Ялінка, не... загарайся, або Як бяспечна адсвяткаваць Новы год?

№ 51 (1491) 19.12.2020 - 25.12.2020 г

Пажарная бяспека ў арганізацыях сферы культуры Беларусі: на вуліцы і дома
Новы год — гэта не толькі святочны настрой, але і напружаная праца супрацоўнікаў сістэмы МНС - пажарных, ратавальнікаў ды іншых прафесіяналаў — па прадухіленні пазаштатных сітуацый, звязаных з небяспечнымі з’явамі ў месцах масавага знаходжання людзей. У сувязі з тым, што раённыя Цэнтры і Дамы культуры, сельскія клубы падчас навагодніх мерапрыемстваў наведвае даволі шмат людзей, увага да названых сацыяльных аб’ектаў з боку работнікаў Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Беларусі заўсёды была і будзе самай пільнай.

/i/content/pi/cult/829/17712/26.jpgСлужба 101 у віншавальнай паштоўцы

Дарэчы будзе сказаць, што цяпер у нашай краіне поўным ходам ідзе рэспубліканская акцыя пад назвай “Бяспечны Новы год!” Яна пачалася 7 снежня і будзе доўжыцца ажно да самага апошняга дня 2020 года.

Названая акцыя ніколі не абыходзіцца без яркіх цікавых конкурсаў і забаўляльных праграм. Гэты год — не выключэнне. Гэта і рэкламная кампанія “Поўны адрыў”, конкурсы “Навагодні дызайн ад МНС” і на лепшы відэаролік “Бяспечны Новы год!!”, анлайн-віктарына “Хто хоча стаць геніем бяспекі?”, віншаванні і перасцярогі Дзядоў Марозаў-ратавальнікаў і шмат чаго яшчэ. Дапамагаць у правядзенні мерапрыемстваў акцыі ратавальнікам будуць актывісты Беларускай маладзёжнай грамадскай арганізацыі ратавальнікаў-пажарных.

Напрыклад, днямі ў рамках акцыі інспектар сектара прапаганды Карэліцкага раённага аддзела МНС Гродзенскай вобласці Кацярына Зуза падрыхтавала “бяспечныя” лісты пажылым жыхарам раёна, каб яшчэ раз нагадаць пра тое, як важна ведаць і выконваць правілы бяспекі. У канверты, якія адрасаты атрымаюць ад службы 101, уклалі віншавальную паштоўку, наглядна-выяўленчую прадукцыю з напамінам, як бяспечна сустрэць калядныя святы, а таксама тэматычныя календары з нумарамі тэлефонаў службы ратавання.

/i/content/pi/cult/829/17712/27.jpgА, скажам, у рамках той жа акцыі выратавальнікі Дзятлаўшчыны прынялі ўдзел у шэсці Дзядоў Марозаў, Снягурак і іншыя казачных персанажаў. Дзед Мароз-выратавальнік і героі пазнавальнага мультсерыяла “Чароўная кніга МНС” Воўк і Бабёр вадзілі з малымі карагоды, спявалі песні, танцавалі, а заадно і нагадвалі правілы бяспекі. Дарослыя і дзеці паўтарылі, як правільна ўсталяваць ялінку і запальваць бенгальскія агні.

У Кіраўскай цэнтральнай дзіцячай бібліятэцы, што на Магілёўшчыне, выратавальнікі ў рамках рэспубліканскай акцыі падрыхтавалі пераднавагоднюю бяспечную кніжную паліцу. У кніжках для маленькіх чытачоў размешчаны памяткі і ўлёткі з правіламі бяспекі. А на Дрыбіншчыне ў рамках акцыі “Бяспечны Новы год” інспектар сектара прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю мясцовага РАНС Аляксандр Іваністаў зрабіў для чытачоў друкаваных перыядычных выданняў невялікі сюрпрыз, уклаўшы ўнутр газет тэматычны буклет з правіламі бяспекі. Такія ж буклеты атрымалі па пошце і іншыя жыхары Дрыбіншчыны.

Натуральна, што акцыя “Бяспечны Новы год” ладзіцца і ў сталіцы Беларусі.

