достопочтенным ретро станет и этот век”, — казаў паэт.

Нацюрморты Людмілы Курыловіч з таго ж шэрагу, што й краявіды Ганны Гадзіравай. Таксама рэтра. Спадарыня Людміла мастацтву не вучылася, проста ў нейкі момант адчула пакліканне да жывапісу. Да таго ж з’явіўся вольны час, які можна было бавіць такім чынам. Мабыць, і матэрыяльны стан дазваляў не думаць, як пражыць ад авансу да зарплаты. Шчаслівы збег абставін. Як вынік — мастацтва, якое не прэтэндуе на адкрыццё новых даляглядаў, на адлюстраванне сацыяльных калізій, на вырашэнне вечных праблем быцця. Проста прыгожа, проста аптымістычна.

Людміла Курыловіч беларуска. Тут нарадзілася. Жыве ў Маскве. Мяркуючы па карцінах, жыццём задаволена.

Выставы ва “Універсітэце культуры” для мяне падцверджанне тэзы, што дакладных крытэрый у вызначэнні каштоўнасці твора мастацтва няма. Дылетант можа быць паспяховым, калі тое, што ён робіць, будзе сугучным дадзенаму сацыяльна-культурніцкаму моманту. Прафесіянал жа можа стацца незапатрабаваным, бо занадта засяроджаны на сваім, асабістым. Відавочна, што сёння пэўная частка глядацкай аўдыторыі прагне камфорту і спакою. Зрэшты, такія людзі ёсць заўжды. Яны хочуць гарманічных краявідаў і прыгожых букетаў. Нармалёвая веснавое жаданне. І ёсць мастакі, готовыя паспрыяць ягонай рэалізацыі. Зрэшты, так было заўжды.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"