Падчас рэалізацыі названага праекта ў знакавым для ўсёй Беларусі музеі было зроблена нямала.
— У ходзе рэалізацыі праекта Саюзнай дзяржавы за тры гады створаны тры новыя экспазіцыі: “Летапіс Брэсцкай крэпасці”, “Абарона Усходняга форта”, “Форт № 5 Брэсцкай крэпасці”, — адзначаў падчас свайго выступлення на апошняй галіновай калегіі Міністэрства культуры, што прайшла напрыканцы года ў Міры, дырэктар Мемарыяльнага комплексу “Брэсцкая крэпасць-герой” Рыгор Бысюк. — Акрамя таго, новай экспазіцыйнай пляцоўкай сталі руіны 333 стралковага палка.
Як вядома, у гісторыі абароны Брэсцкай крэпасці Усходні форт меў асаблівае значэнне. Пад кіраўніцтвам маёра Пятра Гаўрылава каля 400 афіцэраў і салдат ператварылі гэта месца ў самы працяглы і ўпарты ачаг супраціўлення. Кожнай роце быў адведзены свой участак абароны, памiж iмi была ўстаноўлена тэлефонная сувязь... Як развiвалiся далей падзеi, гасцям комплексу расказваюць сёння і экскурсаводы, i шматлiкiя матэрыялы адпаведнай экспазiцыi.
А трохмерная экспазіцыя “Летапіс Брэсцкай крэпасці”, якая адкрылася не так даўно ў паўднёва-усходняй казарме мемарыяльнага комплексу, распавядае гасцям музея пра ключавыя эпізоды з гісторыі крэпасці, пачынаючы ад яе будаўніцтва ў першай палове XIX стагоддзя да гераічнай абароны ў пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Трохмерныя кампазіцыі, створаныя з выкарыстаннем сучасных тэхналогій, дапамагаюць наведвальнікам адчуць сябе непасрэднымі ўдзельнікамі знакавых гістарычных падзей.
Такім чынам, мемарыяльны комплекс “Брэсцкая крэпасць — герой” застаецца сёння адной з самых запатрабаваных і сучасных музейных устаноў Беларусі. І на гэтым спыняцца не збіраецца.
Напрыклад, як адзначыў на ўжо згаданай калегіі Рыгор Бысюк, для далейшага развіцця культурна-адукацыйнай дзейнасці цяпер плануецца стварыць музейна-адукацыйны цэнтр у Паўднёвай і Паўднёва-заходняй казарме Цытадэлі. Так што, перакананы, інфармацыйных нагодаў для з’яўлення на старонках “Культуры” навін пра Мемарыяльны комплекс “Брэсцкая крэпасць — герой”, будзе сёлета больш чым дастаткова.