“Кніга аб'ядноўвае людзей і краіны”

№ 8 (1499) 20.02.2021 - 27.02.2021 г

ХХVIII Мінская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш, якая праходзіць у вядомым усім адміністратыўным комплексе “Рамонак” (пр. Пераможцаў, 14) у перыяд з 18 па 21 лютага, сабрала пад сваім дахам 281 экспанент з 20 краін. Дэвіз сённяшняй выставы — “Кніга аб’ядноўвае людзей і краіны”. Свае экспазіцыі ў агульнай прасторы “Рамонка” прадставілі Венесуэла, Украіна, Турцыя, ЗША, Палесціна, Ізраіль, Пакістан, Ісламская рэспубліка Іран, Расія, КНР, Сербія, Германія, Казахстан, Францыя, Арменія і іншыя краіны свету.

/i/content/pi/cult/838/17844/11.jpgЭкспазіцыя з прэзентацыяй

Найбольш поўна, як гаспадыня форуму, прадэманструе свае дасягненні Беларусь. Нашу краіну прадстаўляюць не толькі дзяржаўныя і прыватныя выдавецтвы, але і розныя ўстановы, напрыклад, штогадовы ўдзельнік выставы — Нацыянальная бібліятэка Беларусі. Кожная краіна, кожнае выдавецтва, кожная ўстанова намагаліся падрыхтаваць сваю ўласную праграму.

Па словах начальніка ўпраўлення выдавецкай і паліграфічнай дзейнасці Міністэрства інфармацыі Уладзіміра Андрыевіча, цэнтральная экспазіцыя выстаўкі сімвалічна аформлена ў стылі агульнага дома. Гасцёўня аддадзена цэнтральнай пляцоўцы СНД, на якой наведвальнікі выставы знаёмяцца з экспазіцыяй кніг, уладальнікамі Гран-пры міжнароднага конкурсу “Мастацтва кнігі” СНД за ўсе 17 гадоў правядзення.

У “Кабінеце пісьменніка”, дзе размесціліся лепшыя кнігі ўсіх краін Садружнасці па гісторыі, культуры, мастацтве праводзяцца сустрэчы пісьменнікаў з наведвальнікамі выстаўкі.

У “Дзіцячым пакоі” ёсць магчымасць не толькі ўбачыць літаратурныя навінкі, даведацца аб стварэнні кніг, але і цікава правесці час бацькам з дзецьмі.

/i/content/pi/cult/838/17844/12.jpgІмправізаванай “Творчай кухні” адводзіцца роля азнаямлення наведвальнікаў з самымі новымі айчыннымі праектамі. Будуць прэзентаваны ўсе кнігі, якія выйшлі ў беларускіх выдавецтвах у 2020 годзе, а гэта каля 8200 найменаванняў. Наведвальнікі выстаўкі будуць мець магчымасць сустрэцца з аўтарамі, героямі кніг, акунуцца ў творчы працэс стварэння твораў.

Упершыню падчас выстаўкі быў праведзены літаратурны конкурс LitUP для пошуку і падтрымкі перспектыўных беларускіх аўтараў і праектаў па наступных намінацыях: паэзія, проза, дзіцячая літаратура, літаратура для падлеткаў, нон-фікшн. Аўтары, у выпадку прызнання іх пераможцамі, атрымаюць прыярытэтнае права на публікацыю сваёй кнігі ў адным з дзяржаўных выдавецтваў тыражом да 1 тысячы экзэмпляраў. Узнагароджанне пераможцаў адбудзецца 20 лютага аб 11-й гадзіне.

Адбыўся традыцыйны сімпозіум “Пісьменнік і час”, тэма якога цесна звязана з дэвізам выстаўкі. “Слова мае вялікае значэнне і моцна ўздзейнічае на людзей. І мы хочам пачуць меркаванне літаратараў, грамадскіх дзеячаў пра ролю пісьменнікаў ва ўмовах сучасных міжнародных выклікаў і пагроз. Любы жадаючы можа падключыцца да сімпозіума анлайн і задаць удзельнікам сваё пытанне”, — зазначыў Уладзімір Андрыевіч.

Намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Алена Стэльмах лічыць, што “вельмі важна, каб беларуская літаратура перакладалася на іншыя мовы”. Праз кнігу народы пазнаюць беларускі характар і нашу культурную спадчыну. З гэтымі словамі, безумоўна, нельга не пагадзіцца.

Шырокі выхад “Кнігі ў людзі” мае працяг у тэатрах і кінатэатрах, на тэлеканалах, дзе ў дні работы кірмашу адбываюцца паказы фільмаў, спектакляў па творах вядомых пісьменнікаў Беларусі і іншых краін.

