Як мастак спадар Уладзімір чалавек не пафасны. Таму такая назва напачатку падалася мне не адпавядаючай ладу ягонай творчасці. Ёсць у ягоных работах містыка і загадкавасць, сюррэалістычная фантазійнасць, драматызм і шляхетнасць, але пафас, асабліва біблійнага кшталту — гэта, як мне думалася, не ягонае. Нават калі мастак звяртаецца да сюжэтаў, пачэрпнутых з самай вядомай у свеце кнігі, ягоныя малюнкі і гравюры не ўспрымаюцца ілюстрацыямі лёсавызначальных падзей, што перавярнулі свет і ўтварылі новыя гарызонты. У яго хутчэй атрымліваюцца хатнія хронікі, а апосталы з Хрыстом бачацца такімі ж людзьмі, як мы з вамі. Але, аглядаючы выставу і трымаючы ў галаве яе назву, я чамусьці згадаў арыгінальны помнік, зроблены менавіта па матывах “лесвіцы Якава”, што спалучае Неба і Зямлю. Помнік быў зроблены ў памяць святароў, што ў часе Грамадзянскай вайны ў Іспаніі спрабавалі спыніць словам Божым вар’яцтва нацыянальнага маштабу і праз гэта самі сталі ахвярамі згаданага вар’яцтва. Імем Неба яны заклікалі людзей спыніць крывавае супрацьстаянне на Зямлі, не губіць сваю душу. Стаіць помнік у каталонскім манастыры Мансерат.
І ведаеце, пасля гэтай згадкі ўсё стала на свае месцы. Мастак сваімі творамі гаворыць пра адвечнае і пазачасавае, будуючы лесвіцу паміж уяўным ідэалам і рэчаіснацю. Гэта калі характарызаваць ягоную творчасць у агульных рысах, не засяроджваючы ўвагу на тых ці іншых нюансах.
Выстава зроблена вельмі густоўна. Уласна кажучы, Уладзімір Вішнеўскі з ліку тых мастакоў, што проста не могуць намаляваць кепска. Ці не кожную ягоную работу можна ўстаўляць у рамку пад шкло і несці на выставу. Так што, калі і была праблема адбору, дык гэта як з масіва добрага вылучыць выдатнае. І гэта атрымалася. Я заўжды з захапленнем ставіўся да ягонай здольнасці па-майстэрску маляваць светлымі лініяй і плямай па цёмным тле. Выявы ў такім выпадку глядзяцца як вырваныя з цемры промнем, і праз гэта нават самыя простыя рэчы набываюць згаданыя вышэй містычнасць і драматызм.
Акрамя таго, што Уладзімір Вішнеўскі графік, ён яшчэ і разьбяр. Гэта рэдкае спалучэнне. Звычайна скульптары звяртаюцца да графікі і жывапісу, каб занатаваць нешта такое, што ў перспектыве можа стаць пластыкай. Тут іншы выпадак. Магчыма, гэтую іпастась трэба тлумачыць натуральным жаданнем выйсці за межы плоскасці, дзе і ёсць асноўнае поле дзейнасці мастака-графіка. Да таго на паперы Вішнеўскі стварае рэч з, так бы мовіць, чыстага аркуша, а ў пластыцы ідзе ад наяўнай формы і фактуры матэрыялу. Часта выхад у іншую сферу дазваляе па-новаму ўбачыць і сваю звыклую справу. Работа ў пластыцы, безумоўна, ўплывае на тое, што ён робіць у сваім любімым афорце.
Асабіста мне нязвыклым у кантэксце творчасці Уладзіміра Вішнеўскага падаецца зварот да буйнафарматнай графікі ў тэхніцы акрылу і акварэлі. Такія творы ў стылістыцы сепіі таксама ёсць на выставе. Я параўнаў бы іх з выхадам на “аператыўны прастор” мастака, які доўгі час замацоўваўся на звыклым і зручным “плацдарме”. Магчыма гэта новы паварот у творчасці.
І напрыканцы зноў пра лесвіцу… Чалавеку ўжо пры нараджэнні, а потым па жыцці даецца вельмі многа. І ў дадатак да ўсяго — магчымасць скіраваць гэты капітал на годную справу або змарнаваць. Скажам так, зарыць талент у зямлю, або скарыстаць у якасці будаўнічага матэрылу для лесвіцы ў неба. Уладзімір Вішнеўскі, безумоўна, з роду ўзнёслых будаўнікоў.