Раней былі і моцартаўская праграма, аздобленая ліставаннем кампазітара, і монаопера Ф.Пуленка “Чалавечы голас”, і шматлікія іншыя прыемныя неспадзяванкі. Дый у творчасці М.Мусаргскага выбар быў спынены на кантрасных вакальных цыклах, своеасаблівая “арка” паміж якімі ўтварыла філасофскі разгорт чалавечага жыцця — ад дзяцінства да шматаблічнай смерці. Астатнія творы таксама былі ўпісаны ў гэтую тэматычную канву: невыпадкова ў якасці прэамбулы прагучаў раманс “Горними тихо летела душа небесами…”, які быццам “закальцаваў” адлёт душы ў час смерці з новым нараджэннем.
Банцік, гарэзлівыя “хвосцікі” з валасоў, кароткія штонікі — артыстка паўстала перад намі гераіняй вакальнага цыкла “Дзіцячая”. А як змяніўся яе голас! І працягваў набываць усё новыя адценні ў залежнасці ад зместу, бо ў другой частцы цыкла аповед вёўся ад імя нянюшкі. Гэта, мабыць, і ёсць самае галоўнае ў музычных пераўвасабленнях — абмалёўка персанажаў не толькі візуальна, а найперш уласна гукавымі фарбамі. Што ж да знешніх паводзін, дык па завяршэнні дзіцячага цыкла артыстка не сышла ў кулісы, як прымадонна, а… паскакала разам са студэнткай-канцэртмайстрам. Ды так спрытна і весела, быццам куды маладзейшая за дзяўчыну. Дадам, што “Дзіцячая” ў выкананні Лідзіі Кузьміцкай ужо неяк упрыгожвала яе філарманічны сольнік. Але гэта было крыху іншае выкананне. І тое, што з кожным чарговым выхадам на сцэну спявачка працягвае скараць усё больш глыбокія пласты спасціжэння кампазітарскай задумы, сведчыць пра яе папраўдзе сур’ёзнае стаўленне да прафесіі, якое не вычэрпваецца афішай тэатра, а ахоплівае вяршыні вакальнага рэпертуару сусветнай класікі.
Пры ўсёй размаітасці частак другога цыкла М.Мусаргскага — “Песні і скокі смерці”, на першы план выйшлі расстаўленыя ў ім асацыятыўныя і філасофскія акцэнты. Лёгкая белая тканіна ў руках салісткі, бы тая вучылася на артыстку тэатра лялек, паўставала дзіцём, вэлюмам, ваенным сцягам, саванам — пахавальным і снежным. Уражанне ўзмацнялі дадатковыя светлавыя эфекты, канчаткова ператварыўшы канцэрт у монаспектакль. У кульмінацыі цыкла было папраўдзе страшна, настолькі дакладна спявачка змагла данесці маштабы смяротных нягодаў. У фінале ж замерла, стаўшы быццам скульптурнай выявай багіні Нікі і сімвалізуючы перамогу духа над любымі катаклізмамі.
А “на біс” накінула на плечы хустку з пярэстымі кветкамі — прыроджаная гераіня каларытнага “Сарочынскага кірмашу”. Раптам падумалася: ну чаму гэта опера ў нас не ідзе? Дарэчы, у тым жа Музычным тэатры гэта магло б быць выдатным папаўненнем рэпертуару і школай для спевакоў. А пакуль — спектаклямі становяцца канцэрты, і гэта адна з найбольш перспектыўных тэндэнцый часу. Добра, калі артысты тое адчуваюць.