Таямніцы Юзафа Аляшкевіча

№ 10 (1501) 06.03.2021 - 12.03.2021 г

Мастак, масон, кліматолаг, містык, дзівак, вегетарыянец, дабрадзей жабракоў, абаронца правоў жывёл, улюбёнец пецярбургскага света. Чалавек, які кардынальным чынам паўплываў на светапогляд Адама Міцкевіча. Падаецца, нічога не забыліся… А, і беларус. Продкі Юзафа Аляшкевіча, як і продкі Тамаша Зана, паходзяць з Радашковіцкай зямлі. Мы пачынаем новы гістарычны серыял, які прысвячаем таямніцам роду Аляшкевічаў і некаторым цікавым старонкам жыццярыса самога мастака.

/i/content/pi/cult/840/17886/24.jpgУ карагодзе версій

Першым “біёграфам” Юзафа Аляшкевіча волей лёсу стаў былы філамат Францішак Малеўскі, які сябраваў з мастаком. Яго пяру належаў некралог Аляшкевіча, надрукаваны у газеце “Tygodnik Petersburski” (№ 41, 1830 год). Прывядзем яго пачатак:

“Юзаф Аляшкевіч нарадзіўся ў 1777 на Жмудзі, у Шыдлаўскай парафіі, у шляхетных але бедных бацькоў. Бацька яго Ян жыў раней у Мінскім ваяводстве у Радашковічах і пры тамтэйшым касцёле ачольваў капэлу”

Згадка Жамойці ў ім дала падставы зрабіць Аляшкевіча “жамойтам”:

“Аляшкевіч Юзаф (1777 — 1830), мастак, містык. Нарадзіўся ў парафіі Шыдлаў (каля Расейнаў) на Літве. Бацька яго, Ян, “бедны жмудскі шляхціц”, кіравал капэлай у Радашковічах (каля Вілейкі)”.

Свае версіі маем і мы. У 1974 годзе ў свет выйшла кніга “Живопись Белоруссии ХIХ — начала ХХ в.”. Яе аўтарам быў будучы доктар мастацтвазнаўства Леанід Дробаў (1926 — 2002 гг.), а рэдагаваў будучы доктар філалогіі Адам Мальдзіс. Кароткі біяграфічны нарыс Юзафа Аляшкевіча (1777 — 1830) змешчаны ў ёй адразу за нарысамі пра мастакоў - “першапраходцаў” таго часу — Францішка Смуглевіча (1745 — 1807) і Яна Рустэма (1762 — 1835). Пра Аляшкевіча спадар Дробаў сярод іншага казаў наступнае: “Белорус по происхождению, он большую часть своей жизни провел в Петербурге, куда был вынужден переехать, не получив признания у себя на родине”, а таксама “Биографических сведений об Олешкевиче сохранилось очень мало. Известно, что отец его был бедным музыкантом в местечке Радошковичи Минского уезда”. Апошнія словы, з невялічкімі адрозненнямі курсуюць з публікацыі ў публікацыю, прысвечаных Юзафу Аляшкевічу.

З моманту смерці мастака мінула без драбніцы два стагоддзі, але біёграфы Аляшкевіча так і не пасунуліся наперад. На ўсялякі выпадак прывядзем яшчэ некалькі варыянтаў. “Аляшкевіч Іосіф Іванавіч (1777, мяст. Шылува Расейнскага р-на Літ.ССР — 5.10. 1830), жывапісец. Творчасці звязана з маст.жыццём Беларусі, Літвы, Польшчы і Расіі. З сям’і беднага музыканта з Радашковіч (Маладзечанскі р-н)”. (Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі (т.1, 1984 г.).