Ад станцыі “Няміга” да выставачнага комплексу ў дні выставы, па даўняй ужо традыцыі, ажыццяўляецца курсіраванне “Паэтычнага аўтобуса”, у якім можна паслухаць па дарозе творы знакамітых аўтараў. Праезд у аўтобусе бясплатны, як і ўваход на сам кніжны форум.

Літаратурныя навінкі чакаюць чытачоў

На цэнтральнай пляцоўцы Нацыянальнага стэнда Беларусі Нацыянальная бібліятэка прадставіла свае праекты: “Новыя кнігі: па старонках беларускага друку” (да 60-годзя выдання), кнігі “Беларусь вачыма бібліёграфа”, інтэрнэт-задума, прысвечаная да 120-годдзя Уладзіміра Дубоўкі і прэзентацыю анлайн-конкурсу чытачоў “О, Беларусь, мая шыпшына!”

Выдавецкі дом “Звязда” запланаваў штодзённае правядзення імпрэзаў, частка якіх ужо адбылася: прэзентацыя кніг — “Іван Мележ. Пясняр Палесся”, “Кандрат Крапіва. Шлях да неўміручасці”, кнігі Ірыны Фраловай “Рамонкі на асфальце”, Кацярыны Хадасевіч-Лісавой “Загадка прынцэсы Агнесы”, Уладзіміра Ліхадзеева “Блакада” і “75 гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне”. Інеса Плескачэўская распавяла аб сваім вопыце міжнароднай работы, які адлюстраваны ў кнігах “Як разгадаць Кітай” і “Без жалезнай заслоны”. На дзіцячай пляцоўцы адбыліся прэзентацыі кніг: “Першакрасавіцкі суп” Жаны Міус, “Кацяня Пых і шчанюк Прыг” Міхаіла Дзеравянкі і “Байкі ды казкі бабкі Параскі” Таццяны Атрошанка.У бібліятэцы імя Янкі Купалы па вуліцы В. Харужай, якая таксама часова ператварылася ў выставачную пляцоўку, адбылася прэзентацыя 6-й кнігі авантурна-прыгодніцкага цыкла Людмілы Рублеўскай “Авантуры Вырвіча, Лёдніка і Чорнай Меланхоліі”.

А вось тыя імпрэзы, якія выдавецкі дом “Звязда” запланаваў на апошнія два дні выставы. 20 лютага на дзіцячай пляцоўцы ў 13:00 запланавана прэзентацыя кнігі Паўла Гушчынца “Прыгоды Букі Злюкі”. Ірына Карнавухава распавядзе аб сваёй кнізе “У царстве свяшчэннага Байкала” ў 14:30, а ў 15:30 адбудзецца прэзентацыя адразу трох кніг Кацярыны Хадасевіч-Лісавой: “Палёт на Вухуцію”, “Знаёмцеся — #Падабай.к@!”, “Жахліўчык”. А 21 лютага, ужо на галоўнай сцэне, у 13:00 адбудзецца прэзентацыя зборніка вершаў Леаніда Дранько-Майсюка “Скарб”.

Безумоўна, колькасць запланаваных імпрэзаў не паддаецца ўліку і анансаваць іх усе мы не ў стане. Таму, каб не прапусціць цікавосткі, просім чытачоў “К” звярнуцца да адмысловых інфармацыйных рэсурсаў.

Але, не сумневаемся, што ўстаяць ад спакусы пакінуць на памяць нейкую кніжную навінку вам не ўдасца. Як не стрымаліся мы, набыўшы ў выдавецтва “Галіяфы” кнігу “Варта на Рэйне” Алеся Гародні (1899 — 1944), аповесць якога, з пэўнымі абмоўкамі можна было б параўнаць са славутым творам Яраслава Гашэка, у якім таксама галоўным персанажам з’яўляецца шараговец Першай сусветнай вайны Ёзаф Швэйк. Аб чым кажа ў прадмове літаратуразнаўца і паэт Віктар Жыбуль.

Па просьбах наведвальнікаў у гэтым годзе рэжым работы павялічаны на адну гадзіну: з 10.00 да 20.00, у апошні дзень — да 18.00. Для бяспекі ўведзены абавязковы масачны рэжым, пры ўваходзе будзе вымярацца тэмпература, рэкамендавана выкарыстанне антысептыкаў.

Аўтар: Зміцер ЮРКЕВІЧ
калумніст газеты "Культура", арт-куратар