Берагіня Рудабельскай “Берагіні”

№ 10 (1501) 06.03.2021 - 12.03.2021 г

Рэспубліканскі фестываль фальклорнага мастацтва “Берагіня”, на якім цягам 20 гаоў заўсёды надзвычай разнастайна і годна прадстаўлена каранёвая культура нашага народа, цяжка ўявіць без асобы Святланы Беразоўскай, з якой я некалі сустрэўся выпадкова (а магчыма, па прычыне заканамернага збегу абставін). У выніку я стаў аўтарам, навуковым кіраўніком гэтага доўгатэрміновага праекта, а Святлана Анатольеўна — дырэктарам фэсту.

/i/content/pi/cult/840/17884/20.jpg“Берагіня” амаль чвэрць стагоддзя праводзіцца ў адным і тым жа мястэчку — Рудабельскім краі (Акцябрскім раёне), дзякуючы найперш зацікаўленасці і намаганням Святланы Беразоўскай. У некалі непрыкметным, маланаселеным, эканамічна не багатым, аграрным раёне Усходняга Палесся з яе добрай рукі распачалося адметнае свята народнай творчасці беларусаў, якое затым з зацікаўленасцю было падтрымана Акцябрскім райвыканкамам, Гомельскім аблвыканкамам, Міністэрствам культуры і Міністэрствам адукацыі краіны ды Беларускім фондам культуры пры ўдзеле Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур. За гэты час адбыліся 10 (адзін раз на два гады) адметных, буйнамаштабных фальклорных форумаў традыцыйнай мастацкай накіраванасці, якім уласціва сістэмнасць, комплекснасць, шматжанравасць, рознаўзроставасць.

Арт-менеджар

Грунтуючыся на прынцыпах “Берагіні” рэгіёны ўкаранілі ў свой сацыякультурны побыт адаптаваныя праекты, праграмы, практыкі. Фестываль, як слушна адзначаюць спецыялісты Гомельскага АЦНТ, становіцца выдатнай пляцоўкай для далейшага развіцця калектываў. Удзел у фестывальным руху дапамагае зразумець глыбіню і каштоўнасць традыцыйнай культуры. Жаданне прыняць удзел часта становіцца падставай для значнага пашырэння рэпертуару, вырабу традыцыйных строяў і нават для змены і выбару творчага накірунку калектываў.

/i/content/pi/cult/840/17884/21.jpgЗа масавымі практыкамі і камернымі формамі, асабліва падчас заключнага этапа фестывалю, незаўважна стаіць плённая дзейнасць таленавітага і незвычайнага арт-менеджара Беразоўскай. Тое, што навідавоку акрэслена — гэта толькі частка сапраўды фантастычнай працы, што папярэднічала спачатку нараджэнню фестывалю, а потым падтрымцы яго жыццядзейнасці як з’явы нацыянальнага маштабу. Мяркуйце самі: пры непасрэднай каардынацыі Святланы Анатольеўны ў рамках фестывальных праектаў “Берагіня” работнікамі культуры раёна даследаваны (2001 — 2003 гг.) фальклор у 36 насельных пунктах, запісана больш за 1000 адзінак абрадавых і пазаабрадавых песень, гульняў, танцаў, твораў народнай прозы, зафіксаваны звесткі аб народных святах і абрадах, запісана інфармацыя пра 392 народных майстроў, якія працуюць у розных відах традыцыйнага мастацтва

Падтрымліваючы статус гаспадара Рэспубліканскага фестывалю “Берагіня”, Святлана Анатольеўна ў сваім раёне шмат увагі надавала фальклорнай практыцы, пашырала гэту форму аматарскай творчасці паўсюдна — скіроўвала дзейнасць устаноў культуры на далучэнне падрастаючага пакалення да практычнага засваення ўзораў розных традыцыйных відаў і жанраў народнага мастацтва менавіта сваёй малой радзімы. Вынікам стала стварэнне ў фестывальны перыяд (на працягу звыш 20 гадоў) на Рудабельшчыне мноства дзіцячых і моладзевых фальклорных калектываў як ва ўстановах культуры, так і ва ўстановах адукацыі.

Клопат пра аўтэнтыку

Святлана Беразоўскай вельмі ўважліва ставілася да носьбітаў мясцовых мастацкіх традыцый, падтрымлівала дзейнасць існуючых аўтэнтычных фальклорных гуртоў і рупілася аб адраджэнні новых, што спрыяла аднаўленню старадаўняга самабытнага рэпертуару і перайманню яго малодшымі жыхарамі. За час фестывальнай “Берагіні” аўтэнтычныя гурты функцыянавалі ў вёсках Рассвет, Чырвоная Слабада, Харомцы, Слабада, Пратасы, Новая Дубрава, Майсееўка, Любань, Гаць, Валосавічы, аб’яднаны гурт вёсак Ляскавічы і Забалацце. Падтрымлівала і стымулявала сямейную народную творасць. Так, напрыклад, у адным з першых фестываляў, у яго заключных мерапрыемствах, удзельнічала 12 сямейных ансамбляў, у той жа час у намінацыі “Інструментальная музыка” сваё майстэрства дэманстравалі 29 народных музыкантаў.

