Карпарацыя жонак на блінным карагодзе

№ 10 (1501) 06.03.2021 - 12.03.2021 г

Тыдзень таму пісаў ужо, што пра нашу мову гатовы распавядаць цягам усяго жыцця. У тым сэнсе, што памятаць пра яе варта не толькі ў Дзень роднай мовы. І не мной сказана, што мова — з’ява настолькі самадастатковая, што сама ўжо можа выбіраць сваіх носьбітаў. Ці адпавядаем мы высокім патрабаванням, ці думаем, пішам, гаворым і марым па-беларуску? Калі імкнемся да гэтага, то ўсё ў нас атрымаецца. Кажуць, што філасофія пачынаецца са здзіўлення. Мова ж, я перакананы, пачынаецца з радасці ўсведамлення, што ты не проста сын Беларусі, а яшчэ і ўпэўнены працяг яе. І такімі будуць дзеці ды ўнукі… У сённяшняй пошце шмат лістоў пра родную мову. І гэта ўсяляе надзею. Тым больш, што на вуліцы — ужо вясна.

/i/content/pi/cult/840/17888/28.jpgМетадыст Карэліцкай раённай бібліятэкі Наталля Казарэз паведаміла, што супрацоўнікі раённай і дзіцячай бібліятэк выйшлі на вуліцу і запыталіся ў мінакоў: “А ці ведаеце вы…?” Да прыкладу, прымушалі згадаць, што адзначаецца 21 лютага ці як перакласці тое або іншае слова з рускай на беларускую. Хто не схібіў, атрымаў салодкі прыз. Я ніякім чынам не ўпрыгожваю рэчаіснасць і не сцвярджаю, што ўсе ў Карэлічах — вялікія знаўцы матчынай мовы. Аднак перакананы: чым больш з’явіцца вось такіх актыўных бібліятэчных вулічных акцый, тым больш будзе плёну. На вялікі жаль, далёка не ва ўсіх бібліятэках Беларусі думаюць гэтак жа. Прынамсі, кнігі айчынных аўтараў там-сям не надта запатрабаваныя. Разумею, што аўтар аўтару — розніца. Але гаворка пра гонар беларускай літаратуры, для пераліку годных прадстаўнікоў якой пальцаў на руках і нагах не хопіць… Дадаць застаецца тое, што ў кожнай бібліятэцы Карэліцкага раёна, па словах Наталлі Казарэз, прайшла агульнаадукацыйная дыктоўка па творах двух славутых Іванаў — Мележа ды Шамякіна.

Дыктоўкі правялі і ва ўсіх філіялах Лідскага раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці.

“У кожнага чалавека ёсць толькі адна мова, — піша вядучы рэдактар Магілёўскага абласнога метадычнага Цэнтра Крысціна Башарымава, — якую ён лічыць роднай”. Падтрымліваю такое меркаванне абедзвюма рукамі: можна быць паліглотам, але адзінай пупавінай, што звязвае душу з родным ганкам, будзе заставацца толькі родная мова. Крысціна Башарымава працягвае: “Беларускаму слову прызналіся ў любові на Шклоўшчыне, канцэрт ёй прысвяцілі ў Бабруйску, інтэлектуальныя гульні ў гонар яе зладзілі на Чэрыкаўшчыне, літаратурныя чытанні правялі ў Магілёўскім раёне, шмат мерапрыемстваў правялі ў Быхаве і Касцюковічах”. Зазначыла аўтарка і самае галоўнае: у прынцыпе любое мерапрыемства (рамесніцкае, абрадавае, канцэртнае, гульнявое…) скіравана найперш на прапаганду роднай мовы. Вы адчуваеце, якая адказнасць ускладзена на кожнага з нас, у тым ліку — на работніка культуры? Давер варта апраўдваць.

“Бібліятэкары Зэльвенскага раёна перакананы, што нашы мерапрыемствы, — сцвярджае намеснік дырэктара Зэльвенскай раённай бібліятэкі Вольга Камякевіч, — дапамогуць кожнаму зразумець, што менавіта ў роднай мове захаваны гісторыя нашага народа, сіла яго духу, краса беларускага слова”. Аўтарка распавядае пра акцыю “Тваё любімае слова па-беларуску”. Вось якія словы згадалі чытачы: “матуля”, “зорачкі”, “сонейка”, “радзіма”, “бацькі”, “каханне”, “цукеркі”, “званочкі”… Усяго і не пералічыць. А яшчэ ў Зэльве прайшла другая міжнародная канферэнцыя “Беларускія чытанні”, арганізаваная Даўгаўпілскім Беларускім культурным цэнтрам у фармаце анлайн. У акцыі бралі ўдзел навукоўцы, даследчыкі з Эстоніі, Чэхіі, Польшчы, Беларусі і Латвіі. Натуральна, гаворка ішла і пра знакаміты Ганненскі кірмаш… Са станоўчага боку Вольга Камякевіч адзначыла работу па прапагандзе беларускасці ў Елкаўскай, Князеўскай сельскіх бібліятэках і ў Каралінскай інтэграванай.

/i/content/pi/cult/840/17888/29.jpgАкцыя “Вітаемся па-беларуску” прайшла ў Лідскім Палацы культуры. Выстава-інсталяцыя аўтарскіх работ “Лялька, як мова беларускага народа” ад аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Лідскага раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці стала цудоўным дадаткам да шэрагу іншых мерапрыемстваў: музычнай праграмы, работы са школьнікамі і шматдзетнымі сем’ямі. І зразумела, што паўсюль панавала беларускае слова.