— Работнікі МНС, у тым ліку пажарныя Дзяды Марозы і Снягуркі, а таксама героі мультфільма “Чароўная кніга МНС” нагадваюць дзецям пра пытанні бяспекі і расказваюць гэта ў гульнёвай форме, — адзначыла афіцыйны прадстаўнік Мінскага гарадскога ўпраўлення МНС Вольга Мельчанка. — Гэта робіцца для таго, каб названая інфармацыя была больш цікавай і даступнай.

Да слова, завяршальны этап акцыі пройдзе з 25 па 31 снежня. Праходзіць ён будзе ў месцах масавага знаходжання людзей — гэта адкрытыя пляцоўкі, буйныя гандлёвыя цэнтры, рынкі, дзіцячыя забаўляльныя цэнтры. Заглянуць ратавальнікі і на дзіцячыя навагоднія ранішнікі. Так што віншаванні з надыходзячым святам ад работнікаў МНС не толькі падымуць усім настрой, але і нагадаюць аб важнасці правіл бяспекі.

Пра печы і не толькі

Увага супрацоўнікаў МНС Беларусі да навагодніх святаў — не выпадковая. Напрыклад, як адзначыў старшы інспектар Слонімскага РОЧС Юрый Булыка, за 11 месяцаў гэтага года ў раёне адбылося 45 пажараў, на якіх загінула пяць чалавек, а яшчэ 3 былі траўмаваныя. Па словах Юрыя Булыкі, з надыходам халадоў значна павялічваецца колькасць “пячных пажараў”, таму ў гэты час неабходна звярнуць асаблівую ўвагу на бяспечную эксплуатацыю пячнога ацяплення, загадзя праверыць спраўнасць печаў, дымавых каналаў і зрабіць іх рамонт. Да таго ж, варта памятаць, што чысціць дымаходы ад сажы неабходна не менш аднаго разу на два месяцы цягам усяго ацяпляльнага сезона.

Для сельскіх клубаў Беларусі, у якіх, як вядома, даволі шмат дзе яшчэ выкарыстоўваецца пячное ацяпленне, парады гэтыя — самыя актуальныя. Інспектар нагадаў таксама, што своечасова знайсці ўцечку дыму праз шчыліны дапамагае пабелка пячных дымавых комінаў. Падчас эксплуатацыі печы забараняецца выкарыстоўваць дровы, даўжыня якіх перавышае пэўныя памеры, а таксама тапіць печы з адчыненай дзверцай. Да таго ж, нельга пакідаць печы, якія топяцца, без нагляду, або давяраць топку малалетнім дзецям.

Як адзначыў Юрый Булыка, часцяком пажары адбываюцца з-за запальвання ўзгаральных матэрыялаў, што захоўваюцца ў непасрэднай блізкасці ад печаў і над топачнымі адтулінамі. Таму катэгарычна забараняецца сушыць і складваць на печах ці на адлегласці не менш за 1,25 метра ад іх паліва, адзенне і іншыя ўзгаральныя матэрыялы.

Напрыканцы інспектар зазначыў, што своечасова выявіць узгаранне могуць дапамагчы аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі, якія рэкамендуецца ўсталяваць у кожным пакоі. Што ж, з улікам сказанага, названыя парады прыдадуцца заўсёды. Асабліва цяпер, у халодную зімовую пару года.

Дзе ёлка — там МНС

Праўда, у майго даўняга знаёмага, дырэктара сельскага клуба вёскі Плябанаўцы Ваўкавыскага раёна Аляксандра Бабіна, пра якога не раз пісала “К” (нагадаю, што яго дыскатэкі “грымелі” на ўсю Гродзенскую вобласць, збіраючы сотні людзей!), праблем з пячным ацяпленнем ніколі не ўзнікала.

— Справа ў тым, што мы замянілі пячное ацяпленне на кацёл, які працуе на цвёрдым паліве, — адзначыў Аляксандр Бабін. — Падчас навагодніх мерапрыемстваў у нас дзяжурыць не толькі міліцыянер, але і супрацоўнік МНС Беларусі. Так што ўсе святы ў нас адбываюцца пад самым пільным наглядам.

