Таямніцы Манюшкаў

№ 12 (1451) 21.03.2020 - 27.03.2020 г

У адным з апошніх нумароў “К” (№ 7, 15 лютага), распавядаючы пра камень-крэсла Дамініка Манюшкі, не так даўно знойдзены намі ў колішнім маёнтку роду — Радкоўшчыне, я ненаўмысна ўвёў чытачоў у зман. За што прыношу свае выбачэнні. Згадваючы бацькоў кампазітара, замест Альжбэты з Маджарскіх, з невядомай прычыны я напісаў імя жонкі — Аляксандры з Мюлераў. Пэўна, гэта можна патлумачыць тым, што ў думках аўтар быў ужо ў наступнай публікацыі. Дакладней, у цэлым шэрагу артыкулаў — гэтым разам ужо пра таямніцы роду Манюшкаў. І пачнецца ён менавіта з Аляксандры Манюшка. Балазе, ёсць і нагода, бо менавіта на 13 сакавіка прыпадае дзень яе нараджэння.

/i/content/pi/cult/790/17027/023.JPGУзрост кахання

Мінулы год у Беларусі папраўдзе прайшоў “пад знакам Манюшкі”. Сведчаннем чаго да гэтага часу з’яўляюцца шыкоўныя білборды, усталяваныя з нагоды юбілею. Няма сэнсу пералічваць усе мерапрыемствы, прысвечаныя нашаму земляку, якія ішлі цягам усяго года: іх было вельмі шмат.

Адной з апошніх стала выстава ў Музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Беларусі. Сам яго будынак больш вядомы пад імем “Дом масонаў”, а яшчэ і тым, што ў ім пэўны час жыў Манюшка. Выстава з фондаў Музея тэатра, музыкі і кіно Літвы мела шматабяцальны назоў “Станіслаў Манюшка. 18 гадоў кахання і творчасці ў Вільні”. У анатацыі сцвярджалася наступнае: “У 1836 г., прыехаўшы разам з дзядзькам Аляксандрам у Вільню, будучы кампазітар спыняецца ў доме Мюлераў на нямецкай вуліцы Вакечу (тады яна называлася Нямецкай — З.Ю.). Тут ён знаёміцца з дачкой гаспадара Аляксандрай Мюлер. Яму — сямнаццаць, ёй — шаснаццаць”.

Накіроўваючыся на выставу, меў спадзеў, што цікаўных наведвальнікаў там чакае неверагодная “гісторыя кахання, задакументаваная да драбніц”. Але чаканні былі падманутыя. Ніякіх сенсацый — хаця сціпла і з густам.

Якіх жа сенсацый можна было б чакаць ад фондаў музея? Напрыклад, адказу на пытанне пра дату нараджэння Аляксандры Мюлер — дзяўчыны, знаёмства з якой стала для Манюшкі лёсавызначальным. Якая “багатэла” (драбяза), скажа чытач. Якая важная рэч, адкажу я. І вось чаму.

/i/content/pi/cult/790/17027/024.JPGДа адносна нядаўняга часу сярод манюшказнаўцаў адносна даты нараджэння жонкі кампазітара панаваў кансэнсус. Кожны аўтар, пачынаючы ад першага біёграфа кампазітара Аляксандра Валіцкага (наваградца па нараджэнні), лічыў за неабходнае падкрэсліць, што ў момант знаёмства з панам Манюшкам паненка Мюлераўна была амаль такога ж узросту, як і ён, што ёй было шаснаццаць, а яму сямнаццаць гадкоў. То-бок, нарадзілася яна ў 1820-м. І такая згода доўжылася больш за сто гадоў.

Але раптам на сцэну выходзіць, бразгаючы зброяй, новая дата — 1821. Якая, робячы шырокія ўзмахі мячом, пачала хутка адваёўваць прастору. Напрыклад, нават “аўтэнтычныя нашчадкі Манюшкі”, як яны самі сябе сціпла называюць, на сваім сайце, створаным у мінулым годзе, прыводзяць менавіта гэтую дату. Назіраючы за тым, як хутка змяняецца свет за акном, хочацца верыць, што гэтая гульня ў лічбы не спыніцца. І неўзабаве хтосьці прапануе 1822-гі, а там і 1823-ці. Бо чаго толькі не прыдумаеш, калі адсутнічаюць дакладныя дакументы.

Слова заканадаўцам “мод”

Пэўны, што і паспалітаму чытачу, і знаўцам будзе цікава даведацца, як цягам 150 гадоў разгортвалася гульня ў “нумералогію”. І першае слова па праве належыць ужо згаданаму бацьку “манюшказнаўства” Аляксандру Валіцкаму, вядомаму грамадскаму дзеячу, а галоўнае, земляку і адданаму сябру і Станіслава Манюшкі, і ягонай сям’і. То-бок, чалавеку вельмі і вельмі дасведчанаму.