У 2010 годзе мастацтвазнаўца, арт-крытык і пісьменнік Барыс Крэпак апублікаваў у “К” (№ 50) артыкул “Чарадзей “ідэальных вобразаў”. “Дык хто ж ён быў такі, наш зямляк, “шляхціч Мінскай губерні”, сын музыканта-двараніна з Радашковічаў, выдатны мастак і грамадскі дзеяч Іосіф (Ёзэф) Іванавіч Аляшкевіч? У некаторых дакументах сказана, што ён нарадзіўся ў сям’і беднага музыканта ў мястэчку Шылува Рэчы Паспалітай (цяпер —Літва). Але блізкі сябра Аляшкевіча, зямляк са Слонімскага павета і аўтар успамінаў пра яго, надрукаваных у 1876 годзе ў кнізе “Русская старина” (т. 16, № 7, Санкт-Пецярбург), Осіп Пржэцлаўскі ўдакладняе: “Сын двараніна, Аляшкевіч нарадзіўся ў Мінскай губерні…” Гэты артыкул без зменаў увайшоў у першы з двух тамоў “Вяртанне імёнаў. Нарысы пра мастакоў”, што выйшлі ў свет у выдавецтве “Мастацкая літаратура” у 2013 — 2014 гадах.

/i/content/pi/cult/840/17886/25.jpgКарты на стол

Што цікава, да самага апошняга часу не была вядома дакладная дата самога дня нараджэння мастака. Хаця, што называецца, усе карты, у выглядзе прамых падказак — дзе яе шукаць (месца нараджэння), былі, калі казаць менавіта пра навукоўцаў і біёграфаў, у іх на руках. Але каля месяца таму беларускі гісторык Аляксей Ластоўскі завершыў працу над артыкулам пра Юзафа Аляшкевіча для беларускай Вікіпедыі (дарэчы, самы падрабязны з усіх варыянтаў). Аб чым і паведаміў у сацыяльных сетках. Невырашаным засталося толькі адно пытанне, дзе ж і калі дакладна нарадзіўся мастак. На паведамленне адгукнуўся калега спадара Ластоўскага даследчык Сяргей Кузняцоў, які літаральна за лічаныя хвіліны знайшоў метрыку хросту Юзафа Аляшкевіча. Аказалася, што тыя, хто сцвярджаў, што мастак нарадзіўся ў Жамойці, у Шыдлаве ў 1777 годзе — не памыляліся.

Праўда, пры ўсёй сваёй сенсацыйнай каштоўнасці, знаходка гэта не адказала на пытанні, што сям’я радашковіцкага шляхціца-кіраўніка капэлы рабіла ў гэты час у Жамойці. Вядома, што няма там адказаў і на пытанні радаводу, без якіх можна бясконца спрачацца аб “этнічнай прыналежнасці” Аляшкевічаў.

Дапамог Тамаш Зан

Пакуль Сяргеем Кузняцовым вяліся пошукі ў жамойцкіх метрычных кнігах (дарэчы, даўно выкладзеных у Сеціва ў вольным доступе), мне прыгадалася наступнае. Займаючыся зборам матэрыялаў пра род Занаў у Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі, я на будучыню рабіў выпісы і пра род Аляшкевічаў. І цяпер заставалася толькі змахнуць пыл з нататнікаў, каб давесці да чытача прыемную навіну, што род Аляшкевічаў таго ж самага паходжання, што і Заны. Што яны карэнныя, радашковіцкія. Што Жамойць адыграла ў жыцці бацькоў мастака толькі нязначную ролю, бо гэта была, можна сказаць, службовая камандыроўка. І нам застаецца толькі распавесці гісторыю Аляшкевічаў, якую мы пачнем ад сярэдзіны ХVIII стагоддзя. Магчыма,, пазней нам ўдасца паглыбіць веды пра гэты род, але на сённяшні момант адпраўной датай з’яўляецца 1745 год.

Як сведчыць метрычны запіс 12 верасня 1745 года, у радашковіцкім касцёле адбыўся шлюб дзядоў мастака — Лаўрэнція Аляшкевіча і Кацярыны Лявончыкаўны (Лявончык).

У метрыках гэтага часу, па нейкай прычыне, адсутнічаюць згадкі — да якога стану (шляхта, мяшчане ці сяляне) належалі тыя, хто ўступае ў шлюб. Але яны з’яўляюцца пазней, з чаго становіцца зразумела, што Лаўрэнцій Аляшкевіч быў шляхецкага паходжання.

