“Кармічныя” партытуры дырыжора

№ 8 (1499) 20.02.2021 - 27.02.2021 г

Учора споўнілася 100 гадоў з дня нараджэння знакамітага дырыжора, народнага артыста СССР Яраслава Вашчака. Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Беларусі, дзе Яраслаў Антонавіч не толькі працаваў, але і пэўны час быў галоўным дырыжорам, адзначыў гэты юбілей паказам двух аднаактовых балетаў — “Кармэн-сюіты” і “Карміны Бураны”.

/i/content/pi/cult/838/17845/13.jpgНа сённяшні дзень у рэпертуары тэатра захоўваюцца чатыры спектаклі, дзе Яраслаў Вашчак выступаў дырыжорам-пастаноўшчыкам. Акрамя згаданых, гэта яшчэ “Балеро” і “Спартак”. Усе — з харэаграфіяй Валянціна Елізар’ева. У такіх балетных прыхільнасцях можна заўважыць біяграфічныя перазовы. Яго другая жонка Эмілія Шумілава была аўтарам буклета “Карміны Бураны” і некаторых іншых харэаграфічных спектакляў тэатра. І зусім не “па блаце”: салістка балета ў Новасібірску, стваральніца і кіраўніца тамтэйшага харэаграфічнага вучылішча, кандыдат мастацтвазнаўства, яна была адным з першых выкладчыкаў, а пазней загадчыцай кафедрай БДУКіМ, напісала некалькі манаграфій, прысвечаных балетнаму мастацтву. Артысткай балета была і яго трэцяя жонка — Галіна Сідзельнікава, якая ў свой час выкладала ў нашым харэаграфічным каледжы і нават узначальвала яго як мастацкі кіраўнік. А ў даце 17 лютага, да якой была прымеркавана вечарына памяці з двума “кармічнымі” (абодва пачынаюцца на “карм-”) балетамі, таксама можна ўбачыць сімволіку: нашай нацыянальнай культуры Яраслаў Вашчак аддаў апошнія 17 гадоў свайго жыцця.

Нягледзячы на такую балетную славу, асабіста для мяне імя гэтага дырыжора найперш звязана з операй. І справа не ў тым, што яго апошнім спектаклем у нашым тэатры аказалася опера Уладзіміра Солтана “Дзікае паляванне караля Стаха”, якая да цяперашняга часу застаецца адным з сімвалаў беларускасці і нашай нацыянальнай культуры. І не ў тым, што менавіта за працу над гэтым творам у якасці дырыжора-пастаноўшчыка Я.Вашчак быў адзначаны Дзяржаўнай прэміяй Беларусі — ужо пасмяротна, бо не дажыў нават да прэм’еры ў 1989-м. А ў тым, што ён вельмі цаніў вакалістаў, беражліва ставіўся да голасу (дарэчы, спявачкай была яго першая жонка — народная артыстка Украіны, прафесар, загадчыца кафедрай сольных спеваў Адэскай музычнай акадэміі Галіна Паліванава, якая пайшла з жыцця літаральна два месяцы таму). І рабіў вялікі ўнёсак у папаўненне нашай трупы лепшымі маладымі галасамі, здольнымі ўпрыгожыць сусветныя сцэны. Пачуе на якім-небудзь конкурсе перспектыўнага опернага саліста — і запрашае ў наш тэатр. А ў настойлівасці, уменні пераконваць і, што называецца, “даціскаць” ён быў майстрам.

Ды ўсё ж галоўнае, мабыць, у тым, што спектаклі Яраслава Вашчака былі вельмі музычнымі — у самым высокім сэнсе гэтага слова. Ён не проста паказваў уступы, вытрымліваў тэмп, баланс гучання між аркестрам, хорам і салістамі, між асобнымі інструментальнымі групамі. Ён ператвараў зафіксаваны ў партытуры нотны тэкст — у музыку. І дасягаў той выразнасці, што дазваляе не толькі вылучыць прыгожыя мелодыі, іх тэмбравае, фактурнае “адзенне”, эмацыйны стан, але і праз усё гэта спасцігнуць змест, сэнс пачутага.

Музыка ў яго “дыхала”, жыла, размаўляла з намі, прычым праз сапраўдны дыялог. Бо кожная фраза знаходзіла водгук у душы слухача-гледача, абуджала пачуцці, фантазіі, думкі. Невыпадкова ён так зацікаўлена працаваў з беларускімі кампазітарамі, часам падказваў ім, як лепей адбудаваць оперную драматургію, дасягнуць неабходных гукавых эфектаў.

Шмат разоў гаварылася і пісалася пра тое, як скурпулёзна працаваў ён над партытурай “Дзікага палявання караля Стаха” з маладым на тае часы Уладзімірам Солтанам. Кампазітарам тады “камандавалі” абсалютна ўсе — ад рэжысёра да салістаў, часам патрабаванні былі супрацьлеглымі. Дый рэагаваў ён на іх па-рознаму: на штосьці крыўдзіўся, з чымсьці пагаджаўся, дзесьці рабіў выгляд, што пагаджаўся, і працягваў па-свойму. А вось да прапаноў Яраслава Вашчака — прыслухоўваўся. І не таму, што дырыжор быў чалавекам бескампрамісным і, адстойваючы свой пункт гледжання, не цярпеў нязгоды. А таму, што тыя былі папраўдзе слушнымі. І тое тычылася не толькі “Дзікага палявання...”

Такой жа дэталёвасцю суправаджаліся ранейшае засваенне новага беларускага рэпертуару: праца над балетам “Крылы памяці” Уладзіміра Кандрусевіча, операй “Джардана Бруна” Сяргея Картэса, якая ўвогуле вызначаецца не ўласцівым для тых часоў аратарыяльным ухілам. Памятаю і тое, якой моцы дасягалі ў Яраслава Вашчака кульмінацыі, і якімі пранікнёнымі маглі быць у яго лірычныя старонкі, і як па-рознаму гучала ў яго музыка таго ці іншага кампазітарскага стылю.

Ён адным з першых заклаў у беларускім оперным выканальніцтве традыцыі індывідуалізаванага дырыжорскага падыходу. Не проста “правільнага” і дасканалага, а пазначанага ўласнай аўтарскай канцэпцыяй. І тым быццам “прадказаў” сённяшні попыт на новыя арыгінальныя інтэрпрэтацыі.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"