Michael Soul: “Заўсёды хацеў працаваць у Лондане...”

№ 22 (1461) 30.05.2020 - 06.06.2020 г

Малады, таленавіты, артыстычны — спявак і аўтар песень Michael Soul з таго новага пакалення папулярнай музыкі Беларусі, што творыць у рэчышчы сусветных актуальных і модных трэндаў. На сцэне Michael Soul, ён жа Міхаіл Сасуноў, з самага маленства, прайшоў праз мноства конкурсаў, зведаў поспех, зведаў і правал — некалькі гадоў таму нават ставіў кропку ў артыстычнай кар’еры. А праславіўся Майкл ва ўкраінскім шоу “Голас краіны”. І ўвогуле, за межамі Радзімы ў яго болей прыхільнікаў, чым у роднай Беларусі. Такім чынам, яшчэ адну гісторыю пра тое, як таленавітым людзям даводзіцца шукаць сябе ў чужых краях, мы вам сёння раскажам.

/i/content/pi/cult/800/17190/05.JPG— Вось зараз вы дома ў Мінску, але ў нейкім сэнсе вымушана — вярнуліся з Англіі, калі пачалася пандэмія.

— У Лондан я пераехаў восенню, калі атрымаў прапанову аб цікавай музычнай працы, і пакуль асабліва нікому пра гэта не расказваў. Займаюся прадакшнам, пішу музыку, разам з саўнд-прадзюсарам ствараю песні — не для сябе, а для іншых.

— Праца ў Лондане — адной са сталіц сусветнага шоу-бізнесу — для многіх музыкантаў проста недасяжная мара. Як вам удалося?

— Там прынята расшукваць таленты па ўсім свеце, так і мяне знайшлі — паслухалі на YouTube песні. Увогуле, не як артыст, а як аўтар музыкі я і раней быў даволі запатрабаваны. У Лондане ў нас вялікая міжнародная каманда, для якой створаны ўсе ўмовы — толькі працуйце, толькі давайце вынік. Узровень сур’ёзны. Да таго ж, знаёмствы ў сферы шоу-бізнесу калі-небудзь спатрэбяцца мне і ў якасці артыста — думаю зарабіць грошай і там жа пачаць кар’еру ўжо як спявак. Але цяпер з-за пандэміі працу давялося спыніць, усе раз’ехаліся па дамах, і нават цяжка сказаць, што будзе далей. Адзін з плюсаў сітуацыі ў тым, што я маю магчымасць пабыць са сваімі роднымі, — даўно так доўга не жыў у Беларусі!

— Наколькі я разумею, беларуская музыка і беларуская сцэна ў нейкім сэнсе вас ужо згубілі.

— Баюся, што так. Лондан жа невыпадкова мне на галаву зваліўся — я гэтага заўсёды хацеў. Усё маё папярэдняе жыццё неяк вяло да таго, што ў Беларусі ў мяне нічога не атрымаецца, бо калі што і атрымлівалася — дык не тут. У прынцыпе, я гадоў з 18-ці пастаянна знаходжуся за мяжой, нямала часу правёў ва Украіне — з кобрынскай камандай “Чайка” мы вельмі паспяхова выступалі ў тэлевізійным праекце “Ліга смеху”, я там нават танцаваў з будучым прэзідэнтам Украіны. (смех) А потым быў “Голас краіны”, пасля якога, як кажуць, я прачнуўся славутым.

— Якраз на тым “Еўрабачанні”, што праходзіла ў Кіеве, вы выступалі ў якасці бэк-вакаліста групы Naviband, а год таму — пасля ўсіх поспехаў ва Украіне — усё ж вырашылі паўдзельнічаць у беларускім адборы на “Еўрабачанне”. І на думку многіх менавіта вы павінны былі выйграць адбор, а не Зена. Моцна тады расстроіліся?

— Мой леташні ўдзел у гэтым конкурсе ў нейкім сэнсе быў спробай “вярнуцца ў Беларусь”. Вось шчыра — я не так жадаў задаволіць свае патрэбы, як хацеў дапамагчы роднай краіне выглядаць годна перад еўрапейскімі гледачамі. Мне многія казалі, што я павінны гэта зрабіць, маўляў, менавіта такія артысты на “Еўрабачанні” і патрэбныя. І я рашыў — окей : уклаў многа сіл у падрыхтоўку, ахвяраваў іншай шыкоўнай прапановай, мяне падтрымалі вялізныя фан-паблікі “Еўрабачання” па ўсёй Еўропе. На жаль, нічога не атрымалася — журы абрала Зену. І вось тады я ўжо канчаткова зразумеў, што ў Беларусі ў мяне няма шанцаў, бо наша шоу-індустрыя калі і рухаецца, то не ў той бок. І я сказаў сабе — не, мабыць, не варта губляць гады свайго жыцця на тое, каб змагацца і спрабаваць мяняць сістэму. Хаця ёсць многа людзей — я захапляюся імі — якія тут працуюць, упарта супраціўляюцца і спадзяюцца калі-небудзь дасягнуць вынікаў.

