Сакавік. “Паўлінка” прыляцела!

№ 10 (1501) 06.03.2021 - 12.03.2021 г

Адкрыццё, прэм’ера, выпуск-запуск чагосьці важнага менавіта да свята — добра вядомая традыцыя. Да жаночага свята Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы адкрыў свой 101-ы сезон — паводле зноў-такі традыцыі, “Паўлінкай”, дзе галоўная гераіня — дзяўчына, імя якой стала назоўным. Пасля чарады камічных і драматычных падзей гераіня ўсё ж яднаецца са сваім каханым — хэпі-энд нашага спектакля, пастаўленага ў 1944-м, адрозніваецца ад п’есы. Цяперашнюю Паўлінку іграе студэнтка-другакурсніца Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Анастасія Варанкова. Яе педагогам у гэтай навучальнай установе з’яўляецца загадчык кафедры тэатральнай творчасці, дацэнт, кандыдат мастацтвазнаўства Іна Алексніна. А сяброўкамі ды сябрамі, прычым і ў спектаклі і ў вучобе, сталі выхаванцы прафесара той жа кафедры Зінаіды Пасюцінай. Скрозь паспяховыя жанчыны!

/i/content/pi/cult/840/17871/1.jpgЁсць пэўная сімволіка ў тым, што адкрыццё 101-га сезона легендарнага Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы прыпала менавіта на гэты сакавіцкі дзень: 03.03.21 — тройчы атрымліваецца па тры, як у казках. А тыя павінны быць са шчаслівым канцом. П’еса Янкі Купалы, у арыгінале азначаная аўтарам менавіта як “сцэны са шляхоцкага жыцця”, заканчвалася трагічна: настаўніка Якіма Сароку, супраць шлюбу з якім выступае бацька Паўлінкі Сцяпан (і ён жа даносіць на яго, каб без перашкод выдаць дачку за Адольфа Быкоўскага) арыштоўваюць, гераіня страчвае прытомнасць. Сцяпан панура (гэта аўтарская рэмарка ёсць у тэксце) вымаўляе свае ўлюбёныя словы, якія сталі калі не мемам, па сучасных мерках, дык дакладна крылатымі: “Каханенькія, родненькія, дзве дзюркі ў носе і сканчылося”. У пастаноўку Льва Літвінава, які быў галоўным рэжысёрам Купалаўскага тэатра ў 1943 — 1950-х гадах (нагадаем, што ў вайну тэатр быў у эвакуацыі ў Томску), унеслі змены: Паўлінка збягае з Якімам ад бацькоў. Што чакае яе ў будучыні, застаецца дадумваць гледачам, і ў кожнага можа быць свая версія працягу. Тым больш, што цяперашні фінал усё ж не самы шчаслівы, бо Паўлінка вымушана абіраць: каханак ці бацькі.

Дарэчы, спроба “дапісаць” п’есу, каб перарабіць фінал, была зроблена яшчэ Францішкам Аляхновічам у 1921 годзе ў яго аднаактоўцы “Заручыны Паўлінкі”, якую можна лічыць сіквелам: Якіма з астрога адпускаюць, бацька бласлаўляе маладых, а Быкоўскага арыштоўваюць за няправільна падпісаны вэксаль. Таксама шырокі разгорт для далейшых фантазій на тэму!

/i/content/pi/cult/840/17871/2.jpgАле “Паўлінку” тэатра імя Янкі Купалы называюць неўміручай з-за іншага — пастаянства ў рэпертуары, прычым у адной і той жа версіі мізансцэн Льва Літвінава, са сцэнаграфіяй Барыса Малкіна і музыкай Яўгена Цікоцкага. Быў час, калі ў сталіцы паралельна ішлі дзве розныя “Паўлінкі”, бо ў 1973 годзе была напісана і пастаўлена музычная камедыя Юрыя Семянякі, якую таксама прапаноўвалі зрабіць сімвалам нашага Музычнага тэатра. Але Купалаўскі тэатр вызначыўся са сваім спектаклем-сімвалам раней. Праз яго праходзілі ўсе пакаленні артыстаў, старэйшыя перадавалі свой досвед творчай моладзі.

Цяперашняя “Паўлінка” таксама з’яднала на сцэне мэтраў і пачаткоўцаў. Побач са студэнтамі БДУКіМ — народны артыст Беларусі і СССР Генадзь Аўсяннікаў, які сыграў сваяка гераіні 50-гадовага Пранціся Пустарэвіча. Яго сцэнічнай жонкай Агатай паўстала заслужаная артыстка Беларусі Тамара Міронава. Выйшла на сцэну і народная артыстка Беларусі Зінаіда Зубкова — суседкай. Вольга Няфёдава (Альжбета Крыніцкая, маці Паўлінкі) “удачарыла” 21-гадовую студэнтку БДУКіМ Настассю Варанкову, уладальніцу галоўнай ролі. У Сцяпана Крыніцкага пераўвасобіўся Васіль Сушыцкі — колішні выпускнік нашай Акадэміі мастацтваў, які некаторы час працаваў у Маладзёжным тэатры, здымаўся ў кіно, узначаліў клуб-кавярню ў Радашковічах. Роля бацькі для яго вельмі жыццёвая: у самога трое дзяцей. Якімам Сарокам стаў студэнт БДУКіМ Ілья Крук. Панам Быкоўскім — Міхаіл Світа, які працуе ў Купалаўскім з 2018 года, адразу пасля заканчэння БДАІ.

/i/content/pi/cult/840/17871/3.jpgУсяго на бягучы месяц, паводле афішы тэатра, запланавана дзевяць “Паўлінак” (што ні кажыце, а таксама тройчы тры, што вынікае з даты адкрыцця цяперашняга сезона). Акрамя спектакляў, што прайшлі 3 і 4 сакавіка, “Паўлінку” можна паглядзець сёння, заўтра, 14, 21, 25, 27 (у Міжнародны дзень тэатра, калі Беларускі саюз тэатральных дзеячаў раздае свае ўзнагароды — “Крышталёвых Паўлінак”), а яшчэ 31-га. Тры сакавіцкія вечары аддадзены спектаклю “Вечар” паводле аднайменнай п’есы Аляксея Дударава: 19, 23, 30-га. А ў рэпертуары Камернай сцэны на сайце тэатра (праўда, пакуль без пэўных дат праглядаў) пазначана таксама “Зямля Эльзы”, дзе ў цэнтральных ролях былі заняты вышэй згаданая Зінаіда Зубкова і заслужаны артыст Беларусі Уладзімір Рагаўцоў.

Між тым, кастынг у трупу працягваецца. На тым жа сайце змешчана аб’ява, што чарговы віток “конкурснага адбору артыстаў розных узроставых катэгорый” прызначаны на 24 сакавіка.