Чароўны баец палку дызайнераў

№ 23 (1462) 06.06.2020 - 13.06.2020 г

Ад цяжкай хваробы пайшла з жыцця Ала Ленсу — адзін са старэйшых дызайнераў Беларусі, калі можна так сказать пра гэтую прыгожую жанчыну. 68 год для нашага часу — зусім не ўзрост. Жыць бы ды жыць, але…

/i/content/pi/cult/801/17211/_opt.jpegАлу Ленсу добра памятаюць многія беларускія дызайнеры- “васьмідзясятнікі”. У 1982 годзе яна скончыла аддзяленне нагляднай агітацыі і выстаў - сёння ім кіруе кафедра графічнага дызайну Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Разам з ёю вучыліся такія выдатныя майстры, як Зіновій Марголін, зараз знакаміты сцэнограф, уладальнік прэміі “Залатая маска”, галоўны мастак Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек Валерый Рачкоўскі, на жаль, таксама ўжо нябожчык.

Ала Афанасьеўна не займела такой вядомасці, як гэтыя яе аднакурснікі, але для дызайну Беларусі зрабіла таксама нямала. Яна была мастаком, творчасць якога ўваходзіла непасрэдна ў нашае жыццё. Працуючы дызайнерам Цэнтральнага канструктарскага бюро “Пеленг” Беларускага оптыка-механічнага аб’яднання, Беларускага канструктарска-тэхналагічнага інстытута мясцовай прамысловасці, а потым будучы супрацоўнікам творчай дызайн-студыі “Макаўза” Беларускага саюза дызайнераў і Усесаюзнай творчай дызайн-студыі Саюза дызайнераў СССР, яна распрацавала цэлы шэраг узораў рэкламнай упакоўкі і рэкламнай дакументацыі для фотатэхнікі, побытавых і гаспадарчых вырабаў, фірменныя стылі прадпрыемстваў і грамадскіх арганізацый Беларусі, займалася афармленнем выстаў. Малюнак на поліэтыленавым пакеце з выявай спартыўнага комплекса Раўбічы, зроблены Алай Ленсу у другой палове 1980-х гадоў, стаў “хітом” таго часу - кожны другі мінчук тады хадзіў з такім пакетам. Удзельнічала Ала са сваімі распрацоўкамі і ў выставах за мяжой. Рэкламныя ўпакоўкі беларускіх фотаапаратаў, зробленыя ёю, дэманстраваліся на Міжнароднай выставе фотоаапаратуры ў нямецкім Кёльне і мелі там заслужаны поспех.

Яе здабыткі ў прафесіі былі адзначаны дыпломам Міжнароднай асацыяцыі “Саюз дызайнераў” за дасягненні ў галіне і ў сувязі з 20-годдзем Саюза дызайнераў СССР. А сама Ала Ленсу разам з дзясяткам беларускіх прамысловых дызайнераў стала заснавальнікам Беларускага аддзялення гэтай асацыяцыі. Названая грамадская арганізацыя нямала зрабіла для развіцця прамысловага дызайну ў Беларусі і ўсталявання кантактаў айчынных творцаў з калегамі іншых краін СНД. Таму заўчасным сконам Алы Ленсу засмучаны не толькі беларускія стваральнікі дызайну, але і прафесіяналы з бліжняга замежжа. Аднак, безумоўна, найбольшую страту адчуваюць нашы дызайнеры, якія ведалі і запомнілі Алу Ленсу як выдатнага спецыяліста і душэўнага чалавека.

Анатоль Цехановіч,
Якаў Ленсу,
члены Беларускага
саюза дызайнераў