Кампазітар, як вядома, памёр заўчасна. Здарылася тое ў Варшаве, “у 1872 годзе 24 траўня (5 чэрвеня па старому стылю) на вуліцы Мазавецкай, у нумары 352 літара 16. І Аляксандр Валіцкі, не марудзячы час, узяўся за збор матэрыялаў для кнігі, якая выйшла ўжо на гадавіну смерці сябра. Гісторыя напісання кнігі ў нас недзе наперадзе, зараз жа спынімся на тым, як Валіцкі — знаўца сямейных таямніцаў — апісаў знаёмства Станіслава і Аляксандры: “Ягоны дзядзька Аляксандр, едучы на некалькі месяцаў у Вільню, узяў пляменніка з сабою. Падчас таго побыту ў Вільні Стась пазнаёміўся з дзяўчынай Аляксандрай Мюлераўнай, дачкой Ксаверыя і Марыі з Закрэўскіх. Закахаўся ў яе першым і апошнім каханнем. Стась быў маладзенькім, бо яму ледзьве споўнілася гадоў сямнаццаць, меў чулае і далікатнае сэрдца…”, “Дык вось, пакахаўшы паненку Мюлераўну і будучы ўзаемна каханым, напаткаў шмат перашкодаў, каб з ёй уз’яднацца. Найперш ягоная сям’я марыла пра выгодную для яго партыю, а паненка Мюлераўна, хоць і паходзіла з годнай сям’і, аднак не імпанавала ні багаццем, ні арыстакратычным паходжаннем. Па-другое, абое яны былі яшчэ занадта маладыя: ён меў гадоў сямнаццаць, і яна амаль гэтулькі ж” (цытую па першым выданні кнігі Валіцкага “Станіслаў Манюшка” на беларускай мове, падрыхтаваным у 2019 годзе Камілай і Язэпам Янушкевічамі). Даволі дзіўна, што Аляксандр Валіцкі не згадаў дакладны ўзрост паненкі. Ягоныя нашчадкі па манюшказнаўстве былі больш рашучыя.

А пакуль звернем увагу на некаторыя моманты ў гэтым урыўку. Узрост і Стася, і Алесі абсалютна не быў перашкодай для ўз’яднання закаханых сэрцаў. У кнізе “Дваранкі беларуска-літоўскіх губерняў у канцы XVIII — першай палове XIX ст.” (2016) Н. Анофранка разглядае гэтае пытанне ў гістарычнай перспектыве. Напрыклад, Статут ВКЛ 1588 года дазваляў браць шлюбы з 13 гадоў. Але праз дзвесці гадоў такія шлюбы былі вельмі рэдкімі.

Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай на нашы землі распаўсюдзілася расійскае заканадаўства. Аднак толькі 19 ліпеня 1830 года імператарскім указам Святому Сіноду было загадана: “Забараняць святарам вянчаць шлюбы, калі жаніх і нявеста не дасягнулі яшчэ: першы — 18 гадоў, а апошняя  — 16 гадоў”. То-бок, згодна з літарай закона, Стасю заставалася пачакаць усяго паўгады, актыўна рыхтуючыся да вяселля.

Што да невыгоднай партыі… Гэтая версія таксама выклікае пытанні. Дзед Аляксандры, віленскі бурмістр Ян Мюлер, быў набілітаваны яшчэ Панятоўскім і меў у Вільні шыкоўную камяніцу-палац. А вось справы Манюшак, якія не надта добра ўмелі весці гаспадарку, акурат-такі нельга назваць зайздроснымі. Таму поле для дыскусій тут застаецца адкрытым. І свае здагадкі я агучу цягам цыкла публікацый, у якім будзе весціся размова пра продкаў Аляксандры.

Але пакінем гэтым разам у спакоі “недакладнасці” спадара Валіцкага. Што ж пісалі ягоныя “вучні”, якія, верагодна, зачытваліся згаданай кнігай ?

У 1928 годзе Станіслаў Невядомскі выдаў кнігу пад даволі “арыгінальным” назовам  — “Станіслаў Манюшка”. Нашу цікавасць прыцягнуў партрэт жонкі кампазітара з дзіцём на руках. Ён паходзіў са збораў Варшаўскага музычнага таварыства і меў подпіс з гадамі жыцця Аляксандры  — 1820 — 1891. Баюся, што не надта памылюся, калі скажу, што гэта была першая згадка даты “1820” у адмысловай літаратуры.

