“Як палюбіла, так і зрабіла”

№ 47 (1487) 21.11.2020 - 27.11.2020 г

Нататкі з нагоды адной унікальнай музейнай выставы
Марыя Каўтунова памерла ў 1988 годзе. Калі сыходзіць блізкі чалавек — з’яўляецца пачуццё віны. І пачуццё гэта бязмерна большае, калі з жыцця cыходзіць майстар. Віна за тое, што цяжка ён жыў, а ты і бачыўся з ім зрэдку, і амаль нічому не вучыўся, і наогул, мабыць, не паспеў зразумець нешта самае важнае. Вельмі доўга нас прывучалі да думкі, што незаменных людзей няма. Але з сівой мінуўшчыны дайшло да нас, што “чалавек ёсць свет малы”. Ды знікае, гасне ўпарта адзін свет за другім. Таму ніколі не міне адчуванне пустэчы, што ўзнікла па смерці Марыі Паўлаўны Каўтуновай. І не толькі пустэчы, а і нейкага невядомага страху, бо з сыходам кожнага майстра нібы танчэйшай робіцца перашкода злу на гэтым свеце.

/i/content/pi/cult/825/17623/4.jpgНібы каляровыя ручаі...

Па-неглюбску

Пра сябе Марыя Паўлаўна доўга не расказвала, яе вясковая біяграфія — стандартная. Нарадзілася ў Неглюбцы 1 красавіка 1915 года. Скончыла 2 класы мясцовай школы. Працавала даяркай. Замуж пайшла ў 1931-м. Узгадавала 9 дзяцей. Ткаць і вышываць вучылася, як і ўсе тады, з дзяцінства. Пра яе творчасць можна напісаць кнігу.

Мы, музейныя работнікі, упершыню прыехалі ў пасёлак Рэпішча позняй вясной 1981 года. Калі зайшлі ў дом майстрыхі, здалося, што трапілі ў майскі сад. Не было ні лапіка пустой сцяны. Тканыя і вышытыя дываны, карцінкі, кожная навалачка, падзор, посцілка нібы выхваляліся адзін перад адным сваёй квяцістасцю. Чырвоны кут свяціўся ад ручнікоў. Дом, здавалася, спрачаўся з прыродай. Мы, аслеплыя ад радаснага святла, нават забыліся на гаспадыню. А як ачунялі — убачылі перад сабой прыгожую, статную жанчыну. Твар яе таксама ззяў радасцю. Нягледзячы на мажнасць, яна была вельмі рухавая і да таго ж гаваркая. Але мы здзівіліся, калі Марыя Паўлаўна пачала даставаць з шафы, з падложкаў куфры рэчы свайго рукадзелля. Нібы каляровыя ручаі паплылі долу чатырохметровыя ручнікі, на канапу адзін за другім клаліся дываны, посцілкі, падзоры. А ў нас адразу з’явілася безліч пытанняў. І калі паспела зрабіць столькі, і як працавала?

Тлумачыла Марыя Паўлаўна: “Хоць кожная ткачыха па-свойму ручнік робіць, ды трэба трымацца, каб неглюбскі ён быў”.

Марыя Паўлаўна вышуквала, збірала ўзоры арнаментаў з усіх старэнькіх ручнікоў і аднаўляла старажытныя знакі “сонца”, “вады”, “узаранага і засеянага поля”, “вялікай урадлівасці”, пераводзіла іх са складанай тэхнікі даўнейшага бранага ткацтва ў больш просты адналічны перабор. Нават мужа свайго Ігната Іванавіча пасылала зімой у іншыя вёскі за ўзорамі. І ён прыносіў ёй старэнькія кавалкі з найскладанейшым арнаментам. І душа яе адразу пачынала хвалявацца: “Хаджу, працую, а думка ў мяне як бы зрабіць, а ці атрымаецца?” Ёй трэба было палюбіць узор, “а як палюбіла, адразу і зрабіла”.

