Тэст на чалавечнасць

№ 15 (1454) 11.04.2020 - 17.04.2020 г

Нейкі капелан Першай сусветнай вайны трапна заўважыў, што ў акопах няма атэістаў. Згадаў пра гэта пасля вось якой навіны з назвай “Святыя носяць белае”. Унутранае ўбранне адной з цэркваў у кітайскім Ухане распісалі… выявамі ўрачоў у белым антывірусным спецадзенні. Сваіх ратавальнікаў народ узвёў у ранг святых. Так, у пікавыя моманты жыцця, якое мяжуе са смерцю, мы ўспамінаем Бога. А кожны, хто не шкадуе ўласнага жыцця для твайго выратавання, — святы. Кіраўнік урада Ірландыі падчас пандэміі будзе сумяшчаць свае абавязкі з працай доктара, бо ён у медыцыне — дыпламаваны спецыяліст. Па ўсяму бачна, ён любіць сваіх людзей. На такой любові трымаецца ўсё і ў прафесійных адносінах, і ў маральных стасунках.

/i/content/pi/cult/793/17074/016.JPGЛюбоў да людзей — вялікае мастацтва. І ў поўнай меры ўласцівае яно работнікам культуры. Пра гэта і пастараемся пагутарыць. Прызнаюся шчыра, сённяшняя пошта — не надта вялікая. Не буду шукаць прычыны, яны — навідавоку. А вось актыўнасць светлагорскіх бібліятэкараў адзначу ў першую чаргу і з вялікім задавальненнем. Даўно іх ведаю і лічу, што на роднай Гомельшчыне яны — адны з самых цікавых у праявах прафесійнай выдумкі. Карацей, ліст галоўнага бібліятэкара аддзела бібліятэчнага маркетынгу Светлагорскай цэнтральнай раённай бібліятэкі Валянціны Расошанка парадаваў надзвычай. Вось пра што распавядае Валянціна Мікалаеўна: “Нягледзячы на не надта спрыяльны час, бібліятэкі для карыстальніка не зачыняюцца. Каранавірус не забіў прафесійны энтузіязм, наадварот: апантанасць прымушае нас шукаць новыя формы зносін з чытачамі. Дырэктар раённай сеткі Вікторыя Бусел прапанавала правесці інтэрнэт-акцыю “Тыдзень без партфеля”. Каб вакацыі не былі сумнымі, творчыя майстар-класы бібліятэкары ладзяць у рэжыме анлайн. Падчас такіх заняткаў вырабляюцца кніжныя закладкі, выявы матылькоў, кветак, услых чытаюцца кніжкі. Вы будзеце здзіўляцца, але такія анлайн-мерапрыемствы карыстаюцца попытам”. Безумоўна, мы будзем здзіўляцца! Але не толькі таму, што за тыдзень акцыі сабралі больш за 1500 праглядаў. Радасць выклікае ў першую чаргу неўтаймоўнае імкненне работнікаў культуры захаваць насуперак усяму чытача. Далей Валянціна Расошанка піша пра анлайн-мерапрыемствы, прысвечаныя 75-годдзю Вялікай Перамогі. Яшчэ ў пачатку года ўстанова абвесціла міжнародную акцыю “#ЗОРНЫЯкнігіПЕРАМОГІ”. Інфармацыя пра яе была змешчана на бібліятэчным сайце і ў сацыяльных сетках. У адной з апошніх створана адпаведная група. Цяпер у ёй — амаль 500 удзельнікаў (калегі з Казахстана, Украіны, Беларусі). Бібліятэкі-ўдзельніцы ладзяць для маладзёжнай аўдыторыі мерапрыемствы па лепшых творах савецкіх пісьменнікаў. Удзел у такіх акцыях прынялі 3 276 маладых чытачоў. “А зусім нядаўна, — працягвае аўтарка, — Светлагорская раённая бібліятэка запрасіла жыхароў раёна і раённага цэнтра (дзяцей і дарослых) да ўдзелу ў інтэрнэт-конкурсе відэапрачытання “1418 гераічных радкоў”. Удзельнікі павінны зняць відэаролікі, у якіх яны чытаюць любімыя вершы пра вайну, і размясціць іх у групе “БібліятэкіСветлагаГорада”. Вынікі конкурсу будуць падведзены напярэдадні 9 Мая. Гарадская дзіцячая бібліятэка № 3 ладзіць гэтымі днямі інтэрнэт-акцыю “Землякі ўспамінаюць Дзень Перамогі”. Успаміны змяшчаюцца ў сацыяльных сетках”. Вось вам вопыт, варты самага аператыўнага пераймання.

