Ад заснавання — да нашых дзён

№ 6 (1497) 06.02.2021 - 13.02.2021 г

3 лютага ў прэс-цэнтры інфармацыйнага агенцтва БелТА адбылася прэс-канферэнцыя, прысвечаная рабоце па захаванні, прымнажэнні і папулярызацыі гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі, праведзенай у рамках трохгодкі малой радзімы. Удзельнікі мерапрыемства распавялі таксама аб далейшых планах у гэтай сферы.

Начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Наталля Хвір адзначыла, што сфера аховы гісторыка-культурнай спадчыны па-ранейшаму застаецца найважнейшым прыярытэтам дзяржаўнай палітыкі ў сферы культуры. Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь сёння налічвае пяць тысяч пяцьсот дзевяноста шэсць аб’ектаў.

Летась Мінстэрствам культуры быў створаны пошукавы сайт, які дазваляе любому ахвочаму аператыўна знайсці неабходную інфармацыю аб гісторыка-культурных каштоўнасцях, унесеных у спіс, такім чынам забяспечаны шырокі доступ да спісу для фізічных і юрыдычных асоб. Захаванне і ўключэнне гісторыка-культурных каштоўнасцяў у сучасны культурны кантэкст ажыццяўляецца ў рамках шэрагу дзяржаўных праграм і лакальных інвестыцыйных праектаў. Па выніках мерапрыемстваў у рамках Рэспубліканскай праграмы па правядзенні трохгодкі малой радзімы ў 2018 — 2020 гадах у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў былі ўключаныя пяцьдзясят тры элементы.

/i/content/pi/cult/836/17806/2_3.jpg

Капліца-пахавальня Паскевічаў у Гомелі. Фота з Вікіпедыі

Таксама за азначаны перыяд адрэстаўраваныя альбо прыстасаваныя пад выкананне новых функцый больш за чатырыста аб’ектаў са спісу гісторыка-культурных каштоўнасцяў. Сярод іх можна адзначыць такія помнікі, як царква Святога Міхала Арханёла XVI стагоддзя ў вёсцы Сынкавічы Зельвенскага раёна, дзве вежы Лідскага замка XIV стагоддзя, будынак філіяла Літаратурнага музея Максіма Багдановіча “Беларуская хатка”, корпус мінскай фабрыкі-кухні, шэраг аб’ектаў мемарыяльнага комплексу “Брэсцкая крэпасць-герой”, мемарыяльны комплекс “Прарыў” ва Ушацкім раёне, абеліск “Мінск — горад-герой”, сталічны манумент Перамогі, мемарыяльны комплекс на месцы лагера смерці ў Малым Трасцянцы, і многія іншыя.

Фінансаванне мерапрыемстваў па захаванні аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны ажыццяўлялася ў рамках дзяржаўнай праграмы “Культура Беларусі” на 2016 — 2020 гады, штогадовых рэспубліканскіх інвестыцыйных праграм, лакальных інвестыцыйных праектаў, рэгіянальных праграм сацыяльна-эканамічнага развіцця. За апошнія гады Міністэрствам культуры сумесна з мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі згодна з указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 527 “Аб некаторых пытаннях аховы гiсторыка-культурнай спадчыны” праведзена работа па арганізацыі выплат і адлічэнняў за прадпрымальніцкую дзейнасць, якая аказвае непасрэднае ўздзеянне на гісторыка-культурныя каштоўнасці.

/i/content/pi/cult/836/17806/2_2.jpg

Лідскі замак.