Чым займаліся дзяды Юзафа Аляшкевіча, якім быў іх дастатак, як праявілі сябе ў гісторыі апошніх часоў ВКЛ — звесткі пакуль адсутнічаюць. Але высветліць удалося тое, што ў іх сям’і нарадзілася чацвёра дзяцей, прычым усе хлопчыкі.

Ян (бацька мастака) нарадзіўся ў 1750 годзе і быў ахрышчаны 22 ліпеня. За ім, праз два гады, прыйшоў на свет Антон, якога ахрысцілі 3 красавіка 1753 года. Яшчэ праз два гады нарадзіліся блізнюкі Мікалай і Андрэй. Хлопцаў ахрысцілі 25 лістапада 1755 года. Падаецца, што Мікалай не зажыўся на свеце і памёр у 1762 годзе. Акурат у гэты самы час у ВКЛ памёр вялікі гетман Літоўскі і Віленскі ваявода Міхал-Казімір Радзівіл “Рыбанька”, некаранаваны кароль Літвы — Беларусі. А ў Расіі, у выніку далёка не першага дварцовага перавароту са смяротным вынікам для цара Пятра ІІІ, на трон ўзышла яго жонка Кацярына ІІ. Якая пазней, разам са сваімі хаўруснікамі імператарамі Прусіі і Аўстрыі, знішчыць і ВКЛ, і, ўвогуле, Рэч Паспалітую Дзвюх Нацый. Так што год выдаўся памятны…

Жонка Лаўрэнція памерла 3 снежня 1782 года, ва ўзросце шасцідзесяці гадоў і была пахавана на радашковіцкіх могілках. Магчыма, побач з сынком Мікалаем. Калі ж памёр сам Лаўрэнцій — пакуль застаецца таямніцай.

Перад тым як перайсці да даследавання сямейнай гісторыі Яна Аляшкевіча, згадаем пра лёсы яго братоў, якія могуць даць ключы да якіх-небудзь іншых таямніц.

Пра лёс аднаго з блізнюкоў Андрэя звестак няма. А вось пра Антона ёсць, і не малая колькасць. Праз год пасля шлюбу старэйшага брата Яна, 13 кастрычніка 1776 года, Антон ажаніўся з Аленай Більдзюкевіч. Мне вядома пра двух сыноў, якія нарадзіліся ў гэтым шлюбе. Ян-Юзаф быў ахрышчаны 14 кастрычніка 1779 года, а Стафан-Лаўрэнцій 22 жніўня 1784 года (пам.у 1786 годзе). Цікава, што кумамі і асістэнтамі на хростах у гэтых Аляшкевічаў запісаны прадстаўнікі вядомых шляхецкіх родаў — яснавяльможныя Паўлікоўскія, Святарэцкія, Пазнякі, Стралкоўскія, Араноўскія і іншыя. Пры гэтым, пра знатнасць саміх Аляшкевічаў казаць не выпадае, сярод іх не было носьбітаў ганаровых тытулаў і нейкіх дзейсных чыноўнічых урадаў. Ёсць тут над чым паразважаць.

Такім чынам мы бачым, што карані роду Аляшкевічаў сягаюць найменш у першую палову XVIII стагоддзя, і да канца стагоддзя яны даволі няблага ўладкаваліся і пашырылі свае пазіцыі ў Радашковіцкай парафіі. Але, калі не памыляюся, у радашковіцкіх мясцінах былі яшчэ і іншыя Аляшкевічы, якія жылі на вёсках і кантактаў паміж гэтымі сем’ямі заўважана не было.

У наступнай частцы нас чакае знаёмства не толькі з малым Юзафам і яго братам Мікалаем (таксама мастаком), але і з ўсёй іх сям’ёй. А таксама будзе зроблена спроба адказаць на пытанне, “а пры чым тут Жамойць?”

Аўтар: Зміцер ЮРКЕВІЧ
калумніст газеты "Культура", арт-куратар