Аксіёмы музейнага жыцця

№ 6 (1497) 06.02.2021 - 13.02.2021 г

Музеі ў анлайн-фармаце: віртуальныя экспазіцыі, актыўнасць у сацсетках і супрацоўніцтва на перспектыву
Калісьці дырэктар Эрмітажа Міхаіл Піятроўскі параўнаў музей з “велізарным караблём”, які лавіруе ў акіяне сучаснай культуры. А лавіраваць у гэтым культурным акіяне, безумоўна, значна дапамагае інтэрнэт. Па гэтай прычыне сёння на старонках музейных устаноў Беларусі часта можна ўбачыць запрашэнні наведаць віртуальную выставу, прэзентацыю ці нават прагуляцца ў анлайн-фармаце па экспазіцыйных залах.

Знаёмства праз інтэрнэт

Музейных устаноў, якія актыўна сябруюць з інтэрнэтам і рэкламуюць сябе праз Сеціва, з кожным днём робіцца ўсё больш і больш. Доказам таму — і вялікі пералік музеяў краіны, змешчаны днямі на сайце Міністэрства культуры Беларусі, у якіх можна ўбачыць віртуальныя экспазіцыі. Прычым, гэта не толькі буйныя музеі, такія як Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь ці Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, а і абласныя ды раённыя музейныя ўстановы.

/i/content/pi/cult/836/17807/3_1.jpg

Напрыклад, яшчэ з сакавіка мінулага года музейшчыкі Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея пачалі ладзіць анлайн-стрымы экскурсій па экспазіцыях усіх аб’ектаў музея. Таксама імі быў распрацаваны праект “Віртуальныя экскурсіі”, які знаёміць наведвальнікаў з экспазіцыямі музея і філіялаў у рэжыме анлайн, ды віртуальны выставачны праект “З цемры на святло”, падчас якога можна пазнаёміцца з найбольш каштоўнымі прадметамі з музейных калекцый.

Актыўнічаюць у інтэрнэце і ў Віцебскім абласным краязнаўчым музеі: напрыклад, музейшчыкі запісваюць відэа пра ўнікальныя музейныя прадметы, ладзяць віртуальныя экскурсіі па музейнай экспазіцыі ці па самім Віцебску. Дарэчы, цікавасць да падобных ролікаў трымаецца на даволі высокім узроўні.

Ёсць свая анлайн-экспазіцыя і ў Ашмянскім краязнаўчым музеі імя Францішка Багушэвіча. Па словах дырэктара ўстановы Алены Жастковай, падобная экспазіцыя мае, у першую чаргу, азнаямляльны характар.

— Гэта, можна сказаць, своеасаблівае першае знаёмства з музеем, — кажа Алена Жасткова. — І, натуральна, нам бы хацелася, каб нашы віртуальныя наведвальнікі потым завіталі да нас у музей, каб пабачыць усе нашы экспазіцыі і шматлікія музейныя прадметы ўжо на свае вочы. Мы заўсёды рады гасцям!

Віртуальны, а не рэальны

Сапраўды, знаёмства з музеем праз інтэрнэт-рэсурсы — сённяшняя паўсядзённая практыка. Але часам бывае і так, што віртуальная экспазіцыя падмяняе сабой і рэальны музей.

Менавіта так адбылося ў Клецкім раёне, дзе мясцовы музей сёння, на жаль, не мае свайго асобнага памяшкання.

— Будынак, у якім размяшчаўся наш музей, быў не так даўно прызнаны аварыйным, — адзначыла “К” дырэктар Музея гісторыі Клеччыны Марына Бабко. — Таму цяпер у нас няма дзейснай экспазіцыі, ладзім толькі выязныя мерапрыемствы ва ўстановах адукацыі, культуры, на розных прадпрыемствах горада.

Па гэтай прычыне, кажа кіраўнік музейнай установы, віртуальная праца праз сайт або на старонках музея ў сацыяльных сетках, зрабілася вельмі важнай і запатрабаванай.