/i/content/pi/cult/825/17623/5.jpgУбачыць радасць

Колькі разоў прасілі мы Марыю Паўлаўну аддаць што-небудзь у музей. Яна ўсё адцягвала той час. Потым тры ручнікі ўсё ж выдзеліла, а пра астатняе сказала: “Пасля маёй смерці ўсё забярыцё, а пакуль жыву — няхай будзе дома”.

Тады мы не зразумелі, што ёй трэба было ганарыцца сваёй работай, здзіўляць людзей, якіх нямала перабыло ў яе дома, пераконваць іх, што чалавек можа багата чаго паспець у гэтым жыцці. Ёй важна было бачыць радасць на тварах, каб запоўніць сваю душу і зноў штодня брацца за іголку ці садзіцца за ткацкі станок.

А ў радне няскончанага дывана засталіся ў вечным чаканні дзве вялікія іголкі з ніцямі…

Дзеці выканалі запавет маці. Пакінуўшы сабе па адным тканым ручніку, яны ўсё астатняе (больш за 60 прадметаў) перадалі ў музей. І сёння мы маглі убачыць увесь “сад яе жыцця” на выставе 30 кастрычніка 2020 года.

/i/content/pi/cult/825/17623/6.jpgРай недашыты, недажыты

Праз 30 гадоў музей зладзіў выставу цудоўнай неглюбскай майстрыхі зноў. Яна прысвечана 105-годдзю з дня нараджэння Марыі Паўлаўны. Мы зноў запрашалі “ўбачыць і абрадаваць свою душу”. Але мы самі змяніліся, як і час. І зноў задалі два галоўныя пытанні. Адно: “Ці магчымая творчая свабода ў лёсе Чалавека Традыцыі?” Другое: “Калі час змяніўся, як і мы, што за магутная энергія перадаецца праз Традыцыю і жывіць нас?”

Веткаўскі музей вядомы сваёй семіятычнай скіраванасцю ў доследах традыцыйнай культуры. Таму і выстава, пры захаванні аўтабіяграфічнай і этнаграфічнай дакладнасці, разгортвае сваю прастору на восі “трох станкоў”.

Шлюбны ложак, які “едзе” праз тканы і шыты рай, што створаны душой і рукамі Мар’і — 9 дзяцей і іх лёсы. Рай недашыты-недажыты — абрываецца вялікай раднінай, напалову ператворанай у сад з ружамі, а ў край яго ў 1988 годзе ўваткнута іголка з каляровай ніткай — апошні штрых мастака…

Кросны, на якіх тварыліся сусветы яе ручнікоў… Самі ўзорчатыя тканіны, прачытаныя як тэксты, з вастрынёй сутыкнення архаікі і сучаснасці.

/i/content/pi/cult/825/17623/7.jpgСтанок-мальберт — і партрэт Мар’і на ім работы Яўгена Зайцава, народнага мастака Беларусі (ён адышоў ад нас у 1992 годзе). Годнасць майстрыхі, прыгажосць мажнай жанчыны, яе тканы сусвет вакол… Цяпер партрэт апынуўся у тым мікракосме, у якім ён ствараўся ў 1973 годзе. Пытанне аб Тварэнні і Прыгажосці — на ўсіх кодах. Упершыню яно зададзенае так востра, ярка, канкрэтна і касмалагічна.

Тут важна не толькі прадставіць творчасць майстрыхі — адной з паслядоўніц Традыцыі. Нас натхнілі і праекты сталічных маладых з пластыкавымі “этнічнымі” дэкорамі на тэмы непаразумення і змярцвення, нематы і маўчання самой Традыцыі… Альбо глухаты сучаснасці? Мы зноў хацелі запытаць і выбудаваць прастору дыялога — вопыт аказаўся неверагодна пераканаўчым, жыватворным, творчым!

У 70-я гады ХХ стагоддзя неглюбская традыцыя ткацтва перажывала адраджэнне. Жыццё стала больш багатым. Выраслі новыя дамы з высокімі столямі і каляровымі разнымі ліштвамі на вялікіх вокнах. У гонар Перамогі будавалі і аздаблялі іх самі неглюбскія мужыкі.

