Замак у “транзітным стане”

№ 49 (1489) 05.12.2020 - 11.12.2020 г

Днямі ля Навагрудскага замка зноў з’явілася будаўнічая тэхніка. Гэта радасны навіна: значыць, працы па яго захаванні ўрэшце працягнуліся. Пакуль што іх плён не будзе бачны старонняму воку: найперш трэба завяршыць умацаванне нетраў стромкага вала, а потым ужо прыступіць і да работ на яго паверхні. Што, хочацца верыць, таксама не за гарамі.

/i/content/pi/cult/827/17671/024.jpgЯк паведаміў начальнік аддзела па арганізацыі навукова-праектнага і метадычнага забеспячэння ўпраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Альгерд Чарняўскі, рэканструкцыя з кансервацыяй i прыстасаваннем на гэтым аб’екце гiсторыка-культурнай каштоўнасцi налічвае шэсць пускавых комплексаў, з якіх цяпер рэалізуецца ўжо трэці.

Першыя крокі па захаванні замка рабіліся яшчэ ў 1920-ыя гады польскімі археолагамі і рэстаўратарамі. У 2011 годзе тут былі праведзеныя грунтоўныя археалагічныя даследаванні, якія засведчылі, што на тэрыторыі замка захаваліся таксама падмуркі княжацкага палаца і царквы XIV стагоддзя. А ўжо ў 2012 годзе гэты помнік дойлідства быў уключаны ў дзяржпраграму «Замкi Беларусi», што паклала пачатак аднаўленчым работам, якія працягваюцца і ў нашыя дні. У выніку папярэдніх этапаў гэтай дзейнасці ў 2014 годзе была завершаная кансервацыя Касцёльнай вежы.

Цяперашнія работы прадугледжваюць умацаванне схілу замкавай гары акурат з боку гэтай самай вежы, што павінна абараніць яе ад поўнага разбурэнняў выніку спаўзання грунту. Каб прадухіліць такое развіццё падзей, усталёўваюцца габiёны — адмысловыя металiчныя канструкцыi, запоўненыя каменнем, якія ўтвараюць своеасаблівую падпорную сцяну. Таксама схіл гары дадаткова ўмацаваны буранабіўнымі палямі.

/i/content/pi/cult/827/17671/025.jpgШто важна адзначыць, у якасці падрадчыка была абраная спецыялізаваная арганізацыя, якая мае шматгадовы досвед працы ў грунтах - ТАА “ВІЗБАС-М”. Яе прадстаўнік Сяргей Котаў паведаміў, што першы этап, а менавіта ўсталёўка буранабіўных паляў, распачаўся ў сярэдзіне лістапада. І на дадзены момант ўсе запланаваныя работы паспяхова завершаныя.

— Акурат сёння ў Наваградак адпраўлена апошняя машына, якая павінна забраць рэшту абсталявання, — дадаў ён.

Па словах Альгерда Чарняўскага, ужо распрацаваная праектна-каштарысная дакументацыя і на наступныя этапы работ — найперш гэта арганізацыя водаадводу з тэрыторыі замка. Сродкі на іх правядзенне паступаюць у рамках дзяржаўнай і абласной інвестыцыйных праграм, а таксама дзяржпраграмы “Культура Беларусі”.

Пра крытычны стан і вала і, адпаведна, размешчаных на ім руінаў было вядома ўжо даўно. Скажам, амаль дзесяць гадоў таму наша рэдакцыя ладзіла “Прэс-суботнік” —імпрэзу, падчас якой журналісты і вядомыя дзеячы культуры маглі паспытаць сябе ў ролі археолагаў (зразумела, пад кіраўніцтвам упаўнаважаных прафесіяналаў) ды пры гэтым лішні раз прыцягнуць увагу шырокага люду да ўбору сродкаў на аднаўленне замка.

Працы там і сапраўды неўзабаве пачаліся. Але ж іх першы вынік многіх непрыемна ўразіў. Роўныя геаметрычныя абрысы, якія прынялі парэшткі Касцёльнай вежы, з паняткам “рамантычная руіна” зусім не суадносіліся. Таму часам нават гучала: вярніце як было!

Навуковы кіраўнік рэстаўрацыі, светлай памяці Сяргей Друшчыц на тое адазваў з уласцівым яму флегматызмам: пачакайце, гэта ж толькі пачатак! Праведзеныя супрацьаварыйныя працы па ўмацаванні грунту і парэшткаў той самай вежы маюць тэхнічны, а не эстэтычны характар: калі б Касцёльную не чапалі, была вялікая рызыка, што і тэма для дыскусій знікла б сама сабою. А наперадзе яшчэ цэлы фронт работ. Таму пра эстэтыку і рамантыку варта будзе дбаць куды пазней.