— Можна сказаць, што ў гэтыя рамкі працы з віртуальнымі наведвальнікамі нас паставіла само жыццё, — адзначае Марына Бабко. — Таму мы цяпер актыўнічаем у інтэрнэце, выкладаем у Сеціва віртуальныя выставы, запрашаем наведвальнікаў на нашыя квэсты, рэкламуем сувенірную прадукцыю.

Сярод віртуальных выставаў, напрыклад, ёсць праект “Клеччына памятае”, прымеркаваны да рэспубліканскіх акцый “Беларусь памятае” і “Вялікай Перамозе — 75”. Таксама на старонцы музея ў адной з сацыяльных сетак можна паглядзець віртуальную фотавыставу фатографа Вячаслава Алешкі.

Дадам, што нават ва ўмовах, калі музейная экспазіцыя не працуе, у музеі можна набыць сувеніры з выявай Клеччыны, заказаць выраб сувеніраў з індывідуальным малюнкам, а таксама замовіць шэраг іншых платных паслуг, сярод якіх ёсць раздрукоўка, брашуроўка і ламініраванне.

На сайце музея можна ўбачыць і запрашэнне да супрацоўніцтва ў рамках гуманітарнага праекта “Рэканструкцыя з рэстаўрацыяй будынка былой іешывы пад Музей гісторыі Клеччыны”. Агульны аб’ём фінансавання названага праекта складае 970 тысяч долараў. Што і казаць, сума даволі важкая. І ці знойдзецца ахвочы айчынны ці замежны інвестар, каб укласці сотні тысяч долараў у рэканструкцыю гістарычнага будынка — гэта пытанне, як кажуць, з даволі няпэўным адказам.

Анлайн — запатрабаваны

Многія мае тэлефанаванні ў музейныя ўстановы Беларусі пачыналіся з пытання пра тое, ці запатрабаваны анлайн-выставы і анлайн-экскурсіі ў наведвальнікаў. І літаральна ўсе суразмоўцы запэўнівалі, што падобная форма работы карыстаецца заўсёдным попытам у наведвальнікаў.

— Магу сцвярджаць з упэўненасцю, што віртуальны тур па экспазіцыі музея “Дарогай сустрэч” карыстаецца значнай цікавасцю, — расказала навуковы супрацоўнік, а цяпер і часова выконваючая абавязкі дырэктара Смаргонскага гісторыка-краязнаўчага музея Вольга Самаркіна. — Усяго для віртуальных наведвальнікаў мы можам паказаць нашы чатыры музейныя залы, прадэманстраваць асобныя экспанаты. Але ж, натуральна, чакаем не толькі віртуальных, але і рэальных гасцей.

Як кажа Вольга Самаркіна, віртуальная экскурсія разлічана, у першую чаргу, на знаёмства людзей з музейнай экспазіцыяй. Безумоўна, рэальны прыезд у Смаргонскі гісторыка-краязнаўчы музей, дзе з дапамогай вопытных экскурсаводаў можна значна палепшыць свае веды і пра гісторыю краю, і пра Крэўскі замак ці Смаргонскую акадэмію, будзе больш карысны і больш пазнавальны.

Разам з тым, эпідэміялагічная сітуацыя ў краіне яшчэ досыць няпростая. Таму цяпер многія айчынныя і замежныя турысты не ездзяць па нязведаных шляхах, а сядзяць па дамах і, у лепшым выпадку, толькі складаюць пакручастыя маршруты будучых паездак. Таму праца з віртуальнымі экспазіцыямі — гэта, у першую чаргу, работа на перспектыву.

Дадам, што віртуальныя музейныя экскурсіі па экспазіцыйных залах лепш рабіць якасна і грунтоўна. Так, напрыклад, як гэта робяць у Лідскім гісторыка-мастацкім музеі.

— Мы аб’ядналі свае намаганні з мясцовым тэлебачаннем, — кажа дырэктар музейнай установы Вольга Піліпчук. — Супрацоўнікі тэлебачання змаглі зрабіць для нас якасныя здымкі, якасна запісаць гук, стварыць, што называецца, “карцінку”. Лічу гэта вельмі важным для ўспрыняцця нашых віртуальных праектаў.

