Добры вяшчун з імем пераможцы

№ 7 (1498) 13.02.2021 - 19.02.2021 г

15 лютага нашаму славутаму графіку і жывапісцу, народнаму мастаку Беларусі, лаўрэату Дзяржаўнай прэміі краіны, прэміі Саюзнай дзяржавы і Міжнароднай прэміі імя Джавахарлала Неру, акадэміку Расійскай акадэміі мастацтваў і Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Георгію Паплаўскаму споўнілася б 90 гадоў...

/i/content/pi/cult/837/17822/1.jpg...Побач з ім і яго мастацтвам спантана станавілася сорамна за свае нібы чорным куродымам засланыя вочы, за сваю панурую, расчараваную душу. Стомленыя, раздражнёныя, мы, сутыкаючыся з ім, раптам пераcтвараліся, далучаліся да той дзівоснай краіны, дзе ўладарыў добры вяшчун з такім светлым і пераможным імем Георгій, у якую ён даверліва запрашаў кожнага, хто здольны быў калі не існаваць там вечна, то хаця б зазірнуць на гадзінку.

/i/content/pi/cult/837/17822/2.jpgІ трапляючы ў магічную прастору выяўленчай культуры Паплаўскага, у гэтую загадкавую краіну нелінейнага часу — я заўсёды адчуваў невымоўны эфект спыненага дзівоснага імгнення. Быццам бы спляталіся тут свет рэальнасці і сна, успамінаў і прадчуванняў, жыццёвых выпадковасцяў і няўхільнасці вечных законаў быцця; свет прыгажосці і пранізлівых імпульсаў да той хісткай непастаяннай прасторы, у якой мы жывем.

/i/content/pi/cult/837/17822/3.jpgУ Эклезіясце ёсць такое месца: “…не проворным достается успешный бег, не храбрым — победа, не мудрым — хлеб, и не разумным — богатство, и не искусным — благорасположение, но время и случай для всех их”. Навошта я ўспомніў гэтыя словы? А да таго, што час і выпадак, сапраўды, — для ўсіх нас, толькі не кожны ведае свой Час. Георгій Георгіевіч, на шчасце, ведаў свой, наш Час, у якім бліскуча знаходзіў і дарыў нам такі рамантычна-ўзнёслы, светлы, добры і мужны пачатак.

У апошнія гады яго жыцця мне часта даводзілася сустракацца ва ўтульнай майстэрні Георгія на дзявятым паверсе мастакоўскага дома № 44 па вуліцы Сурганава ці прымаць удзел у вернісажах яго выстаў у розных залах горада. Апошні раз гэта была экспазіцыя жывапісу, графікі і кніг, праілюстраваных мастаком, у Прэзідэнцкай бібліятэцы. Наогул, нам было што ўспомніць...

Першая сустрэча з Георгіем у мяне, тады 25-гадовага мастацтвазнаўцы, адбылася восенню 1965 года, калі ён зладзіў сваю справаздачную персанальную выставу ў Дзяржаўным мастацкім музеі БССР. Прысвечана яна была працяглай творчай паездцы мастака па Атлантыцы на рыбалавецкім траўлеры “Малахіт”. Гэтая экспазіцыя выклікала вельмі добрыя пачуцці, і я напісаў артыкул, дзе знакаміты ягоны цыкл твораў “Здабытчыкі” назваў манументальным рэпартажам у гонар чалавечай мужнасці, а самога аўтара— суровым рамантыкам, схільным да дапытлівых разваг пра свет і пра сябе...

Час ішоў, і рамантызм творцы праяўляўся па-новаму, захоўваючы пры гэтым уласцівы яму вобразна-пластычны стыль. Стыль, які мне заўсёды падабаўся, бо ён засноўваўся на ўласным аўтарскім ладзе мыслення, на стаўленні да людзей, на маральна-этычных асновах светаўспрымання, на паняццях Дабра і Зла, Любові і Нянавісці, Гуманізму і Антычалавечнасці. Усе гэтыя біблейскія катэгорыі для Паплаўскага ніколі не былі абстрактнымі і натуральна ўспрымаліся ім у працэсе асабістага жыццёвага вопыту.

