Павел Кухта: беларускі віртуоз класічнай гітары

№ 32 (1471) 08.08.2020 - 15.08.2020 г

Добразычлівы, уважлівы, тактоўны чалавек. Саліст Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Гітарыст, якіх у краіне адзінкі. Па вялікаму рахунку праз віртуознае валоданне класічнай іспанскай гітарай Павел Кухта робіць культурны прамоўшэн Беларусі па-за яе межамі. Таму з яго імем асацыюецца высокі ўзровень выканання, а значыць, патэнцыйныя магчымасці краіны, бо яскравым майстрам-выканаўцам ён стаў менавіта тут.

Ён нарадзіўся ў Гродне, і так атрымалася, што маці (сама музыкант па адукацыі) паўплывала на будучы лёс сына самым наўпроставым чынам: адвяла яго ў музычную школу. Шчыра кажучы, звычайная гісторыя, бо хто як ні маці заклапочана апекуецца сваім дзіцём? Але ж, на думку Паўла, музыканты, як правіла, не вельмі жадаюць свайго хлеба родным дзецям: прафесійна займацца музыкай складана, павінен быць і талент, і добры густ і, канешне, выключны музычны слых.

— Тым не менш, мая маці рызыкнула, — усмехаецца Павел, — усё ж такі аддала мяне ў музычную ўстанову. Для агульнага развіцця гэта карысна. Дарэчы, не толькі для дзіцяці.

Спачатку хлопчык вучыўся граць на скрыпцы, потым перайшоў на класічную гітару, паралельна яшчэ былі азнаямленчыя прадметы: фартэпіяна і нават нейкі час баян...

/i/content/pi/cult/810/17369/9_6.jpgУ дзіцяці, які спрабуе авалодаць класічнай гітарай, спачатку не проста разгледзець нейкі талент. Тут павінны сысціся зоркі. Да таго ж педагогі нярэдка мяняюцца, часам не могуць знайсці з дзецьмі агульную мову ці падабраць да іх патрэбнага падыходу. А ў добрым падыходзе ёсць безумоўная патрэба, бо пры навучанні необходна не адбіць у дзіцяці ахвоты, не кажучы ўжо пра раскрыццё патэнцыйнага таленту.

“Па сутнасці, і ў музычнай школе, і ў каледжы, і ў ВНУ вельмі важна сустрэць не толькі прафесіянала, але пажадана і добрага чалавека, — упэўнены Павел. — Абудзіць цікавасць, прышчапіць любоў да музычнай культуры, да пастаяннага ўдасканалення музычных навыкаў — гэта ўжо вялікая справа, сур’ёзны ўклад у гітарыста”.

Па словах Паўла, толькі недзе ў сярэдзіне навучання ў музычнай школе ў яго з’явіліся ўсведамленне, да чаго яму хацелася б прыйсці ў гітарнай музыцы, адказнасць перад сабой, а значыць і перад іншымі. Ён пачаў адчуваць лепш інструмент, зразумеў, што заняткі і намаганні наўпрост залежаць ад руху наперад, ад удасканалення і музычнага развіцця. Напрыканцы вучобы ён ўжо займаўся абсалютна самастойна і быў гатовы ісці далей.

— Ці шмат часу Вы тады прысвячалі гітары?

— У музычнай школе намі валодала такая ідэя: гітары неабходна надаваць столькі часу, колькі магчыма. Чым болей — тым лепей. Пяць-шэсць гадзін на дзень я, вядома, прысвячаў.

Талент беларускага класічнага гітарыста цяжка было не заўважыць. За час навучання Павел Кухта некалькі разоў быў удастоены звання лаўрэата спецыяльнага фонду Прэзідэнта Беларусі па падтрымцы таленавітай моладзі.

— Сістэма заахвочванняў дадзенага Фонду мае свае градацыі, — тлумачыць Павел. — Ёсць дыпламанты дадзенага Фонду, ёсць лаўрэаты... Пазіцыя лаўрэатаў звязана з заахвочваннем грантамі. Грант — гэта ўжо больш сур’ёзны ўзровень, які прадугледжвае не менш за два тура ў конкурсе. Сапраўды, ад Фонду Прэзідэнта я быў заахвочаны некалькі разоў.

Сёння Павел Кухта — класічны гітарыст, якого ведаюць шмат у якіх краінах свету. Ён нярэдка прымае ўдзел у міжнародных конкурсах і фестывалях.

