Ян Астроўскі, скульптар з Аршаншчыны

№ 42 (1481) 17.10.2020 - 23.10.2020 г

Частка I
Пяць гадоў таму ў поле майго зроку выпадкова трапіла асоба беларускага скульптара Яна Астроўскага. У ХІХ стагоддзі яго імя было шырока вядома па-за межамі радзімы, аб чым сведчаць тагачасныя СМІ, а таксама біяграфічныя нарысы ў розных сучасных даведніках. Зразумела, вядомы ён і беларускім мастацтвазнаўцам. Мяне ж ён зацікавіў як аўтар бюста беларускага нацыянальнага героя Тадэвуша Рэйтана. Хоць, каб быць дакладным, трэба зазначыць, што не бракавала ў “арсенале” творчага даробку Яна Астроўскага і памятак пра іншых славутых беларусаў — Адама Міцкевіча, Уладзіслава Сыракомлю, Станіслава Манюшку, Тадэвуша Касцюшку, Юльяна Нямцэвіча… Днямі, завітаўшы ў чытальную залу Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі і стоячы перад кніжнымі паліцамі, якія літаральна ўгіналіся ад розных слоўнікаў і даведнікаў, я раптоўна вырашыў пацікавіцца, а што ж напісана пра Астроўскага. У рукі мне трапіў адзін са шматтомных даведнікаў Нацыянальнай акадэміі Польшчы. Інфармацыя мяне захапіла настолькі, што, не марнуючы часу, усе яго тамы былі загружаны ў адмысловую цялежку і перавезены ў чытальную залу. І вось, што ў выніку атрымалася.

/i/content/pi/cult/820/17541/10.jpgПраца на дзесяцігоддзі

Першыя ж думкі і пытанні, якія ўзніклі пасля азнаямлення са зместам некалькіх важкіх тамоў: а ці існуе ў Беларусі такі ж даведнік беларускіх мастакоў, скульптараў ад даўніх да нашых часоў.

Так, у нас, безумоўна, ёсць самыя розныя даведнікі, але ж, вядома, дарога да далейшых напрацовак і ўдасканалення заўсёды адкрытая. Таму хацелася б падзякаваць за працу Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і разам з тым запытацца: ці не настаў час зрабіць і некалькі больш ёмістых акадэмічных даведнікаў?

Зразумела, што такая важная праца, хутчэй за ўсё, расцягнецца на годы, але яна патрэбна. Ды і запатрабаванасць з боку грамадства маецца. Дарэчы, скарыстацца дзеля гэтага можна напрацоўкамі польскіх мастацтвазнаўцаў, якія не вагаючыся залічалі ў шэрагі “польскіх” творцаў усіх тых, хто нарадзіўся на этнічна беларускіх землях (хай сабе якія некалі і ўваходзілі ў былую Рэч Паспалітую), або прыехаў на гэтыя землі і нейкі час папрацаваў. Дзякуючы такому “ўніверсальнаму” падыходу, у даведніку можна знайсці звесткі пра нашых шматлікіх землякоў. У тым ліку і пра Астроўскага, які на тэрыторыі ўласна Польшчы, падаецца, так ніколі і не пабываў.

Шчыра кажучы, тое, што было напісана пра Яна Астроўскага ў польскім даведніку, на сто адсоткаў не было прынцыпова новай інфармацыяй. Бо збольшага жыццярыс нашага героя мне ўжо быў так ці інакш вядомы. Але менавіта гэты паход у НББ справакаваў жаданне падзяліцца назапашаным. Тым больш, што тыя, хто аб ім пісаў, выдавалі супярэчную інфармацыю. Напрыклад, нібыта Ян Астроўскі вучыўся ў Віленскім універсітэце...

Студэнт? Адораны самавук!

У пачатку 1862 года ў рэдакцыю “Tygodnik poznanski” невядомая асоба даслала з Вільні матэрыялы пра мастацкі рух у “літоўскай сталіцы”. Сярод гэтых папер аказаліся даволі цікавыя на погляд рэдакцыі звесткі пра “літоўскага скульптара” пана Астроўскага. Які, маючы здольнасці, займаючыся самаадукацыяй, здабыў сабе ў родным краі надзвычайную славу. Уласна кажучы, гэта першая і адзіная прыжыццёвая біяграфія Яна Астроўскага, якую “друкары” назвалі “цалкам праўдзівай, няма ў ёй нічога прыдуманага”. Сапраўды, на той момант Ян Астроўскі быў вельмі вядомай асобай, і, безумоўна, меў усе магчымасці абвергнуць “памылкі друку”. Па ўсёй верагоднасці віленскі карэспандэнт “штотыднёвіка” атрымаў гэтыя звесткі ад самога Астроўскага, і таму да іх можна ставіцца з пэўным даверам. Праўда, некаторыя рэчы патрабуюць праверкі і ўдакладнення, бо аб сваёй сям’і , радаводзе “аўтар” нічога не паведаміў. Як не ведаў ён, што пражыве яшчэ дзесяць гадоў.

“Нарадзіўся Ян Астроўскі ў 1811 годзе ў малым мястэчку (Сянно — рэд.) у Магілёўскай губерніі. Уся ягоная адукацыя абмежавалася абучэннем у “элементарнай” школцы ў Датнаве (блізу Кейдан — рэд.)”.У іншых крыніцах сцвярджаецца, што Ян Астроўскі патрапіў на Жамойць у Датнава да сваякоў пасля таго, як рана асірацеў. Падлеткам Астроўскі адправіўся ў Віцебск да багатага сваяка ў надзеі атрымаць ад яго якую-небудзь дапамогу, але быў даволі холадна прыняты. З-за чаго юнак-шляхціц вымушаны быў падацца ў вазніцы. Гэта праца, якой Астроўскі аддаў шэсць гадоў, перакрыжавала яму дарогу да далейшай адукацыі. У 1834 годзе Ян Астроўскі патрапіў у Вільню, на службу вартавым да пані Герман, якая трымала пансіён для маладых паненак. У 1862 годзе, як пісаў карэспандэнт газеты, былі жывымі даўнія віленскія месцічы, якія яшчэ памяталі “вартавога” Яна Астроўскага.

