Называецца яна “75 гадоў памяці”. Арганізатары не ставілі сабе за мэту праілюстраваць мастацкімі творамі гісторыю Вялікай Айчыннай вайны. Беларусы і без таго яе ведаюць. Да таго ж у нашай сталіцы ёсць цудоўны музей, дзе ваенная эпапея сумленна і аб’ектыўна выкладзена праз дакументы і артэфакты. Мэтай была менавіта гісторыя памяці. Наведвальнікам выставы прадастаўлена магчымасць пабачыць, як вайна асэнсавана мастакамі, што былі яе ўдзедьнікамі і сведкамі; якія эмацыйныя чыннікі вялікай трагедыі і вялікага подзвігу закранулі сэрцы і розум наступнага пакалення, як бачыць вайну сённяшняя творчая моладзь. Пастаўленая задача выканана даволі паспяхова.
Але як ва ўсялякай рэтрапанараме штосьці сёння ўспрымаецца архаікай, штосьці патрабуе дадатковага тлумачэння, штосьці падаецца спрэчным з гледзішча сучаснасці. Так. Аднак усё гэта — наша гісторыя, якую трэба ведаць.