Зірнуць па-новаму на незабыўнае

№ 8 (1499) 20.02.2021 - 27.02.2021 г

На пачатку лютага адбылася анлайн-прэзентацыя “Digitalmeetup”, на якой былі прадстаўленыя новыя лічбавыя праекты, прысвечаныя гісторыі Другой сусветнай вайны і асэнсаванню падзей у гады нацысцкай акупацыі. Іх каманды-стваральнікі зрабіліся пераможцамі конкурсу, што адбыўся мінулай восенню падчас форуму распрацоўшчыкаў “Hack4history”. Гэтае спаборніцтва ўжо двойчы прайшло ў рамках праекта “Мультыперспектыўнасць у гісторыі”, які ладзіцца пры ўдзеле Гістарычнай майстэрні імя Леаніда Левіна, Фонду развіцця Брэсцкай крэпасці і шэрагу арганізацый з Германіі, Польшчы і Расіі, што займаюцца пытаннямі культуры памяці. Мэта праекта -- аб’яднаць высілкі гісторыкаў, праграмістаў і журналістаў для стварэння лічбавых праектаў, прысвечаных гісторыі Другой сусветнай.

/i/content/pi/cult/838/17852/23.jpgАзнаёміцца з лічбавымі гістарычнымі праектамі можна на платформе Digitalhistorynetwork па сеціўным адрасе About-history.info. Намеснік дырэктара Фонду развіцця Брэсцкай крэпасці Аліна Дзеравянка распавяла, што ідэя праекта платформы ўзнікла ў 2018 годзе ў Мінску на міжнароднай сустрэчы з нагоды адкрыцця другой чаргі мемарыяла ў памяць аб ахвярах лагера смерці ў Малым Трасцянцы, дзе абмяркоўваліся новыя практыкі работы з культурай памяці. Гісторыкі не заўжды ведаюць, як у даступнай форме можна прадставіць тыя веды, якімі яны валодаюць, як найлепш данесці іх да аўдыторыі ў дзіджытал-фармаце, і менавіта платформа Digitalhistorynetwork была закліканая дапамагчы ім у прэзентацыі сваіх даследаванняў.

Гэтая пляцоўка створаная, каб аб’яднаць намаганні арганізацый, ініцыятыў і праектаў, якія працуюць у накірунку лічбавай гісторыі, выкарыстоўваючы электронныя медыя для аналізу, візуалізацыі і прэзентацыі гістарычных падзей. Сёння на платформе можна знайсці звесткі пра сорак чатыры арганізацыі з шасці краін, і праекты, якія імі рэалізуюцца, а таксама ўсе магчымыя аналітычныя тэксты, прысвечаныя пытанням культуры памяці. Тут таксама прадстаўленыя і пераможцы конкурсу, аб якіх пойдзе гаворка ніжэй.

Тапаграфія памяці

Першы сярод прэзентаваных праектаў з Беларусі -- DOC–цэнтр ”Тапаграфія памяці”, пошукавая платформа аб забытых ахвярах Другой сусветнай вайны на тэрыторыі Гомельскай вобласці. Аб асаблівасцях праекта распавёў прадстаўнік яго каманды Уладзімір Александронец. Гэты інфармацыйна-адукацыйны рэсурс створаны для ўвекавечання памяці мірных жыхароў Гомельшчыны, пацярпелых ад нацысцкіх рэпрэсій у гады Вялікай Айчыннай вайны. На сеціўнай старонцы праекта па адрасе Docmemory.by прадстаўленыя некалькі тэматычных раздзелаў.

Старонка “Тапаграфія” ўяўляе з сябе інтэрактыўную карту з пазначанымі сямнаццаццю раённымі цэнтрамі колішняй Палескай вобласці, якая існавала з 1938 па 1954 год на тэрыторыі часткі сучаснай Гомельскай вобласці Беларусі. Старонкі аб кожным з гарадоў змяшчаюць звесткі аб гісторыі горада падчас Вялікай Айчыннай вайны і спадарожнікавую карту мясцовасці, на якой пазначаюцца месцы масавага знішчэння мірнага жыхарства.