Што да вучобы Астроўскага ва ўніверсітэце, то прыйдзецца развітацца з гэтым міфам. За два гады да з’яўлення Астроўскага ў Вільні тамтэйшы ўніверсітэт расійскімі ўладамі быў зачынены. Дарэчы, кафедра скульптуры пры ўніверсітэце была зачынена значна раней. Працытуем “Гісторыю Беларускага мастацтва” (том ІІІ), якая выйшла яшчэ ў 1989 годзе. У раздзеле пра скульптуру канца XVIII — першай паловы XIX стагоддзяў маецца кароткі гістарычны нарыс віленскай скульптурнай школы. Яе заснаванне можна адлічваць ад “1803 года, калі пры Віленскім універсітэце, адначасова з кафедрай жывапісу і графікі быў арганізаваны і клас скульптуры, які спачатку ўзначальваў французкі скульптар Андрэ Ле Брун (1737 — 1811), а пасля яго смерці — вучань Ле Бруна ўраджэнец Міншчыны Казімір Ельскі. Ён засвоіў асветніцкую філасофію і мастацкую праграму класіцызму і кіраваўся ёй у сваёй уласнай творчасці і сістэме мастацкай адукацыі. Характэрнымі рысамі яго творчасці з’яўляліся сцвярджэнне патрыятычных, грамадзянскіх ідэй, каштоўнасці чалавечай асобы, цікавасць да свайго роднага краю”. Праўда, у 1826 годзе, скульптурны клас быў зачынены. Фармальна, з-за“высочайших сомнений в целесообразносци существования этого класа”, якія выказаў расійскі імператар Аляксандр І. Нібыта, цалкам хапае і Пецярбурскай акадэміі мастацтваў. Праўдзівая ж прычына знішчэння беларускай скульптурнай школы была ў тым, што “першы прафесар скульптуры ў Беларусі”, а таксама яго вучні былі ўдзельнікамі “патаемнага таварыства філаматаў і філарэтаў, дзейнасць якога была скіравана супраць царскага самадзяржаўя”. А ў 1832 годзе была спынена дзейнасць і астатніх кафедр мастацтва, у сувязі с закрыццём “неблагонадёжного” ўніверсітэта. “Беларускае мастацтва страціла арганізацыйнае ядро, аднак прагрэсіўныя традыцыі Віленскай мастацкай школы яшчэ доўгі час працягваюць жыць у творчасці шэрагу яе выхаванцаў”.

Цікава, што сярод самых вядомых прадстаўнікоў віленскай скульптурнай школы названы і Астроўскі. Верагодна, аўтары пайшлі ўтроп за памылковымі звесткамі з розных слоўнікаў, дзе дапускаецца, што ён мог вучыцца на кафедры скульптуры ў прафесара Казіміра Ельскага.

Рыга. Вазніца солі

Праз два гады службы вартавым лёс Астроўскага зрабіў круты паварот. Пад час адной з віленскіх ярмарак юнак пазнаёміўся з французкім купцом з Рыгі, якому дапамагаў у справах. Гэты купец, адчуўшы, што мае справу з годным чалавекам, да таго ж і добра развітым фізічна, забраў Астроўскага ў Рыгу. Нейкі час хлопец служыў яму за вазніцу і перавозіў соль з караблёў у склады. Праца была малаінтэлектуальная, але давала той заробак, які дазволіў тое-сёе адкласці на “чорны дзень”. І дзень такі надышоў. Аднойчы, перавозячы тачку солі на бераг, Астроўскі падсклізнуўся і разам з соллю і тачкай зваліўся ў ваду. Зразумела, што патануць яму не далі калегі, якія скокнулі за ім у ваду і выцягнулі на бераг. Але такое здарэнне стала лёсавызначальным. Хоць Астроўскі і паправіўся, але стрэс так паўплываў на яго нервовую сістэму, што здарэнне тое зрабіла немагчымым займацца любой цяжкай працай.

З вазніцаў у вандроўныя акцёры

Маючы ў гаманцы некалькі манет, Ян Астроўскі набыў шарманку, вывучыў некалькі жанглёрскіх прыёмаў і адправіўся вандраваць. Аднойчы ў Кейданах (горад блізу Коўна, калісьці быў месцам соймікавання жамойцкай шляхты — рэд.), Астроўскі пазнаёміўся з італьянскімі майстрамі, якія як і ён вандравалі з месца на месца, прадаючы гіпсавыя фігуркі. Як у свой час цяжкая непаваротлівая тачка з соллю згуляла ў яго жыцці важную ролю, накіраваўшы па сцяжынцы ў мастацтва, так і гэта сустрэча з майстрамі гіпсавых спраў стала лагічным працягам. Бо зачараваны тым, як з гіпсу паўстаюць розныя рэчы, Астроўскі, не вагаючыся, развязаў гаманец у другі раз. За невядомы кошт італьянцы навучылі пытлівага юнака некаторым асновам працы з матэрыялам. Даволі хутка засвоіўшы рамяство, Астроўскі развітаўся з калегамі, наняў сабе хатку пад майстэрню ў мясцовага ганчара і заняўся лепкай.

Аўтар: Зміцер ЮРКЕВІЧ
калумніст газеты "Культура", арт-куратар