Задумы адносна будучыні Наваградскага замка ў архітэктара ды ягоных хаўруснікаў былі не тое каб грандыёзныя, але затое даволі канкрэтныя. Эфектная рэканструкцыя “ўсяго-ўсяго” не планавалася нават у праекце, і справа тут зусім не ў браку фінансавання. Бо як насамрэч выглядаў замак у пару свайго росквіту, не ведае сёння ніхто - можна гэта хіба ўяўляць.Што добра для мастацкай творчасці, але блага для рэстаўрацыі, якая павінна мець належны навуковы падмурак.

Таму ад пачатку было вырашана абмежавацца малым: ўмацаваць схіл, затым пераўтварыць руіны дзвюх вежаў у руіны трывалыя — гэтым тэрмінам пазначаецца кансервацыя, якая дазваляе захаваць помнік у максімальна аўтэнтычным выглядзе, але пры гэтым засцерагчы яго ад далейшага зніштажэння. Потым вывесці на дзённую паверхню тыя падмуркі іншых пабудоваў, якія пакуль што ўтоеныя ад вачэй турыстаў - а іх багата. Затым аднавіць два ярусы Шчытоўкі (гэта магчыма, бо захавалася сякая-такая іканаграфія: першыя ў Наваградку фотаапараты паспелі зафіксаваць вежу ў лепшым за цяперашні стане) ды стварыць там невялічкую экспазіцыю. Урэшце — правесці добраўпарадкаванне ўсяго вала, пераўтварыўшы яго, па сутнасці, у музей пад адкрытым небам.

Я б дадаў тут і яшчэ адзін пункт - паступова прывесці да ладу і навакольную тэрыторыю, па магчымасці ачысціўшы яе ад патанулых у хмыззі малапрывабных буданчыкаў. Але рабіць не так, каб было “красіва”, а вельмі ўдумліва, з прыцягненнем прафесійных ландшафтных дызайнераў.

А яшчэ важна адзначыць, што ўсе гэтыя работы павінны мець планавы характар — з невялікім запасам часу на розныя “непрадбачаныя абставіны”. Яны ўжо ў падобнай сітуацыі здараліся два гады таму, калі будаўнікі, распачаўшы працу ў такі самы “позні сезон”, як цяпер, выпадкова закранулі культурны пласт ля ўзножжа вала, і ў з-пад каўша экскаватара сталі з’яўляцца старадаўнія артэфакты. Пра гэтую сітуацыю мы ў свой час падрабязна пісалі, а тут хіба адзначым: у такім гістарычным месцы, як Навагрудак, падобную магчымасць варта адразу ўлічваць. Падчас будаўнічых работ пласты мінуўшчыны адкрываюцца тут адзін за адным — на радасць археолагам.

…Ну, а ненатуральныя абрысы Касцёльнай вежы спадар Друшчыц падумаваў у перспектыве схаваць з дапамогайплюшчу, які атачае многія замкавыя пабудовы ў Еўропе. Але гэта, як мы бачым, ужо справа калі не дзясятая, дык недзе сёмая-восьмая. І калі да яе дойдзе — вось тады і з’явіцца нагода “спрачацца пра густы”.

Сёння ж самае галоўнае — каб адзін з самых знакавых помнікаў беларускага дойлідства, які на стагоддзі нібы завіснуў у нейкім “транзітным стане”, урэшце займеў ясны статус і прызначэнне. Якім яно павінна быць, зразумела даўно: ад турыстаў тут і цяпер няма адбою. Але паколькі пастаяннага кантролю за тэрыторыяй пакуль не прадугледжана, не ўсе яны паводзяць сябе з належным піетэтам да сівых муроў. Адна калега, якая наведала замак гэтым летам, была ўражаная і надпісамі, выдрапанымі на старой цэгле, і хай сабе рэдкім, але смеццем, якое трапляецца на валах, і альпіністамі-аматарамі, што скараюць тую ж Шчытоўку з рызыкай для жыцця і сабе і ёй.

Усяго гэтага не будзе, калі замак стане, даруйце за канцылярызм, рэжымным аб’ектам — з абавязковымі вартаўнікамі і дворнікам, у чые абавязкі ўваходзіць перманентна сачыць там за парадкам. А магчыма і касір, які бярэ за ўваход сімвалічную плату.

Без сумневу, той акрыляльны выгляд, які адкрываецца з валоў, нікуды пасля гэтага прераўвасаблення не падзенецца.