Вясна як казка дзяцінства: фарбы суму і радасці

№ 10 (1501) 06.03.2021 - 12.03.2021 г

Вядомая кампазітар Галіна ГАРЭЛАВА — заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, прафесар, загадчыца кафедры кампазіцыі Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі — адзначыла ўчора 70-гадовы юбілей. Яе творы ўпрыгожваюць многія значныя канцэрты і фестывалі сучаснай камернай музыкі — не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі, дзе друкуюцца ейныя партытуры і адкуль яна атрымлівае ўсё новыя замовы на прэм’ерныя выкананні сваіх опусаў. Бо музыка Гарэлавай як “аўтапартрэтнае” ўвасабленне творцы — гэта спалучэнне тонкай паэтычнасці і філасофскай мудрасці. Але напярэдадні жаночага свята наша размова пачалася з моднай сёння гендарнай праблематыкі.

/i/content/pi/cult/840/17877/11.jpg— Галіна Канстанцінаўна, да вас неаднойчы звярталіся з прапановамі ўступіць у разнайстайныя згуртаванні жанчын-кампазітараў, уключаючы міжнародныя асацыяцыі такога кшталту. Я і сама была сведкай адной з падобных прапаноў, калі вы пажартавалі: маўляў, ну куды ж я без мужчын! А калі сур’ёзна?

— Хтосьці неяк сказаў, што крылы ёсць ва ўсіх. Але ў мужчыны — каб лётаць. А ў жанчыны — каб ахінаць, бараніць імі дзяцей і сямейны агмень. Насамрэч і на жанчыну, і на мужчыну аднолькава націскаюць жыццёвыя абставіны — яшчэ незразумела, на каго больш. Бо мужчына, за плячыма якога сям’я і дзеці, міжволі пачынае ўзважваць: творчасць ці грошы. Сучаснасць дала жанчыне куды больш магчымасцей, чым было раней. Ды ўсё ж трэба размяжоўваць сацыяльны статус і ўласна мастацкія здольнасці, узровень якіх ад гэтага не залежыць. Так, гендарны падыход сёння ў трэндзе па ўсім свеце, але асабіста мне ўсялякі падзел па такіх прынцыпах глыбока непрыемны і непрымальны, я бачу ў ім дэфармацыю свядомасці. Даходзіць да кур’ёзаў. Неяк гадоў 15 таму мне даслалі з Каліфорніі запрашэнне на фестываль жаночай музыкі. Паглядзела спіс краін — Іран, Ірак, Пакістан, Албанія… Бо назва форуму — “Прыўзнімі паранджу”. Дык пры чым тут Беларусь? Калісьці Эдзі Тырманд, пазней мяне, Людмілу Шлег успрымалі як выключэнне з правілаў. А паглядзіце, колькі цяпер дзяўчат і маладых жанчын працуюць у гэтай сферы! Аксана Амяльчук — у Германіі, там жа — Саша Даньшова, якая паралельна з кампазітарскай творчасцю сышла ў педагогіку, па ўласнай методыцы займаецца музыкай з шасцімесячнымі дзецьмі. Каця Шымановіч — шматдзетная маці, а яе балет “Джэймс і Персік-волат” два гады таму пастаўлены ў нашым Музычным тэатры. А яшчэ Вольга Падгайская, Аліна Безенсон, Алена Гуціна, Люба Сыцько, на якую ў мяне вялікія надзеі, леташняя выпускніца Іра Кулагіна, магістрантка Аня Рудая. Гэта далёка не поўны спіс! Ды і старшынёй Беларускага саюза кампазітараў пасля смерці Ігара Лучанка была абрана жанчына — Алена Атрашкевіч.

— Гадоў дваццаць таму наплыў менавіта дзяўчат, а не хлопцаў на кампазітарскае аддзяленне Акадэміі музыкі лічыўся прыкметай абясцэньвання прафесіі: маўляў, хлопцы як патэнцыйныя “кармільцы” імкнуцца абіраць спецыяльнасці, што прынясуць большы прыбытак.

