Нельга двойчы ўвайсці ў адну плынь

№ 21 (1460) 23.05.2020 - 30.05.2020 г

Cёлета праект “Мастак і горад” прысвечаны стагоддзю УНОВИСа. Значнасць кожнай з’явы, у дадзеным выпадку культурніцкай, вызначаецца тым, які досвед яна ўвасобіла і як паўплывала на будучыню. Гісторыя УНОВИСа распісана, бадай, па днях. Жыццяпіс стрыжнявых асоб віцебскага авангарда таксама не з’яўляецца таямніцай. Больш-менш зразумелая і перадгісторыя авангардысцкага выбуху. А вось спрэчкі пра тое, ці разбурыў той выбух заганныя стэрэатыпы, што засцілі далягляд будучыні, доўжацца дагэтуль і скончацца не хутка. А можа і ніколі.

/i/content/pi/cult/799/17186/025.JPGПасля стварэння ў Віцебску шыкоўнага музея авангарда і шырокага святкавання ў нашай краіне юбілею УНОВИСа цяжка будзе не бачыць Беларусь на карце сусветнай культуры ХХ стагоддзя.

Як ведаюць мінчукі, “Мастак і горад” — гэта інфармацыйныя стэнды на плошчы Якуба Коласа, на якіх размешчаны рэпрадукцыі работ мастакоў, чыя творчасць, на думку арганізатараў праекта, актуальная для беларускай культурніцкай грамады і дастаткова прадстаўнічая, каб стаць візітоўкай нашай краіны калі не ў еўрапейскім, дык хаця б у рэгіянальным кантэксе. УНОВИС-100 гэтым крытэрыям цалкам адпавядае.

На стэндах прадстаўлены рэпрадукцыі работ сучасных віцебскіх мастакоў, якія, ведаючы культурніцкую гісторыю свайго горада, імкнуцца адаптаваць спадчыну Малевіча і Шагала да сённяшняга дня. Мастакоў шаснаццаць. Кожны прэзентуецца дзвюма работамі. У мяне ад прагляду тае выставы ўражанне неадназначнае. Я ўдзячны арганізатарам за тое, што яны прадаставілі рэгіянальнаму цэнтру прадэманстраваць свой творчы патэнцыял сталіцы. У Віцебску, як, дарэчы, і паўсюль у Беларусі, шмат таленавітых майстроў, якія, на жаль, не часта выстаўляюцца ў Мінску. Праз гэта збедненым застаецца ўяўленне сталіцы пра мастацкі патэнцыял усёй краіны, а творцы з рэгіёнаў не суадносяць свой творчы досвед з агульнанацыянальнымі трэндамі. Так што, паўтаруся, сёлетняя акцыя “Мастак і горад” — справа годная.

А вось спроба трактаваць творчасць сучасных мастакоў горада на Дзвіне як працяг справы УНОВИСа, а менавіта так успрымаецца гэта культурніцкая акцыя, мне не падаецца плённай. Зыходжу з выслоўя, што ў адну раку немагчыма ўвайсці двойчы. У кожнае наступнае імгненне вада ўжо іншая. Тое ж і з ракой Часу. Хоць і кажуць, што гісторыя — гэта спіраль у развіцці: што было, тое і будзе, усё паўторыцца на больш высокім вітку развіцця — але аднавіць у сённяшніх умовах сітуацыю Віцебска першых паслярэвалюцыйных гадоў немагчыма. Ды і не трэба… Рэканструяваць мінулае, нават калі яно наш маральны капітал і нацыянальны гонар, усё адно не атрымаецца. Гэта, дарэчы, засведчыў і творчы досвед віцебскай суполкі “Квадрат”, на сёння не існуючай. Сабраліся вакол цікавай канцэпцыі таленавітыя, амбіцыйныя, патрыятычна настроеныя майстры, працавалі натхнённа, дбалі пра будучыню, а ўсё адно атрымалася рэтра. Досыць якаснае, але актуальнае ўчора.

Я бачыў карціны сучасных сюррэалістаў у Музеі Далі ў Фігерасе. Па майстэрству не саступаюць Далі, але не ўражваюць. Так я ўспрымаю і спробы зрабіць нешта “пад Шагала” ці “пад Малевіча”. Адзінае, што варта пераймаць у вялікіх мастакоў — гэта іх памкненне не быць падобнымі да іншых, ісці ўласным шляхам.

Хацелася і надалей бачыць у праекце “Мастак і горад” творцаў з рэгіёнаў, але не абавязкова прывязваць іх да гістарычных брэндаў.

Я кажу пра стэнды на плошчы Коласа, між тым, як іх там няма. Пандэмія прымусіла арганізатараў змяніць фармат выставы. Не было звыклага адкрыцця з удзелам афіцыйных асоб, не было адмысловай артыстычнай праграмы. І адначасова ўсё гэта было — але не ў рэальнай, а ў віртуальнай прасторы. Хто хоча паглядзець выставы, мусіць зайсці на сайт “Мастак і горад”. Часовая адмова ад рэальнай прасторы на карысць віртуальнай — рэч вымушаная. Плошча Коласа была і будзе плошчай Мастацтваў. Але, атрымаўшы такі досвед, арганізатары маюць намер і ў перспектыве, калі пандэмія пойдзе на спад, надаваць больш увагі Сеціву як сродку папулярызацыі мастацтва ўвогуле і пашырэння аўдыторыі праекта.

Пра тое, што аднойчы інфармацыйныя тэхналогіі дадуць людзям магчымасць быць далучанымі да ўсяго, што робіцца ў свеце, у нас загаварылі яшчэ ў 1960-я гады. Тады нашы тэлевізары бралі ўсяго тры — чатыры каналы, а пра Сеціва ніхто і не чуў, але для дасведчаных тэндэнцыя была зразумелай. Вось дажыліся… Зручна. Але ўсё адно не стане жывога сумоўя. Мару прайсціся па плошчы Коласа, не зважаючы на дыстанцыю бяспекі.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"