Пакліканы гісторыяй — Яўзебі Лапацінскі

№ 4 (1496) 23.01.2021 - 30.01.2021 г

Пра слыннага ў свой час архівіста Яўзебія Лапацінскага (1882 — 1961), на жаль, і да гэтага часу ў Беларусі ведаюць адзінкі. Вельмі спадзяемся, што наша публікацыя справакуе ўвагу да прац архівіста, прысвечаных гісторыі мастацтва ВКЛ, частка якіх застаецца ў рукапісах. Думаю, чытачу будзе цікава даведацца і пра беларускі шляхецкі род Лапацінскіх, карані якога сягаюць у часы князя Вітаўта і бітвы пад Грунвальдам.

/i/content/pi/cult/834/17791/26.jpgЛапацінскія герба “Любіч”

Прадстаўнікі дзвюх ліній Лапацінскіх, беларускай (вялікалітоўскай) і польскай, сваім прашчурам лічылі нейкага Вінгельма з Лапаціна, які палёг 14 ліпеня 1410 года на Марсавым полі блізу вёсачкі Грунвальд. Нібыта рыцар Вінгельм прыкрыў ад крыжацкага мяча караля Ягайлу, такім чынам выратаваў таго ад немінучай смерці. За гэты подзвіг сын Вінгельма, Багдан, нібыта атрымаў маёнтачак Лапацін ля Мсціслаўля, закладаючы трывалыя падмуркі беларускай галіны. Так гэта было ці не — зараз адказаць не проста.Для нас важна тое, што каля пяцісот гадоў прадстаўнікі гэтага роду адыгрывалі далёка не апошнія ролі ў гісторыі ВКЛ.

Заснавальнікам старэйшай, Мсціслаўскай галіны, лічыцца прапраўнук Багдана Вацлаў (Базыль). Быў ён другім сынам мсціслаўскага (або менскага) падсудка Тэадора Лапацінскага і Алены Міхайлаўны. Пра Вацлава вядома не многа, але вядомае варта распавесці.

У 1558 годзе маскоўскі цар Іван IV Жахлівы распачаў гэтак званую Лівонскую вайну (1558 — 1583). Шукаючы выйсце да Балтыйскага мора, цар не доўга думаючы, абвесціў тэрыторыю Лівонскага ордэна (сённяшнія Латвія і Эстонія) спрадвечнай рускай зямлёй. ВКЛ, якое ў верасні 1557 года падпісала з Лівонскім ордэнам дамову аб ўзаемнай абароне, на заклік аб дапамозе выставіла ўмову аб поўным падпарадкаванні ордэна ВКЛ. Хоць гэта і абяцала пазней непрыемнасці з боку Масквы. Так і здарылася. 28 лістапада 1561 года князь Мікалай Радзівіл Чорны падпісаў дамову з апошнім магістрам Лівонскага ордэна Готхардам Кетлерам аб тым, што Ордэн становіцца васалам ВКЛ і Польшчы. ВКЛ распачынае баявыя дзеянні па абароне тэрытарыяльных набыткаў. А вясной 1562 года маскоўскія войскі ўварваліся на тэрыторыю ВКЛ. Запалалі беларускія гарады — Мсціслаў, Орша, Шклоў, Віцебск… на доўгія гады быў захоплены Полацк, дзе Іван Жахлівы ўстроіў цынічную расправу з месцічамі. Але войскі ВКЛ не далі прабіцца Жахліваму ў цэнтр сённяшняй Беларусі.

Такія сумныя вынікі пачатку вайны прывялі да Люблінскай уніі (1569 год), у выніку якой з’явілася новая дзяржава, якая з’яднала Польскае каралеўства і Вялікае Княства Літоўскае — Рэч Паспалітая Дзвюх Нацый. У наступным годзе ўжо Рэч Паспалітая замірылася з Іванам Жалівым, але ненадоўга.

14 снежня 1575 года (каранаваны ў 1576 годзе) каралём і вялікім князем Рэчы Паспалітай абіраецца слынны вянгерскі вайсковец Стафан Баторый. Сваёй сталіцай, каб быць больш вольным ад уплываў Вільні і Варшавы, ён зрабіў Гародню, атабарыўшыся ў Старым замку. З імем гэтага караля і вялікага князя звязана нямала важных старонак гісторыі ВКЛ. Па-першае, у 1579 годзе ён пераўтварыў у акадэмію езуіцкі калегіум у Вільні. Па-другое, сваёй граматай зацвердзіў, што ВКЛ і Польшча ў складзе федератыўнай дзяржавы з’яўляюцца раўнапраўнымі дзяржавамі. Па-трэцяе, абавязваўся не прызначаць палякаў на вайсковыя ўрады ў ВКЛ, пашыраць межы апошняй і соймы праводзіць па чарзе, то ў ВКЛ, то ў Польшчы. Зразумела, такія пастановы вельмі не ўхваляліся ў Польшчы, якая разглядала ВКЛ “спрадвеку польскімі землямі”.