Бог даў ёй талент вызначаць развіццё культуры ў рэгіёне глыбінна і прадбачліва, аб’ёмна і дакладна. У сваёй дзейнасці Святлана Анатольеўна заўсёды кіравалася прынцыпамі сістэмнасці, надавала ўвагу доўгатэрміновым праектам, скіраваным найперш на выхаванне дзяцей і моладзі сродкамі народнай творчасці, на захаванне і развіццё мясцовых мастацкіх традыцый у духоўных і матэрыяльных разнастайнасцях, уключаючы ў мастацка-творчыя працэсы як падрастаючае пакаленне, так і носьбітаў традыцыйнай спадчыны Бацькаўшчыны. Залатое правіла Беразоўскай як кіраўніка арганізацыі — дбаць пра чалавека, кожнага супрацоўніка, нягледзячы на іх статус. Гэты жыццёвы прынцып спрыяў ёй і самой быць Чалавекам і знаходзіць розныя магчымасці дапамагаць сваім кадрам, у тым ліку стымулюючы іх кар’ерны рост. Так жыццё і лёс Асобы, яе сацыяльны побыт і прафесійная дзейнасць перакрыжаваліся і знітаваліся — найбольш плённа ў зорны час берагінскага ўзвышша.

Актуальнасць, значнасць і сэнсавую неардынарнасць фестывалю для Беларусі, які ў хуткім часе набыў рысы нацыянальнага фестывальнага фальклорнага руху з аднайменнай назвай “Берагіня”, неаднойчы адзначалі навукоўцы. Поспех фэсту падмацаваны з аднаго боку агульнай навуковай стратэгіяй, з другога — цудоўнай арганізацыяй мерапрыемстваў, якія яскрава дэманстравалі багацце і разнастайнасць мясцовых традыцыйных культур і мастацтваў.

Выйгрышныя прапановы

На мой погляд, сярод іншага найперш неабходна вылучыць матывацыю, фантастычную працаздольнасць, высокі прафесіяналізм генеральнага дырэктара фестывалю Святланы Беразоўскай, праз якую праходзілі ўсе арганізацыйныя, матэрыяльныя, тэхнічныя, фінансавыя і іншыя фестывальныя “патокі”. Хтосьці падлічыў, што ў фестывальны час яна каардынавала працу звыш пяцідзясяці рабочых груп. Рэжысёр па адукацыі Святлана Анатольеўна часам давала выйгрышныя прапановы, за што калегі ёй заўсёды былі ўдзячныя.

Таксама не залішняе ўменне “дамаўляцца” з партнёрамі, кіраўніцтвам дзяржаўнаарганізуючых структур рознага ўзроўню, апанентамі, грамадскай супольнасцю: сіла яе сцвярджэнняў у вызначэнні важнасці і самабытнасці абраных фестывальных праектаў і рашэнняў па іх успрымалася, як правіла, станоўча, і таму заўжды яны мелі значную падтрымку ва ўладных структурах вобласці і рэспублікі, і ў выніку — плён.

…Мяняўся час, мяняліся людзі… Але да “Берагіні” ў Беразоўскай прыярытэты не змяніліся, нават тады, калі ў сувязі з рэарганізацыяй установы на яе плечы ўсклалі працу трох рознапрофільных аддзелаў райвыканкама. Новаўтварэнне называлася “Аддзел ідэалогіі, культуры і па справах моладзі” (аптымізацыя тычылася ўсіх раёнаў і абласцей рэспублікі). Як паказаў час, такая інтэграцыя не лепшым чынам адбілася на далейшым развіцці культуры рэгіёнаў у цэлым. Таму ад яе адмовіліся ўсе вобласці, акрамя Гомельскай і Мінскай.

Сімвал адраджэння

З цягам часу вяртаюся на берагінскую фестывальную сцежку даўжынёй амаль у 25 гадоў, усё часцей асэнсоўваю зробленае. Тысячу разоў дзячу людзям, якія разам свядома крочылі па дарозе народнай харэаграфічнай і музычнай творчасці, абрадаў і звычаяў беларусаў, падтрымлівалі абраную табой стратэгію вяртання беларусаў у беларускасць сродкамі духоўнай і матэрыяльнай традыцыйнай спадчыны Бацькаўшчыны, дапамагалі табе, а часам бралі на сябе цяжар фестывальных праблем — дзеля таго, каб святы з тваімі інавацыйнымі “прыдумкамі” не проста жыццядзейнічалі, а пастаянна творча развіваліся на прасторах роднай Беларусі на карысць сучаснікам і будучыні. Таму і згадваю пастаянна Святлану Беразоўскую!

“Берагіня”, па вызначэнні нашага славутага вучонага — доктара філосафскіх навук Уладзіміра Конана, “стала сімвалам адраджэння традыцыйнай народнай культуры”, а Святлана, атрымліваецца, Берагіня Рудабельскай “Берагіні”!

Мікола КОЗЕНКА