Майстэрства “з рук у рукі”

№ 51 (1491) 19.12.2020 - 25.12.2020 г

Лыкавы сімвал Кароўчына
Калі вы ўбачыце ў апошніх карцінах “Беларусьфільма” “старарэжымных” сялян у лапцях, то цалкам верагодна, што сплецены яны былі ў Дрыбінскім раённым Доме рамёстваў. Так бы мовіць — адна з асноўных спецыялізацый. Не было такога года, каб ва ўстанову не паступалі замовы на гэты экзатычны на сёння абутак: ад музеяў, мастацкіх калектываў, гаспадароў аграсядзіб і аматараў незвычайных сувеніраў. Так ліпавае лыка пасля мастацкай апрацоўкі дае на Дрыбіншчыне плён. І не толькі яно адно.

/i/content/pi/cult/829/17701/11.jpgЧаму не Дрыбін?

Сапраўды, чаму раённы Дом рамёстваў атабарыўся не ў раённым цэнтры, як гэта звычайна прынята, а ў аграгарадку Кароўчына? Адказ вельмі просты: менавіта ў вёсцы знайшлося прыдатнае памяшканне (палова будынка дзіцячага сада). Тут у 2008 годзе і пачалі працаваць рамеснікі, а за сценкай выхоўваюцца дзеткі — самыя шчырыя сябры супрацоўнікаў РДР.

Варта пра Кароўчына сказаць вось яшчэ што. Ёсць вёска старая, а ёсць новая — узведзеная калісьці з нуля для чарнобыльскіх перасяленцаў, у асноўным — з Краснапольскага раёна. Быў я ў новых Кароўчыцах даўно, але і па сёння памятаю тое ўражанне, якое засталося пасля гутарак з жыхарамі, якім на першых парах прыйшлося няпроста прывыкаць да новага месца прапіскі. І ў мяне, таксама перасяленца, не выклікае сумнення, што новая ўстанова культуры таксама паспрыяла сацыяльнай рэабілітацыі пацярпелых ад аварыі на ЧАЭС. Прынамсі, дзверы ў Дом рамёстваў, як сцвярджае яго кіраўнік Таццяна Сіроціна, не зачыняюцца. Пэўную заслону тут паставіў, неаспрэчна, вірус-кавід. Але усё кепскае калі-небудзь ды заканчваецца.

Якая справа жаночая, а якая — не

Таццяна Сіроціна таксама з Краснапольшчыны, з вёскі Мхінічы, якой ужо няма. Ва ўсіх афіцыйных дакументах пазначана: “Адселена па прычыне радыяцыйнага забруджвання”. Вяскоўцы сустракаюцца тут хіба што на Радуніцу. Адзінае, што захавалася: могілкі ды каплічка… Але давайце пра добрае. Майстры працуюць у ахвотку, бо з кепскім настроем да рамяства лепей і не падступацца. Калектыў — спрэс жаночы. Усе вясковыя, таму — рукастыя. У кожнай свая спецыялізацыя, але навучыліся замяняць адна адну. Так што спецыялісты, атрымліваецца, самага шырокага профілю. Таццяна Уладзіміраўна папрасіла назваць кожную. Называю: Валянціна Маісеева, Жана Жорава, Святлана Махоціна, Галіна Хальцова. Нават прыбіральшчыца Іна Ізох асвойвае навуку саломапляцення. Астатнія плятуць лапці (прызнаны яны гісторыка-культурнай спадчынай Беларусі), ткуць паясы, займаюцца лазой ды саломай. 17 дзяцей і 30 дарослых — той творчы актыў, што пераймае ў раённым Доме рамёстваў старадаўнюю традыцыю. Таксама для таго, каб жыццё было больш паўнацэнным ды радасным.