Згаданы вышэй Вацлаў, прамы продак архівіста Яўзебія Лапацінскага, не быў у баку ад тых падзей. 26 чэрвеня 1579 года ён, дваранін Стафана Баторыя, быў адпраўлены паслом у Маскву. Вёз ён “Акт абвяшчэння вайны Вялікаму Княству Маскоўскаму”. Паводле інструкцыі Вацлаў мусіў старанна занатоўваць усё, што атрымаецца ўбачыць, а сказаць мог толькі тое, што “кароль знаходзіцца з войскам”. Згодна з працэдурай абвяшчэння вайны Лапацінскі перадаў акт Івану Жахліваму, трымаючы ў другой руцэ аголены меч. Зрабіў ён гэта насуперак перасцярогам, што за гэта можа заплаціць галавой. Бо ўсе выдатна ведалі шалёны характар цара. Але заплаціў ён толькі зняволеннем, адкуль праз некалькі месяцаў быў вызвалены і адпраўлены назад. Прычым цар апраўдваўся перад Баторыем, нібыта пасол быў пасаджаны ў вязніцу не ім, бо “яго ў тыя часы не было ў Маскве”. Але наступным паслам паабяцаў смерць.

У 1601 годзе, памятаючы ўчынак Лапацінскага, былі напісаны правілы для паслоў, якім прадпісвалася “несці свой пасольскі абавязак годна і нягледзячы ні на якія пагрозы”.

У далейшым Вацлаў стаў інстыгатарам літоўскім (да 1581 года), а потым разам са сваякамі (удавой брата Аляксандра Людмілай і малодшым братам Мікалаем) атабарыўся ў родавым Лапаціне. Тут прыйшоў на свет, падаецца, адзін сын Вацлава — Ян (1590 — 1653), будучы ротмістр мсціслаўскі.

Частку радавода нашчадкаў “Вінгельма з Лапаціна”, дарэчы даволі добра распрацаванага даследчыкамі, мы прапусцім. Згадаем толькі, што галін у гэтага роду было даволі шмат і геаграфічна Лапацінскія з цягам часу распаўсюдзіліся па ўсёй тэрыторыі ВКЛ ад Мсціслаўскага ваяводства да Жамойцкага княства. Часам, нават сягаючы на сенатарскія крэслы, як, напрыклад, прапрапрадзед Яўзебія Мікалай-Тадэвуш Лапацінскі (1715 — 1778), які меў урады ваяводы Берасцейскага ваяводства і пісара вялікага літоўскага. Варта адзначыць і брата Мікалая Ігната-Блажэя-Станіслава Лапацінскага (1722 — 1776). У юнацтве быў пажам караля Станіслава Ляшчынскага, вучыўся ў езуітаў і піяраў. З маладых гадоў вылучаўся літаратурнымі здольнасцямі. Пісаў прамовы, якія атрымлівалі высокія адзнакі педагогаў. Удала пераклаў вершам з лаціны тры творы езуіта Антона Клаўса. Браў актыўны ўдзел у грамадскім і палітычным жыцці краіны, быў суддзёй, паслом на соймы, дэпутатам на Трыбунал і іншае. Нясвіжскія Радзівілы (Міхал “Рыбанька” і яго сын Караль “Пане Каханку”) вылучалі яго як іх “прыхільніка, які прайшоў выпрабаванне”. Быў меркаваным аўтарам сатырычнай камедыі “Perekinczyk”, у якой арышт расійскімі войскамі паслоў прыпісваўся прымасу Падоскаму. Шмат цікавых здарэнняў было ў яго жыцці, частку з іх ён змясціў ў сваім дзённіку “Diariusz zycia Ignacego Lopacinskiego pisarza skarbowego Wielkiego Ksiestwa Litewskiego brata rodzonego wojewody brzeskiego”, а таксавма ў “Podroz JW. Jana i Ignacego Lopacinskich z JO. X-ciem Sapieha, koadiutorem, za granica odbyta”. Гэтыя творы былі апублікаваны ў 1850-х гадах. Жанаты ён быў на прастаўніцы старога роду Прозараў Юдыце, сястры віцебскага ваяводы Юзафа Прозара (1723 — 1788). Дарэчы, Францішак Смуглевіч пакінуў партрэт сям’і Прозараў, дзе выява самога Юзафа змешчана ў атачэнні ягоных нашчадкаў.