Георгій па сваёй “каранёвай” натуры быў вандроўнікам. Аб’ездзіў увесь белы свет: ад Аўстраліі да Кубы, ад Індыі да Мексікі і ЗША, ад Інданезіі да Егіпта, ад Італіі і Францыі да Эфіопіі і Канады... Але лепш за Браслаўшчыну, як ён казаў, нічога не бачыў... Вось такі нечаканы “паварот” у эстэтычным успрыманні навакольнага свету! Аднак нічога дзіўнага тут няма: Браслаўшчына ёсць Браслаўшчына. Шмат гадоў, амаль паўстагоддзя, Паплаўскі аддаў гэтаму цудоўнаму куточку беларускай зямлі. Яшчэ ў сярэдзіне 1970-х Георгій з жонкай Наталляй, таксама таленавітай мастачкай, набылі менавіта там, побач з вёскай Маскавічы, на хутарку Рацюні, старэнькі драўляны дамок.

На гэтай зямлі запаведнай, у ціхай гавані “трудов и вдохновений” прайшла важная частка прафесійна актыўнага жыцця Георгія, куды ён заўсёды вяртаўся пасля вандровак па зямным шары. Іншым разам выпраўляўся адзін — і ранняй вясной, і любімай восенню. Тут ён неяк асабліва ўспрымаў роднасць зямлі: высокае неба, шоргат чароту, неўтаймоўныя хвалі спелага жыта, ільну, люцэрны на ўзгорках, узвышаныя і поўныя пачуцця ўласнай годнасці твары рыбакоў... Колькі за гэтыя гады зроблена работ у эстампе, малюнку, жывапісе, акварэлі на тэму Браслаўшчыны, мабыць, і сам мастак дакладна ніколі не падлічваў! І самае цікавае, што ні адзін твор не быў зроблены “мімаходзь”, з халодным сэрцам...

/i/content/pi/cult/837/17822/4.jpgУ дадзеным эсэ я спецыяльна не пералічваю іншыя “тэматычныя” творы мастака: іх вельмі шмат, да таго ж, яны вядомыя ўсім, хто цікавіцца выяўленчай культурай Беларусі. Скажу толькі, што ўсё жыццё Георгій Георгіевіч рысаваў і маляваў мужных і працавітых людзей, пейзажы чужых краін і яго любімай Беларусі. Аддаў немалую даніну Вялікай Айчыннай, уключаючы і партызанскі рух, а таксама космасу, і вечным біблейскім сюжэтам. Праілюстраваў дзясяткі кніг, самых розных: ад твораў Быкава, Караткевіча, Куляшова і Адамовіча — да Шэкспіра і Шылера, ад Купалы, Коласа і Мележа — да Тагора, Лангфэла, Пятраркі ...

/i/content/pi/cult/837/17822/5.jpgКанешне, станковая і кніжная графіка для яго была справай галоўнай. Але і жывапіс — своеасаблівы па колеры, пранізліва-прыцягальны, раздумлівы, — дзякаваць Богу, ішоў яму насустрач: пейзажы, партрэты, нацюрморты, сотні малюнкаў, карціны фігуратыўныя, зробленыя акрылавымі і алейнымі фарбамі. Ды і ў нашай Нацыянальнай бібліятэцы, на другім паверсе, можна пабачыць яго эпічную гістарычную кампазіцыю — роспіс па ляўкасе “Паход князя Ігара. XII ст.”