У фонд Прэзідэнта па падтрымцы культуры і мастацтва ў 2018 годзе паступіла больш за семсот тысяч рублёў, у 2019 — больш за 900 тысяч, а ў 2020 — больш за мільён дзвесце восемдзясят тысяч. У 2018 годзе за кошт сродкаў фонду праведзеныя работы па кансервацыі з рэстаўрацыяй фрагментаў замкаў у Крэве Смаргонскага раёна і Гальшанах Ашмянскага раёна, рэстаўрацыйныя работы ў палацава-паркавым ансамблі Пуслоўскіх у Косаве Івацэвіцкага раёна. У 2019 годзе за кошт сродкаў фонду праводзіліся работы па аднаўленні родавага маёнтку Напалеона Орды ў Іванаўскім раёне, касцёла Святога Міхаіла Арханёла XVIII стагоддзя ў Мсціславе, капліцы-пахавальні Паскевічаў у Гомелі, Спаса-Праабражэнскай царквы XII стагоддзя ў Полацку. У 2020 годзе ўдалося цалкам стабілізаваць тэхнічны стан касцёла ў Мсціславе, праведзеныя супрацьаварыйныя і кансервацыйныя работы на паўночна-ўсходнім корпусе Гальшанскага замка, выкананыя работы па аднаўленні часткі сцяны, прылеглай да Княжацкай вежы Крэўскага замка, асаблівая ўвага надаецца работам у палацы роду Булгакаў у Жылічах Кіраўскага раёна.

Міністэрствам культуры таксама ажыццяўляюцца захады па пашырэнні прысутнасці беларускіх элементаў у Спісе аб’ектаў Сусветнай спадчыны UNESCO. У 2018 годзе ў спіс быў уключаны элемент “Урачыстасць у гонар ушанавання абраза Маці Божай Будслаўскай”, у 2019 годзе — “Вясновы абрад “Юраўскі карагод” з Жыткавіцкага раёна, у 2020 — беларуска-польская намінацыя “Культура бортніцтва Беларусі і Польшчы”. На працягу мінулага года завершаная падрыхтоўка дасье па элеменце нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны “Саломапляценне Беларусі”. У чэрвені 2020 года таксама ўзгодненая міжнацыянальная ініцыятыва па праекце “Мусульманская спадчына Цэнтральнай Еўропы”.

Начальнік аддзела мастацтваў упраўлення культуры Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта Наталля Смольская распавяла аб працы па ахове гісторыка-культурнай спадчыны ў сталіцы Беларусі. У 2020 годзе ў Мінску рамонтныя і рэстаўрацыйныя работы праходзілі больш чым на шасцідзясяці аб’ектах, і на трыццаці чатырох з іх ужо завершаныя, сярод іх — рэстаўраваныя мазаікі на жылых будынках мікрараёна “Усход”, праведзеныя рэканструкцыя з рэстаўрацыяй будынка Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, рэканструкцыя і добраўпарадкаванне парка імя Янкі Купалы, і многіх іншых аб’ектаў. Сёлета запланаваныя першачарговыя супрацьаварыйныя і кансервацыйныя работы на будынках бровара ў Лошыцкім парку, рэканструкцыя з рэстаўрацыяй кінатэатра “Перамога”, аднаўленне царквы Святога дабравернага князя Аляксандра Неўскага на Вайсковых могілках.

Дырэктар Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Вадзім Лакіза, у сваю чаргу, падзяліўся планамі стварэння археалагічнай карты Мінска, якая ахапіла б звесткі пра помнікі археалогіі на ўсёй тэрыторыі сталіцы. Даследчык адзначыў, што многія жылыя раёны горада ўзніклі на месцы сярэднявечных паселішчаў, дзе захаваліся археалагічныя аб’екты. Існуюць таксама планы стварэння археалагічнага музея на тэрыторыі сталічнага Батанічнага саду.

Загадчыца аддзела архітэктуры Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Таццяна Гаранская таксама распавяла аб навуковай дзейнасці аддзела, якая выяўляецца ў падрыхтоўцы выданняў, прысвечаных гісторыі населеных пунктаў і архітэктурных помнікаў краіны, такіх, як манаграфія Тамары Габрусь “Драўлянае хрысціянскае храмабудаўніцтва Беларусі” і шматтомная энцыклапедыя “Гарады і вёскі Беларусі”, якая змяшчае звесткі аб гісторыі і развіцці больш чым дваццаці чатырох тысяч паселішчаў ад іх заснавання да нашых дзён. Захады па ахове гісторыка-культурных кашоўнасцяў не толькі спрыяюць захаванню памяці пра мінулае, але дазваляюць аб’ектам спадчыны выконваць сацыяльную функцыю і працаваць на дабрабыт грамадства.

Фота аўтара і з Вікіпедыі