Сарыйская Галіна

Хоць род Лапацінскіх і заслугоўвае ўвагі беларускіх даследчыкаў, на сёння адзінай працай, якая знаёміць нас з адной з галін роду, з’яўляецца кніга Людмілы Хмялеўскай “На Белай Русі ў Сар’і” . Выйшла яна ў серыі “Маёнткі і людзі” ў 2001 годзе. На падставе вялікай колькасці матэрыялаў, у тым ліку архіўных, аўтарцы ўдалося паказаць частку гісторыі роду, якая вядома як Сарыйская, ад маёнтка ў Сар’і. Мястэчка (сёння аграгарадок) вядома з 1506 года, калі належала Сапегам. Да Лапацінскіх яно перайшло ў 1753 годзе. Першым з Лапацінскіх у гэтых мясцінах з’явіўся Мікалай-Тадэвуш Лапацінскі, згаданы вышэй. Але праз нейкі час ён перанёс сваю рэзідэнцыю ў Чурылавічы, якую набыў ад “нейкага Клячкоўскага”. Маёнтак быў перайменаваны ў гонар бацькі Мікалая Лявона — Лявонпаль (над Дзвіной). У сям’і Мікалая і Барбары з Копцяў нарадзілася пяць сыноў, і пасля смерці главы сям’і маёнтак перайшоў да старэйшага сына Яна-Нікадзіма (1747 — 1810) мсціслаўскага старасты, жанатага спярша на Алене, а потым на Юзэфе Агінскіх. Дарэчы, Юзэфа, дачка троцкага ваяводы Андрэя Агінскага, родная сястра Міхаіла Клеафаса Агінскага.

Ян-Нікадзім не толькі развіваў гаспадарку ў Лявонпалі, але і вылучаўся мастацкімі здольнасцямі. Спрабаваў свае сілы ў гравіроўцы, скульптуры, малюнку. Займаўся калекцыянаваннем і выступаў як мецэнат творчых асобаў. Па яго загадзе ў Лявонпалі была ўзнесена калона ў гонар канстытуцыі 3 мая 1791 года.

Згадаем, што Лапацінскія розных галінаў сваяцтвам былі павязаны з Тышкевічамі, Кастравіцкімі, Рушчыцамі, Манюшкамі і многімі іншымі беларускімі шляхецкімі і магнацкімі родамі.

Ад Яна маёнтак перайшоў да яго малодшага брата Тамаша-Ігната (1753 — 1817), каралеўскага двараніна, пазней дрысенскага маршалка. Як піша Людміла Хмялеўская, з невядомай прычыны Тамаш забраў з Лявонпаля ўсе зборы, архівы і перабраўся ў Сар’ю, якая да ХХ стагоддзя выконвала функцыю цэнтральнай сядзібы.У шлюбе з Барбарай Шадурскай Тамаш меў толькі аднаго сына Юзафа-Мікалая (1784 — 1835), таксама, як і бацька, дрысенскі маршалак.

Трошкі больш скажам пра сына Юзафа Лапацінскага — Ігната-Дамініка (1822 — 1882), маршалка шляхты дрысенскага павета. Напярэдадні паўстання ў 1863-га ён уваходзіў у “напаўлегальную апазіцыю”, якая дабівалася аднаўлення дзеяння Статута ВКЛ, адкрыцця Віленскага ўніверсітэта. Самавольна адкрыў школу ў Сар’і, за што ледзь не патрапіў у Сібір (заплаціў за добры намер 10 000 рублёў штрафу).У паўстанні 1863 года ён адыграў даволі значную ролю, уваходзіў у кіруючыя органы, пісаў адозвы, але нейкім цудам не патрапіў пад рэпрэсіі. Пабудаваў у Сар’і касцёл, дакладную копію віленскага касцёла святой Ганны.У шлюбе з Марыяй з Шумскіх Ігнат меў дачку Сафію, якая выйшла замуж за прадстаўніка вядомага роду Жавускіх (Равускіх) Фелікса. А таксама двух сыноў — Юзафа, (памёр у маленстве) і Станіслава, бацьку героя нашай публікацыі Яўзебія.

Іх гісторыя будзе расказана ў наступнай частцы.

Аўтар: Зміцер ЮРКЕВІЧ
калумніст газеты "Культура", арт-куратар