Відавочна, любы конкурс — гэта ў пэўным сэнсе пераадоленне сябе. Некаторыя выканаўцы да конкурсаў не даязджаюць, не кажучы, пра ўдзел. Іншыя, наадварот, свядома з’язджаюць за мяжу, у тым ліку і ў Еўропу, каб быць да такіх конкурсаў бліжэй. Бо там ты можаш ужывую ўбачыць лепшых класічных гітарыстаў, звярнуць увагу на іх выканальніцкую манеру і абмяняцца ідэямі, інфармацыяй. У гэтым плане шлях Паўла Кухты быў іншым.

— Я нікуды не з’ехаў, — кажа Павел. — Атрымаў выдатную адукацыю ў нас у Беларусі, канкрэтна — у Грыдзюшкі Яўгена Міхайлавіча, прафесара Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Міжнародны ўзровень, сваё майстэрства я адтачыў менавіта ў гэтага выдатнага педагога. У выніку, як класічны гітарыст з Беларусі я прыязджаў на конкурсы і фестывалі ў іншыя краіны і ў гэтым статусе браў месцы. Дарэчы, раней за мяжой шмат хто першы раз чуў пра Беларусь, пыталіся: а дзе гэта? Даводзілася тлумачыць. Потым прыйшла пазнавальнасць, а з ёй і асацыяцыі з краінай, дзе я нарадзіўся.

— Якая школа класічнай гітары сёння найбольш моцная? Мо іспанская?

— Не, гэта памылковае ўяўленне. Іспанцы, безумоўна, вельмі моцныя гітарысты, са сваёй традыцыяй, каларытам, падачай, эмоцыямі. Фламенка — гэта, вядома, іспанскі стыль, які ідзе з пакалення ў пакаленне, і ў гэтай манеры ігры іспанцам знайсці роўных даволі цяжка. Хоць час ад часу і знаходзяцца.

Калі ж казаць пра школу класічнай гітары, то цяпер настолькі ўсё перамяшалася ў музыцы ды і ў свеце, што тут вылучыць нешта адно будзе не зусім правільна. У Францыі свая цікавая школа. Моцная польская школа класічнай гітары. Са сваімі традыцыямі школы ў Германіі і Аўстрыі. Нярэдка, дарэчы, іспанцы, харваты, палякі і расіяне вучацца ў Нямеччыне і Аўстрыі.

— Як Вы ставіцеся да такога накірунку ў гітарнай музыцы, як фінгерстайл? Некаторыя адзначаюць, што Габрыэла Кеведа і Томі Эмануэль (вядомыя выканаўцы фінгерстайла) шматлікія элементы для свайго стылю ўзялі менавіта ў класічных гітарыстаў.

— Пэўна, у нейкай ступені некаторыя падыходы і ў класічных гітарыстаў, і ў тых, хто іграе ў стылі фінгерстайл, можа быць, і збліжаюцца. Але, на мой погляд, гэта такое даволі адноснае збліжэнне дзвюх розных музычных светаў, дзвюх розных моў выканання і выразы.

Томі Эмануэль падчас сваіх выступаў казаў, што ён не мае музычнай адукацыі, але выгадоўваўся ў музычнай сям’і. Калі не памыляюся, яму было чатыры гады, і ён ужо спрабаваў граць у групе свайго старэйшага брата.

І Томі Эмануэль, і Габрыэла Кеведа, і іншыя музыканты-самавукі ўсё ж такі нейкім чынам датыкаліся да музычнай адукацыі: ці бралі ўрокі музыкі, ці вучыліся ў сям’і, ці нешта вывучалі з дапамогай мас-медыя. З аднаго боку, гэтыя музыкі не пішуць санаты і сюіты. З другога, у іх усё ж такі развіта кампазітарская жылка... Хтосьці з іх дасягае добрых вышынь, і мы ведаем такую музыку і любім слухаць яе. Так, на эстрадзе, у рок-музыцы шмат музыкаў-самавукаў, але я не ведаю ніводнага музыканта, які б самастойна асвоіў школу ігры ў класічным стылі.

— Быць можа, гэта і перабольшванне, але, здаецца, сёння ў Беларусі класічных гітарыстаў міжнароднага ўзроўню не так і шмат. Ва ўсялякім разе Вы на гэтым фоне відавочна вылучаецеся...

— У нейкай ступені, можа, гэта і так. Напэўна, і ў рэпертуары, і ў конкурсах, канцэртах я зайшоў крыху далей, чым іншыя беларускія класічныя гітарысты. І ўсё ж такі ў Беларусі ёсць вельмі таленавітыя музыкі, але некаторыя з іх пакуль напрацоўваюць стыль і тэхніку, некаторыя з’язджаюць, каб паспрабаваць знайсці сябе ў іншай краіне і культуры. Але ж выбіцца наперад і быць першым — такой мэты ў мяне не было. Так атрымалася.

Аляксандр КРЫВАНОС