Зразумела, што Традыцыя Неглюбкі семіятычна патрабавала прыгажосці — як разнастайнасці, як найвышэйшай адзнакі майстэрства і заможнасці (аніводнай аднолькавай кашулі ў дзявоцкім кубле!). І пасаг з ягонай міфа-этна-фізіялогіяй разгортваў свой архаічны алгарытм: для кожнай дачкі — не па адным ручніку…

Але чаму менавіта гэты час выклікаў рэвалюцыйнае аднаўленне ў ткацтве, якое ўсё ж заставалася адметным голасам Неглюбкі? Змяніліся памеры, каляровая гама, тэхнікі; новыя ўзоры патокам паліліся ў старажытны фонд знакаў… Але пакуль жыве традыцыя, яна перапрацоўвае любы заемны матэрыял — “ПА-НЕГЛЮБСКУ”, як кажуць самі майстрыхі.

Сама з’ява новага каляровага цуда патрабуе зразумець прастору яго існавання. Што адчула ў гэтых пераменах, напрыклад, майстрыха Мар’я Паўлаўна і як выказала сваё адчуванне на мове ткацтва, на адным з галоўных кодаў Традыцыі?

Нібыта дырыжор

Мы ўжо акрэслілі новы вобраз неглюбскага дома: прастора, высокая столь, вялікія вокны і іх разьбяны ўбор, фарбаваныя дэталі разьбы (адзначым, што элементы “мужчынскага” дэкору таксама рознакаляровыя). Унутры, у самім доме — панаванне красак-фарбаў-колераў вышыўкі і ткання. У сельмаг прывезлі новыя рознакаляровыя ніткі — мулінэ: “Як вам удалося такі прыгожы ручнік саткаць?” — “У мяне проста ніткі такія!” Аднак не ўсё так проста.

Ручнік — нібыта дырыжор у шматгалоссі самаробных тканін: прасцін, падзораў, посцілак, навалак, пярын, падушак, накідак, полагаў; дываноў, дываночкаў, дарожак, палавічкоў; фіранак, ручнічкоў на рамках фота і на люстэрках, ручнікоў між вокнамі; сурвэтак-абрусоў-платкоў… І тых, што ў вясельным куфры, і тых, што ў радзінным гатаванні, і тых — у смяротным наборы — на самым дне куфра і жыцця… І ўсялякая рэч тут грае сваю “партыю”.

Партал у іншы свет

Неглюбскі Кут — партал з трох ручнікоў. На іконе альбо на іконах — “набожнік” са спушчанымі канцамі, літарай “П”: “Гэта ж адзежка Богу”. Бліжэй да нас — над іконамі — “першы накутнік”, таксама “П”, варотамі. Усё ахоплівае трэці, галоўны накутнік. У суме — партал з трох арак: бы ўваход у храм-алтар-сакральны цэнтр Дома. Уваход у іншы свет. Да таго ж, пад полкай з абразамі — пелена-накутнік. Гэта ніжні свет мікракосма Кута. Самі ж ручнікі — таксама і дарогі-лесвіцы на неба. Левы канец, уверх, ён вестка арнаменту да неба, маленне. Белай сярэдзінай тканіна праходзіць “па багах”, па верхнім Тым свеце. Адтуль спускаецца правым канцом да людзей — зноў жа: дарогай-лесвіцай-добрай весткай-адказам.

Нездарма ручнікі мяняюць “па сезонах”. У Неглюбцы даўней — аж да дванаццаці разоў. Самы лепшы — на Пасху і на Успенне. Архаічны прынцып “абмену з багамі”, на знакавым узроўні. Прыгажосць — як боская Мера ў збудаванні ўсяго космасу. Зноў мадэль Сусвету-Шлях-Тэкст? Так, архетып рытуалу, які стварае Космас — у кожным комплексе. І ў Куце, які здаецца нам пустым дэкаратыўным збудаваннем тканін вакол ікон у хаце. Ён здзіўляе сваёй празмернасцю — але толькі з нашага, іншакультурнага пункта гледжання.

Вайна стыхій і перамога жыцця

Як пабудаваны шматкаляровы неглюбскі ручнік, і ці ёсць у ім неглюбскі космас?