Плесці кошыкі — справа мужчынская. Так я дагэтуль думаў. Ці не ўсё дзяцінства сачыў за родным дзядзькам Піліпам, які тварыў з лазы цуды. І сачыў за працай, і дапамагаў тую лазу нарыхтоўваць, а вось рамяство так і не пераняў. (Я сваю справу які ўжо год не з гнуткай лазы пляту, а са словаў, якія таксама назапашваць трэба.) Цяжкай падалася гэтая справа. А вось для Таццяны Сіроцінай такі занятак самым прыдатным аказаўся. Спачатку за бацькавымі шчыраваннямі прыглядала, потым вучылася ў знакамітай магілёўскай майстрыхі Таццяны Фяськовай. А тая — у Клаўдзіі Абакумавай. Майстэрства не толькі з падручнікаў вынікае. Яно з рук у рукі перадаецца. Вось і атрымліваецца, што кошыкі плесці — самая жаночая справа.

/i/content/pi/cult/829/17701/12.jpgСправа — у картузе

Этнограф з Любані Сяргей Выскварка носіць саламяны картуз. Я пазайздросціў. А той смяецца: “Дзе прыдбаў, не скажу!” Маўляў, у кожнага свой шлях да стварэння беларускага іміджу. Памятаеце, як Уладзімір Караткевіч пісаў, што сапраўдны жыхар Беларусі вусы павінен мець ды бараду. А я б сёння дадаў: “І саламяны картуз!” Шылі яго калісьці конскім воласам з пшанічных сцяблоў і насілі не адзін год. Але, сапраўды, дзе такі ўзяць? А Таццяна Сіроціна і падказала: “У Кароўчыне!”

Дом рамёстваў без развіцця гібее і губляе сваіх гурткоўцаў. Адзін з творчых праектаў у майстроў Дрыбінскага раёна так і называўся — “Картуз”. Скіраваны ён быў на пашырэнне асартыменту вырабаў. Але ад “захацець” да “зрабіць” — шлях не кароткі. Саламяныя картузы вырабляліся на Гродзеншчыне і Брэстчыне. Прыйшлося вывучыць досвед продкаў і звярнуцца да калег, якія выраб картузоў аднавілі. Так што з’ездзіць давялося і на Віцебшчыну. Паступова “картузовая” карціна і праявілася. Робяць картузы ў Кароўчыне на спецыяльных калодках, а сшываюць монаніткай (прадаецца ў крамах для рукадзелля). Такія сувеніры — нарасхват. І каштуюць усяго 30 рублёў, хоць чырвоная цана ім — усе 70. Любяць у Кароўчыне аматараў нацыянальных рэчаў, вельмі любяць!

Едзем у экспедыцыю!

Вы ўжо зразумелі, што майстры з Кароўчына на месцы не сядзяць. Бывае, за год і два дзясяткі выездаў зробяць, на выставы, конкурсы і ў экспедыцыі.

Плён ад выездаў “па куфрах” бывае ўнікальным. Аднойчы, згадвае Таццяна Уладзіміраўна, заехалі яны ў вёску Шастакі, да Паўлавых. Гаспадыня плячыма паціснула: “Ды, падаецца, няма ў мяне нічога цікавага”. А як адчыніла куфар, так усе і аслупянелі. Ручнікі XVIII стагоддзя! А ніткі не пацямнелі, усё так жа вочы радуюць жывым колерам. І зусім гаспадыня не сквапная. Проста на Дрыбіншчыне іншым разам вышывалі ды ткалі ўсёй сям’ёй. І прыгажосць рукатворная падавалася неад’емнай часткай вясковага побыту: жывеш і ўвагі не звяртаеш. А для непадрыхтаванага вока — падзея з падзей! Так што гаспадыня таго дома, калі разабралася, ад чаго вочы ў гасцей загарэліся, некалькі ручнікоў Дому рамёстваў падаравала. Вось такія на вёсцы бываюць фундатары.

Напрыканцы — пра рынак

Вы зразумелі, што майстры Дрыбіншчыны імкнуцца быць канкурэнтаздольнымі. Таму і выдумляюць штогод штосьці новае, незвычайнае. Асвоілі, да прыкладу, забытае майстэрства пяцельнага пляцення лазы. Іншым разам кару з лазы здымаюць, салому фарбуюць натуральным спосабам… Словам, спрабуюць здзіўляць. На нейкіх фестывалях ці конкурсах прадукцыя дрыбінскіх жанчын выглядае вельмі кідка. Таму і прыбытак ад яе рэалізацыі заўжды стабільны.

Што прыдумаюць у Кароўчыне заўтра?

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"