/i/content/pi/cult/837/17822/6.jpgУ час нашай апошняй сустрэчы Георгій, ужо ў бальніцы працытаваў мне цудоўную фразу Андрэя Таркоўскага: “Мы — распяцце ў адной плоскасці, а свет — шматвымерны. Мы гэта адчуваем і пакутуем ад немагчымасці спазнаць ісціну. А ведаць і не трэба. Трэба — кахаць. І верыць. Вера — гэта веды пры дапамозе любові...” Там жа, у бальніцы, мастак чамусьці шмат успамінаў сваю работу над цыклам літаграфій, прысвечаных Чарнобылю. Мабыць, таму, што лічыў гэтыя творы вельмі ўдалымі ў сваёй шматаб’ёмнай творчасці. Тым больш, я асабіста бачыў у яго майстэрні, як ён пакутліва працаваў над эскізамі будучых каляровых літаграфій пра гэты страшэнны Чарнобыль. І атрымалася цэлая серыя.

/i/content/pi/cult/837/17822/7.jpgАле мяне больш за ўсё ўразіў ліст “Дрэвы без лістоты”. Гэты эстамп па змесце і форме стаў галоўным у гэтай серыі. Гаму мастак выбраў стрыманую, чорна-чырвоную, жалобную. Злева паказаў аркестр трубачоў, нагадаўшы пра тое, што тагачаснае кіраўніцтва краіны імкнулася заглушыць сляды трагедыі святочнымі фанфарамі. З правага боку — дрэвы без лістоты, алегорыя лесу, які, абкружаючы Чарнобыль, стаў небяспечнай і злавеснай крыніцай выпраменьвання радыяцыі — нябачнай смерці без колеру і паху. У цэнтры кампазіцыі — фігура жанчыны з дзіцём на руках: яна ўцякае, выратоўваючы малечу. Цень ад іх падае на аблокі, і там у дзіцяці ўжо няма твару! Малое знікла, растварылася ў гэтай пагрозлівай, трывожнай атмасферы. Прынамсі ў гэты час наступствы выбуху пачалі праяўляцца.

Дарэчы, чарнобыльскі цыкл — не выпадковы эпізод біяграфіі Паплаўскага. Пазней ён натуральна перарос у роздум пра экалогію наогул, уключаючы і экалогію душы, балазе грозныя папярэджанні луналі ў паветры і факты нарасталі хутка. Так і ўзнікла тэма “Беларускія будні”, хоць яму не надта хацелася, каб нашы будні, гэта значыць — штодзённасць, марнасць, мітусня, сіла звычак, якія апраўдваюць усё, выглядалі так, як распавядаюць яго літаграфіі “Паляванне на лася”, “Галгофа”, “Экспедыцыя” ці “Бойня”…

Ці верыў Георгій у шчаслівую будучыню сваёй зямлі пасля Чарнобыля? Дакладна скажу, верыў. Бо мастакоўскае і чалавечае нутро заўсёды ўцягвала ў сябе самое галоўнае для яго на свеце: шчырую любоў да Жыцця… Мне здаецца, што Паплаўскі быў творца планетарнага мыслення. Хто мы на гэтай Зямлі? Адкуль мы? Як мы жылі і жывем? Куды рухаемся? Гэтыя пытанні пра самое галоўнае, і Георгій заўсёды імкнуўся ў поўнай меры на іх адказаць чалавечай і мастакоўскай шчырасцю.

І вось, пішучы гэтыя радкі, зараз успомніў той самы дзень нашай сустрэчы. І падумаў, што менавіта так жыў Паплаўскі, мастак, якому было адкрыта асаблівае хараство — хараство ўнутранага руху. Таму што ён убіраў у сябе ўсю нервовую паўнату быцця. У яго на ўсім працягу творчага жыцця было сваё “візуальнае” асяроддзе, сваё разуменне свядомасці, свой прадметны свет, вобразы людзей, гістарычная памяць. Яго немагчыма ні з кім параўнаць, зблытаць, злучыць. Ён быў адзін такі — з асаблівым мысленнем, асаблівым “голасам”, асаблівай эмацыянальнай і інтэлектуальнай энергетыкай.

Барыс КРЭПАК, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"