— Усё так, толькі слова “наплыў”, на маю думку, залішняе. Мне неаднаразова даводзілася гаварыць пра тое, як зняцэнілася прафесія кампазітара. І справа не толькі ў фінансавых момантах. Сучасныя камп’ютарныя праграмы прапануюць набор гатовых патэрнаў, з якіх можна скласці музычны твор, і тым ураўніваюць знаўцу і чалавека непісьменнага — усе ў роўных умовах. Але не ўсе разумеюць, што якасць такой працы — розная. Да таго ж, кампазітар-прафесіянал ураўняўся з імправізатарам. Той фантаніруе ідэямі, здольны імправізаваць гадзінамі, ды не мае ніводнага завершанага твора. Бо кампазітарская прафесія прадугледжвае не толькі прыдумванне музыкі, але і яе выкладанне ў нотным тэксце, які можна было б узнавіць.

— Што тады для вас — ідэальны кампазітар?

— Тое, чаму вучыў мяне Дзмітрый Смольскі, у якога я займалася ў кансерваторыі: кампазітар — гэта не прафесія, а склад мыслення, спосаб жыць. Гэта той музыкант, якому ўвесь час хочацца сачыняць, бо гэтага прагне яго душа, яго ўяўленне. Паводле Сафіі Губайдулінай, сачыненне — гэта дыктант нябёсаў. Але ж важна і тое, як ты гэты дыктант напішаш. Бо графаман таксама выдае твор за творам!

— А ідэальны студэнт, які вучыцца на кампазітара? Бо існуе думка, што чым менш творца слухае іншай музыкі, тым ён больш самастойны.

— Насамрэч, дасведчанасць, інтэлект неабходны не меней, чым нязвыклы па вектары разумовы працэс. Чым лепей чалавек ведае гісторыю мастацтваў, цікавіцца не толькі музыкай, але і ўсёй сферай культуры, тым большая ў яго прастора для фарміравання ідэй. Калі ў 1960-я ў часопісе “Москва” надрукавалі “Майстра і Маргарыту” Булгакава, мы чыталі раман усім курсам, абмяркоўвалі яго між сабой. І ўзнікла ўражанне, што ўсе мы шасцёра чыталі розныя творы. Бо кагосьці заінтрыгаваў рэлігійны аспект, хтосьці ўбачыў найперш іранічныя замалёўкі з жыцця Саюза пісьменнікаў, хтосьці — каханне, а камусьці больш даспадобы была фантасмагорыя, баль Воланда. Кожны абраў тое, што яму бліжэй. Таму ідэальная якасць студэнта — гэта цікаўнасць, але не праз дзвярную шчыліну. І, вядома, жаданне быць у прафесіі, ствараць свой мастацкі сусвет, якога не існуе ў прыродзе. Неяк малады кампазітар сказаў: маўляў, я ўжо ўсё паспрабаваў, усе тэхнікі пісьма засвоіў. Што мне рабіць далей? Мой калега Віктар Войцік адказаў: пісаць музыку.

— Напісаць — гэта толькі першы крок насустрач слухачу. Музыка павінна прагучаць. Які выканаўца для вас ідэальны?

— Той, хто прымушае да творчасці. Мне пашчасціла, бо такіх музыкантаў сустракалася багата. Габаіст Аляксандр Прыходзька, які замаўляў кампазітарам новыя творы. Прафесары Акадэміі музыкі Лючыя Ластаўка, для студэнтаў якой пісаліся альтовыя творы, Мікалай Волкаў, дзякуючы якому ў мяне з’явіўся шэраг твораў для трубы і ансамбляў медных духавых, цудоўны гітарыст Павел Кухта, які патрабуе ад кампазітара не проста новай музыкі, а музыкі “складанай”, што не можа мяне не захапляць. Нельга не нагадаць і знакамітага гітарыста і педагога Валерыя Жывалеўскага, які аднойчы сказаў мне: вы пішаце інтуітыўную музыку, але ж дзякуючы яму з’явіўся Канцэрт для гітары. Нарэшце, Міхаіл Канстанцінаў, праз актыўнасць, няўрымслівасць якога сучасная беларуская музыка ўзбагацілася безліччу твораў з удзелам самых розных ударных інструментаў. І менавіта ён ініцыяваў штогодні праект “Трамантана”, які збірае найбольш цікавыя творы для самых разнастайных інструментальных складаў.