Як утрымаць неглюбскі характар? Самая глыбінная семантыка — на тэхналагічным узроўні, у матэрыялах, у самім працэсе ткання. Далей, этнавызначальнасць — у колеры, у колькасці элементаў (“слоўніку”) арнаменту, у законах іх чаргавання і спалучэнняў; ва ўсёй кампазіцыі… Кампазіцыя, наогул, — “сінтаксіс” сімвалаў. Лічыцца, што менавіта сінтаксіс захоўвае інфармацыю найболей. У гэтым сінтаксісе — архаічная логіка: логіка абрадавага шэсця-календара-чына вяселля… Логіка наскрозь вобразная. Ручнік — наканаваны лёс, а ў ім — архетып сустрэчы-вяселля неба і зямлі. Угледзімся ў “цвятны” ручнік Марыі Паўлаўны.

У традыцыі неглюбскі ручнік — папярэчна-паласаты, у глыбінным кодзе — лесвіца на неба. Узоры — у белых прасветах паміж шырокімі чырвонымі палосамі. Іх у Неглюбцы завуць “калодкі”. Яны робяць ручнік “красным” у дамінуючым каларыце. У “цвятным” “калодкі” звузіліся, а самі арнаменты падзяліліся на два тыпы: выконваюцца “па белым” і па чырвоным фоне, “па цёмным”. Так што бела- і чырвонафонавыя радкі чаргуюцца, лесвіца захоўваецца. У суме “маса” чырвонага застаецца вызначальнай: ручнік — “красны”.

Палосы ўзораў не аднолькавай шырыні. Самыя шырокія — у цэнтры кампазіцыі. Тут пануе архаічная люстраная сіметрыя з галоўнымі сімваламі ў цэнтры, “у серядавых хрястах”. Так сіметрычныя — карагод, вяселле, абрад “Стрялы”, каляндар і нават жыццё. Гэта нотны стан, рытмічная канва — магчыма, строй яшчэ з радзімічаў… Цяпер на гэты паэтычны памер-метр нагрузка ўзрасла: утрымліваць хвалі не толькі чаргавання знакаў — памераў-форм-колькасці, але і колераў.

Падаснова колераў застаецца, чырвоны канец ручніка — этнавызначальны падняпроўскі (чырвоныя правыя берагі, аснова старажытнага земляробства). На мове колераў чырвоны — саспелы, сакральны, угатаваны. Так, дабавіліся іншыя, нетрадыцыйныя колеры. Але ці выпадковыя? На саспелай глебе цёмна-“краснага” пульсуе іх рытм. Іх характар стварае дзве працілеглыя “арміі”, падобна да таго, як дзве стыхіі раней выяўляліся ў знаках агня і вады-зямлі. Цяпер яны ў колерах чырвонага і небывалага сіняга. Касмічны паядынак — той Асноўны міф, навальнічны і сонечны, нябеснае вяселле. Агнявы рух-бег-бой неба, навальнічны апладняльны дождж — з вызваленнем багацця, закаванага зімой-зміем-смерцю: з вяртаннем вады, статку, зямлі-жаны… Бачна, як узоры насычаюцца сіняй вільгаццю. Бачна, як чырвонае выбівае іскры, разлівае полымя, рассыпае промні. Тыя ўваходзяць у глыбіню Маці-Сырой-Зямлі. І нараджаецца жыццё — зялёнае, маладое, веснавое, вясельнае. І ўжо яно марыць аб чырвоных кветках, што як дзве каплі вады падобна на сваіх касмалагічных бацькоў…

Загадка застаецца

Развіццё традыцыі адбываецца праз найбольш таленавітых яе творцаў. Большасць ткацкіх традыцый завяршыла сваё існаванне, разам са згасаннем архаічнай земляробчай магіі — на сямейным узроўні. Таму спадчына тканін і строяў адзення здаецца нам недакранальным “гербарыем”.