Спынімся і на выданні, якое выйшла ў Кракаве ў 1968 годзе. Ян Проснак таксама нядоўга думаў над назовам для сваёй кнігі-альбома. У “Станіславе Манюшку” сярод малюнкаў бацькі кампазітара Чэслава, нотных запісаў і партрэтаў быў ці не ўпершыню апублікаваны выпіс з метрыкі шлюбу Станіслава і Аляксандры. Захоўваецца ён у фондах усё таго ж ВМТ, як і безліч іншых артэфактаў манюшкініяны. У адрозненне ад успамінаў і партрэтаў, гэта ўжо дакумент.

І вось што, сярод іншага, у ім аказалася: 25 жніўня 1840 года ў віленскім касцёле Пана Езуса на Антокалі падпробашч касцёла св. Яна Ян Меню паблаславіў шлюб Станіслава Манюшкі, юнака 21 года, з паненкай Аляксандрай Мюлер, якая мела 20 гадоў.

Гэты выпіс засведчыў нам розніцу ва ўзросце маладых дакладна — 1 год. То-бок, калі сам Станіслаў Манюшка нарадзіўся 5 мая 1819, то жонка яго — недзе пасля мая 1820. І, падавалася, якія яшчэ патрэбны сведчанні, і якія падставы з’явіліся меркаваць, што Аляксандра Мюлер прыйшла на свет у 1821-м? Што робіць, між іншым, сямнаццацігадовага Стася спакушальнікам пятнаццацігадовага дзіцяці.

Каб завершыць першую аўкцыённую стаўку, давайце глянем на некалькі важных, на мой погляд, выданняў і аўтараў.

Вітальд Рудзіньскі — выбітны польскі музыказнаўца і ці не самы аўтарытэтны сярод манюшказнаўцаў па абодва бакі мяжы — у сваёй манаграфіі “Манюшка” (1978) напісаў наступнае: “ён меў сямнаццаць гадоў, яна шаснаццаць — але не хацелі чакаць занадта доўга”. Дарэчы, Рудзіньскі — аўтар не толькі папулярных выданняў пра Манюшку, але і капітальных навуковых (двухтомнік пра віленскі і варшаўскі перыяды жыцця кампазітара і збор ягоных лістоў кампазітара, заслугоўваюць самай шчырай падзякі стваральніку).

Завершым гэты перыяд аглядам дзвюх кніг, якія выйшлі зусім нядаўна. Першая з іх “Станіслаў Манюшка ў Вільні”, напісана Ліліянай Нарковіч. Мяркую, яна павінна быць у кнігазборы кожнага манюшказнаўцы. Шаноўная аўтарка фактычна яшчэ раз пацвердзіла дату “1820”.

Дырэктар віленскага музея Адама Міцкевіча Рымантас Шальна ў 2018 годзе падараваў мне сваю кнігу “Жонкі вялікіх рамантыкаў і Марыя Валеўская”. Нам яна будзе цікавая тым, што ў ёй — можа, упершыню — гісторыя Аляксандры Мюлер прадстаўлена як цэласны нарыс. Праўда, што датычыцца даты яе нараджэння, то тут усё засталося па-старому.

Крыніца памылкі

І вось на тле такой плоймы публікацый раптам, як Піліп з канапель, з’явілася дата “1821”. І яе падтрымаць вырашылі самі “аўтэнтычныя нашчадкі”, што мусіць надаць ёй вагу неабвержнага факта. Бо каму як не сваякам, хоць і ў ступені “прапрапра і прапрапрапра”, трэба верыць на слова?

Што ж да крыніцы, якая, на мой погляд, стала прычынай перамены “галсу”... Як падаецца, справа тут вось у чым. У 1983 годзе Станіслаў Шэніц выдаў другі том вельмі важнай працы “Паванзкоўскія могілкі”, у якім былі згаданыя асобы, пахаваныя на гэтым нацыянальным некропалі (Варшава) у перыяд з 1891 па 1918 годы. Ёсць там і кароткая нататка пра жонку кампазітара: “10 чэрвеня 1891 года памерла ва ўзросце 70 гадоў Аляксандра з Мюлераў Манюшкава, удава па знакамітым кампазітары і дырэктары варшаўскай оперы Станіславе Манюшку. Пахаванне адбылося 12 чэрвеня з касцёла св. Антонія” (аўтар памыліўся, бо пахаванне адбылося 13 чэрвеня — З.Ю.).

Але, не спяшайцеся рабіць канчатковыя высновы. Далей вы даведаецеся, што, верагодна, не мелі і не маюць рацыі ні прыхількі першай, ні апалагеты другой дат.

(Працяг будзе)

Аўтар: Зміцер ЮРКЕВІЧ
калумніст газеты "Культура", арт-куратар