— Тады давайце ўжо скажам і пра ідэальнага слухача. Падрыхтаваны? Удумлівы?

— Калі гаварыць пра маю музыку — уважлівы да дробязяў, нюансаў, гатовы ў іх услухоўвацца.

— У дачыненні да ўсёй акадэмічнай музыкі розных эпох — таксама? Ці ёсць адрозненні?

— Мне не падабаецца азначэнне “акадэмічная”, тут ёсць водгулле пэўнага кансерватызму. Куды лепей іншая назва — філарманічная музыка, разлічаная на сапраўдных арыстакратаў духу (і слыху), захавальнікаў вечных каштоўнасцей. Прырода чалавека, яго псіхалогія будуюцца на пачуццях: любові, рэўнасці, зайздрасці, прагі ўлады. Трэцяя частка Другой сімфоніі “Антар” Рымскага-Корсакава (ён пазней перайменаваў яе ў сімфанічную сюіту) так і называецца — “Слодыч улады”. Герой праходзіць выпрабаванне слодычамі помсты, улады — і прыходзіць у фінале да “Слодычу кахання”, які становіцца для яго куды больш прыцягальным за іншыя пачуцці. Прызначэнне музыкі, як і ўсялякага мастацтва, не “абслугоўваць”, а скіроўваць чалавека да самога сябе, да разумення і выхавання сваіх унутраных памкненняў. Пена, накіп дзён пройдуць, застанецца чысты булён — музыка, звернутая да пачуццяў. Неяк мая былая студэнтка Віка Спарыш прынесла фантастычны аповед Лойда Бігла-малодшага, па-руску ён называўся “Музыкодел”. Там ішла гаворка пра грамадства, дзе забыліся на Баха, бо музыка ператварылася ў гукавае аздабленне рэкламы. Але з’яўляецца нейкі чалавек па прозвішчы Бак, які сваімі вольнымі імправізацыямі на акустычных інструментах вяртае людзям феномен абертона. Гэта так іх узрушае, што падобная музыка набывае ўсё большую папулярнасць, праз час адкрываецца першая пасля доўгага забыцця канцэртная зала. Ёй хочуць надаць імя таго музыканта, але яно ўжо сышло “ў народ”, трансфармавалася. Апошняя літара блытаецца — атрымліваецца Бах. Вельмі сімвалічна.

— Гэта ваш любімы літаратурны твор? Ці ўсё ж паэзія? Магчыма, кітайская, японская, якая натхняла многія вашы кампазіцыі. А можа, Біблія? Вы часта цытуеце псальмы ў сваіх назвах.

— Ніколі не здагадаецеся — казкі братоў Грым.

— Дык вось чаму ў вас так многа дзіцячай музыкі! А я думала, з-за сына, а цяпер і ўнукаў.

— Гэта таксама адыграла сваю ролю. Але многае, калі не ўсё, пачынаецца з дзяцінства. Яно ў гэтым сэнсе — ідэальнае, нягледзячы на складаныя побытавыя ўмовы, пакідае светлыя ўспаміны. Наша сям’я жыла ўшасцёх у аднапакаёўцы. З кухні зрабілі прытулак для мяне з бабуляй, кухню змясцілі ў пярэднім пакоі. Цацак было мала, але гэта стымулявала фантазію, і тая “ажыўляла” любы прадмет, выяву.

— Любімы жывапіс — таксама з дзяцінства? Мяркуючы па вашай музыцы, я лічыла, што гэта французскія імпрэсіяністы.

— Улюбёных карцін шмат. Але самая-самая — “Адліга” Фёдара Васільева. Яе рэпрадукцыя вісела ў дзіцячай музычнай школе, дзе я вучылася. Расхлябаная дарога, па ёй ідуць стары з дзіцём. Каляіны на пацямнелым снезе заварожваюць, вабяць, быццам “уцягваюць” у сваё кола, а наперадзе — незразумелая, трывожная далячынь, як сам зямны лёс чалавека, тым больш, чалавека творчага… А самая радасная — “Сакавік” Ісаака Левітана. Сонечны, шматспадзеўны. Як бачыце, усё на вясне сыходзіцца.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"