Для вытворчасці гузікаў выкарыстоўвалі метал: золата, срэбра ці волава; каштоўныя камяні, каралы, слановую косць, шкло. Дадаткова іх маглі аздабляць разьбой, гравіроўкай у выглядзе раслінна-геаметрычных матываў ці пакрываць каляровай эмаллю. Але ж адным з асноўных элементаў з’ўляліся змешчаныя на яго версе жэмчуг, шкельца або каляровы камень. Напрыклад, адзін з уладальнікаў Мірскага замка Караль Станіслаў Радзівіл Пане Каханку даволі часта апранаў адзенне, якое зашпільвалася на гузікі з рубінамі.
Часцей за ўсё гузікі выраблялі камплектамі, часам нават у двух: да кунтуша (большыя) і асобна да жупана (меншыя). Як вядома, кунтуш — гэта верхняе наплечнае адзенне з адкіднымі рукавамі. Спераду да таліі ён зашпільваўся на каштоўныя гузы і гузікі. Шляхта насіла кунтуш разам з жупаном, які звычайна зашпільвалі на рад шчыльна пасаджаных адзін да аднаго дробных гузікаў ад каўняра да лініі таліі. Вядомы мемуарыст Анджэй Кітовіч адзначаў, што ў ХVIII стагоддзі заможная шляхта “ў будні дзень насіла суконныя пунсовые жупаны, да якіх пад шыяй прышываліся маленькія срэбраныя або пазалочаныя гузічкі з дробнымі рубінамі. Насілі таксама суконныя кунтушы з шасціма вялікімі гузамі ў форме пладоў глогу - велічынёй з арэх”. Як ужо зразумела, гузікі былі вельмі разнастайныя як па памерах, так і па форме. Сярод іх, напрыклад, у зборах Мірскага замка сустракаюцца грушападобныя, у форме шара, жолуда ці шышкі.
Гузікі заставаліся каштоўнымі прадметамі і ў XIX стагоддзі. Пацверджаннем гэтаму служаць архіўныя дакументы, у якіх адзначаецца іх наяўнасць. Так, у спісе рэчаў, якія належалі 14-гадоваму князю Дамініку Гераніму Радзівілу ўзгадваюцца: “Фрак шэра-блакітнага колеру са срэбраным адценнем з гузікамі белымі”, а таксама “Сюртук з вялікімі гузікамі”.
Такім чынам гузікі і сёння маюць гістарычную і культурную каштоўнасць. Гэта цікавыя прадметы і з пункту гледжання калекцыянавання. А лепшыя з іх можна пабачыць у сталай экспазіцыі музея.
Вераніка КРАСОЎСКАЯ, малодшы навуковы супрацоўнік музея
“Замкавы комплекс “Мір”