Што ж, на мой погляд, гэты сапраўды цікавы вопыт супрацоўніцтва мясцовых музейшчыкаў маглі б пераняць і іншыя іх калегі з рэгіёнаў. Бо, што ні кажы, а якасныя відэаздымкі можна атрымаць, звярнуўшыся да прафесіяналаў. А мясцовае тэлебачанне, наколькі мне вядома, ёсць цяпер ці не ў кожным раёне Беларусі, прычым, як дзяржаўнае, так і прыватнае. Так што за падобным узаемадзеяннем паміж супрацоўнікамі музеяў і тэлебачання — рэальная перспектыва. Да таго ж, гэта і ўзаемная рэклама, якая ідзе на карысць кожнаму боку.

Дарэчы, як і яе калегі з іншых раёнаў Беларусі, Вольга Піліпчук звярнула ўвагу на тое, што віртуальныя музейныя экскурсіі “Прырода Лідчыны” і “Сучаснае мастацтва краю” карыстаюцца заслужаным попытам у анлайн-наведвальнікаў. У перспектыве плануецца стварыць падобны віртуальны тур і па Лідскім замку.

Зварот да віртуальных наведвальнікаў, да слова, невыпадковы. Справа ў тым, што ў сувязі з неспрыяльным эпідэміялагічным становішчам, у музеі значна скарацілася колькасць ахвотных далучыцца да ведаў па гісторыі Ліды і Лідчыны. Па словах Вольгі Піліпчук, музейшчыкі цяпер працуюць з невялікімі групамі наведвальнікаў. Да таго ж, замежныя госці, якія раней складалі прыкладна трэцюю частку ад усіх турыстаў, па вядомых прычынах, звязаных з закрыццём межаў з-за каранавіруса, не могуць прыехаць у Беларусь. Так што віртуальныя экспазіцыі — той прыярытэт, на які мясцовыя музейшчыкі звяртаюць самую пільную ўвагу.

Замест заключэння

Зразумела, што ўсе названыя формы працы з музейнай аўдыторыяй — віртуальныя выставы, віртуальныя экскурсіі і праекты — не з’яўляюцца выключнай з’явай, характэрнай толькі для мінулага ці гэтага года. Але ж не варта і казаць, што гэта перспектыўныя напрамкі развіцця камунікацыйных формаў, якія будуць актуальныя і далей.

Нагадаю, што менавіта пра гэта казаў на нядаўняй калегіі Міністэрства культуры Беларусі дырэктар Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея Аляксей Міцюкоў.

— Безумоўна, віртуальныя экскурсіі і выставы не змогуць замяніць непасрэдны кантакт наведвальніка і музейнага прадмета, эмоцыі ад цікавай экскурсіі і зносін з экскурсаводам, — адзначаў падчас пасяджэння ў Мірскім замку Аляксей Міцюкоў. — Тым не менш, гэтыя формы работы дапамагаюць пастаянна падтрымліваць цікавасць да музея і музейнай дзейнасці, дапамагаюць музею заставацца ў інфармацыйнай прасторы.

А менавіта прысутнасць у інфармацыйнай прасторы, згадка пра сябе і сваю дзейнасць у інтэрнэце, “піяр” сваіх віртуальных праектаў — гэта ўсё тое, на што найбольш звяртаюць увагу патэнцыйныя турысты, хоць замежныя, хоць айчынныя. Без падобных рэкламных нагодаў музей будзе безаблічны і нецікавы. І, адпаведна, наўрад ці зможа разлічваць на значную плынь турыстаў — наведвальнікаў экспазіцыйных залаў і, магчыма, адданых сяброў таго ці іншага музея нават у часы сусветнай пандэміі.

Рэальны наведвальнік прыходзіць туды, куды завітаў віртуальны. Падаецца, гэтую аксіёму сённяшняга жыцця айчынныя музейшчыкі засвоілі паспяхова.

У калажы выкарыстаны фрагменты віртуальных экспазіцый Музея гісторыі Клеччыны, Лідскага гісторыка-мастацкага, Смаргонскага гісторыка-краязнаўчага і Ашмянскага краязнаўчага музеяў

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"