Наступны адрас, дзе жыве любоў да людзей, — Масты. Гэтым разам дабрачыннасць выказваюць клубныя супрацоўнікі. Справа ў тым, што яны ладзяць акцыю па аказанні дапамогі сталым удзельнікам клубных фармаванняў. Піша Наталля Шэўчык: “Каранавірус выпрабоўвае нас, у тым ліку і на ўвагу, на спагадлівасць, уменне працягнуць руку дапамогі ды паспрыяць у вырашэнні жыццёва важных пытанняў. Гэты своеасаблівы тэст на чалавечнасць сёння здаюць многія. Мастоўшчына — не выключэнне. У кожным з 17 устаноў культуры раёна створаны клубы сталых людзей. Дырэктар Мастоўскага раённага цэнтра культуры Сяргей Фядотаў адказвае за правядзенне акцыі “Дапамога побач”. Кіраўнікі клубаў і цэнтраў культуры правялі тэлефоннае апытанне і даведаліся, каму якая падтрымка патрэбна”. Загадчыца сельскага клуба “Голубы” Ірына Гядрэвіч распавядае, што ў мясцовым клубным фармаванні “Галубінушка” — восем сталых сяльчанак, камусьці дапамагаюць дзеці, а хтосьці — адзінокі. Надзея Мармыш папрасіла даставіць лекі. Ірына Гузель — прамысловыя тавары. Ванда Гядрэвіч — прадукты. Усе просьбы загадчыца выканала без праблем. Такую аператыўную дапамогу атрымліваюць сёння ўдзельнікі клуба сталых людзей сельскага клуба “Глядавічы”, Курылавіцкага, Пацэвіцкага і Струбніцкага цэнтраў культуры, іншых клубных устаноў. І яшчэ немалаважны нюанс: кожны вясковец мае нумары мабільных тэлефонаў клубных работнікаў, якія адкрытыя для кантактаў у любы час. А значыць без малака і таблетак бабулі з дзядулямі не застануцца.

Інга Гіз з Ашмян распавяла пра саліста народнага тэатра танца і песні “Імпульс” Ашмянскага раённага цэнтра культуры Канстанціна Яраша. Ён пачынаў бібліятэкарам, цяпер — галоўны адміністратар цэнтра, займаецца рэкламнай дзейнасцю арганізацыі. Творчая дзейнасць для яго таксама прыярытэтная. А яшчэ Канстанцін падчас вучобы ў Магілёўскім бібліятэчным каледжы граў у рок-гурце. Словам, усё ў гэтым жыцці ад любові.

Мастак Надзея Лукашык сваю першую выставу “Таленты роднага краю” ў Жукоўшчынскай сельскай бібліятэцы ладзіла чатыры гады таму. І вось — чарговы вернісаж. Для Дзятлаўшчыны гэта — важкая падзея. Вось як апісвае яе бібліятэкар Жукоўшчынскай сельскай бібліятэкі Людміла Цюленіна: “Другая выстава Надзеі Лукашык называецца “Майстэрства рук і сэрца”. Выстава выклікае шмат светлых пачуццяў. На палотнах — родныя краявіды, родныя аднавяскоўцы. Калі вам сумна, наведайце выставу Надзеі. Добры настрой вам – гарантаваны”.

За што мы любім малую радзіму? Так, за маляўнічыя азёры, узгоркі, лясы і палеткі. Але найперш — за вобразы мілых сэрцу людзей, якія насычаюць наваколле вялікім сэнсам стваральнай працы.

Працягнем тэму Вялікай Перамогі. Урэшце яна таксама здабыта цаною вялікай любові да чалавецтва. Навіна са Свіслацкага раёна. У Грынкаўскім сектары культуры і вольнага часу пачала дзейнічаць фотазона “Перамозе — 75!” Зроблена яна ў васільковым колеры. А побач — рамонкі. Кветкавае пано — цэнтр фотазоны. Побач — падборка літаратуры на ваенную тэматыку, старыя фотадакументы. Аўтары зоны — кіраўнікі аматарскіх аб’яднанняў Святлана Гінч і Марыя Казлоўская.

Праект “Вялікай Перамозе – 75” стартаваў у Новаяльнянскім сельскім савеце Дзятлаўскага раёна. Потым эстафету прыняў Данілавіцкі сельскі савет. Падчас асветніцкай акцыі “Мы пра вайну сёння гаворым” адбылося сумеснае громкае чытанне мастацкіх твораў пра Вялікую Айчынную вайну.

Ваенныя вершы Пімена Панчанкі, Максіма Танка, Аркадзя Куляшова гучалі і ў бібліятэках аграгарадкоў Браслаўскага раёна. Пра гэта распавяла загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу цэнтральнай бібліятэкі Ірына Макарэвіч.

Пра тыдзень дзіцячай кніжкі нам напісалі з Мураванай Ашмянкі Ашмянскага раёна, з ЦБС Бабруйскага раёна. Бібліятэкар аддзела абслугоўвання і нфармацыі Бабруйскай цэнтральнай бібліятэкі Галіна Буткевіч, да прыкладу, напісала пра акцыю “Сябар наш, кніга!” На мерапрыемства былі запрошаны пачаткоўцы з раёна: з Каменскай сярэдняй школы. Гаворка ішла пра жыццё і творчасць Аляксея Пысіна і Уладзіміра Ліпскага.

Па традыцыі спецыяліст Савецкага раённага аддзела надзвычайных сітуацый Таццяна Бычанок распавядае пра прафілактыку пажараў і прыводзіць жахлівыя факты сівой мінуўчыны. За 1897 год у Мінскай губерні адбыўся 871 пажар, згарэлі 2666 пабудоў. Для барацьбы з агнём заснавалі пажарныя каманды. А Мінская гарадская дума прыняла рашэнне аб арганізацыі сістэмнай ачысткі комінаў. Штатныя камінары хутка вывучылі тапаграфію дахаў і паддашкаў, таму таксама прымалі ўдзел у пажаратушэнні. Яны карысталіся вялікай павагай жыхароў, бо свае нялёгкія абавязкі выконвалі старанна і якасна. Арцель камінараў працягвала працаваць пад назвай “Кааператыў “Пажарны” і за савецкім часам. У сучасным Мінску шматпавярховікі маюць цэнтральнае ацяпленне, але Мінскі камбінат супрацьпажарных работ мае ў штаце некалькі печнікоў, якія могуць чысціць дымаходы і вентыляцыйныя каналы.

Беражыце сябе! Сустрэнемся праз тыдзень.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"