У блоку “Голас памяці” прадстаўленыя аўдыё- і відэаматэрыялы вуснай гісторыі -- успаміны сведкаў ваеннага часу, якія жылі на акупаванай тэрыторыі, былі зняволеныя ў нацысцкіх лагерах, зрабіліся ахвярамі рэпрэсій акупантаў. Блок фотаматэрыялаў падзяляецца на здымкі даваеннага часу, партрэты ўдзельнікаў альбо відавочцаў падзей вайны і фота з месцаў памяці.

Раздзел “Архівы” змяшчае дакументы з дзяржаўных архіўных устаноў, такія як акты Надзвычайнай дзяржаўнай камісіі па расследаванні злачынстваў захопнікаў, альбо пайменныя спісы грамадзян, якія былі ўгнаныя на прымусовую працу ў Германію ці забітыя. Таксама тут можна знайсці адпаведныя матэрыялы з фондаў музеяў і прыватных архіваў.

У раздзеле “Публіцыстыка” можна азнаёміцца з журналісцкімі тэкстамі, прысвечанымі падзеям і лёсам людзей падчас вайны, а на старонцы спецпраектаў -- з матэрыяламі, што з’явіліся ў выніку міжнароднага праекта “Новы погляд на гісторыю”, які дазваляе разгледзець гісторыю вайны праз лісты відавочцаў падзей, жыхароў спаленых вёсак, ваеннапалонных і ахвяр Халакосту. Асобныя раздзелы змяшчаюць таксама рэкамендацыі для педагогаў і даследчыкаў па правядзенні экспедыцый і збору звестак. Таксама на сайце прадстаўленыя матэрыялы арт-праектаў і выставак на ваенную тэматыку.

Асобная старонка адведзеная электроннай базе памяці, якая ўтрымлівае структурыраваныя звесткі аб людзях, якія былі прымусова вывезеныя ў Германію альбо загінулі падчас вайны. База таксама дае магчымасць пошуку па такіх крытэрыях, як нацыянальнасць ахвяр, іх год нараджэння, пол, род заняткаў, месца жыхарства. Платформа дазваляе любому карыстальніку прапанаваць свае матэрыялы па тэме, якія могуць быць размешчаныя на сайце пасля мадэрацыі.

Таксама з пачатку года каманда праекта ў супрацоўніцтве з галоўным упраўленнем па адукацыі Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта распачала рэгіянальную пошукавую экспедыцыю “Тапаграфія памяці”, што дазволіць сабраць новыя матэрыялы па тэматыцы сайта. У рамках праекта маюць адбыцца сумесныя мерапрыемствы з установамі адукацыі і культуры ў раённых цэнтрах вобласці і адукацыйныя майстар-класы.

Гісторыя месца — праз лёс чалавека

Наступны праект рэалізуецца камандай “Зберажом Масюкоўшчыну”. Гэтая валанцёрская ініцыятыва ставіць сваёй мэтай захаванне тэрыторыі колішняга лагера ваеннапалонных пад назвай Шталаг 352 на ўскраіне Мінска, якой часткова пагражала новая гарадская забудова. Захапіўшы Мінск 28 чэрвеня 1941 года, акупанты неўзабаве стварылі так званы Stammlager -- “асноўны лагер”, адно з аддзяленняў якога размяшчалася ў вайсковым гарадку ля вёскі Масюкоўшчына, збудаваным напрыканцы 1930-х гадоў для патрэб Чырвонай арміі. Менавіта сюды 17 ліпеня 1941 года былі пераведзеныя 47 тысяч савецкіх салдат і афіцэраў, захопленых у палон у ваколіцах горада. Сёння плануецца захаваць даваенны будынак казармы па вуліцы Лынькова, 111 Г, дзе знаходзіўся лагерны лазарэт, а таксама будынкі колішніх сталовай, майстэрні і сховішча для гародніны.