/i/content/pi/cult/800/17190/04.JPG— Ваша гісторыя падобная да гісторый Кірыла Гуда і Рамана Волазнева — вам усім па 23 гады, вы ўсе займаецеся актуальнай поп-музыкай. Толькі яны ў выніку абралі Маскву для рэалізацыі сваіх здольнасцяў.

— Так, нас часта называюць у адной звязцы, мы нярэдка ўдзельнічалі ў адных і тых жа конкурсах. І ў мяне пастаянна пытаюцца — чаму не Масква? Але мне туды ніколі не хацелася, мне не падабаецца, як у Расіі развіваецца шоу-бізнес. У Беларусі, дапусцім, ён увогуле не развіваецца, а Расія на нейкім этапе была лідарам сярод постсавецкіх краін. Цяпер жа, бясспрэчна, тон задае Україна. Там за апошнія гады ўсё на такі неверагодны ўзровень узляцела! Я шчыра люблю Украіну, і ўвогуле магу сказаць, што калі ў Расіі шоу-бізнес — гэта пра грошы, то ва Украіне — пра творчасць і крэатыўныя ідэі. Часам людзі працуюць літаральна за капейкі, але ствараюць пры гэтым дзіўна прыгожыя і цікавыя рэчы — усё віруе. А я вельмі люблю менавіта творчасць, заўсёды яе шукаю.

— Цяпер нават цяжка паверыць, што гады тры таму вы збіраліся развітвацца са сцэнай. Што здарылася?

— На той момант я выкладаў вакал у адной мінскай студыі — а пачаў гэтым займацца яшчэ ў 17 гадоў, паралельна з вучобай у Мінскім каледжы мастацтваў. І ў гэтай студыі мяне ўвесь час пераконвалі, што майго таленту недастаткова для таго, каб самому быць артыстам. А перад гэтым жа ў складзе дуэта The EM з Ягорам Шаранковым я ўжо паўдзельнічаў у адборы на “Еўрабачанне” — таксама нічога не дасягнуў. І вось праз пару гадоў такога выкладання, калі я па 9 гадзін на дзень займаўся з вучнямі, я проста знясілеў. А як артыст ужо ні на што не разлічваў. Таму вырашыў усё кінуць і кардынальна змяніць жыццё. У выніку з’ехаў у Барселону і працаваў там подыумнай мадэллю, дэманстраваў адзенне розных брэндаў. Але праз пэўны час паддаўся на ўгаворы прадзюсараў украінскага шоу “Голас краіны” і прыехаў на кастынг.

— Я правільна разумею, што поспех на “Голасе краіны” перавярнуў усё вашае жыццё, вярнуў да музыкі?

 — Абсалютна правільна. Я ж вырашыў — усё, болей не спяваю. І калі мяне ўгаворвалі паўдзельнічаць, адмаўляўся: “Не, не! Да мяне ніхто не павернецца, у мяне нічога не атрымаецца!” Але мае блізкія людзі сказалі: “А давай ты паспрабуеш апошні раз, і потым канчаткова адпусціш гэтую гісторыю!” А я працаваў тады ў Ніццы — падумаў-падумаў, ды пазваніў у Кіеў. Але ішоў на конкурс без усялякіх спадзяванняў, марыў, каб хоць адзін настаўнік павярнуўся. А павярнуліся ўсе!

— Да вас не проста павярнуліся — за вас не на жарт змагаліся чатыры выдатныя артысты: Джамала, Сяргей Бабкін, Патап, Ціна Караль, напелі вам мноства дыфірамбаў. А відэа з тым першым выступленнем — з песняй “Блюз” Земфіры — зараз мае каля 3-х мільёнаў праглядаў. Але будаваць кар’еру ва Украіне вы не сталі.

— Сапраўды, усё складвалася цудоўна — потым былі ж і наступныя эфіры, мяне пазнавалі на вуліцах, бралі аўтографы. Пасля заканчэння шоу са мной усе хацелі працаваць, ужо з’явіліся канкрэтныя планы. Але з-за розных фармальнасцяў — я перавысіў колькасць дзён, якія меў права знаходзіцца на тэрыторыі Украіны, а аплачаны штраф некуды знік — мне забаранілі ўезд на тры гады. Канешне, з дапамогай адвакатаў праз пэўны час забарона была знятая, але момант быў упушчаны, да таго ж у мяне пачаліся ўжо перамовы з Лонданам.