Неглюбка спарадзіла свае новыя ручнікі ў тэкстах шлюбнай абраднасці і хатняга інтэр’ера. Яна забяспечыла іх росквіт — “расшыфраваўшы” архаічныя сімвалы ў расліннай трактоўцы. Яна ўзвяла свой вясёлы вясельны храм, зрабіўшы ў ім ручнікі — вітражамі. Калі параўнаць крылы ручнікоў пад ветрам на Радуніцу з птушынымі (зграя райскіх птушак, што зляталіся на родавыя магілы), то гэта аказаўся ўзнёслы палёт. Калі казаць пра ручнікі-лесвіцы — то менавіта ў Неглюбцы і на Радуніцу сказалі: “Ручнік — гэта ж дарога на неба!”

Так, полісемантычнасць і шматкодавасць стварэння традыцыйных тэкстаў разгарнула перад намі сваю сімфонію, увабраўшы новыя сродкі і ператварыўшы іх “па-негюбску”.

Некалькі слаўных імёнаў, сярод якіх — і Марыя Каўтунова.

Усе яны пераймалі, камбінавалі, злучалі тэмы і “сюжэты”: “Калі не той узор ставіш — рукама і нагама ўпіраецца — а не йдзець!”

Аднак у кожнай майстрыхі — свой найболей удалы нататак, стылістычная лінія. Таму ў нашым успрыманні мастакі неглюбскага рэнесансу так і засталіся з эпітэтамі, дадзенымі ў музеі: “Каларыст”, “Архітэктар”, “Археолаг”… Апошняе празванне — пра “даследчыцкую” дзейнасць Марыі Паўлаўны, што збірала нават “ашмёткі старынных ручнікоў”. Неглюбскае пакаленне сталасці 1970-х… У чым — феномен? Сярод іх не было капіістаў. “Ручнік палучыўся — калі ў ём саглассі ёсць!”

Міфалогія кроснаў

Метафара ткання чалавечага цела старажытная, яна ёсць яшчэ ў “Адысеі” Гамэра. Можна прыгадаць і малітву I стагоддзя нашай эры да Багародзіцы, дзе Марыя параўноўваецца з ткацкім станам, у якім саткалася плоць Хрыстова. Там жа Дзева — гэта аснова, ткач — Святы Дух. На іконе Дабравешчання Марыя прадзе. У народнай традыцыі ткаць пачыналі пасля Дабравешчання. Таму ручнік — “праграма роду”, чалавечы лёс і жыццёвы шлях, — натуральна атаясамліваўся і з плоццю чалавека. Стварэнне істоты чалавека-космаса-сусвету — зноў-такі, Шлях.

Кросны ў загадках часта маюць эратычны падтэкст: “Прыйшоў цуд, стаў у кут, просіць дзеўку альбо бабу…” У кодзе транспарту кросны насычаныя вобразамі руха ткачыхі праз тры ярусы Сусвету. Адзін з іх — свет продкаў: “Ткачыха мажэ бачыць мёртвых”! Відаць, продкі бязмоўна, праз узоры, нагаворваюць архаічныя тэксты тэкстылю. Самі ставы — пара коней-“кабыл” — з комляў дрэў. У Неглюбцы мы набылі такія архаічныя ставы — “з нагамы”. Навоі — колы з восямі — навярху, бы едуць па верхнім небе. Неглюбка тчэ тканіну зваротным бокам да майстра, ткачыха бычыць толькі іспод тканіны, што стварае. Стан-кросны — транспарт сонца. Гэты архетып узроста індаеўрапейства. Часткі вобраза раскіданы па свеце. Напрыклад, на рускай Поўначы ў станах — конскія галовы, салярныя знакі. У Швецыі XIX стагоддзя ёсць цалкам кросны-калясніца з парай коней. Грукат панажоў, па якіх ідзе-скача майстрыха, мерны стук бёрдаў. Яны ткуць нешта большае за ўтылітарную каштоўнасць. Тэкст Бога і тэксты нашага жыцця…

Галіна НЯЧАЕВА, намеснік дырэктара Веткаўскага музея па навуковай дзейнасц,і

Святлана ЛЯВОНЦЕВА, галоўны музейны захавальнік

Фота з архіва музея