Як кажа Аляксандр Бабін, петарды і бенгальскія агні ў сельскім клубе не дазвалялі выкарыстоўваць нікому самі арганізатары навагодніх мерапрыемстваў. А святочную ялінку, згодна з патрабаваннем пажарных службаў, штогод ставілі так, каб да столі і сцен заставалася вольным не менш за мет. Ды й ілюмінацыя снежнай прыгажуні манціравалася з захаваннем правіл усталёўкі электраабсталявання.

— Калі казаць пра пажарную бяспеку, дык трэба адзначыць, што ў нас, у клубах Ваўкавыскага раёна, стаіць сістэма АПС — апавяшчальная пажарная сігналізацыя з модулем “Маланка”, — кажа Аляксандр Бабін. — Калі спрацоўвае датчык пажару, дык аўтаматычна па ўбудаванай сім-карце званок паступае на пульт пажарнай часткі.

Да слова, падобная сістэма “Маланка”, згодна з інфармацыяй на сайце МНС Беларусі, каштуе ні многа ні мала — 310 рублёў без уліку НДС. Але, як расказаў мне Аляксандр Бабін, гэтая сістэма з’явілася ў клубе за кошт сродкаў Ваўкавыскага аддзела культуры, бо на сёння, як вядома, існуе цэлы шэраг прававых актаў, якія абавязваюць усталёўваць падобную сістэму апавяшчэння ў месцах масавага знаходжання людзей.

Петарды — гэта не цацка

І апошняе. Не магу не сказаць пра навагоднія петарды, якія штогод прыносяць шмат небяспекі. Напрыклад, у перыяд святкавання навагодніх і калядных святаў 2020 года толькі на тэрыторыі Гомельскай вобласці па прычыне парушэння правілаў выкарыстання піратэхнічных вырабаў дванаццаць чалавек атрымалі траўмы, пяць з якіх дзеці. У Жлобінскім раёне, як расказалі ў мясцовым РАНС, ад выбуху петардаў пацярпелі трое дзяцей.

Так, 1 студзеня 2020 года ў 14 гадзін 20 хвілін у Жлобіне хлопчык 2008 года нараджэння ў выніку неасцярожнага абыходжання з петардай атрымаў піратэхнічную траўму і быў шпіталізаваны ў Жлобінскую раённую бальніцу. У гэты ж дзень, а 17 гадзіне хлопчык 2005 года нараджэння атрымаў, як сведчаць сухія звесткі з медыцынскай даведкі, “тэрмічны апёк 1, 2 ступені (менш за 1%) 1, 3 пальцаў правай рукі”.

Таму, каб пазбегнуць трагедый і непрыемнасцей пры выкарыстанні піратэхнічных вырабаў, у Жлобінскім МНС мне і ўсім чытачам “К” яшчэ раз нагадалі правілы бяспекі: пры куплі петардаў пытацца ў прадаўцоў сертыфікаты адпаведнасці, правяраць тэрмін вырабу рэчы і гарантыйны тэрмін захоўвання, вывучаць інструкцыю па ўжыванні піратэхнічнага вырабу, не разбіраць петарды і не набываць іх з рук.

Акрамя таго, трэба памятаць, што выкарыстоўваць піратэхніку можна толькі на адкрытым паветры. Варта абавязкова адысці на бяспечную адлегласць ад будынкаў і збудаванняў, а таксама аўтамабіляў, сачыць за тым, каб побач не было выпадковых мінакоў. Ні ў якім разе нельга выкарыстоўваць піратэхніку ў грамадскіх месцах. Нельга запускаць піратэхніку пры моцным ветры, з акна ці балкона шматпавярховага дома, а таксама нельга дазваляць карыстацца ёю дзецям.

Будзем спадзявацца, што гэтыя і іншыя парады супрацоўнікаў МНС Беларусі яшчэ раз нагадаюць пра небяспеку, якая можа здарыцца падчас святкавання Новага года ды Калядаў і засцерагуць многіх ад непажаданай бяды. Што ні кажы, а ў пераднавагоднія дні хочацца проста чакаць свята, думаючы пра радаснае, вясёлае і шчаслівае. Тое, чаго жадаеш і сабе, і кожнаму.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"