— Калі бачыш вас на сцэне, на экране — здаецца, што вы вельмі ўпэўнены ў сабе, стыльны ды й проста прыгожы малады чалавек. Але пры гэтым вы расказваеце, што шмат гадоў лічылі сябе ледзь не ўродам. І фігура ў вас, маўляў, нейкая не такая — а пры гэтым ходзіце па подыуме. Адкуль гэта ўсё?

— Насамрэч, комплексаў хапае. Канешне, усё ідзе з дзяцінства, са школы — а вырас я ў Брэсце. Для мяне школьныя гады былі вельмі балючымі, проста вельмі-вельмі. Мяне і праўда называлі ўродам, цкавалі. Я спяваў, займаўся музыкай, і нечым, мабыць адрозніваўся ад тых, хто мяне зневажаў. Сам я асабліва і не магу сказаць, чым я для іх быў не такі. Ну, я мог, канешне, нешта дзіўнае зрабіць. (смех). Напрыклад, паглядзеўшы адзін англійскі фільм, я захацеў і сабе такую школьную форму — доўгія шорты, чорныя гетры, акуратныя баціначкі. Бабуля мне купіла шорты, я нацягнуў гетры, і пайшоў у школу. Натуральна, мне дасталася. Ратавала хіба што маё пачуццё гумару — у нас гэта сямейнае, каму ні пазваніць — хоць маме, хоць бабулі ці дзеду — дык гэта ўзняць сабе настрой. Калі ў 15 гадоў я прыехаў у Мінск у каледж мастацтваў, дзе сустрэўся з нармальным стаўленнем да сябе, то пачаў патроху выплываць, хаця не так проста было пачаць успрымаць сябе нармальна. Але ўсё роўна — ніколі не ведаеш, калі гэтая праблема ізноў вылезе. Вось я ж паверыў у нейкі момант, што і артыста з мяне не будзе! Я нават у такім конкурсе, як “Белазаўскі акорд” не заняў ніякага месца, у беларускім тэлепраекце “Акадэмія талентаў” мяне ніводзін настаўнік не абраў! Але нічога, у Еўропе папулярная прыказка, што найбольш каштоўныя людзі, якія тройчы прайгралі, а не двойчы выйгралі.

— Ці разглядаеце вы яшчэ магчымасць паўдзельнічаць у “Еўрабачанні” ад Беларусі, пайсці ў конкурс, напрыклад, “Славянскага базару ў Віцебску”, ці нешта падобнае? Якія справы вас яшчэ звязваюць з Беларуссю?

— Я вырашыў, што конкурсаў з мяне досыць — любых. Асабліва гэта тычыцца беларускага адбору на “Еўрабачанне” — з ім было звязана нямала непрыемных для мяне гісторый. Адзінае, пра што я вельмі шкадую — што летась адмовіўся паўдзельнічаць у кітайскім грандыёзным конкурсным шоу Singer. Паліна Гагарына і Дзімаш не адмовіліся, а я, бачце, вырашыў замест гэтага выступіць у адборы на “Еўрабачанне”. У Кітай мяне неяк запрашалі з канцэртамі на адкрыццё сеткі атэляў, дык я даведаўся, што, аказваецца, вельмі падабаюся кітайцам, мая знешнасць там проста фурор выклікае.

У Беларусі, між іншага, я запатрабаваны як аўтар песень для юных артыстаў. Вось на сёлетні адбор да “Дзіцячага Еўрабачання” ўжо зроблена пяць кампазіцый. Летась было чатыры, адна — песня “Vetra” ў выкананні Марыі Ермаковай — дык і лічылася фаварытам, многія былі ўпэўнены, што яна павінна перамагчы. Але ж не… Вось бачыце, нават на “Дзіцячым Еўрабачанні” мне не пашанцавала! (смех) Нейкая карма. Як з гэтай забаронай ва Украіне, што паламала ўсе планы, а цяпер з пандэміяй, што паставіла пад пытанне працу ў Лондане.

У Беларусі я планую запусціць адзін дабрачынны праект — я аўтар ідэі, куратар. Пакуль рана расказваць, бо мы зараз на этапе пошуку інвестараў, у мяне тут ёсць каманда, якая ва ўсім дапамагае — я іх называю “мае феі”. Нядаўна прыняў удзел у дабрачынным марафоне, што ладзіў “Спамаш” — на ўсе прапановы з задавальненнем адгукаюся. І ўвогуле, зараз я пішу многа музыкі — сядзенне дома спрыяе такой дзейнасці. То, можа, і нейкія іншыя ідэі з’явяцца.