Як распавяла ўдзельніца каманды Святлана Бень, вынікам праекта мае быць электронны праваднік па тэрыторыі лагера, адаптаваны для прагляду на мабільных прыладах, у аснову якога пакладзеная асабістая гісторыя аднаго з ваеннапалонных -- Міхаіла Сенькіна. Колішні ваенны фельчар, ён быў застрэлены, калі спрабаваў аказаць дапамогу аднаму з вязняў лагера. Ваеннапалонныя былі абураныя гэтым выпадкам і ў лагеры ўзнікла пагроза паўстання. У выніку, у адрозненне ад іншых вязняў, целы якіх хавалі ў агульных магілах без усякіх пазнак, Міхаіла Сенькіна было дазволена пахаваць у труне, пад гукі аркестра і ў асобнай магіле. Праваднік распавядае праз гэты эпізод аб усёй гісторыі лагера і прызначэнні яго пабудоў, прапаноўваючы карыстальніку самастойна разблытаць гэты сюжэт як дэтэктыўную гісторыю.

Тут змешчаныя расповеды аб працы і лячэнні вязняў у лагерным лазарэце, умовах утрымання ў бараках, якія суправаджаюцца мноствам архіўных здымкаў, зробленых нямецкімі салдатамі на тэрыторыі шталага. Таксама можна пабачыць 3D-мадэлі артэфактаў, адшуканых на месцы лагера ў рамках пошукавых археалагічных работ, напрыклад -- здымкі знойдзеных у адным з баракаў драўляных бэлек з запісамі, якія былі пакінутыя вязнямі.

Магчыма праслухаць і аўдыёфайлы з начытанымі ўспамінамі ваеннапалоных і дакументамі, якія сведчаць аб побыце вязняў. Асобныя старонкі правадніка распавядаюць аб месцах масавых пахаванняў ваеннапалонных, памерлых у лагеры ад невыносных умоваў утрымання альбо забітых аховай, тут знаходзяцца і аэрафотаздымкі тэрыторыі лагера і яго ваколіц, выявы салдацкіх медальёнаў, знойдзеных у агульных магілах.

Вядома, значнае месца ў гісторыі лагера адведзена і падпольнай барацьбе і супраціву яго ахвяр. Частка аповеду пабудавана на фрагментах з аповесці “Зніклы без звестак”, напісанай Сцяпанам Злобіным -- колішнім вязнем лагера, які працаваў санітарам у тамтэйшым лазарэце. Таксама ў правадніку паказваецца пасляваенная гісторыя гэтых мясцін, распавядаецца аб сённяшняй дзейнасці па захаванні лагера, аб пошукавай працы і перапахаванні парэштак вязняў, росшуку іх сваякоў. Работа над мабільным гідам мусіць быць завершаная неўзабаве.

Саюз дзеля выратавання

Вынікам росшукаў у сямейных архівах беларусаў зрабіліся падрыхтаваныя праектам кнігі “Апошні здымак” і “Дзявочы вечар”, якія маюць выйсці ў сакавіку. Абраныя тэмы падкрэсліваюць, што ў многіх выпадках раней на памяць аб чалавеку захоўваліся толькі два здымкі -- з вяселля і пахавання. Таму было вырашана больш дэтальна прасачыць тэму вяселляў ваеннага часу, якая ў тым ліку была звязаная з каханнем і смерцю.

Падчас вайны людзі часта рызыкавалі жыццём і гінулі з той прычыны, што іх звязваў шлюб -- у выпадку з удзелам у падполлі ці партызанцы, альбо ў мяшаных шлюбах яўрэяў з прадстаўнікамі іншых нацыянальнасцяў. Таксама вяселле магло зрабіцца спосабам выжыць, калі людзі браліся шлюбам, каб пазбегнуць вывазу на прымусовую працу ў Германію, альбо каб не быць прызванымі на службу ў паліцыю. Прэзентацыя праекта мае адбыцца 20 лютага ў відэафармаце на старонках каманды ў сацыяльных сетках.

Рэха падзей апошняй вайны ўсё часцей знаходзіць выяўленне ў праектах, арыентаваных на ўвекавечанне канкрэтных месцаў памяці і асабістых гісторый герояў ды ахвяр. Менавіта такі падыход не дазваляе памяці аб тых трагічных днях зрабіцца фармальнай і забяспечвае жывую сувязь пакаленняў. Навакольныя краявіды і сямейныя архівы хаваюць яшчэ багата таямніц, а значыць, варта чакаць новых праектаў і ініцыятыў, якія дапамогуць захаваць сведчанні аб гераічных і трагічных старонках нашай мінуўшчыны.