Першы спектакль — “Гульцы” па п’есе Гогаля. Ставіў яго мой былы выпускнік Ягор Лёгкін, педагог па акцёрскім майстэрстве — Людміла Кучарэнка, светлавое рашэнне — Марыя Сарасек, пластычнае — Дар’я Карпічанкова, музычнае — Алег Шыман. Летась у сакавіку вазілі яго ў Маскву, удзельнічалі ў Другім тэатральным фестывалі краін СНД “ГІТІС-майстар-клас” — і работа была адзначана як лепшая сярод іншых. Сёлета мы таксама збіраліся на гэты фестываль, квіткі набылі туды-назад — і тут такое здарылася.
Дарэчы, збіраліся мы ехаць са спектаклем “Цiха тут на досвiтках…” паводле аповесці “А досвіткі тут ціхія…” Барыса Васільева ў перакладзе Аляксея Дударава. Віталь Краўчанка зрабіў сцэнічную рэдакцыю і пастаноўку, я выступіў мастацкім кіраўніком. Мы прысвяцілі яе юбілею Вялікай Перамогі, планавалі шмат дзе паказаць, ды паспелі прайграць усяго некалькі разоў.
Нарэшце, эксперыментальны спектакль “Звярыныя гісторыі” па аднайменнай п’есе сучаснага амерыканскага драматурга Дона Нігра паставіла Таццяна Траяновіч разам з Цэнтрам эксперыментальнай рэжысуры: мастак — Валянціна Праўдзіна, аўтар медыякантэнту — Алена Сілуціна, пластыка — Сяргей Паяркаў. Складаецца спектакль, як і п’еса, з некалькіх кароткіх гісторый, у ім задзейнічаны ўвесь курс — 14 чалавек. У кожнага па дзве — тры ролі — свая майстэрня, дый толькі! Збіраліся з гэтай пастаноўкай увосень у Кішынёў, на Міжнародны фестываль-лабараторыю камерных тэатраў і спектакляў малых формаў “Малдфэст.рампа.ру” — паглядзім, што і як атрымаецца. Ну і, вядома, канцэртная праграма, дзе нашы выхаванцы дэманструюць спевы, танцы, сцэнічны бой ды іншыя неабходныя для акцёраў рэчы.
Відэазапіс — гэта дадатковая цяжкасць і для артыстаў, і для гледачоў, уключаючы камісію. Але мне вельмі падабаецца адна цытата Іосіфа Бродскага, якую я дазволю сабе прывесці хаця б у скарочаным выглядзе. У час сустрэчы з выпускнікамі Мічыганскага ўніверсітэта ён сказаў штосьці накшталт: старайцеся паважаць жыццё і за ягоныя цяжкасці таксама, бо яны не з’яўляюцца падманам. Таму цяперашнія складанасці трэба перажыць — і максімальна выціснуць з іх нейкі новы вопыт, які дапаможа ў далейшым.