Грунвальд: узровень уздзеяння мусіць быць…

№ 32 (1471) 08.08.2020 - 15.08.2020 г

У Нацыянальным гістарычным музеі праходзіць фотавыстава, прысвечаная 610-й гадавіне Грунвальдскай бітвы. На прадстаўленых здымках — фрагменты гістарычнай рэканструкцыі, што рэгулярна ладзіцца на полі, дзе ў Сярэднявеччы быў спынены тэўтонскі “Націск на Усход”.

У выніку перамогі Вялікае Княства Літоўскае і Польская карона атрымалі на некалькі стагоддзяў адносна спакойную мяжу на захадзе. Пасля Грунвальда больш як пяцьсот год, аж да Першай сусветнай вайны, на нашай зямлі не бачылі ўзброеных германцаў. Тая перамога стала адной з перадумоў культурнага ўздыму, што адбыўся ў Вялікім княстве ў XVI cтагоддзі. Бо ўзнікла магчымасць пераразмеркаваць частку сродкаў, якія раней забірала абарона, на патрэбы мірнага жыцця. Праўда, Польшча ад Грунвальда выйграла болей за наш край. Ціск з захаду на Польшчу знік, а на ўсходзе войны ВКЛ з Масковіяй не прыпыняліся…

/i/content/pi/cult/810/17362/3_5.jpg

Аповед пра Грунвальд у пастаяннай экспазіцыі музея.

Грунвальд — адна з найважнейшых старонак нашай гісторыі. Выстава цікавая найперш для тых, хто неабыякавы да Сярэднявечча і захапляецца рэканструкцыямі гістарычных падзей. У Беларусі не першы год ладзяцца касцюміраваныя дзеі. Варта адзначыць, што рыцарства сёння ў трэндзе. Аматарскія аб’яднанні, як правіла, самі ствараюць сярэднявечны рыштунак і зброю, каб потым удзельнічаць у “рыцарскіх турнірах”. Сёння падобныя аб’яднанні ёсць не толькі ў краінах, дзе такая матэрыяльная культура мае свае традыцыі і з’яўляецца неад’емнай часткай нацыянальнай гісторыі, але нават у Расіі, дзе рыцарства як з’явы не было нават тэарэтычна з прычыны спецыфікі палітычнай гісторыі Масковіі.

Я, маючы сярод знаёмцаў мастакоў, што працуюць з металам і калі-нікалі робяць рэканструкцыі халоднай зброі рыцарскіх часоў, уяляю — наколькі гэты занятак творчы і як праца зацягвае. Дарэчы, без інтэлекту вышэй за сярэдні за яе не варта брацца. Бо каб зрабіць копію старажытнага клінка ці тарчы-шчыта, акрамя валодання пэўнымі тэхнічнымі навыкамі трэба яшчэ разумець тую эпоху — а для гэтага пажадана чытаць кнігі і хадзіць па музеях.

/i/content/pi/cult/810/17362/3_6.jpg

На фотаздымках выставы можна разгледзець, які метал для свайго рыштунку скарыстоўваюць “рыцары”, якой геральдыцы аддаюць перавагу, як наладжаны побыт у лагеры на Грунвальдскім полі падчас рэканструкцыі бітвы.

Выстава размешчана ў калідоры паміж экспазіцыйнымі заламі першага паверха музея. Ёй вельмі пасуюць скульптуры Вітаўта і Ягайлы, што знаходзяцца ў адной з гэтых залаў. Фігуры выкананыя паводле афіцыйных партрэтаў і апісанняў з максімальнай ступенню праўдзівасці. Можна паверыць, што менавіта так і выглядалі героі Грунвальда.

Маю па выставе і пэўныя заўвагі. Нацыянальны гістарычны па вялікім рахунку з’яўляецца галоўным музеем краіны. Рабіць “проста выставу” тут нельга. Кожная павінна быць падзеяй, і не толькі інфармаваць гледача, але і ўзбагачаць яго ведамі і эмоцыямі. Я глядач падрыхтаваны і асэнсоўваю тое, што на фатаграфіі, — а гэта рэканструцыі славутай бітвы — з гледзішча свайго жыццёвага досведу і ўласных гістарычных ведаў. А што возьме з гэтага нехта, хто ўпершыню пра Грунвальд чуе? Мабыць, толькі зафіксуе ў памяці тое, што была калісьці вялікая бойка? Каб такі глядач-неафіт зразумеў значэнне Грунвальда для лёсу Беларусі, недастаткова змясціць на выставе проста тэкст з апісаннем бітвы. На маю думку, тут павінен парупіцца і дызайнер-экспазіцыянер, і музейшчык-метадыст, і псіхолаг-сацыёлаг. Артэфакт ці фотаздымак мусіць “працаваць” так, каб нічога не трэба было тлумачыць.

Вось гляжу я, да прыкладу, на царкву ў Сынкавічах (ды нават на яе здымак!), пабудаваную за тры гады да Грунвальдскай бітвы, і разумею: у нашай краіны — вялікая гераічная гісторыя. Такі ж узровень уздзеяння мусіць быць ад музейнай рэчы ці дакументальнага здымка ў музейнай экспазіцыі. Не ўсе ж гледачы падрыхтаваныя…

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"