Вершы і апавяданні на нашай мове чыталі і ўдзельнікі аматарскага аб’яднання “Ля самавара” Вердаміцкага сельскага клуба, што ў Свіслацкім раёне.

Не ў баку ад згаданай моўнай справы засталася і бібліятэкар Алекшыцкай сельскай бібліятэкі (Бераставіцкі раён) Зоя Хлебнікава. Тут прайшоў тэматычны ўрок “З легендаў і казак…” для сямікласнікаў мясцовай школы. Аўтарка запэўнівае, што вучні даволі няблага валодаюць беларускай мовай.

У клубных установах Слонімшчыны была наладжана моўная эстафета. У рэжыме анлайн відэа і фота з акцыі выкладаліся ў групавы чат, а затым — у тэлеграм-каналы “Культура Слонімшчыны” і “Культура Гродзеншчыны”, а таксама — на сайт і ютуб-канал раённага Цэнтра культуры.

Пра шэраг акцый з нагоды Дня роднай мовы нам напісалі загадчык бібліятэкі Мастоўскай сярэдняй школы № 2 Таццяна Москаль, загадчык аддзела метадычнай работы Дзятлаўскага раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці Марына Лукіянец, загадчык Магілёўскай бібліятэкі № 4 імя Міхаіла Лермантава Вікторыя Падчапіла.

Цяпер — пра іншае і не менш цікавае. Па-ранейшаму радуе навінамі Ашмяншчына. Прынамсі, ёсць з чаго выбраць. Як, да прыкладу, праігнараваць такую падзею, як папаўненне карпарацыі жонак. Нельга ніяк! Дык вось, з зімой у аграгарадку Кальчуны развіталіся вельмі рашуча. Спалілі старыя рэчы на абрадавым вогнішчы. Пад суправаджэнне народнага гурта песні і танца “Крыніцы” Ашмянскага РЦК распачалі блінны гарагод. Павялічылі колькасны склад карпарацыі жонак за кошт маладой дзяўчыны, што выйшла замуж у гэты мясаед.

А вось у Дзятлаве зіму завяршылі акцыяй “У святочны дзень — хустку надзень!” Але свята вызначалася не толькі багаццем галаўных убораў, але і парадам саней ды саначак.

У Ваўкавыскім раёне стартаваў штогадовы раённы агляд-конкурс аматарскай мастацкай творчасці працоўных калектываў арганізацый і прадпрыемстваў “Беларусь — мая песня”.

Чарговая інфармацыя ад Наталлі Білімавай — малодшага навуковага супрацоўніка Ганцавіцкага раённага Дома рамёстваў. “Мы сустрэліся з мастаком Іванам Караленкам. Нагода — яго персанальная выстава. Афіцэр-падводнік, капітан 3-га рангу, служыў на Ціхаакіянскім флоце, звольніўся ў запас і пераехаў у Ганцавічы. Гасцямі і ўдзельнікамі мерапрыемства сталі мясцовыя вучні, якія захапляюцца маляваннем. Дыялог атрымаўся ўзаемакарысным. А на палотнах мастака — вясковая прыгажосць мясцовай прыроды”.

Пра рэкламу бібліятэчнага фонду распавяла бібліятэкар Гезгалаўскай сельскай бібліятэкі-цэнтра экалагічнай культуры з Дзятлаўскага раёна Марына Грэцкая. З лютага тут дзейнічае праект “Чытацкае журы”. Гэта конкурс чытацкіх сімпатый, дзе карыстальнікі выбіраюць з прапанаваных кніг самыя цікавыя. Такім чынам вызначаецца кніга месяца. У канцы года будзе абрана 20 самых запатрабаваных выданняў. Згаданы рэйтынг публікуецца на сайце райбібліятэкі. Цікава, якія густы тут перамогуць? Абяцаю, што да гэтага праекта мы яшчэ вернемся.

27 гадоў дзейнічае ўзорны тэатральны калектыў “Іскарка” (Мінойтаўскі Цэнтр культуры і вольнага часу Лідскага раёна), якім нязменна кіруе Галіна Сідарэвіч. Днямі самадзейныя артысты прэзентавалі новую пастаноўку паводле казак народаў свету.

У лютым у Маладзечне стартаваў прыём заяў на ўдзел у адкрытым анлайн-конкурсе “Сямейныя гісторыі”. Маладыя сем’і засведчаць важкасць асабістай ролі ў падтрымцы мацярынства, у папулярызацыі і прапагандзе здаровага ладу жыцця і маладзёжнай палітыкі.

Канцэртны марафон сельскіх калектываў аматарскай творчасці прайшоў у Мастоўскім раёне. Аўтар допісу — Настасся Збераноўская.

Пра дзейнасць Смаргонскага раённага Цэнтра культуры распавяла метадыст Вольга Крывянкова. Гаворка ідзе пра дзейнасць студый усходняга танцу “Асель” і “Лэйла” РЦК, кіраўнікі — Любоў Башлыкова і Наталля Тарасава; пра вакальныя таленты Жодзікаўскага ДК; пра канцэртную і выставачную дзейнасць Лешчаняцкага сельскага клуба; пра майстар-класы лозапляцельшчыцы Ірыны Маеўскай з Бялкоўшчынскага ДК, пра аркестравую групу цымбальнага аркестра і дуэт народнага ансамбля народнай песні Хутарок са Смаргоні.

Пішыце пра цікавае і беражыце сябе, шаноўныя!

Сустрэнемся праз тыдзень.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"