Шматаблічная сімволіка

№ 19 (1458) 09.05.2020 - 16.05.2020 г

У памяшканні мінскай ратушы праходзіць выстава “Сімвалы Перамогі”. Большую частку экспанатаў прадставіў Музей гісторыі горада Мінска, спрычыніліся да справы Беларускі саюз дызайнераў і ўладальнікі прыватных калекцый.

/i/content/pi/cult/797/17129/01.JPGНешта калекцыянаваць, сістэматызаваць — такая ж натуральная праява чалавечай натуры як і творчыя памкненні. Зрэшты, гэта адна з форм творчасці. Але мастак, дызайнер, кампазітар, скарыстоўваючы энергію душы ці Космасу, дадаюць новае да існуючага. У калекцыянера ж — шчасце, калі доўга шукаў і нарэшце прыдбаў, пакута — калі літаральна з пад рук перахапілі артэфакт, пра валоданне якім даўно марыў.

/i/content/pi/cult/797/17129/02.JPGПамяць пра Вялікую Айчынную вайну — не толькі велічныя мемарыялы, выдатныя творы літаратуры, выяўленчага і кінамастацтва. Гэта яшчэ і пластыка малых форм, памятныя значкі і медалі, плакаты. Гэта, зрэшты, посуд, упрыгожаны адпаведнай сімволікай, у якога галоўнае прызначэнне лашчыць вока. А дастаюць яго з серванта і ставяць на стол толькі ў выключных выпадках.

На маю думку, найбольш выразна эвалюцыя памяці выяўлена ў экспазіцыі плакатаў. Мастакі гэтай спецыялізацыі вельмі аператыўна рэагуюць на змены настрояў у грамадстве і дынаміку эстэтычных стэрэатыпаў. У дадзеным выпадку напачатку памяць пра вайну выяўляецца ў пафаснай стылістыцы, потым з’яўляецца роздум пра тое, чаго нам каштавала Перамога, і нарэшце — заклік не забываць пра ветэранаў.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"